Поэтесса и филолог из Витебска Ирина Радиховская одна из самых молодых членов Союза писателей Беларуси

«Я веру ў цябе. Павер і ты...»

Паэтка Ірына Радзіхоўская шукае ў жыцці самыя дзівосныя праявы і прымае рашэнні... падкідваннем

Ірына Радзіхоўская чатыры гады ў складзе Саюза пісьменнікаў Беларусі. Па-ранейшаму яе рэкорд пабіць складана — адна з самых маладых сябровак гэтай грамадскай арганізацыі. Зараз дзяўчыне 23, а калі ўступала — ледзь споўнілася 19. Аднак перадумовы для папаўнення шэрагаў узніклі яшчэ раней. Прымаючы ўдзел у абласным конкурсе паэтаў і кампазітараў «Песні сунічных бароў», які штогод праходзіць на Лёзненшчыне, у 2014-м Ірына яшчэ раз заявіла пра сябе. Старшыня Віцебскага абласнога аддзялення СПБ Тамара Краснова-Гусачэнка тады запрасіла юную паэтку прымаць актыўны ўдзел у літаратурным жыцці рэгіёна. Ірыне гэта было спадручна, бо якраз скончыла Дворнасельскую школу ў Міёрскім раёне і збіралася паступаць на філфак у Віцебск. З лёгкасцю паступіла, наладзіла творчыя стасункі з пісьменніцкай арганізацыяй і, ледзьве дасягнуўшы паўналецця, уступіла ў яе рады.

Каб стаць сябрам Саюза, ёсць правіла — мець кніжку. Для таленавітых зазвычай няма перашкод і праблем, а калі ўзнікаюць, то пераважна часовыя і лёгка пераадольныя. Неўзабаве ў Ірыны (хоць для любога аўтара, тым больш такога маладога, зрабіць гэта няпроста) выйшла кніжка пад таямнічай назвай «Ідолта». Невялікая, як модна гаварыць, кішэннага фармату, накладам у 300 асобнікаў і з падтрымкай дзяржавы — у серыі «Маладая паэзія Беларусі». Для пачатку гэта салідны крок у плённую будучыню.

— Чаму менавіта «Ідолта?» — пацікавілася, бо ведаю, што да гэтай гістарычнай мясціны, акрамя таго, што блізка каля яе нарадзілася, Іра мае малое дачыненне. Аказваецца, гэта яе творчая калыска. У Ідолце — невялікім мястэчку на Міёршчыне, праводзіла многа часу і ўдзельнічала ў Мілашоўска-Мілашаўскіх чытаннях, дзе яе заўважылі. Адтуль і пачаўся літаратурны шлях. Дарэчы, у Ідолце ёсць знакамітая сядзіба Мілашаў, з чыйго роду публіцыст, перакладчык і лаўрэат Нобелеўскай прэміі Чэслаў Мілаш.

У сур’ёзных выданнях Ірына Радзіхоўская публікавалася з ранняга дзяцінства. Усё пачалося, калі гаварыць пра рэспубліканскі друк, з конкурсу ў часопісе «Бярозка», дзе юны талент прыкмеціў тамтэйшы супрацоўнік, пісьменнік Генадзь Аўласенка, стаўшы старэйшым сябрам, дарадцам і настаўнікам. Падтрымліваюць творчую сувязь да гэтага часу. Да слова, кола знаёмстваў і сяброўства ў дзяўчыны з часам істотна пашырылася. Яшчэ студэнткай дзяржуніверсітэта стала працаваць галоўным спецыялістам у Віцебскай арганізацыі Саюза пісьменнікаў Беларусі.

— Вырашала арганізацыйныя пытанні, якія мне даручала кіраўніцтва аддзялення. Дзякуючы гэтаму пазнаёмілася з многімі творчымі людзьмі рэгіёна. Асабліва цёплыя адносіны склаліся з пісьменніцай Маінай Бабарыка, якой 90 год, ды нягледзячы на розніцу ва ўзросце,  знаходзім шмат агульнага. Гэты шэраг можна працягваць. Алена Крыклівец, Вольга Русілка, Галіна Загурская, Галіна і Сяргей Трафімавы, Святлана Якубоўская, Мікалай Гарбачоў і іншыя. Бязмерна захапляюся глыбокай творчасцю і яркасцю старшыні нашай арганізацыі Тамары Красновай-Гусачэнка. Разам з любімымі аўтарамі ўдзельнічаем у стварэнні калектыўных зборнікаў, альманахаў, самы буйны з якіх «Дзвіна: Віцебшчына літаратурная». Пішу новыя вершы. Іх ужо хапіла б на новую кнігу, пра выданне якой задумваюся, — дзеліцца планамі на бліжэйшую перспектыву маладая пісьменніца.

Адкуль чэрпае ідэі? Кажа, што натхняе само жыццё. Уражанні перадае ў лірыцы. Мяне кранае яе «Пасланне настаўніку», якому дзякуе за выкладзеную мудрасць, а ў радках сыпле дыяментамі разважанняў і высноў.

Што асабіста дзяўчына жадае прынесці ў жыццё, краіну, горад? У чым бачыць сваю місію?

— Самае важнае, чаму імкнуся навучыцца і навучыць іншых: атрымліваць асалоду ад жыцця, бо ў ім многа цікавага, прыгожага, арыгінальнага. Хачу заўжды дапамагаць акружаючым. Хай не чыста ў практычным сэнсе, а хоць словам, жэстам, падтрымкай, усмешкай — і мы разам прыйдзем да высновы, што свет цудоўны. Так і ў вершах — прагну сказаць многае, таму і складаю іх на розныя тэмы. Спачатку заўважаю нешта незвычайнае: узорыстую сняжынку, жабу ў кветках фезаліса, двайную вясёлку... І расказваю пра гэта. Цудоўна, калі звычайныя побытавыя рэчы прыводзяць да філасофскіх разваг, — прыходзіць да высновы субяседніца.

Адным часам Ірына захаплялася верлібрамі. Яны дазваляюць адпусціць думку і не прытрымлівацца рытмічных рамак. Чытаем адзін з такіх урыўкаў — пра песню:

Здавалася, што песню стварыў

хтосьці неверагодна магутны і мудры.

Або ўсе-ўсе людзі,

вялікія і маленькія, шчырыя і простыя.

Ці, можа, саткалася яна

з летніх дажджоў і цёплага паветра,

з шуму марскіх хваляў

і з яскравых красак…

Яна ляцела.

Праз імгненні і вечнасць,

цераз жыццё. Яна ляціць.

Зусім поруч. Усюды.

Прыслухайся.

Пагадзіцеся, што так напіша толькі чалавек, багаты духоўна, з тонкім светаўспрыняццем. Ірына Радзіхоўская ведае цану працы, стварэнню, бо як паэтку, філолага і маральна высокага чалавека, які ніколі не пойдзе на кампраміс са сваім сумленнем, зрабіла сябе сама. Таму не разумее некаторых сваіх аднагодкаў, якія выпраўляліся на пратэстныя акцыі і патрабавалі свабоды. Вось яна — свабода, вакол нас. Выбіраем, дзе і як жыць, працаваць ці лайдачыць, быць шчырым ці двурушным, які след на зямлі пакінуць…

Ірына знайшла сваё наканаванне, шлях і лёс у Віцебску, абзавялася ўласным жыллём, тут у яе брат, сябры, творчыя аднадумцы, праведвае бацькоў у Міёрах. Многае ў сваім лёсе падпарадкоўвае выпадковасцям, некаторыя важныя рашэнні прымае падкідваннем манетак, выпрабоўвае авантурнасць і запал. Але галоўнае — любіць жыццё і шукае ў ім самыя дзівосныя праявы. Тым жа, хто адчаіўся і зняверыўся, прыдумала адказ:

«Я не магу так болей, — тады скажаш, —

Бо гэты свет бяздушны і пусты!»

А ён табе ціхенечка адкажа:

«Я веру ў цябе. Павер і ты…»

basikirskaya@sb.by

Фота з асабістага архіва Ірыны РАДЗІХОЎСКАЙ
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter