Ядвіню аддалі за багатага, а яна хацела – за каханага

ЗДАВАЛАСЯ б, бібліёграфы і літаратуразнаўцы да драбніц даследавалі жыццё і творчасць вялікага паэта — пра Янку Купалу напісана шмат кніг і артыкулаў, успамінаў. Але мінаюць гады, і шмат што губляецца ў хуткацечнай рацэ часу. А сучаснікам хацелася б даведацца яшчэ пра многае, бо сапраўды — вялікае бачыцца на адлегласці. Вось і мы вырашылі пашукаць нашчадкаў герояў знакамітай «Паўлінкі» — прататыпамі ж іх паслужылі рэальныя людзі з вёскі Харужанцы, што на Лагойшчыне.

Карэспандэнт «БН» вырашыў знайсці на Лагойшчыне сляды знакамітай купалаўскай Паўлінкі...

ЗДАВАЛАСЯ б, бібліёграфы і літаратуразнаўцы да драбніц даследавалі жыццё і творчасць вялікага паэта — пра Янку Купалу напісана шмат кніг і артыкулаў, успамінаў. Але мінаюць гады, і шмат што губляецца ў хуткацечнай рацэ часу. А сучаснікам хацелася б даведацца яшчэ пра многае, бо сапраўды — вялікае бачыцца на адлегласці. Вось і мы вырашылі пашукаць нашчадкаў герояў знакамітай «Паўлінкі» — прататыпамі ж іх паслужылі рэальныя людзі з вёскі Харужанцы, што на Лагойшчыне.

Падарунак праз гады

Дачнікі, едучы на свае лецішчы,часта спыняюцца каля калонак у Харужанцах, у вёсцы, што размясцілася на адной доўгай вуліцы. Аднойчы падчас такога прыпынку я і даведалася, што вадаправодам сваім, як і бетонкай, пракладзенай амаль да самых Акопаў, местачкоўцы абавязаны…філіялу музея Янкі Купалы: менавіта падчас яго будаўніцтва падвялі сюды ваду ды зрабілі дарогу. Такі вось падарунак праз гады ад Песняра сваім землякам, у якіх Купала спаўна чэрпаў  непаўторную мову і нават сюжэты ранніх паэм і вершаваных апавяданняў. Прататыпы знакамітай «Паўлінкі», якой сёлета спаўняецца сто год, таксама адсюль, і дасціпныя куплеты, і немудрагелістая гісторыя галоўнай гераіні п’есы калісьці здарылася ў адным з засценкаў: нейкі шляхціц Гілярка Аблачынскі хацеў аддаць прыгажуню-дачку Ядвіню за багатага, а яна хацела — за каханага. А калі ўсё гэта было насамрэч, чаму б не пашукаць слядоў тых людзей, няхай і жылі яны сто год таму? Дапамагчы мне ў гэтым згадзіўся Віктар Тамашэўскі, чый бацька быў апантаным краязнаўцам і яму перадаў цікавасць да гісторыі, як кажа Віктар Дзмітрыевіч, дзедаўшчыны. Ён і накіраваў мяне да Аляксандра Мацвеевіча Кандратовіча.

Той самы сад

Рэшткі цяпер нічыйнага саду, пасаджанага Аблачынскімі (я буду называць гэтае прозвішча так, хаця ў некаторых крыніцах пішацца «Аўлачынскія»), раздзяляюць дамы Кандратовічаў і Тамашэўскіх. Тут у 1914-м у тагачасным засценку Ляўшова жыла Марыя Дамінікаўна Аблачынская-Луцэвіч, сястра Янкі Купалы, такая ж адмысловая гаспадыня, як і іх маці Бянігна. Пра старэйшую Луцэвічыху старажылы ўспаміналі паважліва: маўляў, усё ў яе знаходзілася пад замком, была эканомная, але не скнара. Трымала вялікую гаспадарку. Цяпер бы сказалі — прадпрымальная была жанчына і арандатарка. З арэнды зямлі і жыла, і дзяцей адна, лічы, падняла. Марыя была замужам за сябрам свайго брата, таксама Янам, якому даводзілася Ядвіся Аблачынская (Паўлінка) стрыечнай пляменніцай. Бацькоўская хата Аляксандра Мацвеевіча стаяла па суседству з домам Купалавай сястры. Што занатавалася ў яго памяці?

— Чуў нешта такое ад дзядзькі свайго Аркадзя, ды падаецца ўсё цяпер як скрозь сон, — шчыра прызнаўся дзед Аляксандр, калі мы завіталі да яго ў адну з марозных субот. — Чатырнаццаць чалавек толькі і засталося ў Харужанцах, і я, бадай, старэйшы. Калі нас высялялі з хутароў, мы нават жылі ў той хаце — вялікай, метраў на пятнаццаць, на два канцы. Потым з маці свой дом адбудавалі. Чуў, што любіў збіраць Янка Купала мясцовых хлопцаў і прасіў іх праспяваць што-небудзь, нават і не зусім прыемнае для вуха. Любіў хадзіць з мясцовымі ў начное, дзе каля вогнішча таксама запісваў розныя гісторыі. Іншыя кажуць, што былі Луцэвічы багатымі, гаспадаркі шмат трымалі. Ды я сам ведаю, што гэта за цяжкі хлеб. Гады тры толькі, як з жонкай Аленай адмовіліся ад зямлі, якой мелі цэлы гектар — сілы не стала.

— Скажыце, ёсць урочышча Аблачамшчына, хто тады там жыў? — не страчваю надзеі даведацца яшчэ што-небудзь.

— Гэта іншыя Аблачынскія, пэўна ж, і радня якая тым, што жылі тут. Таксама ўсіх павысялялі, а сястру Купалы з мужам перавезлі некуды пад Барысаў. Каля магазіна хату пабудавала сабе Марыя Аблачынская (па мужу), дачка ляснічага Філіповіча. Тут з сынам і дажывала век. Унучкі яе ў Мінску, можна распытаць.

Сяброўка Паўлінкі

Ганна Адамаўна Аблачынская вельмі ахвотна згадзілася сустрэцца, калі даведалася, што размова пойдзе пра яе бабулю: «О, якая гэта была жанчына! Наша мама рана памерла, дык яна нас, шэсць унучак, выгадавала». Менавіта ад бабулі, Марыі Валяр’янаўны, яна пачула рамантычную гісторыю пра каханне Ядвігі да простага хлопца, пра тое, якой прыгожай і вясёлай была тая паненка. І што яна першай сыграла ролю Паўлінкі ў спектаклі, пастаўленым адразу пасля напісання п’есы прама на таку ў гумне. Потым мясцовая інтэлігенцыя яшчэ неаднойчы ладзіла пастаноўкі драматычнага шэдэўра. «Як склаўся далей лёс той, што з-за кахання пайшла насуперак волі бацькі?» — карцела дазнацца дзяўчатам. Ды бабуля іх расчаравала: «Не надта шчасліва». Зрэшты, як і самой Марыі Валяр’янаўны, і яшчэ шмат якіх засцянковых шляхцянак, што перажылі сталінскія рэпрэсіі ды вайну.

Бацька Марыі быў заможным — як-ніяк ляснічы, да якога шмат хто з уплывовых асоб з’язджаўся на ловы. На хутары ў Беланах двор вясной патанаў у квецені півоняў, якіх было высаджана да сотні відаў, у засені каштанавых алей мроіла і Марыя пра свайго каханага. З будучым жа мужам Фадзеем Аблачынскім пасваталі бацькі. Марыі было ўжо за трыццаць, калі да іх прыехалі сваты. Як і мае быць, накрылі сталы, гасцей пакінулі начаваць. А потым бацька заходзіць да яе ў пакой і пытаецца: «Ну як, дачка, замуж пойдзеш?» — «Не!» — кажа яна. Бацька спахмурнеў: «Падумаць да раніцы, выйсці да сватоў назаўтра і сказаць: «Пайду!». Праўда, жаніх быў шляхетны, ведаў некалькі замежных моў, выхоўваўся ў сям’і ўрача, свайго дзядзькі. Жылі някепска, ды ў 1937-м Фадзея забралі прама з начнога. Так і згінуў на Беламорканале. У тым жа годзе разабралі іх хату, пагрузілі на воз разам з адзежай ды посудам і перавезлі ў Харужанцы. Сыну Адаму споўніўся тады толькі годзік. Знайшла жанчына нейкіх шлойдаў, якія склалі хату, а вось печ не змаглі. Тады сусед і кажа: «Капай, баба, гліну, зляплю печ». Паненка, хоць і служылі ў бацькоўскай хаце пакаёўкі, не цуралася работы — умела ўсё. Працавала потым на ферме даяркай, саджала вялікі агарод, каву (гэты папулярны ў шляхты напітак) малола з жалудоў і ячменю. Яшчэ і Ганна Адамаўна памятае, што ў сенцах стаялі жорны. А калі выпякала хрушчы — па вёсцы разносіўся пах смажанага алею. Мясцовыя жанчыны прыходзілі за рэцэптамі. Ці былі раднёй яе мужу той Ян Аблачынскі ды яго стрыечны брат Гілярый і яго дачка Ядвіга? «Бабуля штосьці гаварыла пра сваяцтва, ды ці нам, дзецям, было тое да галавы. Цяпер вось вы абудзілі ў мяне цікаўнасць, захацелася даведацца, — загарэлася Ганна Адамаўна. — Дзед таксама меў прозвішча Аўлачынскі, гэта потым ужо яно змянілася. Мне і настаўніца беларускай мовы казала пра роднасныя сувязі з Луцэвічамі».

І такое вось яшчэ адно супадзенне: Ганна Аблачынская таксама піша вершы і нават неаднойчы перамагала ў паэтычных конкурсах, што праводзяцца ў Першамайскім раёне сталіцы.

Хлапец шляхоцкага заводу

Памятаеце, так у п’есе Сцяпан Крыніцкі называе Адольфа Быкоўскага. І такі сапраўды жыў тады ў Калдукоўцы — нехта Павелак Ваяводскі. Гэта каля Малых Бясяд. І манаполька там была, і гара маецца, з якой кабыла панесла Быкоўскага стрымгалоў. І кірмаш у Міхалішках (Харужанцах) славіўся на ўсю акругу, асабліва на Пакровы. А ў Жукаўцы стаяла карчма з выразнай назвай «Здарэнне».

І характэрныя слоўцы з «Паўлінкі» не-не ды і зараз пачуеш ад местачкоўцаў: гіцаль, гіцлёўка, мазгаўня, надовічы, то тады, то сяды… А пра былыя сядзібы нагадваюць назвы цяперашніх урочышчаў: Айчызна, Тамашэўшчына, Рубеж і Рубяжок… І цяпер у лесе можна сустрэць зараснікі бэзу, што некалі аздабляў жытло засцянковай шляхты.

Дзе Вялікі Рубеж

«Скора, як мы пераехалі ў Акопы, нас прыйшлі павіншаваць з наваселлем нашы сяброўкі Марыя і Ядвіня Аўлачынскія, дочкі стрыечнага брата Яся Гіляркі Аўлачынскага з Вялікага Рубяжа. Прынеслі ў падарунак самавар», — пісала ва ўспамінах сястра Купалы. «Дзе ж знаходзіўся Вялікі Рубеж?» — пацікавілася ў майго экскурсавода па гэтых мясцінах Віктара Тамашэўскага. «Пэўна, цяпер гэта проста Рубеж, што паблізу з Акопамі», — мяркуе знаўца навакольных урочышчаў, які сам калісьці любіў і са стрэльбай паблукаць па тутэйшых лясах.

Пра маці Купалы расказваў Віктару Дзмітрыевічу Юрка Давідовіч з Карпілаўкі, які працаваў падпаскам у Бянігны Іванаўны ў Акопах. Неяк заснуў небарака на пасьбе, і жывёла патравіла авёс. Добра тады прайшоўся яловы дубец па нагах хлопца, такая вось была навука ад гаспадыні. Але, пэўна, крыўды не трымаў, бо запрасіў пасля Юрка сям’ю Луцэвічаў на вяселле — і яе, і Івана Дамінікавіча, які часта жыў у маці. Падчас запросінаў яны нават разам выпілі кварту гарэлкі за яго шчаслівае сямейнае жыццё. Маладым жа Луцэвічы падарылі ажно тры рублі — на тыя грошы тады можна было купіць карову. І потым дапамагаў Іван Дамінікавіч карпілаўцу: дачка яго Ніна неяк загнала асцюк у вока і яе тэрмінова трэба было шпіталізаваць, дык Купала выдзеліў сваю машыну, каб завезці дзяўчо ў бальніцу.

Сярэбраная манета

З Рубяжа была і бабуля Віктара Тамашэўскага. Тамашэўшчына ж — гэта колішнія дзедавы ўгоддзі: 15 гектараў ворыва і 10 — сенажаці. У 32-м дзеда арыштавалі, працаваў ён рахункаводам у калгасе «Чырвоны пагранічнік», і яго абвінавацілі, што завысіў заробкі парабкам (цяпер бы сказалі — шабашнікам). А ў 1959-м рэабілітавалі.

Аднойчы, едучы на радзіму, у аўтобусе сутыкнуўся з «чорным капальнікам». Аказалася, мясціны гэтыя выклікаюць у шукальнікаў скарбаў павышаную цікаўнасць: у іх маюцца дакладныя карты ўсіх шляхецкіх сядзіб, прычым настолькі падрабязныя, што там нанесены ўсе пабудовы — пуні, хлявы, адрыны і г. д. Разам з капальнікам паблукаў па дзедаўшчыне, але з умовай: калі штосьці знойдзецца — гэта яго. Металашукальнік знайшоў царскую сярэбраную манету 1897 года. Віктар Дзмітрыевіч захоўвае тыя 15 капеек як талісман і дарагую сэрцу спадчыну. Хто ведае, чыя яна? Ды і не важна. Гэта проста памяць. А наша літаратурнае падарожжа не скончана. Адкрыцці — наперадзе.

Алена КЛІМОВІЧ, «БН»

Фота з архіва Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы  і з сямейнага альбома Г. А. АБЛАЧЫНСКАЙ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter