«Я з вогненнай Кострыцкай Слабодкі!»

НА ТЭРЫТОРЫІ Кіраўскага раёна пачынаючы з 1941-га фашысты рэгулярна праводзілі карныя аперацыі супраць партызан і мірнага насельніцтва. Найбольш буйныя з іх: «Прыпяцкія балоты» (верасень 1941 г.), «Рыга» (чэрвень 1942 г.), «Хрушч» (чэрвень—ліпень 1942 г., май 1943 г.), «Асенняе паляванне» (кастрычнік 1943 г.). Фашысты бязлітасна распраўляліся з мірным насельніцтвам, знішчалі вёскі разам з жыхарамі. Дастаткова прыгадаць аб трагедыі ў Борках (1800 чалавек), расстрэле мірных жыхароў у Любонічах (звыш 200 чалавек), масавым спаленні ў Кострыцкай Слабодцы (каля 150 чалавек)... Людзей марылі голадам, расстрэльвалі, палілі, яны гінулі ў канцлагерах і ў блакадах, на непасільных работах у Германіі… Аднак па волі лёсу і дагэтуль жывуць сярод нас тыя, хто стаяў за крок ад расстрэлу, ад спалення. Тыя, у чыім сэрцы назаўсёды засталіся жудасныя ўспаміны, чыя душа ўжо шмат год аплаквае не паспеўшых выратавацца ад фашысцкіх распраў родных і блізкіх. Вось што яны ўспамінаюць сёння.

Жудасная, бязлітасная вайна вачыма жыхароў Кіраўшчыны — цудам выжыўшых у вёсках-сёстрах Хатыні, у канцлагерах і блакадах.

НА ТЭРЫТОРЫІ Кіраўскага раёна пачынаючы з 1941-га фашысты рэгулярна праводзілі карныя аперацыі супраць партызан і мірнага насельніцтва. Найбольш буйныя з іх: «Прыпяцкія балоты» (верасень 1941 г.), «Рыга» (чэрвень 1942 г.), «Хрушч» (чэрвень—ліпень 1942 г., май 1943 г.), «Асенняе паляванне» (кастрычнік 1943 г.). Фашысты бязлітасна распраўляліся з мірным насельніцтвам, знішчалі вёскі разам з жыхарамі. Дастаткова прыгадаць аб трагедыі ў Борках (1800 чалавек), расстрэле мірных жыхароў у Любонічах (звыш 200 чалавек), масавым спаленні ў Кострыцкай Слабодцы (каля 150 чалавек)... Людзей марылі голадам, расстрэльвалі, палілі, яны гінулі ў канцлагерах і ў блакадах, на непасільных работах у Германіі… Аднак па волі лёсу і дагэтуль жывуць сярод нас тыя, хто стаяў за крок ад расстрэлу, ад спалення. Тыя, у чыім сэрцы назаўсёды засталіся жудасныя ўспаміны, чыя душа ўжо шмат год аплаквае не паспеўшых выратавацца ад фашысцкіх распраў родных і блізкіх. Вось што яны ўспамінаюць сёння.

Жыхарка вёскі Кострыцкая Слабодка Надзея Пракопаўна МІХАЛАП:

«Калі пачалася вайна, мне было 7 год. Немцы ў нашу вёску прыходзілі часта, бралі прадукты харчавання. Чамусьці асабліва любілі піць сырыя яйкі. Аднойчы раніцай акупанты пачалі акружаць вёску. Людзі сталі ўцякаць у лес, мой бацька разам са старэйшым братам таксама пабеглі, прыхапіўшы з сабой нашу кароўку-карміцельку. А я, маці і два браты крыху затрымаліся, каб сабраць неабходныя рэчы, але не паспелі… Немцы выганялі ўсіх з дамоў, забаранялі штосьці браць з сабой. Аднак наша суседка ўсё ж такі прыхапіла нейкую торбачку. Жанчыну расстралялі на вачах дваіх яе дзяцей. Застрэлілі карнікі і нашага сабачку, які няспынна на іх брахаў.

Вяскоўцаў зганялі ў гумно. Тых, хто па дарозе спрабаваў уцячы, адразу ж расстрэльвалі. Мы з братамі ішлі побач з маці, выпадкова я памянялася месцамі з малодшым брацікам, раптам прагучаў стрэл… Куля, якая, відаць, прызначалася мне, пазбавіла жыцця браціка. Гэта была мая першая страта і адначасова першы выпадак майго выратавання…

Пакуль адны карнікі збіралі нас у гумно, іншыя падпальвалі нашы хаты, гарэў і будынак млына, куда скідвалі трупы загінуўшых і параненых.

Памятаю, калі ўжо былі ў гумне, дзяцей пасадзілі на падлогу ў сярэдзіну, дарослыя акружылі нас і сталі чакаць. Тым часам немцы аблілі памяшканне бензінам. Заставалася толькі кінуць запалку. Відаць, хтосьці шчаслівы быў сярод нас: раптоўна дзверы расчыніліся, і ўсіх людзей адпусцілі па дамах. Але ж дамоў у большасці вяскоўцаў ужо не было: наша Слабодка згарэла практычна датла.

Калі карнікі пайшлі з вёскі, з лесу вярнуліся бацька і брат. У двары нашай згарэўшай хаты яны выкапалі зямлянку. Там мы і жылі, там хаваліся ад набегаў немцаў. Аднойчы бацькоў дома не было, акупанты як заўжды прыбеглі за ежай. Мы — дзеці — схаваліся ў зямлянку, прыхапілі з сабою кошку з кацянятамі. Калі немец бег па двары, праваліўся адной нагой у зямлянку, але, на шчасце, не запрыкмеціў нас. Відаць, у яго не было часу, таму не палез правяраць. Гэта я лічу трэцім выпадкам свайго выратавання.

Пашанцавала мне і ў чацвёрты раз. Падчас чарговай карнай аперацыі мы пабеглі хавацца ў суседнюю вёску — Кострычы, дзе немцаў яшчэ не было. Схаваліся ў адной хатцы. Быў ужо позні вечар, стаміліся, раздзеліся і леглі спаць. Раптам акупанты акружылі хатку, некалькі чалавек зайшлі і сталі выганяць усіх, хто ў ёй быў. Мы, дзеці, ляжалі побач са старой бабулькай, якая была пры смерці і не магла ўстаць. Немцы падумалі, што яна хворая на тыф, моўчкі развярнуліся і выйшлі з хаты, нас не чапалі…»

Зноў-такі, дзякуючы шчаслівым выпадкам, бацькі і два браты Надзеі Пракопаўны засталіся жывымі, разам яны сустрэлі перамогу. Але ж у памяці жанчыны і дагэтуль жывуць трывожачыя душу ўспаміны: як пры чарговым расстрэле адзін з маладых мужчын, якога ўжо палічылі мёртвым, падняў галаву, каб паглядзець, дзе яго зляцеўшая шапка, і тут жа быў забіты трыма стрэламі; як да іх у дом часта заходзіла суседка з абпаленым тварам, якую дзяўчынка дужа баялася; як пры ёй акупанты збівалі жанчыну і пасыпалі крывавыя раны соллю; як хрысціліся і маліліся Богу аб выратаванні партызаны.

…Няхай гэтыя моманты жыцця застануцца для нас і наступных пакаленняў толькі ўспамінамі нашых дзядуляў і бабуль. Вечная памяць ахвярам фашызму і вечны спакой іх душам!

 «У «Азарычах» мы сядзелі галодныя, распранутыя, у балоце…»

Зінаіда Мікалаеўна КАРАНКЕВІЧ, малалетні вязень фашысцкіх канцлагераў:

— У чэрвені 1941-га я была маленькай дзяўчынкай. Памятаю, быў пагодлівы сонечны дзянёк. З дзятвой мы адпачывалі ля возера за вёскай. Хлопчыкі лавілі ракаў, а дзяўчынкі будавалі домікі з пяску. Раптам у небе з’явіліся самалёты, пачуўся страшэнны гул. Мы бачылі, як адзін самалёт у паветры разваліўся на кавалкі. І вось гэтыя палаючыя кавалкі ляцелі на зямлю, проста на нас. Які ж быў жах! Мы крычалі, некуды беглі хавацца, плакалі, а гэтыя металічныя кавалкі, здавалася, нас праследавалі і павінны былі вось-вось упасці на нашы галовы.

Я была тады зусім маленькая, але ж запомніўся мне страшны дзень на ўсё жыццё ва ўсіх дробязях.

А потым у вёску прыйшлі немцы, нашу сям’ю яны выселілі. Калі галоўны нямецкі салдат выходзіў з нашай хаты, нам дазвалялі зайсці і пагрэцца на печы...

У сакавіку 1944-га, калі наўкол была вада, гразь, нас выгналі з вёскі і пагналі ў канцлагер «Азарычы». Спачатку ішлі пешшу, потым нас везлі на машынах і нарэшце загналі ў цялятнік. Тут былі і прыбіральня, і месца для начлегу, а для многіх — і апошні прыстанак…

Калі прыбылі ў лагер, людзей сталі адбіраць па групах: моладзь гналі на работы ў Германію, дзяцей — для здачы крыві параненым, а старых прыгаворвалі да расстрэлу. У нашай сям’і было чацвёра дзяцей, маці сказала нам: «Старэйшую сястру завіце мамай, а пра мяне забудзьцеся назаўсёды».

У лагеры нам пашанцавала, бо маці аддала сваю вялізную цёплую хустку. Мае старэйшыя браты забілі ў глебу сучкі і нацягнулі на іх хустку. Такім чынам мы жылі ў гэтым шалашы.

Яшчэ памятаю, як немцы прывозілі нам так званы хлеб і кідалі яго ў натоўп людзей. У лагеры я прабыла 12 дзён, а потым нас вызвалілі. Магчыма, хтосьці скажа, што гэта нядоўгі тэрмін для зняволення. Але ж паспрабуйце хоць адзін дзень прасядзець галоднымі, распранутыя, у балоце…

«…Великая награда за муки и блокадное кольцо»

Ніна Іванаўна ЗЕЛЕНКАВЕЦ, у вайну — жыхарка блакаднага Ленінграда:

— Так мне было наканавана лёсам — перажыць Вялікую Айчынную вайну. Для мяне яна пачалася 4 верасня. Менавіта ў гэты дзень упершыню ў Ленінградзе пачаўся артабстрэл. Амаль у кожнай ленінградскай кватэры былі рэпрадуктары. Памятаю страшныя словы, якія даносіліся з нашага: «Грамадзяне! Увага! Артабстрэл! Трывога! Трывога!»  Я разам з роднымі пабегла ў сховішча, знаходзячыся там, упершыню пачула, як выбухаюць гранаты…

Пасля таго як гэты жах скончыўся, з бомбасховішчаў выйшлі на вуліцу. Аказалася, з сапраўдным жахам нам толькі прадстаяла сустрэцца: наўкол былі забітыя людзі — упершыню я бачыла ахвяр смерці. Асабліва засталася ў памяці карціна: ляжыць забіты мужчына і трымае ў руках немаўлятка, таксама мёртвае…

Потым мы кудысьці беглі, вакол крычалі і плакалі, мітусіліся людзі.

Пазней прывыклі да гэтага, бо, здаралася, адбывалася так па 4—5 разоў на дні. А пасля ўжо не стала сіл бегаць у сховішчы, і падчас артабстрэлаў мы заставаліся ў кватэры і моўчкі чакалі заканчэння, спадзеючыся толькі на волю лёсу.

Было вельмі страшна. Падчас блакады памерлі два маіх браты. Гэтыя ўспаміны ніколі не пакінуць мяне. Перажыванні страшных дзён адлюстроўваюцца ў маіх аўтарскіх радках: «Кто жил в блокадном Ленинграде, кому дышала смерть в лицо, тот ценит жизнь — великую награду за муки и блокадное кольцо».

Падрыхтавала Яўгенія КАРАНКЕВІЧ

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter