Яго «болдзінскі зімнік»

Каб  не  блыталі  са  славутым  цёзкам,  беларускі  празаік  Леанід  Левановіч  змяніў  сваё  прозвішча

Каб  не  блыталі  са  славутым  цёзкам,  беларускі  празаік  Леанід  Левановіч  змяніў  сваё  прозвішча

Пра свой надыходзячы юбілей пісьменнік Леанід Левановіч (на здымку) гаворыць з гумарам, маўляў, які гэта ўзрост — два разы па 35. Тым больш што 70 гадоў 14 верасня споўніцца Леаніду Лявонаву, а Леаніду Левановічу — усяго 37. Растлумачу: Лявонаў – гэта “дзявочае”, як называе яго Леанід Кірэевіч, прозвішча, а Левановіч – літаратурны псеўданім, узяты ім 37 гадоў таму.

У той час памяняць уласнае прозвішча прымусіла 33-гадовага пісьменніка слава вядомага рускага празаіка і цёзкі Леаніда Лявонава. З-за аднолькавых імя і прозвішча неяк нават кур’ёз атрымаўся.

— У 1968 годзе ў часопісе “Нёман” на-друкавалі мой вялікі нарыс “Беларускі мёд”. Неўзабаве Андрэю Макаёнку, ён быў тады галоўным рэдактарам, пазваніў адзін адстаўны палкоўнік і пытаецца: “Андрэй Ягоравіч, а калі ж гэта вядомы рускі пісьменнік прыязджаў у Беларусь?” Расказваючы пасля пра гэты выпадак, Макаёнак смяяўся, а мне жартам сказаў: “Май, братка, на ўвазе, ганарар Лявонава табе ў Мінск дакладна не прышлюць, а вось твой у Маскву, як піць даць, адправіць могуць”, — успамінае Леанід Кірэевіч.

Жарты жартамі, але з таго часу малады пісьменнік усур’ёз задумаўся пра псеўданім. Яго не вабіла слава цёзкі — аўтара знакамітага “Рускага лесу”. Ён мусіў сцвердзіць у літаратуры сваё імя, і яно патрэбна было новае. Вырашыцца з выбарам дапамог выпадак і яшчэ адзін літаратурны класік – Іван  Мележ. Дарэчы, без гумару зноў не абышлося. У колішнім Доме творчасці пісьменнікаў у Каралішчавічах два празаікі — малады і славуты — ся-дзелі ў сталоўцы побач, і Іван Паўлавіч, бывала, з усмешкай кпіў, маўляў, трэба ж, як уладзілі бацькі – назвалі Лявонава Леанідам. У адказ малады калега неяк падзяліўся, што даўно шукае псеўданім.  

 “А што тут доўга шукаць, пішыцеся Левановіч”, — параіў Мележ. Я ў сваю чаргу нагадаў, што быў жа пісьменнік Павел Левановіч, праўда, выдаў у 1938 годзе толькі адну кніжку і загінуў. На што пачуў: “Ён загінуў у той год, як вы нарадзіліся, дык працягвайце яго справу”.

З мележаўскім блаславеннем і ўвайшоў у беларускую літаратуру празаік Леанід Левановіч, у творчым здабытку якога сёння ўжо 14 арыгінальных кніг розных жанраў: нататкі, эсэ, аповесці, апавяданні і, зразумела, раманы, якія прынеслі пісьменніку вядомасць і прыхільнасць чытача.

Больш за 20 гадоў таму Леанід Левановіч пачаў прызвычайвацца да сялянскага жыцця. Спачатку купіў на Вілейшчыне хату пад лецішча, пасля адбудаваў яе ў сядзібу – і вось ужо гадоў з пятнаццаць, як асеў у вёсцы трывала і толькі зрэдку наведваецца ў сталіцу. Гаспадарка ў Леаніда Кірэевіча невялікая – кот, сабака, куры ды пчолы (дарэчы, пчаляр ён вопытны і ў гэтай якасці добра вядомы чытачам “Рэспублікі” сваімі парадамі ў спецыяльным газетным выпуску “ДАР”), але работы і з ёй хапае: траву пакасіць, агарод дагле-дзець, бульбу вырасціць, дровы нарыхтаваць...

— Але ж затое цішыня ў вёсцы якая, яднанне з прыродай, з акна лес бачны, сосны, няма заўсёднай мітусні гарадской, — з асалодай гаворыць Леанід Кірэевіч. 

— А як жа творчы працэс? – пытаюся.

— Вясковае жыццё яму не замінае. Да таго ж, як казаў мой знакаміты цёзка Леанід Лявонаў, літаратуру ствараюць валы. Вось я і працую, як вол, і, ведаеце, атрымліваю ад гэтага асалоду – і фізічную, і творчую. Канечне, вясной і ўлетку сялянскага клопату шмат, іншы раз не да творчасці, але тое-сёе стараюся занатаваць у дзённікі, пераклады часам раблю. Асноўная ж творчая праца пачынаецца зімой, калі цішыня, нішто не замінае, толькі пішы — хоць зранку да ночы, хоць з ночы да ранку. Вось усю мінулую зіму перапісваў, даводзіў да ладу свой апошні па часе раман “Палыновы вецер”, які пакуль друкаваўся толькі ў часопісе “Полымя”,— расказвае пісьменнік.

Над мастацкім словам Леанід Левановіч працуе вельмі скрупулёзна. Ад таго, відаць, і не надта спяшаецца ў творчым працэсе аддаваць перавагу магчымасцям камп’ютэра — піша спачатку ад рукі, пасля друкуе на машынцы. Як тлумачыць Леанід Кірэевіч, на камп’ютэры тэкст вельмі лёгка правіць: знікае слова — і няма яго. А калі тэкст друкаваны, па-глядзіш праз нейкі час на раней закрэсленую фразу, падумаеш і зразумееш: не, братка, трэба яе назад вярнуць.

Сёлета цыкл з чатырох раманаў Леаніда Левановіча – “Шчыглы”, “Паводка сярод зімы”, “Дзікая ружа” і “Сіняе лета” — вылучаны на атрыманне Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры.

— Для мяне гэтае вылучэнне — вельмі пачэсная адзнака маіх твораў. Будзе прэмія прысуджана мне ці, можа, іншаму, больш вартаму пісьменніку — няважна. Галоўнае, калі прысуджэнне адбудзецца, то гэта стане знакам павагі і ўвагі да беларускай літаратуры, — гаворыць Леанід Левановіч.

Як справядліва лічыць пісьменнік, літаратура — гэта першааснова мастацтва, хлеб для творчасці, і прыводзіць прыклады. Іван Мележ напісаў раман “Людзі на балоце”, купалаўцы паставілі паводле яго спектакль, на кінастудыі знялі фільм. А колькі мастакоў-графікаў афармлялі выданні Мележа і яшчэ будуць афармляць! Ці ўзяць геніяльны верш Янкі Купалы “Спадчына”. Ён натхніў кампазітара Ігара Лучанка на стварэнне выдатнай песні, якую выканаў Уладзімір Мулявін з “Песнярамі”.

— Вось і атрымліваецца, што  літаратар – паэт ці празаік — натхняе ўсіх. Зрэшты, усё спрадвеку ідзе ад таго, што спачатку было Слова, — разважае Леанід Левановіч.

З ім цяжка не пагадзіцца. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter