«Яго песні будзілі самыя цёплыя душэўныя ўспаміны»

Канцэрт, прысвечаны творчасці Якава Навуменкі, рыхтуюць сябры і калегі вядомага спевака...

Канцэрт, прысвечаны творчасці Якава Навуменкі, рыхтуюць сябры і калегі вядомага спевака

«На паруках настальгіі» — так называлася адна з песень, першым выканаўцам якой быў Якаў Навуменка. Такую ж назву атрымаў і вечар памяці гэтага выдатнага спевака, народнага артыста Беларусі, які трагічна загінуў летась у час паездкі ў Севастопаль. Канцэрт ладзіць Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча. З 2007 года і да апошніх дзён свайго жыцця Якаў Навуменка быў салістам гэтага славутага калектыву.

— Яго прыход у наш аркестр спачатку падаўся даволі нечаканым, бо да таго часу Якаў быў ужо вядомым і любімым слухачамі спеваком, музыкантам, які ўжо склаўся, працаваў у Нацыянальным канцэртным аркестры Беларусі, у ансамблі «Бяседа», яго ўжо добра ведалі як саліста. Але пазней, разважаючы над гэтым, я зразумеў, што ўвесь творчы шлях Якава лагічна прывёў яго ў наш аркестр, бо ён спявак па-сапраўднаму народны. І тыя дзясяткі і сотні канцэртаў, якія ў час сумеснай працы ў нас з ім адбываліся, былі таму пацвяр­джэннем. Яны паказвалі, наколькі сугучны быў яго голас інструментальнаму голасу аркестра, асабліва гучанню цымбалаў, яны бы купаліся ў душэўных спевах Якава, — успамінае мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча  Міхаіл Казінец.

Паводле слоў маэстра, песні Якава Навуменкі будзілі самыя цёплыя душэўныя ўспаміны, грэлі слухача сваёй паэтычнасцю і роздумам.

— Многае пра выканаўцу гавораць нават назвы яго песень. Услухайцеся: «Аксаміткі», «Рабінавы сум», «Колькі ў небе зор», «Я вымалю цябе»... Які тонкі лірызм! Дарэчы, у рэпетуары Якава было многа ўласна створаных выдатных песенных кампазіцый, як тая ж «Рабінавы сум», але кампазітарам ён ніколі сябе не называў, быў чалавекам сціплым і вельмі адказным прафесійна. Добра адукаваны музычна — атрымаў сур’ёзныя веды ў нашай кансерваторыі як харавік-дырыжор, пасля ў славутай маскоўскай Гнесінцы як вакаліст, — Якаў выдатна разумеў, што такое кампазітар, і вельмі адказна ставіўся да гэтага паняцця, — расказвае Міхаіл Казінец.

Слухачы прымалі Якава Навуменку выдатна. На канцэртах заўсёды былі аншлагі. Выступленні спевака ў суправа­джэнні аркестра іншы раз працягваліся і па тры з паловай гадзіны. Дарэчы, цікавы паказальны факт. На канцэрты Якава Навуменкі білеты сваім родным і блізкім нават артысты аркестра, з якім ён саліраваў, куплялі самі. Хіба не найвышэйшая ацэнка прафесіянала ад калег?

— Якаў Навуменка — значная старонка ў творчасці нашага калектыву. І тое, што сёння ў яго творчым багажы, у яго песенным рэпертуары адсутнічае Якаў Навуменка, — вялікая страта і для аркестра, і для слухачоў, — гаворыць Міхаіл Казінец.

У канцэрце «На паруках настальгіі» песні з рэпертуару Якава Навуменкі прагучаць у выкананні яго сяброў і калег: Іны Афанасьевай, Ірыны Дарафеевай, Надзеі Мікуліч, ансамбля «Бяседа» і многіх іншых артыстаў беларускай эстрады. Разам з тым дзякуючы складанай апаратуры слухачы атрымаюць магчымасць убачыць Якава Навуменку на экране і зноў пачуць яго голас, прычым у суправаджэнні жывога аркестра на сцэне.

Вечар памяці «На паруках настальгіі» адбудзецца 17 кастрычніка ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў ходзе фестываля «Беларуская музычная восень», які ўрачыста адкрыецца сёння ўвечары.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter