Яднае не чалавек, а ідэя

Гавораць, апошнім свой карабель пакідае капітан. Гэта, напэўна, пра Міхаіла Зайцава. Дзякуючы менавіта гэтаму чалавеку Рагачоўскі раён, Гомельшчына і рэспубліка займелі выдатны аматарскі калектыў, якому сёлета ў ліпені было прысвоена званне “заслужаны”.

Кіраўнік заслужанага вакальнага ансамбля “Добры вечар” Міхаіл Зайцаў удастоены падзякі міністра культуры Беларусі.

Гавораць, апошнім свой карабель пакідае капітан. Гэта, напэўна, пра Міхаіла Зайцава. Дзякуючы менавіта гэтаму чалавеку Рагачоўскі раён, Гомельшчына і рэспубліка займелі выдатны аматарскі калектыў, якому сёлета ў ліпені было прысвоена званне “заслужаны”.

— Наша гісторыя пачынаецца ў 1988-м, — распавядае Міхаіл Фёдаравіч. — Праз дзесяць гадоў мы сталі народным калектывам. Але ж змяніліся рэаліі, жыццё культурнага асяродку — і мы перажылі своеасаблівую “творчую перабудову”. Тады ад ансамбля песні і танца з пяццюдзесяццю артыстамі застаўся маленькі калектыў у пяць чалавек. У тым ліку і я. Вось у такім складзе і працуем з 2000 года. Вельмі прыемна, што мяне акружаюць прафесіяналы, сапраўдныя знаўцы сваёй справы.

“Пявучая каманда” Міхаіла Зайцава складаецца толькі з адных жанчын. Іх чацвёра. Трохгалоссе спяваюць намеснік дырэктара педагагічнага каледжа Наталля Зайцава (жонка Міхаіла Фёдаравіча), настаўнік музыкі ў агульнаадукацыйнай школе Ірына Гавядкова і дырэктар Дома культуры Наталля Дзегялевіч. А на скрыпачцы “жарыць” выкладчык гарадской дзіцячай школы мастацтваў Галіна Яськова. Міхаіл Фёдаравіч жа акампаніруе сваім жанчынам на баяне, спявае, робіць апрацоўкі песень, калі-нікалі і сам піша для свайго калектыву. Рэпетыцыі квінтэта заўсёды праходзяць у Доме культуры два разы на тыдзень. Зразумела, у кожнага з артыстаў сваё асабістае жыццё, свая сям’я, але ж усіх іх яднае адна ідэя і адданасць мастацтву, абранай справе і калектыву. Дарэчы, рэпертуар ансамбля — песні Рагачоўшчыны, па-майстэрску аранжыраваныя музыкам, вядомыя народныя беларускія песні, творы сучасных кампазітараў на беларускай, рускай, украінскай і польскай мовах.

— Фальклор у сваім аўтэнтычным выглядзе трэба ўмець “падаваць”. Менавіта для гэтага неабходна апрацоўка і аранжыроўка, — тлумачыць Міхаіл Зайцаў.

— Дарэчы, ваш глядач — ён хто? — цікаўлюся я.

— Як правіла, гэта людзі сярэдняга і сталага ўзросту. Хаця на кожным канцэрце свая публіка, і ў глядзельнай зале даводзіцца бачыць моладзь. У сваім раёне выступаем два разы ў месяц, заўсёды ўдзельнічаем у мерапрыемствах абласнога, а таксама рэспубліканскага ўзроўню — на “Дажынках”, “Славянскім базары ў Віцебску”. Бываем на розных фестывалях і па-за межамі Беларусі — у Рассіі, Украіне, Чэхіі.

Напрыклад, літаральна праз месяц “Добры вечар” адправіцца ў Санкт-Пецярбург. Летась вакальны ансамбль Рагачоўскага аддзела культуры заваяваў там “Залаты дыплом” (найвышэйшую ўзнагароду) Міжнароднага фестывалю-конкурсу “Невские встречи”. У гэтым годзе калектыў выступіць на сцэне культурнага форума ў якасці ганаровага госця.

Міхаіл Зайцаў лічыць, што ансамблю ёсць куды расці і як развівацца. Кіраўнік заўсёды знаходзіцца ў творчым пошуку і прапаноўвае сваім дзяўчатам новыя праекты. У гэтым годзе “Добры вечар” паспрабаваў далучыць да сябе танцавальную групу. Міхаіл Фёдаравіч даручыў гэтую справу Юліі Казловай, харэографу, якая працуе ў Побалаўскай дзіцячай школе мастацтваў, што ў Рагачоўскім раёне.

— Танец — гэта ўпрыгажэнне песні, — гаворыць кіраўнік. — Ёсць ідэя зрабіць акапэльную, на 30 хвілін, праграму і нават аранжыраваць беларускія песні ў стылі кантры! У планах — і дзіцячая студыя “Добры вечар”. Яна можа з’явіцца ў Рагачове, думаю, ужо праз два-тры гады. Магчыма, тады мы сур’ёзна “замахнёмся” на “Еўрабачанне”. Дзіцячае, вядома, — усміхаецца Міхаіл Фёдаравіч.

У сферы культуры Міхаіл Зайцаў працуе ўжо 32 гады. Сёння — на пасадзе начальніка аддзела культуры Рагачоўскага райвыканкама (прызначаны ў 2004 г.). Пасля заканчэння Гомельскага музвучылішча імя Нестара Сакалоўскага пачынаў акампаніятарам у Рагачоўскім ДК, потым працаваў у мясцовым педвучылішчы, дзе выкладаў прадметы “музыка і спевы” і “рытміка і харэаграфія”. Педагагічны стаж у Міхаіла Зайцава — 21 год! Як бачыце, гэты чалавек тут невыпадковы. Да таго ж ён ініцыятыўны і прынцыповы адміністратыўны работнік, які падае прыклад сваім калегам, вучням. Шкадуе Міхась Фёдаравіч толькі аб адным — часу займацца калектывам стала не хапаць…

Таццяна УСКОВА, “БН”

НА ЗДЫМКУ: заслужаны вакальны ансамбль «Добры вечар» (злева направа) — Галіна ЯСЬКОВА, Наталля ДЗЕГЯЛЕВІЧ, Міхаіл ЗАЙЦАЎ, Наталля ЗАЙЦАВА і Ірына ГАВЯДКОВА.

Фота Мікалая ЛЯВОНАВА, “БН”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter