«Я ваяваў за Радзіму, за сваю зямлю, сваіх людзей»

У вёсцы Хвайніца дзядулю Івана ведае кожны. Яшчэ б — гэта не проста старэйшына, аксакал вёскі, але і адзін з нямногіх у раёне, і нават у краіне, хто адзначае свой соты дзень народзінаў. Прытым, як высветлілася, даўней календара ў большасці вяскоўцаў проста не было — арыентаваліся на святы. Так і Іван РЫНЯК — нарадзіўся на Каляды, а запісаны толькі 1 ліпеня. Вось і атрымліваецца, што ідзе дзядулю на самай справе ўжо 101-ы год!..

Стогадовы ветэран вайны Іван Сяргеевіч РЫНЯК з Кіраўскага раёна яшчэ сам прышпільвае ўзнагароды на парадны пінжак…

У вёсцы Хвайніца дзядулю Івана ведае кожны. Яшчэ б — гэта не проста старэйшына, аксакал вёскі, але і адзін з нямногіх у раёне, і нават у краіне, хто адзначае свой соты дзень народзінаў. Прытым, як высветлілася, даўней календара ў большасці вяскоўцаў проста не было — арыентаваліся на святы. Так і Іван РЫНЯК — нарадзіўся на Каляды, а запісаны толькі 1 ліпеня. Вось і атрымліваецца, што ідзе дзядулю на самай справе ўжо 101-ы год!..

Узнагарод у ветэрана — на ўсе грудзі. Сярод іх асаблівае месца займаюць баявыя: ордэн Айчыннай вайны, медалі «За адвагу», «Партызану Вялікай Айчыннай вайны». Менавіта ў партызанах Іван Сяргеевіч змагаўся з ворагам у часы ваеннага ліхалецця. А паколькі быў на той час больш сталым за многіх іншых сяброў-партызан, даручалі самыя складаныя і небяспечныя заданні, прызначалі старшым групы. І Іван не шкадаваў сіл для барацьбы з ворагам.

— Я ваяваў за Радзіму, — кажа ветэран, — за сваю зямлю, сваіх людзей. А за гэта не шкада і жыцця!..

Магчыма, таму лёс пашкадаваў Івана Сяргеевіча і адмераў яму такі вялікі жыццёвы адрэзак. Хаця гора давялося перажыць шмат. Як у ваенныя гады (дастаткова прыгадаць толькі цяжкое раненне), так і потым, калі ў голадзе і нястачы трэба было аднаўляць разбураную вайной народную гаспадарку, будаваць нанава ўласнае жыццё. Так, менавіта нанава. Была да вайны ў Івана Рыняка сям’я, але жонка рана памерла. Застаўся ўдавец з двума хлапчукамі.

А пасля вайны сустрэў Галіну, з якой выхаваў і іх, і яшчэ траіх агульных дзяцей. Жылі вельмі дружна, дапамагалі ва ўсім адзін аднаму. Іван Сяргеевіч у розны час працаваў старшынёй  сельскага Савета, у ад-

дзеле па нарыхтоўках, а потым — працяглы час у калгасе фуражырам. Да 82 (!) год сумленна выконваў працоўныя абавязкі.

— Вельмі гаспадарлівы муж у мяне. Цяпер, канешне, зрабіць што-небудзь ужо вельмі цяжка — гады не тыя. А раней усё па гаспадарцы рабіў сваімі рукамі. А які музыка быў! На ягоны гармонік збягалася ўся вёска. Сам добра спяваў, а як танчыў, — адзываецца жонка.

І сёння ў свае сто Іван Сяргеевіч не сядзіць на месцы. Выходзіць на вуліцу, паглядзіць, як па двары бегаюць куры, як, убачыўшы гаспадара, віхляюць хвастамі сабакі, як зелянее клапатліва праполаты ад пустазелля агарод. Апошняе — заслуга Галіны Ільінічны, якая ў свае 89 (!) завіхаецца тут разам з малодшай дачкой, што кожныя выхадныя наведвае бацькоў.

— Сёлета будзе добры ўраджай, — заўважае напрыканцы нашай сустрэчы 100-гадовы юбіляр. — Прайшоўшы дожджык дарагога каштуе!..

Аляксандр ХАХЛОЎ

Фото автора

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter