Змітрака Бядулю, вядомага беларускага паэта і пісьменніка, сёння назвалі б яшчэ і журналістам, і тэатральным крытыкам

Яго Ерусалім

Змітрака Бядулю, вядомага беларускага паэта і пісьменніка, чые літаратурныя творы вывучаюцца ў школе, сёння назвалі б яшчэ і журналістам, і тэатральным крытыкам. Бо мастацкая публіцыстыка Бядулі — вялікі пласт творчасці, пра якую не часта згадваюць даследчыкі яго спадчыны і амаль зусім не ведаюць знаўцы яго літаратурных твораў

У гэтыя вясновыя красавіцкія дні споўнілася 130 гадоў са дня нараджэння. Змітрака  Бядулі — Самуіла Яўхімавіча Плаўніка. І цяпер у вёсцы Пасадец Зарэчанскага сельсавету, што ў Лагойскім раёне Мінскай вобласці, у той час гэта быў Віленскі павет Віленскай губерні, мясцовыя старажылы ахвотна пакажуць месца, дзе стаяла пяцісценная хата Плаўнікаў. У тыя часы яшчэ ніхто не здагадваўся , што тут нарадзіўся будучы вядомы літаратар, сябра і паплечнік Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цёткі Максіма Гарэцкага, “пабрацім” і “блізкі таварыш” Максіма Багдановіча, які не зможа памысліць свайго жыцця без Беларусі ды творчасці на яе карысць.

У пошуку святла і радасці


Змітрок Бядуля пачынаў, гаворачы сучаснаю моваю, творчую кар’еру ў Вільні, у “простанароднай”, як называлі яе ў той час, газеце “Наша Ніва”. На пачатку ХХ стагоддзя гэтае выданне, як вядома, стаяла ў центры беларускага адраджэння. Газета была моцным магнітам, да якога прыцягваліся светлыя розумы паэтаў-асветнікаў, мастакоў, вучоных, не абыякавых да лёсу Айчыны. Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Браніслаў Эпімах-Шыпіла, Максім Гарэцкі, Ядзвігін Ш. (Антон Лявіцкі), Цётка… Кожны з твораў па-свойму праз газету расказваў беларусам пра іх уласнае душэўнае багацце — дабрыню і цярплівасць, людскасць і прыгажосць, таленавітасць і адора­насць, пра тыя іх якасці, якія ў нашы дні прынята вызначаць як талерантнасць.

Голас “Нашай Нівы” гучаў па далёкіх кутках Беларусі, абуджаючы свядомасць розных прадстаўнікоў сістэмы грамадскай іерархіі, ад пануючых “вярхоў” да працоўных “нізоў”, разбураючы афіцыйны погляд на народ, як на рабочую сілу. Праз газету крысталізавалася думка: вольным будзе той народ, які назапашвае свае ўласныя духоўныя набыткі, сваю культуру, выяўляе сваю адметнасць.

Усё гэта было сугучна душы маладога паэта Бядулі. У 1909-м ён становіцца падпісчыкам “Нашай Нівы”. Асабліва вабяць яго творы Янкі Купалы. І ён піша ў рэдакцыю, просіць, каб яму паведамілі адрас паэта. Пэўна, тым самым пачуццём, якое паэтычная думка вызначае як шостае, Бядуля адчуваў, што лёс яго будзе моцна звязаны з “Нашай Нівай”. Мусіць, інтуіцыя і падказвае пачынаючаму літаратару, што калі і ягонай душы беларуская зямля дала прытулак, то нельга заставацца ў баку ад вірлівых падзей, якія адбываліся ў культурным і грамадскім жыцці.

Вельмі хутка пасля знаёмства з газетай Бядуля пачынае пісаць вершы і артыкулы па-беларуску. Ён дасылае туды вершы і допісы-замалёўкі пра жыццё-быццё сялян у беларускай вёсцы, якое назіраў у Пасадцы. У допісах звярталася ўвага на цяжкую іх долю,   на адсутнасць школ у вёсках. Пэўна, таму што малады аўтар падаваў факты па-журналісцку сцісла, граматна, спрабаваў акцэнтаваць увагу на векавых нягодах сялян, кіраўніцтва рэдакцыі палічыла магчымым далейшае з ім супрацоўніцтва. Спачатку ад рэдакцыі прыйшоў ліст, у якім былі такія радкі: “…пішыце карэспандэнцыі, яны ў вас дужа цікавыя і маюць для нас вялікую вагу”. А ўслед было і запрашэнне на працу ў беларускія культурныя арганізацыі. У 1912 годдзе Бядуля уладкоўваецца ў “Нашу Ніву”сакратаром, пэўна, як цяпер гаворым, адказным.

Імя Бядулі хутка становіцца вядомым у асяроддзі беларускіх літаратараў, і, як прыгадвае жонка Купалы Уладзіслава Луцэвіч, асабліва цікавіліся ім Ядзвігін Ш. і Цётка. А Купала вельмі паважаў Бядулю за яго таленавітасць і працаздольнасць. Зблізіліся яны ў суровыя ваенныя 1914-1915 гады і намагаліся разам не даць, вобразна кажучы, згаснуць зорцы беларускага адраджэння. Па словах Уладзіславы Францаўны, на іх двух ляжала і напісанне матэрыялаў, і карэктура, выпуск газеты і, урэшце, адказнасць за яе. Як асцярожна ні стараліся яны пісаць, як ні мянялі псеўданімы — ваенная цэнзура ўсё ж знаходзіла да чаго прычапіцца і ў выніку ледзь не кожны нумар “Нашай Нівы” выходзіў з белымі плямамі купюр. 


Змітрок Бядуля і Якуб Колас (у цэнтры) сярод студэнтаў рабфака БДУ, 1922 г.         

Пра моц зямлі


Нашчадак далёкіх продкаў-семітаў Бядуля любіць зямлю, на якой нарадзіў­ся, і гэтая любоў чытаецца праз радкі яго публікацый у “Нашай Ніве”. У 1918 годзе ён патлумачыць гэта пачуццё, абвяргаючы думку пра тое, што яўрэі не маюць пачуцця “кахання” да зямлі, дзе яны жывуць. “Гэта было б проціў законаў прыроды”, — гаворыць Бядуля. Ён спрабуе даследаваць працэс асіміляцыі яўрэяў у Беларусі, узаемаўплыў яўрэйскай і беларускай культур. У брашуры “Жыды на Беларусі” ёсць цікавыя развагі Бядулі пра энергетычны ўплыў самой зямлі на чалавека, які нараджаецца ў пэўным месцы і пачынае вібраваць у суладдзі з энергіяй краю. Цікава, што мне, украінцы, самой не аднойчы давялося адчуваць уплыў гэтай зямлі, калі ў 1996 годдзе мы з мужам здейснілі пешую вандроўку па Беларусі, і прайшлі звыш 2800км ўздоўж Дзяржаўнай мяжы за чатыры месяцы. Цяжка апісаць тыя містычныя пачуцці, калі беларуская мова быццам сама з цябе ліецца…

Вось як пра гэта піша Бядуля: “Дэкарацыя мейсцовай самабытнай прыроды мае ў сабе такую вялікую сілу, што на ўплывы уселякіх іншых культур дзействуе адпорна ў адваротную сторану. І тыя людзі з нашага краю, якія пісалі па расійску або па польску і нажылі сабе славу ў памянёных літэратурах, ні маглі выкараніць у сябе духу беларускай зямлі, каторы жыў у іх сэрцах. На кожным кроку чуецца, што гэтыя пісьменнікі — беларусы. Моц беларускай зямлі зрабіла тое, што ў Беларуска-Літоўскім князьстве законы пісаліся па-беларуску, прыдворная мова літоўскіх князёў была беларуская. А літвіны яшчэ цяпер наракаюць, што шмат літоўскіх сялян абеларусілі… Гэта паказуе, да чаго можа даходзіць уплыў беларускай культуры! Дзеля ўсяго гэтага і не дзіво, што жыды, жыўшы тут, у сваёй новай бацькаўшчыне, болей перанялі ад беларурсаў, чымся беларусы ад іх. Магутная сіла беларускай зямлі дала асобны духоўны і ўнешні воблік беларускім жыдам”.


Якуб Колас, Янка Купала, Пятрусь Броўка і Змітрок Бядуля, 1939 г.

Жыць — значыць, ствараць прыгажосць


Відавочна, у кожнага творцы ёсць сваё нешта асаблівае, што адрознівае яго ад іншых. Бядулю было ўласціва радаснае, узнёсла-натхнёнае адчуванне свету і самога жыцця. У сілу сваёй душэўнай арганізацыі ён страсна шукаў промні святла ў наваколлі, у людзях. Пра гэта пісала і Уладзіслава Луцэвіч: “Не раз у асабістых гутарках Бядуля скардзіўся на грамадскую несправядлівасць, якая робіць людзей суровымі. Ён усюды шукаў пробліску светлага, радаснага”. Пазней у сваіх тэатральна-крытычных выступленнях Бядуля будзе патрабаваць гэтага і ад тэатра, разумеючы, якую сілу ўздзеяння тоіць у сабе яго мастацтва.

Асабіста мне вельмі падабаюцца артыкулы Бядулі з “Нашай Нівы” — “Не адным хлебам”, “К жыццю”, “Святло”. Магу меркаваць, што аўтар гэтых публікацый, у якіх праглядвае касмізм яго светаадчування, быў ня­блага знаёмы з філасофска-рэлігійнай думкай Усходу, а таксама з выдатным помнікам сусветнай культуры — Біб-ліяй. З артыкулаў бачна, што ў свае светаўяўленне Бядуля прыняў думкі: усё ў свеце — вялікая еднасць, узаемаспалучанасць і ўзаемазалежнасць. А каштоўнасць жыцця “не ў адным выбранніку” і не ў “ вышэйшым чалавеку”, а ў народзе, які імкнецца да культуры, да творчасці. Бядуля спрабуе давесці да свядомасці чытача свае мары пра тое, каб і народ гэта зразумеў.

Як разбудзіць творчую сілу простых людзей, якая ў іх спіць да пары, да часу? Гэтае пытанне хвалюе Бядулю, і ён знаходзіць адказ на яго. Менавіта праз родную мову, блізкую і зразумелую народу, чалавек здольны прачнуцца, асэнсаваць сваю непаўторнасць і ўсвядоміць, што і ў іншага чалавека-брата такая ж каштоўная душа, як і ў яго самога. Для Бядулі слова мае своеасаблівую энергетычную сілу. Вось як ён пра гэта піша: “Слова — душа жывых і даўно сышоўшых у небыццё пакаленняў, уцеленае ў асобу — народ. Дзеля гэтага слова, выссанае з малаком маці, блізка і зразумела народу. Слова, каторае лілося з калыснай песняй маці, каторае пры смеху і слязах варушыла душы адышоўшых пакаленняў… Яно бязчысленныя вякі, якбы евангелле святое, перадаецца з вуст у вусны, шліфуецца, гартуецца і робіцца, як тая дамаская сталь, вострым і гібкім. Яно да касцей прырастае і адбіваецца ў псіхіцы народу. Гэта вялікая частка душы яго, вялікая частка творчасці ўсяго жыцця яго”.

Усё жыццё чалавека Бядуля расценьвае як бясконцую творчасць і чалавека ў ім — як творцу, здольнага пашыраць свій кругагляд пастаянна. У гэтым ён бачыць духоўны прагрэс чалавецтва. Для Бядулі жыць — зна-чыць ствараць пыгажосць. Для яго прыгажосць  існуе ва ўсім, толькі трэба ўмець яе бачыць — у жыцці простага чалавека, у яго працы, у адносінах паміж людзьмі, у прыродзе і ў розных відах мастацтва кожнага народа. Відаць, таму, што гэта занатавана ў народнай творчасці, Бядуля і заклікае збіраць народныя казкі, песні, вывучаць звычаі. Бо гэта народная культура, праз якую можна спазнаць духоўны свет народа, яго характар і душу.

Для Бядулі, як і для іншых творцаў, было характэрна вострае перажыванне хутка пераменлівай, напружанай рэальнасці, з якой ён сутыкаўся, у якой жыў, што знайшло адбітак і ў яго публіцыстыцы. Як і яго паплечнікі Купала, Колас, Гарэцкі, Бядуля  мацаваўся на шляху ўласнага асэнсавання і разумення беларускай ідэі: гістарычнага прызначэння беларускага народа, нацыянальнага ідэалу, народнай культуры, кансалідацыі лепшых актыўных сіл грамадства на аснове духоўна-асветніцкай дзейнасці. У яго публіцыстычных выступленнях нашаніўскага перыяду знойдзем намечаныя кірункі ў галіне нацыянальнага адраджэння. Яны ўспрымаюцца як своеасаблівая, бо выкладзена паэтычна-вобразна, экспрэсіўна, асабістая праграма Бядулі, якую ён рэалізоўвае ў наступ-ныя гады. Працуючы ў Інстытуце беларускай культуры, у 20-я гады ён сам, як сакратар гуманітарнай секцыі, падарожнічае па вёсках і збірае этнаграфічныя і фальклорныя матэрыялы, а потым піша артыкулы. Уражваюць крытычныя радкі ў адным з іх (“Народная імправізацыя”). “Тыя тамы і зборнікі беларускай народнай творчасці, якія напісаны рознымі этнографамі і вучонымі, не маюць у сабе і сотай часткі таго, што ходзіць у вуснах народа”. Бядуля аддаваў перавагу жывому кантакту з людзьмі, імкнуўся вылавіць з мора народных думак ідэалы, тое, што з’яўляецца сутнасцю душы беларуса-хлебароба, душы “самабытнай” і “загадачнай”.

Ён вывучаў чалавечую душу і назіраў яе ў асяроддзі беларускіх лесарубаў, рамеснікаў, возчыкаў, сялян-хлебаробаў, захоплена слухаючы, запамінаючы і занатоўваючы творы вусна-паэтычнай народнай творчасці — прыслоўі ды прымаўкі, дасціпныя казкі ды байкі, лірычныя і эпічныя песні. А потым тыя фальклорныя матывы шчодра выкарыстоўваў у вершах, апавяданнях, аповесцях з адначасовым даследаваннем у спецыяльных артыкулах. У 20-я гады ён піша шэраг нарысаў па гісторыі тэатра: “Беларускі тэатр”, “Батлейка” ды іншыя. У іх Бядулю-навукоўцу адухоўлівае і натхняе Бядуля-паэт, літаратар, філосаф. Таму яго эмацыйныя артыкулы лёгка чытаюцца, у іх можна адчуць унутраны пласт нявыказаных думак, тое глыбіннае і містычнае, што звычайна непадуладна слову.

“Каб была прасьвета, то заўсёды хлеба хапала б… Во з якога пункту селяне глядзяць на прасьвету. Павінна быць культура, тады кожны кавалачак землі не прападзе дарам. Культура і Культура… Селянін рвецца к сьвету…”Гэтыя радкі занатаваны Бядулем пасля з’езда сялян у 1917 годдзе.


Дом на вуліцы Рабкораўскай у Мінску, дзе жыў Змітрок Бядуля

Майста Слова і “Прасьветы”


Па жыцці Бядуля быў, як мне падаецца, шукальнікам сэнсу быцця. І ў савецкі час, як піша пра яго Віктар Каваленка ў кнізе “Пошукі і здзяйсненні”, ён імкнуўся знайсці мастацкую праўду новага жыцця, самыя лепшыя сродкі яе выяўлення. Да гэтага, па- мойму, можна дадаць яшчэ і тое, што Бядуля імкнуўся быць апосталам слова і культуры, якую называў “прасьвета”. Культура для яго была тым, што прасвятляе, робіць чалавека відушчым. І тым шляхам, які прывядзе беларуса да сапраўднага ўсведамлення сябе беларусам, роўным сярод іншых народаў, з’явіцца шлях культуры.

Адсюль больш зразумелым становіцца жаданне Бядулі ахапіць усе сферы культурнай дзейнасці, тэатральна-крытычную у тым ліку. У 1921-1924 гадах ён кіруе літаратурным аддзелам газеты “Савецкая Беларусь”, рэдагуе дзіцячы часопіс “Зоркі”. А потым працуе ў Інбелкульце, рэдагуе краязнаўчы часопіс “Наш край”. З аднаго боку, удасканальваўся і “прасвятляўся” ён сам, а з другога — шукаў шляхі ды сродкі, каб несці набытыя веды іншым.

Тэатральна-крытычная дзейнасць Бядулі пэўным чынам была арыентаваная на пошук адвечных гуманістычных каштоўнасцяў у драматургічных і сценічных творах, якія былі б сугучныя тым, што тоіць у сабе народная культура. І ў савецкі час ён быў страсным носьбітам беларускай ідэі, што перш за ўсё выяўлялася у прыхільнасці Бядулі-крытыка да фальклорна-этнаграфічнага напрамку ў тэатры. Гэта таксама была яго форма пошуку сапраўднай красы, перад якой ён заўсёды схіляўся. Таму ў большасці сваіх тэатральна-крытычных выступленнях ён раіў выкарыстоўваць народную творчасць у сцэнічнай практыцы, памятаючы, відаць, нашаніўскія мары-летуценні па тое, што толькі тады, калі беларускі народ спасцігне сваю культуру і вернецца да духоўных сваіх каранёў, ён можа годна заняць сваё месца ў сусветнай культуры. Добрая арыентацыя ў антычнай і народнай міфалогіі беларусаў дазволіла Бядулю выказаць абгрунтаваную думку, сугучную сучасным меркаванням, што багацейшая не толькі сярод славянскіх народаў, але і індаеўрапейскіх, беларуская народная творчасць збераглася амаль у некранутым выглядзе. У народнай філасофіі, з аднаго боку, ён шукаў адзнак тэатральнасці, з другога — прыцягваў увагу чытачоў, у тым ліку тэатральных дзеячаў, да разумення паняцця ўнутранага свету чалавека, той глебы і першаасновы, што складае яго душу. Ён жадаў, каб сцэнічныя героі былі носьбітамі хараства і духоўнасці, выяўлялі артыстызм, узораў якога шмат у вусна-паэтычнай народнай творчасці ды ў самім жыцці.

Пяро Бядулі — тэатральнага крытыка шліфавалася ды адточвалася ў напісанні рэцэнзій на п’есы і спектаклі, артыкулаў-экскурсаў у гісторыю беларускага тэатра, водгукаў з нагоды тых ці іншых тэатральных падзей, нарысаў і праблемных нататак. Ён, як адзін з пачынальнікаў беларускай прафесійнай тэатральнай крытыкі, разглядаў пытанні, звязаныя з драматургіяй, рэжысурай і выканаўчым майстэрствам, сцэнаграфіяй, словам, усім тым, што робіць тэатральны спектакль відовішчам. Маючы высокі агульнакультурны ўзровень, ведаючы некалькі моваў, грунтоўна знаёмы з літаратурай, сам літаратар, Бядуля быў надзвычай патрабавальны да іншых крытыкаў. І гэта ў першую чаргу сведчыла пра высокую патрабавальнасць да сябе. Каб быць крытыкам, пісаў ён, трэба самому мець “мастацкі талент, трэба самому быць мастаком. Трэба часам разумець аўтара з паўслова, з няўдачнага часам слова трэба ўгадаць, што аўтар хацеў сказаць. Крытык павінен уцяміць нахілы аўтара, яго моцныя і слабыя бакі і накіраваць яго туды, дзе ён чуецца моцным…”

Тэатральнае мастацтва Беларусі было для яго тым самым “аўтарам”, да прафесійнага разумення якога ён імкнуўся ўсё сваё жыццё.

Пачатак 20-х гадоў адзначыўся значнымі падзеямі ў культурным жыцці краіны. 10 жніўня 1920 года адкрыўся Новы беларускі тэатр пад кіраўніцтвам Уладзіслава Галубка, а 14 верасня — Беларускі дзяржаўны тэатр. Адкрыццё прафесійных тэатраў паставіла перад крытыкай шэраг важных праблем, якія патрабавалі свайго тэарэтычнага асэнсавання. Дзейнасць прафесійных тэатраў з’явілася для Бядулі, як і для іншых крытыкаў, тым грунтам, на якім беларуская крытыка пачала расці, выпрацоўваць свае крытэрыі, тэрміналогію. Артыкулы Бядулі — да прыкладу, “Наш тэатр”, “Тэатр і выхаванне мас” — адметныя, па сваім мастацкім ўзроўні сведчаць пра арганічнае спалучэнне даравання Бядулі: гісторыка, крытыка тэатра і публіцыста. Дамінуючая іх нота — публіцыстычная страснасць, грамадзянскачсць поглядаў чалавека-творцы, які шчыра і, як мог, сумленна жыў, аддана працаваў і сталеў разам са сваёй эпохай.

На заканчэнне

Паводле прызнання Змітрака Бядулі, два сэрцы жывуць у яго грудзях, дзве музы клічуць да песнапення. Адна — чарнавалосая, глядзіць чорнымі мокрымі ад слёз вачыма. Твар жалобны… “Да мяне, да мяне… — шапоча яна. — Памятай, што цячэ ў табе кроў яўрэскага Усходу”. У другой жа валасы — ільняныя. Яна трымае ў руках гуслі і спявае песні беларускай зямлі. Голас яе звініць: “Цябе выгадаваў мой край, цябе ўскармілі мае землеробы… Твой Ерусалім — вось тут, у гэтых лясах і далінах, што далі цялесную і духоўную моц табе”.

Валянціна Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter