«Думай с карандашом в руке»: каллиграф – о том, почему так важно писать от руки

Я вам пiшу

Літары. Мы кожны дзень іх бачым у вялікай коль­касці. Чытаем, пішам, ду­маем — усё з выкарыстаннем іх. У кожнай літары моў свету свае адметнасці. Таксама адметныя рысы мы ім надаём, калі пішам. Таму нас можна адрозніць па росчырку пяра. Наш сённяшні герой з рэдкай прафесіяй — мастак, каліграф, тыпограф і шрыфтавік у адной асобе — упэўнены, што тое, як напісана, — гэта адлюстраванне чалавека, народаў і жыцця вакол. 

Генадзь МАЦУР: «У каліграфіі немагчыма схавацца — ты які ёсць, не можаш падмануць нікога».

Як завастрылася пяро

Каліграфія — мастацтва пісаць прыгожым почыркам. А што такое «прыгожа пісаць»? Каб даведацца пра гэта, мы зазірнулі ў майстэрню сапраўднага каліграфа. Дарэчы, такіх спецыялістаў у нашай краіне па пальцах можна пералічыць. У сусветнай суполцы каліграфаў амаль усе адзін аднаго ведаюць — такая гэта рэдкая прафесія. На кожны Новы год і Каляды яны абменьваюцца паштоўкамі — вельмі адметнымі, бо кожны майстар мае свой шрыфт і стыль. Наш герой Генадзь Мацур, дызайнер кніг і каліграф, паказвае іх. 

Мы ў майстэрні мастака, дзе няма карцін з краявідамі, людзьмі — толькі літары і сюжэты, вобразы тушшу, напрыклад птушак. Гэта ўзмахі пяра, якія на першы погляд здаюцца імправізацыяй. А на самай справе мільён разоў адпрацаваныя рухі. Як да такога мастацтва прыйшоў мастак, чаму вырашыў займацца менавіта каліграфіяй? Па-першае, ён уздыхае, «доўгі філасофскі і аналітычны працэс…». Так яно і ёсць — мы на 4 гадзіны апускаемся ў мора каліграфіі, заплываючы за буйкі, бо шрыфты, як высветлілася, уключаюць у сябе і анатомію чалавека, і архітэктуру, і жывапіс, і… усё. 

— Свядома і прафесійна пачаў займацца каліграфіяй у студэнцкія гады. А сама цяга да чыстапісання з’явілася яшчэ ў школе. Мяне захапляў працэс напісання, стараўся зрабіць гэта прыгожа. Бацькі ўхвалялі імкненне, — пачынае аповед Генадзь. — Мой бацька расказваў, што, калі яшчэ служыў у войску, прыгожы почырк дапамагаў яму ў службе.

У кнізе чытач не павінен захапляцца літарамі, але яму павінна быць прыемна глядзець на іх. Гэта павінна быць прыгажосць, якую не заўважаеш, — і гэта самае цяжкае, вяршыня майстэрства.

Дарэчы, маці і тата Генадзя працавалі на папяровай фабрыцы, таму ў малога заўсёды была папера, на якой ён любіў маляваць. Толькі пэндзлі трэба было вырабляць самастойна. Маляваў сабе ён і маляваў, пакуль не прыехаў у Чашнікі малады настаўнік, які і прывёў яго да мастацтва. 

— Калі з’явіўся Анатоль Мікалае­віч Варэчня, усё перамяні­лася. На занятках па маляванні можна было не сядзець, а хадзіць. Гэта быў маленькі шок, бо раней перавага надавалася дысцыпліне. А ён казаў: «Пахадзі, паглядзі, падумай». Гэта на­строі­ла на нейкую свабоду, якая ў творчасці — асноўнае пачуццё, — мастак удакладняе думку: — Калі робіш лінію тушшу, павінен быць вольны ва ўсім, бо калі на кагосьці злуешся альбо адчуваеш, што нешта баліць, лініі, літары, малюнкі будуць цяжкімі, з выбоінамі, як на дарозе.

Шрыфт — гэта сэнс 

Гэта зараз Генадзь Мацур — зна­ка­мі­ты дызайнер кніг, дацэнт кафедры графічнага дызайну Акадэміі мастацтваў, запрошаны сябар Расійскага нацыянальнага саюза каліграфаў, а таксама ГА «Беларускі саюз мастакоў», лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў мастацтваў і кнігі, пераможца Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі-2015» і гэтак далей. А пачыналася ўсё з вучобы ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя А.К. Глебава — падабаўся прадмет «Шрыфт». Але ўжо пасля таго, як у яго стаў выкладаць у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце Павел Афанасьевіч Семчанка, знакаміты каліграф, прафесар, член Саюза мастакоў і Саюза дызайнераў Беларусі, вырашыў, што пісьмо — гэта тое, з чым ён будзе звязаны цалкам. 

— Увогуле, мне падабаліся ў інстытуце прадметы па шрыфце і анатоміі чалавека. Здаецца, паміж сабой не звязаны? І архітэктоніка, і прапорцыі насамрэч ад чалавека. Дарэчы, вы ведаеце, што шмат вялікіх мастакоў — і Леанарда да Вінчы, і Альбрэхт Дзюрэр, і іншыя — праектавалі шрыфты? — здзіўляе Генадзь. — Нас кожнага вучылі: «Думай з алоўкам у руцэ». Каліграфія — філасофскае паняцце. 

Дызайн кнігі
Працуе мастак на паперы з пяром, як бачыце, а яшчэ і на камп’ютары. Дарэчы, зараз працуе над сваім плакатам — сабраў усе вокладкі кніг, дызайнам якіх займаўся.

Ці ёсць у нашай краіны адметны шрыфт? 

— Хаця ў нас няма сваёй тэкставай гарнітуры для набору, але асобныя спробы дызайнераў усё ж ёсць. Гэта праекты на аснове скарынінскіх шрыфтоў Паўла Семчанкі, Усевалада Свентахоў­скага і Дзяніса Серабракова. Таксама і мае распрацоўкі шрыфту, пачынаючы з дыпломнага праекта да сённяшняга эскізнага шрыфту «Францішак», — кажа Генадзь. — Заказаў на шрыфты ў нас няма, чамусьці пакуль да такога не даходзіць разуменне — нам патрэбны гарнітуры.

Каб вы зразумелі, як цяжка зрабіць шрыфт, вось вам факт: некаторыя ўсё жыццё яго робяць. Адзін! І невядома, ці зро­біш, ці дойдзеш да вяршынь. Таму мастакам трэба пастаянна самаўдасканальвацца. Генадзь гаворыць, што і чалавек, які не чытае і не піша, канешне, пражыве, але калі ён можа ўсё гэта рабіць і да таго ж робіць прыгожа і адметна, якасць жыцця іншая. Гэта не проста крэмзаць значкі — у іх вялікі сэнс закладзены, ін­фармацыя, энер­гія. У іх ства­рэнні — стагод­дзі, тысяча­годдзі. А мы нават не ўсведамляем, чаму вось менавіта так пішам тую ж літару «А» і што за ёй стаіць.

— Мне падабаецца, што пісьмом могуць займацца ўсе. Але шкада, што ў школе перасталі па-сапраўднаму займацца чыстапісан­нем. Так, з аднаго боку, прагрэс — новыя сродкі пісьма з’яўляюцца, камп’ютар… Але калі пішаш, то думаеш і развіваеш мозг. 

Друкарскія шрыфты ўзніклі з рукапісных. Некалі толькі мужчыны маглі быць перапісчыкамі, бо гэта вельмі энергетычна затратная справа. Зараз шмат жанчын-каліграфаў. І Генадзь Мацур гаворыць, што ў іх пісьме свая энергія. Ён не графолаг, але па вопыту можа скласці партрэт чалавека па тым, як ён піша, і сказаць, што адчуваў, калі рабіў гэта.

Тое, як мы пішам зараз, — эвалюцыя. Усе шрыфты заўсёды падпарадкоўваліся эпохам. Але ж класічнымі і адроджанымі мы карыстаемся і зараз. Чытаючы іх, не затрачваеш шмат энергіі на «разбор». На камп’ютарах усе маем сямейства шрыфтоў Garamond. А заснаваны яны на малюнках французскіх тыпографаў XVI стагоддзя. А што, новыя ствараюць зараз?

— Большасць сучасных шрыфтоў акцыдэнтныя. Цяжка чытаць кнігу, набраную імі, але яны добра глядзяцца як карцінка. Таксама як і каліграфія. Ёсць каліграфія сучасная, якая нечытабельная, — гэта эмоцыя, рух, энергетыка. Калі мы глядзім на ўсходнюю каліграфію, мы ж не разумеем, што напісана, які там сэнс. Мы глядзім на формы і захапляемся. Там закладзена прыгажосць. 

А яшчэ пісьмо лечыць. Генадзь Мацур кажа: калі доўга і карпатліва ён займаецца сваёй працай, то адчувае, як усё цела ў тонусе трымаецца. Яго калегі з Кітая наогул каліграфіяй лечаць дыябет і іншыя хваробы. 

І паляцелі 

На рабочым стале мастака кнігі, папера — простая і вельмі дарагая для выстаў (ліст ручной работы з Італіі каштуе больш за 4 рублі), пёры — некаторыя зроблены з чароту, іншыя — з золата, а таксама — простыя, а яшчэ пэндзлі, туш і нават кітайская тушачніца. Ён робіць узмахі рукой, і ствараюцца самыя розныя лініі, у залежнасці ад націску, павароту і самой структуры паперы. Раз — з’явіліся побач графічныя эфекты, кропачкі. Два — усё роўна як надрукавана. Графіка ствараецца на вачах. Без падарунка не застаюся і я — маё імя з фірменнай Генадзевай «А» (гэта яго любімая літара) узнікае на паперы. 

Сотні чарнавікоў робіць Генадзь перад тым, як з’явіцца менавіта тое, што ён жадае бачыць. Усё гэта можна сабраць, перавесці на экран камп’ютара і выправіць, дапрацаваць. 

— У дызайне кніг важна зра­біць так, каб кніга была і без ілюстрацый прыгожая. Падабраць шрыфты для набору, дзе літары лёгка адрозніваюцца адна ад адной, не напружваюць позірк чытача, і пры гэтым пластычна і стылістычна яны павінны быць максімальна блізкімі, як адзіны арганізм, ансамбль. Максімальна розныя і максімальна падобныя — разумееце? Пры гэтым перад тым як зрабіць дызайн кнігі, трэба даведацца пра аўтарскую задумку, якой ён бачыць кнігу. Для вершаў трэба адзін падыход, для прозы — іншы. Цэлая навука, бо кнігу, як і чалавека, мы сустракаем па вопратцы, — гаворыць ён. — Мабыць, калі-небудзь варта ўзяцца за працу над кнігай пра наша пісьмо, зрабіць беларускі шрыфт. Вось распрацавалі ж некалі для газеты The Times шрыфт, і мы кожны дзень ім карыстаемся. Трэба нешта мець і сваё, бо шрыфты для кожнай мовы, кожнага светапогляду свае. Не можа адзін падысці і арабам, і кітайцам, і англічанам, і нам. Да таго ж добра будзе, калі людзі будуць проста старацца лепш пісаць, цікавіцца каліграфіяй і тым, што з шыльдаў глядзіць на нас. Пісаць прыгожа, разумець гэтую прыгажосць — гэта каштоўнасць. 

kasel@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter