Жизнь и судьба известного белорусского агронома, руководителя клуба хлеборобов «100» Нины Мельниковой

«Я з хлебаробскага клуба «100»

На святкаванні 100-годдзя Мінсельгасхарчу юбілейны медаль і каштоўны падарунак атрымала заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Ніна Мельнікава з Жыткавіцкага раёна. Чвэрць стагоддзя яна кіравала агранамічнай службай палескай гаспадаркі “Перамога”. Арганізавала і ўзначаліла на Гомельшчыне вядомы клуб хлебаробаў “100”. Беларускія сарты пшаніцы “капылянка” і “сузор’е” і трыцікале “няміга-1”, “няміга-2” дасягалі рэкордных 100 цэнтнераў зерня з гектара. Працоўныя поспехі Ніны Антонаўны адзначаны ордэнам Дружбы народаў, медалямі. Яна прадстаўляла рэспубліку на Усесаюзным з’ездзе калгаснікаў. Выбіралася дэлегатам ХХХ з’езда Кампартыі Беларусі. З мужам Аляксандрам Іванавічам выхавалі чацвёра дзяцей. Сын Андрэй і ўнук Алег працягваюць хлебаробскую дынастыю Мельнікавых. Напярэдадні юбілейнага дня нараджэння Ніны Антонаўны мы сустрэліся з ёю.

Ніна МЕЛЬНІКАВА з унукам Алегам РУСЫМ.

— З асабістага свята ў вас пачынаецца кожная вясна. Рэдкае супадзенне для агранома!

— Нарадзілася я ў рэчыцкай вёсцы Пасека летам 1944 года, калі наш раён вызвалілі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пакуль усталёўвалася мірнае жыццё, бацькі не спяшаліся ў сельвыканкам. Вясною звярнуліся і запісалі, што нарадзілася 2 сакавіка. Так што двойчы на год у мяне дзень нараджэння. Вёска наша вельмі прыгожая. Вокны дамоў глядзяць на вуліцу. Каля плотаў былі драўляныя ходнікі для пешаходаў. Каля кожнага дома ў два рады дрэвы і кусты раслі. Цяпер засталося з дзясятак сядзіб.

Бацька Антон Дзянісавіч і маці Агаф’я Іосіфаўна працавалі ў калгасе. Акрамя гэтага, бацька вырабляў валёнкі. Да яго з суседніх вёсак неслі воўну, каб зваліў цёплы абутак. Мне зладзіў такія прыгожыя беленькія валёначкі. Сяброўкі ў акадэміі па чарзе абувалі іх на спатканні з кавалерамі.

З маленства я і браты, Леанід і Анатоль, прызвычаіліся да сялянскай працы. Калі закончыла чацвёрты клас, летам мама цяжка захварэла. Трэба было ўбіраць вызначаны нашай сям’і гектар калгаснага лёну. З малодшым братам выцярабілі яго. Старшыня калгаса бачыў, як стараліся, і ў падарунак купіў нам падручнікі да навучальнага года.

Старэйшы брат Леанід пасля атрымання атэстата сталасці адразу пайшоў у армію. Адслужыў і працаваў на рыбапромысле ў Краснадарскім краі. Потым паступіў на заафак Беларускай дзяржсельгасакадэміі. Я марыла стаць геолагам. Газеты, радыё шмат матэрыялаў прысвячалі гэтай рамантычнай прафесіі. Але ўсё ж на мой выбар прафесіі паўплываў старэйшы брат. Ён прыслаў з Горак акадэмічную газету, у якой расказвалася пра студэнцкае жыццё. Мяне захапіў матэрыял пра землеўпарадкавальны факультэт. Вырашыла паступаць вучыцца на землеўпарадкавальніка. Амаль што геолаг! Але калі падавала дакументы, у апошні момант выбрала аграфак. У школьным атэстаце былі амаль усе выдатныя адзнакі. Засталіся ў памяці нашы вясковыя настаўнікі Ровенска-Слабодскай сярэдняй школы. Зачароўвала нас рускай літаратурай настаўніца Яўгенія Іосіфаўна Кагановіч. Я любіла ўрокі гісторыі. З юнацкіх гадоў ідэалам сапраўднага рыцара быў для мяне Міхаіл Бястужаў-Румін. На пачатку ХIХ стагоддзя ён служыў непадалёку ад нашых мясцін у Бабруйскай крэпасці. Захаплялі рашучасць і адвага дзекабрыста. Прысвяціла яму верш. Пасля выхаду кінафільма “17 імгненняў вясны” маім нязменным кумірам стаў выдатны акцёр Вячаслаў Ціханаў.

У гады маёй маладосці многія вясковыя хлопцы паступалі ў ваенныя вучылішчы. І малодшы брат Анатоль закончыў Вільнюскае радыётэхнічнае вучылішча, а пасля — Ваенную акадэмію імя Дзяржынскага і Акадэмію Генштаба ў Маскве. Служыў на падводных лодках. Сем разоў удзельнічаў у ваенных парадах.

У школе і ў гады студэнцтва захаплялася спортам. Як і вядомы савецкі лёгкаатлет Валерый Брумель, пакарыла вышыню 1 метр 65 сантыметраў. Была адной з лепшых лёгкаатлетак сярод школьнікаў Гомельшчыны. Любіла лыжны спорт. І так атрымалася, што з першага погляду закахалася ў спартсмена.

— А мо так вам было наканавана лёсам?

— Мо і так. Кажуць, шлюбы ствараюцца на нябёсах. Разам са мною ў адной групе здаваў уступныя экзамены статны юнак. Як убачыла яго, ускалыхнулася мая душа. Не вытрымала і сяброўкам заявіла, што ён будзе маім. Так і выйшла. Мы вучыліся ў адной групе з Аляксандрам Мельнікавым.

— Хто з выкладчыкаў сельгасакадэміі больш запомніўся?

— Дэкан Віктар Сцяпанавіч Шавялуха. Наша сяброўства з ім вытрымала дзесяцігоддзі. Некалькі гадоў таму тэлефанавала яму ў Маскву, і ён сказаў, што можа назваць, якога колеру ў маіх аднакурснікаў вочы. Віктар Сцяпанавіч па-бацькоўску адносіўся да студэнтаў. Блаславіў мяне з Аляксандрам на жаніцьбу. На канікулах паехалі знаёміцца з маімі бацькамі, а потым на яго радзіму ў Тульскую вобласць. Аляксандр — адзіны сын у сям’і. Жылі яны непадалёку ад талстоўскай Яснай Паляны. Мяне там называлі беларусачкай.

На трэцім курсе нарадзіла сына і нам выдзелілі асобны пакой у інтэрнаце. Вучыліся і Андрэйку расцілі. Пакормім яго і пакладзём спаць, а самі ідзём на заняткі. Калі ён прачынаўся, вахцёр цётка Даша прыкалыхвала. На практычных занятках імкнуліся хуценька справіцца з заданнем і — да нашага немаўляці. Вучоба лёгка давалася.

— Вы атрымлівалі спецыяльнасць вучонага-агранома?

— Акрамя агранамічных дысцыплін вывучалі эканоміку. Практыку праходзілі на маёй радзіме — у рэчыцкім калгасе імя Дзяржынскага. Старшыня прыняў мяне на пасаду спецыяліста па каранціне раслін. А муж практыкаваўся ў галоўнага агранома. Гадавалага сына пакідалі пад наглядам бабулі Мані і маёй маці.

— Атрымалі дыпломы вучоных-аграномаў і куды адправіліся працаваць?

— Пасля пераддыпломнай практыкі ў рэчыцкім калгасе імя Дзяржынскага запрасілі туды на працу. Але Гомельскі аблсельгасхарч накіраваў нас у Жыткавіцкі раён. Так апынуліся ў вялікай вёсцы Верасніца, выцягнутай за Туравам уздоўж ракі Прыпяці. Калгасам імя Жданава кіраваў Міхаіл Аляксандравіч Якубоўскі, які тройчы адзначаўся ордэнамі Леніна. Муж узначаліў агранамічную службу, а я — эканамічную. Гаспадарка амаль па ўсіх вытворчых паказчыках лідзіравала ў раёне. За атрыманы прыбытак будавалі жывёлагадоўчыя памяшканні, набывалі сучасную тэхніку. Калгаснікі мелі высокія заробкі. Вёска прырастала новымі сядзібамі.

— А вы сабе дом будавалі?

— З пачатку жылі на кватэры ў бабулі Марылі. Пасябравалі з ёю. Як да родных да нас ставілася. Праз нейкі час з жывёлаводчай фермы перавезлі ў вёску будынак былой кармакухні і збудавалі з яго невялікі жылы дом на два пакойчыкі і кухню. Мы перабраліся ў яго. Бабуля Марыля забяспечыла нас патэльняй, чыгунком, каструлькай.

Праз два тыдні пасля наваселля нарадзілася дачка. Алёне ўжо 50 гадоў. Вось як даўно ўсё гэта было. Сцены той хаціны зімою прамярзалі. Вяскоўцы дапамаглі ўцяпліць іх. Прыжыліся мы ў палескай вёсцы. Мужа выбралі сакратаром партарганізацыі калгаса, а потым прапанавалі ўзначаліць суседнюю гаспадарку “Перамога”. А я на пяцігодку яшчэ засталася галоўным эканамістам калгаса імя Жданава. Ездзіла па розных прадпрыемствах і даставала тэхніку. Грошай на рахунку хапала.

Але душа ірвалася да поля. Паехала ў райкам партыі і паведаміла пра сваё жаданне. У калгасе “Перамога”, якім кіраваў муж, узначаліла агранамічную службу. Было гэта вясною 1978 года. Прыпяць надта разлілася. Усё навокал затапіла вада, нават дарогу на Тураў пераняло. Калі сышла паводка, мы з мужам селі ў кабіны да трактарыстаў і кіравалі, дзе падсяваць вымаклыя ўчасткі. У той год намалацілі з кожнага гектара звыш 40 цэнтнераў збажыны. Загаварылі пра нас у раёне і вобласці. Збожжавыя ўбіралі новымі камбайнамі нямецкай вытворчасці і “Донамі”. Для ўборкі прысядзібных участкаў пакінулі “Ніву”.

— Вясновыя паводкі звычайныя для Палесся. Глеба насычваецца вільгаццю, а глей павышае ўрадлівасць палёў. Але пры гэтым была і вялікая рызыка ад стыхіі?

— Ды яшчэ якая! Памятаю, у 1982 годзе летам заліло ўсё навокал. Вымакла бульба. Нават на насенне нічога не сабралі. Звярнулася да аднакурсніка Аляксея Мінюка, які кіраваў агранамічнай службай у драгічынскім калгасе “30 год БССР”. Яны нам прадалі для насення дзве “калхіды” бульбы. Аляксей Міхайлавіч арганізаваў збор бульбы ў жыхароў вёскі Аляксеевічы для нашых сялян. Людзі шчыра адгукнуліся на дапамогу. Потым меліяратары абвалавалі рачную пойму.

Мы ўвялі правіла забяспечваць поўную запраўку палёў арганічнымі, мінеральнымі і мікраўгнаеннямі. Імкнуліся прымяняць навінкі агранаміі. Чызелем апрацоўвалі палі, каб не было “падэшвы”.

— Што гэта значыць?

— Звычайная глыбіня апрацоўкі поля 20—22 сантыметры, і атрымліваецца на дне цвёрдая падэшва. У пустазелля магутная каранёвая сістэма, а як карэньчыку збожжавых прабіцца глыбей? Таму пускалі чызелі на большую глыбіню.

У часопісе “Вокруг света” прачытала, што ў Францыі і ФРГ створаны земляробчы клуб “100”, а ў Вялікабрытаніі жывёлаводчы клуб пяцітысячнікаў па надоях малака. Вырашыла арганізаваць свой клуб на Гомельшчыне. Вяртаючыся з ХХХ з’езда Кампартыі Беларусі, дзе была дэлегатам, ідэяй падзялілася з першым сакратаром Жыткавіцкага райкама партыі Анатолем Пеўневым. Ён выслухаў мяне і пацікавіўся, ці ўзначалю клуб? Пасля падтрымкі раённым кіраўніцтвам клуб стаў дзейнічаць. Да нас падключылася амаль паўсотні гаспадарак вобласці. Змагаліся за 100 цэнтнераў збажыны з гектара. Арганізоўвалі выезды да перадавікоў, знаёміліся з сучаснай агратэхнікай вырошчвання сельгаскультур, наладжвалі кантакты з вучонымі-селекцыянерамі. Мой аднакурснік Станіслаў Грыб, які займаўся селекцыяй у Беларускім навукова-даследчым інстытуце земляробства, дапамог з новым сортам ячменю. Акадэмік-селекцыянер збожжавых культур Мікалай Мухін выводзіў новыя беларускія сарты жыта. Мой аднакурснік Андрэй Мыско, які займаўся вывядзеннем новых сартоў пшаніцы, выпрабоўваў на нашых палях новыя сарты беларускай пшаніцы “сузор’е” і “капылянка”. У першы год “капылянка” дала амаль па 100 цэнтнераў з гектара. А сорт “сузор’е” меў клейкавіну 36 працэнтаў, як вядомыя цалінныя сарты пшаніцы. У той час толькі з’явілася трыцікале. Я прачытала ў навуковых выданнях пра гэту культуру і зацікавілася ёю. Даведалася, што сарты “няміга-1” і “няміга-2” выводзілі селекцыянеры Навукова-даследчага інстытута генетыкі, якім кіравала доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар Любоў Хатылёва. Паехала да яе і пазнаёмілася. Атрымала насенне эксперыментальных сартоў трыцікале. Сорт “няміга-1” — высокія расліны і колас больш як 60 зярнятак, а “няміга-2” — нізкарослая, але таксама з магутным коласам. Паступова з Любоўю Хатылёвай сталі супрацоўнічаць.

Любоў Уладзіміраўна, калі першы раз убачыла наша поле, засеянае выведзенымі ёю сартамі, сказала, што гэтай зямлі трэба пакланіцца. А мы ёй у адказ, што любой зямлі трэба кланяцца і яна аддзячыць.

Бывалі ў нас кіраўнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Міністра Фёдара Сянько здзівіла маё доследнае поле, засеянае кіргізскім насеннем трыцікале з тугімі каласамі амаль па сотні зярнят. Займаліся мы вырошчваннем ільну беларускай селекцыі. Ён цвіў белым колерам і даваў па 14 цэнтнераў валакна з гектара. Працуючы галоўным аграномам, дасканала вывучыла асаблівасці кожнага поля, як характары сваіх чацвярых дзяцей.

Сябравала з доктарам сельскагаспадарчых навук з Навукова-даследчага інстытута глебазнаўства Галінай Пірагоўскай. Шмат карыснага пераняла. Яна любіла спыняцца ў нашым новым драўляным доме, які збудавалі на ўскрайку вёскі Вароніна. Дзве дачкі і два сыны ў нас падрасталі. Мы забралі да сябе бацькоў мужа і дагледзелі да апошніх іх дзён.

Вакол дома пасадзілі яблыні, грушы, слівы, вішні, розныя ягаднікі. Завялі кароўку, свіней, гусей, курэй. Але мой асноўны клопат быў пра поле. Пайшла ўверх ураджайнасць. Сталі атрымліваць па 50 і болей цэнтнераў збожжа з гектара. У асобныя гады намалочвалі па 70 цэнтнераў зерня на круг, а некаторыя сарты пшаніцы і трыцікале радавалі 100-цэнтнернымі намалотамі.

Вырас і стаў механізатарам старэйшы сын Андрэй. Пайшла мода ствараць механізаваныя атрады, Андрэй узначаліў яго ў калгасе. І зараз ён працуе на зямлі. А днямі ўнук Алег Русы абараніў дыпломны праект у Беларускім дзяржаўным аграрна-тэхнічным універсітэце. Так што ёсць каму працягваць нашу хлебаробскую справу.

Апошні раз правяла веснавую сяўбу амаль два дзесяцігоддзі таму. Сабрала ўраджай і пайшла на заслужаны адпачынак. Падрасталі ўжо ўнукі. Іх у нас з Аляксандрам Іванавічам дзесяць і чатыры праўнукі. Канікулы яны праводзяць у нашым Вароніне. Тут прасторна, прыгожа. За агародам пачынаецца прыпяцкі луг. Як толькі надыходзяць першыя цёплыя вясновыя дні, лугавіна ажывае, поўніцца птушыным шматгалоссем. Пералётныя птушкі спыняюцца: ім тут раздолле. Многія гняздзяцца, выводзяць птушанят. А колькі рыбы ў паўнаводнай Прыпяці! У нашай вёсцы кожная сям’я абавязкова мае лодку, а раней іх было па некалькі. Вясною, калі разлівалася Прыпяць, толькі на лодках дабіраліся на падворкі. Да нашага саду падступала вада. Уздоўж рачнога берага меліяратары насыпалі дамбу.

— Так што агарод і сад ужо паводка не залівае?

— Сад у нас багаты. Як не стала мужа, мы старыя дрэвы замянілі маладымі саджанцамі.

— Дзеці, унукі дапамагаюць па хатняй гаспадарцы?

— Яны звыклыя да сялянскай працы. Я падказваю, як лепей зрабіць. Гаспадарамі сядзібы сталі малодшы сын Аляксей і яго жонка Ірына. Яны працуюць на Тураўскім малочным камбінаце. Выхоўваюць Дзіяну, Арцёма і Вераніку. Дачка Алёна з зяцем Уладзімірам жывуць у Мінску. Сын і дачка у іх. Андрэй і яго сям’я, як і дачка Аксана, з сям’ёю жывуць у Тураве. Меншай праўнучцы Сафійцы ідзе другі годзік.

— Ніна Антонаўна, вашаму жыццю можна пазайздросціць. Столькі гадоў займаліся любімай справай — вырошчвалі хлеб і мелі цудоўныя вынікі. Калі азірнуцца на пражытае, ці ўсё паспелі зрабіць?

— Мне міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Сцяпан Гардзеевіч Скарапанаў казаў, што з майго агранамічнага вопыту не толькі на кандыдацкую, але і на доктарскую дысертацыю матэрыялу хапала. Шкадую, што не знайшла часу для сістэматызацыі інфармацыі і не стала вучоным. Але з іншага боку, маё жыццё насычана любімай справай. Наш калгас “Перамога” ўвайшоў у ААТ “Тураўшчына”. Мяне радуе, што летась хлебаробы гэтай гаспадаркі атрымалі звыш 60 цэнтнераў збожжа з гектара.

Ужо ажывае тураўская зямля. Мяне, як і раней, цягне ў поле. Наш дом вокнамі глядзіць на хлебную ніву. Яшчэ б працавала, але так здарылася, што паламала правую руку і ледзьве яе не страціла. Пры тэмпературы 40 градусаў не брала бальнічны. Тураўскі доктар Віктар Рыжанкоў мяне ўратаваў. Ён па сваіх рэцэптах прыгатаваў лекі і вылечыў.

— Аб чым марыцца ў 75 гадоў?

— Хачу сабраць у сваім садзе рэдкія расліны. Ужо растуць арэх пекан, мушмула, азіміна. Пасаджу чорны арэх. Прыжылася гінкго бялоба — гэта лекавае дрэва, лісты, кара і корань якога выкарыстоўваюцца для ўмацавання арганізма. Мару стварыць дэндрапарк. Зараз маю больш вольнага часу і пішу вершы.

Дачка хлебароба і вольных дарог
Зямлю палюбіла — мне бацька памог.
Паслухайце, людзі, як звоняць палі,
Калоссі мацуюцца сокам зямлі.
Хлеб дорым на вашы сталы,
Каб усе мы не ведалі гора-бяды.

— Дзякуй, Ніна Антонаўна, за цікавую размову. Няхай яшчэ шмат вёснаў вам дорыць лёс.

subbat50@mail.ru

Фота аўтара.

Жыткавіцкі раён.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter