Яго вялікая плынь

ГОМЕЛЬШЧЫНА ганарыцца народнымі пісьменнікамі Іванам Шамякіным, Іванам Мележам, Андрэем Макаёнкам і Іванам Навуменкам, а таксама такімі знанымі майстрамі слова, як Анатоль Грачанікаў, Барыс Сачанка, Мікола Мятліцкі і іншымі. А калі надараюцца ў пісьменнікаў юбілеі, то абавязкова тады прыхільнікі іх творчасці ладзяць вечарыны, чытацкія канферэнцыі, друкуюць артыкулы ў мясцовых газетах, робяць выставы кніг, газетных і часопісных публікацый... Гомельская вобласць любіць і ўсяляк шануе пісьменнікаў. Што ж тады гаварыць пра Івана Пятровіча Шамякіна, якому 30 студзеня споўнілася б 90 гадоў. Без перабольшвання, гэта адзін з самых вядомых, аўтарытэтных і паважаных нашых землякоў.

Да 90-годдзя з дня нараджэння Івана Шамякіна.

ГОМЕЛЬШЧЫНА ганарыцца народнымі пісьменнікамі Іванам Шамякіным, Іванам Мележам, Андрэем Макаёнкам і Іванам Навуменкам, а таксама такімі знанымі майстрамі слова, як Анатоль Грачанікаў, Барыс Сачанка, Мікола Мятліцкі і іншымі. А калі надараюцца ў пісьменнікаў юбілеі, то абавязкова тады прыхільнікі іх творчасці ладзяць вечарыны, чытацкія канферэнцыі, друкуюць артыкулы ў мясцовых газетах, робяць выставы кніг, газетных і часопісных публікацый... Гомельская вобласць любіць і ўсяляк шануе пісьменнікаў. Што ж тады гаварыць пра Івана Пятровіча Шамякіна, якому 30 студзеня споўнілася б 90 гадоў. Без перабольшвання, гэта адзін з самых вядомых, аўтарытэтных і паважаных нашых землякоў.

Напярэдадні юбілея народнага пісьменніка сваімі думкамі падзяліліся прыхільнікі таленту Івана Шамякіна.

Віктар ЯРАЦ, паэт, дацэнт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны:

— Іван Пятровіч быў не толькі надзейны, абавязковы ў адносінах з людзьмі чалавек, але без паказухі неабыякавы, цікаўны да іхняга становішча, да тых абставін, у якія даводзіцца трапляць.

У свае юнацкія гады давялося сустрэцца з Шамякіным у Саюзе пісьменнікаў, які знаходзіўся яшчэ на вуліцы Энгельса. Іван Пятровіч, які быў тады першым сакратаром пісьменніцкай арганізацыі, без мітусні распытваў у мяне, што новага на Гомельшчыне, як і чым жывуць землякі, а потым, гледзячы на мой не надта вясёлы воблік, параіў: «Напішы заяву на матэрыяльную дапамогу, у нас ёсць нейкая капейчына, то будзе хоць штосьці на хлеб надзённы». Тут жа Таццяна Кузьмінічна Іваніцкая, кансультант па арганізацыйнай рабоце, вырашыла ўсе тэхнічныя дэталі і без аніякай валакіты я атрымаў нечаканы фінансавы падмацунак, бо ў маіх аспіранцкіх кішэнях, па праўдзе кажучы, гуляў вецер.

Гэта толькі адзіны факт, які тычыцца маіх стасункаў з пісьменнікам. А колькі рупіўся ён пра лёс гамяльчан — Анатоля Грачанікава, Леаніда Гаўрылкіна, Аляксандра Капусціна і іншых! Садзейнічаў іх творчаму росту, дапамагаў з пераездам у сталіцу — бліжэй да эпіцэнтру творчага асяроддзя, да выдавецтваў і рэдакцый часопісаў.

Міхаіл БУТКЕВІЧ, пенсіянер, ганаровы гомсельмашавец:

— З Іванам Пятровічам мне даводзілася сустракацца не так часта, але тыя сустрэчы, што адбываліся, як правіла, у Гомелі, і запомніліся. Таму што Шамякін ужо пры жыцці стаў легендарным чалавекам. Як Васіль Корж, як бацька Мінай, як сам Машэраў. Не ведаю, але ў мяне чамусьці такое атрымліваецца параўнанне. Працаўнік!

Героя Сацыялістычнай Працы далі Івану Пятровічу недарэмна, у гэтым я пераканаўся яшчэ больш тады, калі Шамякін, нягледзячы на паважаны ўзрост, даваў фору ў літаратуры маладым пісьменнікам. Я сачыў за яго творчасцю. І шчыра радаваўся за свайго слыннага земляка. На кніжнай паліцы ў маёй хатняй бібліятэцы стаяць творы народнага пісьменніка з аўтографамі — «Глыбокая плынь», «У добры час», «Крыніцы», «Сэрца на далоні», «Снежныя зімы»...

Так атрымалася, што больш за год у мяне кватараваў Анатоль Грачанікаў. Неяк ён і завітаў дадому з Іванам Пятровічам. Як і вядзецца ў такіх выпадках, сабралі на стол, выпілі па келіху. Шамякін больш дзяліўся сваімі ўражаннямі ад паездкі ў ЗША — як член дэлегацыі БССР ён удзельнічаў у рабоце сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. «Застаўся ў мяне долар», — казаў Іван Пятровіч. — У Мінск жа не павязеш амерыканскую купюру, нельга... І Шамякін рашыў набраць гарчычнікаў. Спадзяваўся, што выйдзе цэлы пук, а далі іх на той долар усяго чатыры штукі. Ды што казаць: добры, моцны ў нас рубель тады быў!

Ніна ШКЛЯРАВА, паэтэса:

— Нарадзілася я ў Пракопаўцы, якраз у той час, калі там жылі Шамякіны. Іван Пятровіч настаўнічаў, Марыя Філатаўна працавала фельчарам. Яна і прымала ў мамы роды...

А запомніўся найбольш адзін выпадак. Не трэба прыгадваць, як жылі пасля вайны вясковыя дзеці. Цукеркі былі марай. Аднойчы мы, купка дзяцей, ішлі ў садзе па сцежцы, па якой хадзіў раней Іван Пятровіч на працу ў школу. Ён на той час жыў ужо ў Мінску, аднак калі прыязджаў, то для вяскоўцаў было свята. Дык вось, насустрач нам ішла маладая пара... І так шчодра пачаставалі нас дзядзька і цётка цукеркамі, што нашай радасці не было канца. Як потым высветлілася, гэта былі Шамякіны. Смак тых цукерак, здаецца, і сёння адчуваю.

Перад нашай вёскай ёсць паляна, якая называецца Воленкай. На ёй была некалі леснічоўка Шамякіных. Час, вядома, спляжыў усё начыста. Толькі ў памяці людзей жыве і леснічоўка, і калодзеж, у якім была чамусьці вада больш смачная, чым у іншых.

Ніна КАНАВАЛАВА, загадчыца краязнаўчага аддзела Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У. І. Леніна:

— Мне пашчасціла нарадзіцца ў той вёсцы, дзе нарадзіўся і Іван Пятровіч Шамякін. У Карме Добрушскага раёна. Вёска цудоўная. Там ёсць добрая школа, царква... І бюст Шамякіну, а ў Добрушы — музей. Людзі ў Карме працуюць старанна і жывуць някепска. Цяпер вось мае землякі рыхтуюцца адзначыць дзевяностагадовы юбілей Шамякіна. Свята будзе ладзіцца на абласным узроўні. Прыедуць кіраўнікі вобласці і раёна, пісьменнікі, артысты і проста прыхільнікі таленту Івана Пятровіча. А ў яго іх шмат. У гэтым я пераканалася, бо працую бібліятэкарам. Дарэчы, ведаеце, чаму выбрала гэтую прафесію? Дзякуючы свайму слыннаму земляку з’явілася ў мяне любоў да кнігі.

Васіль ТКАЧОЎ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter