"Я заўсёды пiсаў толькi тое, што хацеў"

Над новай кнiгай пра Беларусь Янка Сiпакоў працаваў пяць гадоў

Над новай кнiгай пра Беларусь Янка Сiпакоў працаваў пяць гадоў

— Нават з кароценькай вiзiткi, якая, зразумела, не ахоплiвае ўсiх творчых набыткаў Янкi Сiпакова, вiдаць: багаты ў яго пiсьменнiцкi плён! Пяцьдзесят гадоў бесперапыннага працоўнага стажу. Паўвека ў лiтаратуры. За гэты час створана i выдадзена больш за 50 кнiг – паэзiя, проза, эсэiстыка, пераклады... Скажыце, шаноўны Iван Данiлавiч, што спрыяла вашай творчасцi, а што, мабыць, i перашкаджала?

— Ведаеце, усё мне спрыяла ў творчасцi i нiчога не замiнала. Бо заўсёды пiсаў толькi тое, што хацеў. За тое, што не кранала, не браўся. А калi над матэрыялам працуеш з душою i табе гэта цiкава самому, хто i чым можа перашкодзiць творцу?

Неяк мяне, беспартыйнага, запрасiлi ў ЦК партыi, прапанавалi напiсаць пра Брэжнева, якi якраз збiраўся адзначыць сваё 75-годдзе. А генсек, я помнiў, у сваёй аўтабiяграфii пiсаў, што працаваў землеўпарадчыкам у Коханаўскiм раёне Аршанскай акругi. А ва “Успамiнах” дадаваў: “Мусiць, такая ўжо ўласцiвасць характару: усе мясцiны, дзе даводзiлася працаваць, люблю i да гэтага часу лiчу роднымi”. Генсек Коханава лiчыць родным? А яно ж ад маiх Зубрэвiчаў усяго за дзесяць кiламетраў. Цiкава-цiкава: малады каморнiк, 1927 год. Непадалёку будуецца Асiнторф. Што ж ён бачыў, гэты землямер, у маiх мясцiнах? I я згадзiўся. Паехаў у Коханава. Там мне сярод iншых прыгод генсека расказалi i пра тое, як малады землямер бегаў за нашымi беларускiмi дзяўчатамi. Затым я паехаў у Маскву, папрацаваў у архiвах, дарэчы, з Масквы я прывёз матэрыял на аповесць “Кулак”. Напiсаў нарыс “Час зямлi”. У ЦК ён не спадабаўся — мала хвалiць! Ды i ўвогуле пра што аўтар пiша?! А я пiсаў пра тое, што хацелася, што лiчыў iстотным. У ЦК i рашэнне прымалi – друкаваць цi не. Надрукавалi ў “Звяздзе”. Скарочаны варыянт. Вельмi папраўлены. I тое, як будучы генсек уцякаў ад разгневаных коханаўскiх мужчын, да жонак якiх ён заляцаўся, вядома ж, выкраслiлi.

— Рашэнне аб прысуджэннi вам Дзяржаўнай прэмii падпiсвалi Пётр Машэраў i Цiхан Кiсялёў, а званне заслужанага дзеяча культуры надаў першы Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка. Ствараецца ўражанне, што ў вас трывалыя адносiны з уладай.

— Скажу шчыра: нiколi не падладжваўся нi да якой улады, але i не трымаў, як кажуць, дулi ў кiшэнi. Не хiтраваў з ёю, не гуляў у хованкi, быў заўсёды адкрыты. Нi на кога не пiсаў даносаў. Не прасiў нi ў кога нi пасад, нi ўзнагарод. Мусiць, таму i не маю нiводнага ордэна, а з медалёў – толькi адзiн, юбiлейны, да 100-годдзя з дня нараджэння Ленiна.

— А як складваюцца вашы адносiны з крытыкамi, лiтаратуразнаўцамi? Памятаеце пушкiнскае: “Румяный критик мой…”?

— Крыўдзiцца на крытыкаў не магу – амаль кожная мая кнiга атрымлiвала шмат водгукаў. А найбольш рэцэнзiй было, мусiць, на кнiгу прозы “Крыло цiшынi” i кнiгу паэзii “Веча славянскiх балад”. Праўда, былi i злыя водгукi. Ведаеце, як называлiся некаторыя артыкулы на маю творчасць? “Адказнасцi, больш адказнасцi”, “Разбурэнне словам” i iнш. Кнiгу паэзii “Дзень” напачатку зусiм спляжылi. Але потым яе вылучылi на атрыманне Дзяржаўнай прэмii. I тады “залiчылi ў дасягненнi”. Аднак я нiколi i нi на кога не крыўдаваў за гэта.

Найбольш цяжка прабiвала сабе дарогу мая гарадская аповесць “Жывi як хочацца”. Яшчэ ў рукапiсе адзiн вельмi пiльны таварыш з рэдактуры знайшоў аж “пятнаццаць антысавецкiх заўваг”. Яе абмяр-коўвалi i асудзiлi на партыйным сходзе. Без мяне, я ж на сходзе не быў, бо беспартыйны. Кажуць, нават загаловак на сходзе выклiкаў рогат: “Жывi як хочацца”! Во што выдумаў – трэба ж жыць як трэба!” Надрукаваў я аповесць у часопiсе з iншым загалоўкам – “Цi так жывеш?”.

Не так даўно аповесць прачыталi па радыё. Месяцы са два чыталi. Перачытаў яе i сам я. Якая ж гэта рахманая рэч! Разумееце, у ёй мае героi яшчэ ходзяць на вакзал, каб там, у вакзальнай мiтуснi, пацалавацца. На вулiцы iм, цi бачылi вы, было тады сорамна гэта рабiць…

— Вашым творам, Янка, уласцiвы сур’ёзнасць зместу, значнасць тэм, праблем i герояў. I наватарства, асаблiва ў жанравым дыяпазоне. Веча балад – упершыню ў беларускай лiта-ратуры, кнiга прытчаў таксама ўпершыню, паэмы ў прозе зноў жа ўпершыню... Цi значыць гэта, што на нiве нашай лiтаратуры шмат яшчэ неўзаранай цалiны?

— Якой цалiны? Якой – неў-заранай? Што датычыцца балады, то яна ў беларускай паэзii распрацавана даволi-такi грунтоўна. Амаль у кожнага нашага класiка ёсць выдатныя балады. Аднак, калi браць кнiгу як цэласны збор балад са сваiм сюжэтам i сваiм макрасветам, “Веча” i напраўду першая. Гэтак жа, як i кнiга прытчаў “Тыя, што iдуць”. Яна ўсяго толькi першая як кнiга прыпавесцей аднаго аўтара. А перад ёю – магутныя папярэднiкi — Кiрыла Тураўскi, Францыск Скарына, Сiмяон По-

лацкi, Максiм Багдановiч, Якуб Колас. Побач – Васiль Быкаў i сучас-нiкi. Вось паэм у прозе, i праўда, пакуль што ў нашай лiтаратуры не было. Таму, мусiць, “Ахвярны двор” i напраўду першая ў нас такая кнiга.

— Памятаю, яшчэ ў студэнцкiя часы вы расказвалi, як, паступаючы ў БДУ, дабiралiся з Оршы да Мiнска на даху вагона. Пасля гэты эпiзод увайшоў у адзiн з вашых твораў. Цяпер, пэўна, едзеце на сваю малую радзiму, жартам кажучы, у шыкоўным лiмузiне (лаўрэат жа ды заслужаны...). А калi ўсур’ёз, цi часта даводзiцца сустракацца са сваiмi землякамi?

— На сваю малую радзiму, Саша, я езджу цяпер электрычкаю Мiнск – Орша. Ад iнстытута культуры. Але ўжо не на даху вагона, а з бiлетам, сярод людзей. У мяне няма не толькi шыкоўнага лiмузiна, але i звычайнага “фольксвагена”.

I не таму, што не магу купiць якi-небудзь легкавiчок, а таму, што не хачу, да машын я быў заўсёды абыякавы… З землякамi сустракаюся часта, асаблiва ўлетку – у Зубрэвiчах у мяне ёсць старая хата i сотак сем зямлi пад вокнамi. Кнiга “Зялёны лiсток на планеце Зямля”, над якой я працаваў пяць год, i пра Зубрэвiчы, i пра ўсю Беларусь. Гэта партрэт краiны. Своеасаблiвы гiмн нашай зямлi i яе людзям. Трыццаць эсэ. I ўсё пра нас. Дзе мы знаходзiмся ў свеце, што робiм, пра што спяваем, што ядзiм, у што верым i над чым смяёмся. Больш зубрэвiцкi раман у апавяданнях — “Зубрэвiцкая сага”, якi я таксама нядаўна закончыў, бо ўсе яго героi вяртаюцца ў гэтую вёску на Аршаншчыне.

— А як “Зялёны лiсток...”

упiсваецца ў лiтаратуру пра Беларусь?

— На гэтае пытанне мне б не хацелася адказваць самому. Таму не палiчыце за нясцiпласць, але дазвольце прывесцi тут некалькi слоў з рэцэнзii на рукапiс гэтай кнiгi, зроблены ў адным з выда-вецтваў: “Вядома, кожнае выданне мае свае перавагi, як i яго аўтар – дасягненнi. Дык вось, рукапiс Янкi Сiпакова (зноў жа нi ў якiм разе не маем на ўвазе супрацьпастаўляць яго папя-рэднiкам) – з гэтага роду. У яго свой адметны i непаўторны воблiк. Дзесьцi i ў чымсьцi ён больш ахватны, больш аб’ёмны, больш зборны; больш, як кажуць, цягне на энцыклапедычнасць, фундаментальнасць... Карацей кажучы, будучая кнiга напiсана на скрыжаваннi паэзii, фiласофii, гiсторыi, этнаграфii i фальклору, цвярозай статыстыкi i палымянай любовi да Бацькаў-

шчыны. I гэтак далей... Што я магу дадаць да слоў шаноўнага рэцэнзента? Хiба, можа, тое, што кнiга гэтая – дзяржаўная ў поўным сэнсе слова...

— Мне застаецца толькi па-дзякаваць вам, Iван Данiлавiч, за змястоўную гутарку i пажадаць добрага здароўя, творчага плёну. А яшчэ, каб “Зялёны лiсток…” i iншыя вашы творы хутчэй сустракалiся з чытачом.

***

Янка (Iван Данiлавiч) Сiпакоў нарадзiўся 15 студзеня 1936 года ў вёсцы Зубрэвiчы Аршанскага раёна. Пачынаў свой творчы шлях у шклоўскай раённай газеце. Скончыў БДУ. Працаваў у часопiсах “Вожык”, “Маладосць”, “Беларусь”, выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя”. Друкуецца з 1953 года. Першы зборнiк вершаў “Сонечны дождж” выйшаў у свет у 1960 годзе. Аўтар зборнiка “Лiрычны вырай”, кнiг паэзii “Дзень”, “У поўдзень да вады”, “Усмiхнiся мне” i iнш. Этапны твор – “Веча славянскiх балад” (Дзяржаўная прэмiя Беларусi iмя Я. Купалы). Аўтар зборнiка нарысаў “Па зялёную маланку”, кнiгi прозы “Крыло цiшынi”, аповесцей “Усе мы з хат”, “Жывi як хочацца”, кнiг апавяданняў “Жанчына сярод мужчын”, “Спадзяванне на радасць”, “Пяць струн”, “Журба ў стылi рэтра” i iнш. Развiвае ў беларускай лiтаратуры жанры прытчаў (зборнiк “Тыя, што iдуць”), паэм у прозе (“Ахвярны двор”). Аўтар фантастычна-прыгоднiцкай аповесцi “Блуканне па iншасвеце”, гiстарычных апавяданняў, цыклаў мiнiяцюр i зборнiкаў гумару. Пераклаў на беларускую мову кнiгi У.Уiтмена, Хо Шы Мiна, Ф.Прэшэрна, I.Тургенева i iнш. Заслужаны дзеяч культуры Беларусi.

 

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter