Пiсьменнiк Уладзiмiр Лiпскi заклiкае пiсаць кнiгi пра дзiцячыя дамы сямейнага тыпу

Я веру ў сучасных дзяцей

Так, усё пачынаецца з дзяцiнства. Але якое будзе дзяцiнства, залежыць ад дарослых. Гэта лепш за ўсiх ведае пiсьменнiк, старшыня Беларускага дзiцячага фонду, сябар Нацыянальнай камiсii па правах дзiцяцi Уладзiмiр Лiпскi. Яму цягам шматгадовай дзейнасцi i ў якасцi грамадскага дзеяча, i ў якасцi пiсьменнiка давялося сустрэцца з мноствам самых розных дзiцячых лёсаў, якiя прапускаў праз душу.

ФОТО ВИТАЛИЯ ПИВОВАРЧИКА
— Дарэчы, многiя мысляры сцвярджалi, што кожны творчы чалавек у раннiм узросце перажыў нейкае вялiкае ўзрушэнне.

— Гатовы падтрымаць гэтую гiпотэзу. Самае першае вялiкае маё ўражанне — я адчуў бiццё сэрца маёй мамы. На пачатку вайны мне споўнiлася год, месяц i шаснаццаць дзён. I вось уявiце: мама бяжыць, прытулiла мяне да сябе, а над намi цемра згушчаецца, хмара. Як нейкая карова, рыкае уверсе. Справа ў тым, што партызанскi разведчык папярэдзiў — нашу вёску будуць палiць. Мацi схапiла мяне на рукi, пяцярым другiм дзецям сказала: «Бяжыце за мной». I яна так мяне абхапiла, ратуючы, што пасля, казала, ледзь рукi ёй развялi. I я адчуў мамiна сэрца... Яго трывогу... Вёску i праўда спалiлi. Мы жылi ў лесе, у куранях, у зямлянках, як звяркi, як птушкi. Гэта здарылася летам, на Сёмуху, а ў вёску мы вярнулiся толькi вясной, уяўляеце? Хiба не моцнае ўражанне? Гэта сказалася пазней. Дзесьцi ў чацвёртым класе я неяк па–новаму пабачыў вяскоўцаў у нашых Шоўкавiчах. Якiя яны добрыя, як працуюць... I я пачаў пiсаць зацемкi пра гэтых людзей у раённую газету. Так шкода мне iх усiх было. Памятаю, адна турнэпсiна на стале. Мацi кажа: «Дзетачкi, не ешце, хай бацьку будзе, ён жа косiць». Альбо помню мамiны засмяглыя губы. Нейкую цукерку цi хлеба кавалачак мне дае. Не, каб з ёй падзялiцца — з’еў сам. Па сённяшнi дзень шкадую. Яна ж таксама хацела. Але аднаго ўзрушэння мала — магчыма, нехта ў радаводзе валодаў пiсьменнiцкiмi здольнасцямi, якiя ўва мне праявiлiся.

— Так, дзецям вайны давялося перажыць жахлiвыя рэчы... Але, на жаль, i ў мiрны час, калi няма голаду i нястачы, усё роўна дзецi застаюцца сiротамi, пра што сведчыць ваша кнiга–дзённiк «Бацькi i дзецi».

— Не ўсе, хто дае дзiцяцi жыццё, бярэ на сябе высокi бацькоўскi абавязак. Я аб’ехаў амаль усе дзiцячыя дамы–iнтэрнаты, быў у прытулках i сямейных дзiцячых дамах, i ў калонiях для малалетнiх злачынцаў... Колькi сюжэтаў! Нiколi не зразумею тых, што кiдаюць сваiх дзяцей.

— Ёсць нейкая насцярога да такiх кiнутых дзетак: маўляў, благiя гены.

— Прыкладаў, калi такiя няшчасныя дзеткi вырастаюць у добрых, таленавiтых людзей, безлiч. Галоўнае, на дарозе дзiцяцi, што трапiла ў бяду, павiнен патрапiцца добры чалавек. Аднойчы ў Полацку на вакзале рабочыя–чыгуначнiкi знайшлi скрутачак... Хлопчык! Побач — чамаданчык з пялюшкамi. Рабочы, якi падняў немаўля, меў iмя Герман — так назвалi падкiдыша. Згодна месяца, у якiм усё адбывалася, прыдумалi прозвiшча Акцябрскi. Панеслi да мiлiцыянера — «дзядзi Сцёпы». Вось i атрымалася — Герман Сцяпанавiч Акцябрскi. Гэтага Германа Сцяпанавiча я ўбачыў у Вiцебскiм дзiцячым доме, дзе быў у камандзiроўцы. Ён салодка спаў, падклаўшы пад пульхную шчочку руку. Такi мiлы... Мне расказалi яго гiсторыю. Я напiсаў вялiкi матэрыял «Падкiдыш» у «Знамя юности». Думаў, знайду бацькоў. Бацькi не знайшлiся. Але з’явiлася цэлая чарга тых, хто захацеў усынавiць хлопчыка. Мы ў дзiцячым фондзе аж конкурс правялi. Даверылi выхаванне мужчыне, настаўнiку па прафесii. Ён таксама дзетдом прайшоў, Саша Артамонаў. I ён усынавiў Германа. Пасля яшчэ некалькi дзетак. Сям’я атрымалася класная. Сёння Герман — кандыдат навук, я быў на абароне яго дысертацыi. I працуе ён намеснiкам начальнiка ўпраўлення Мiнiстэрства адукацыi па мiжнародных справах. Цi вось яшчэ выпадак. На вачах дзяўчынкi мама з сужыцелем забiлi яе бабулю — тая не давала з пенсii грошы на паўлiтра. Дзяўчынка анямела. Мы перадалi яе ў сямейны дзiцячы дом. Там цэлы год яе «адтайвалi», як лядзяшык. Цяпер яна вырасла, паспяховы, добры чалавек. За трыццаць год вакол Дзiцячага фонду нам удалося аб’яднаць тысячы неабыякавых людзей. Ёсць у нас прэмiя «Я веру ў цябе» — грошы невялiкiя, але таленавiтым дзеткам падтрымка. Мы з расiйскiм пiсьменнiкам Альбертам Лiханавым прыдумалi прэмiю «Пакланенне». Першую прэмiю атрымала Саша Гушча — дзяўчынка, у якой абгарэла семдзесят працэнтаў цела. Яна малявала карцiны, страцiўшы рукi. Сёння закончыла iнстытут, цудоўны таленавiты чалавек. I такiх дзяцей мы бачым шмат.

— Некалькi год таму пачалi дыскусiю вакол «Палескiх рабiнзонаў» Янкi Маўра — нашто дзецям чытаць, як лавiлi замежных шпiёнаў, а галоўнае — героi, якiя спрабуюць выжыць на востраве, забiваюць вожыка! Затое сённяшнiя дзецi забiваюць герояў камп’ютарных гульняў. Iншы час — iншыя каштоўнасцi?

— Каштоўнасцi тыя самыя. Калi я расказаў падчас адной сустрэчы, як мяне мама ратавала ў вайну, адзiн хлопчык паклаў мне руку на плячо i сказаў: «Як добра, што вас мама выратавала!» Значыць, зразумеў. Нельга агулам пра дзяцей гаварыць, вось, яны зусiм iнакшыя. Яны ўмеюць слухаць, суперажываць. Так, менш чытаюць. З другога боку, будзем шчырымi — хiба адпавядаюць тэлеперадачы, якiя дзецi глядзяць, iх узросту? Цi ўсе кнiжкi для дзяцей нашых калег адпавядаюць высокаму ўзроўню? Цi ўсе пiсьменнiкi ўмеюць знаходзiць агульную мову з маленькiмi чытачамi? А колькi дзiцячых часопiсаў выдаецца, у якiх адна мэта — развесялiць на паўгадзiны, расказаць, цi знойдзе коцiк мышку?

— Як вы думаеце, цi ўсе нiшы ў беларускай сучаснай лiтаратуры запоўненыя? Зараз набiрае папулярнасць замежная дзiцячая лiтаратура ў перакладзе на беларускую мову.

— Што мы перакладаем кнiгi для дзяцей, гэта нармальны працэс. Але я вам хачу сказаць, мы ў даўгу перад дзецьмi, бо мы не расказалi iм толкам пра нашу Беларусь, нашы традыцыi, нашых людзей. Калi я еду паўз могiлкi, заўсёды думаю — «Ляжыць бiблiятэка непрачытаных кнiг». А дзе такая мясцiна яшчэ ёсць, дзе адны рэкi цякуць у Балтыку, другiя — у Чорнае мора?

— Цi здаралася сутыкацца з сюжэтамi пра дзяцей, якiя вы не маглi выкарыстаць?

— Ёсць такiя сюжэты. Я iх нашу ў сабе. Гэта балюча. Пасягальнiцтва на гонар, жыццё дзiцяцi... Не падабаецца мне, калi смакуюць гэтыя тэмы. Я нават рэкамендаваў бы аўтарам не спяшацца публiкаваць такое. Трэба быць вельмi асцярожнымi. Дзецi — наш галоўны капiтал, а iх колькасць змяншаецца. Медыкi адзначаюць, што толькi 28 працэнтаў iх — у першай катэгорыi па здароўю. Вось пра што трэба думаць. Страшная абыякавасць дарослых. Узялi дзiцё з прытулку. Ай–яй, лялечка якая, прыгожанькая! Пагулялiся колькi часу i прынеслi назад. Уяўляеце, якая рана для дзiцяцi? Сiроты пры жывых бацьках — яны ўсе параненыя. Добра, што дзяржава дапамагае прыёмным сем’ям. У нас у фондзе на ўлiку 43 такiя сям’i. Мы дапамаглi iм пабудаваць дамы, падтрымлiваем. Каб хто ўзяўся стварыць кнiгу, дзеянне ў якой будзе адбывацца ў такой сям’i! Мы б дапамаглi з адрасамi.

— А вы маглi б сфармуляваць свае правiлы добрай дзiцячай лiтаратуры?

— Твор павiнен быць зразумелы дзецям. Трэба ўзважваць кожнае слова. Трэба, как чытач паверыў аўтару. Дзiцячай лiтаратуры належыць прысвячаць сябе ўсяго. Пiсаць для дзяцей — i пачэсна, i вельмi адказна.

cultura@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter