Я, ты, ён, яна...

СМI павінны ўзмацніць уплыў на вырашэнне праблем дэмаграфіi

СМI могуць і павінны ўзмацніць свой уплыў на вырашэнне праблем дэмаграфічнай бяспекі

Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі семінара, што правялі на базе Крупскага раёна Мінскае абласное аддзяленне Беларускага саюза журналістаў і галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы Мінаблвыканкама.

За круглым сталом прадстаўнікі рэгіянальнай прэсы дзяліліся вопытам, расказвалі пра падыходы да асвятлення гэтай важнай тэмы.

Зараз у краіне працуе ўжо другая Нацыянальная праграма дэмаграфічнай бяспекі. Як адзначыла начальнік аддзела сям’і, дэмаграфіі і гендэрных праблем камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Зоя Канопліна, праграма 2007—2010 гадоў у асноўным дасягнула пастаўленай мэты — створана аснова для стабілізацыі дэмаграфічнай сітуацыі. Праграма, якая працуе зараз, канцэнтруецца на сацыяльнай падтрымцы сям’і і дзяцінства, умацаванні здароўя і павелічэнні працягласці жыцця, аптымізацыі міграцыйных працэсаў.

Апошнія гады паказалі, што тэмпы скарачэння колькасці насельніцтва паступова запавольваюцца. Калі ў 2010 годзе ў вобласці яно зменшылася на 8,3 тысячы чалавек, у 2011-м — на 8 тысяч, то за 10 месяцаў бягучага года — на 3,5 тысячы чалавек. Як паведаміла Зоя Канопліна, акрэсліліся тэндэнцыі па павелічэнні нара-джальнасці. За мінулы год у сталічнай вобласці нарадзілася 16,8 тысячы дзяцей, а гэта самы высокі паказчык за апошнія пяць гадоў. Натуральны прырост насельніцтва назіраецца ў Мінскім, Дзяржынскім раёнах і Жодзіне.

Нямала зроблена ўсімі зацікаўленымі структурамі, ёсць пэўныя вынікі, але праблема працягвае заставацца надзвычай вострай. Нізкім застаецца ўзровень нараджальнасці, высокім — смяротнасці, адзначаецца старэнне насельніцтва. Павялічваецца колькасць разводаў, а шлюбаў рэгіструецца менш. Вядома, усё гэта не можа адпавядаць стратэгічным інтарэсам дзяржавы.

Зараз, як зрабіла акцэнт Зоя Канопліна, у краіне распрацоўваецца шэраг мер, якія дадуць сем’ям новыя прававыя гарантыі і сацыяльныя льготы. Падрыхтаваны праект закона, які дазволіць «прывязаць» памер дзяржаўных дзіцячых дапамог не да БПМ, а да сярэднямесячнай зарплаты па краіне. Плануецца павышэнне памераў пагашэння жыллёвых крэдытаў, выдадзеных на агульных падставах. Вывучаецца мэтазгоднасць і магчымасці ўвя-дзення «сямейнага капіталу» як дадатковай сацыяльна-эканамічнай падтрымкі.

Удзельнікі семінара падкрэслілі, што якасная інфармацыйна-асветніцкая работа, накіраваная на вырашэнне дэмаграфічных праблем, — справа далёка не апошняя. А па шэрагу пазіцый — нават вызначальная. Давер да друкаванага слова дае падставы пра гэта гаварыць. Паўнавартасная сям’я, здаровы лад жыцця, бяспечная праца, побыт і адпачынак. Пра ўсё гэта расказваюць СМІ. Але тэма павінна раскрывацца яшчэ больш ярка, доказна, шматгранна. Прыкладаў для гэтага, на шчасце, сапраўды шмат. Удзельнікі семінара азнаёміліся з тым, як тэма асвятляецца ў мясцовай газеце «Крупскі веснік».

Па выніках абмеркавання ўсім рэгіянальным СМІ рэкамендавана актывізаваць асвятленне праблем дэмаграфічнай бяспекі ў сваіх выданнях, прапагандаваць сярод жыхароў рэгіёнаў здаровы лад жыцця, паказваць лепшыя прыклады захавання сямейных каштоўнасцей і традыцый.

Госці раёна не толькі працавалі за круглым сталом, але і наведалі некалькі фізкультурна-аздараўленчых цэнтраў, пазнаёміліся з тым, што ў раёне зроблена, каб яго жыхары мелі магчымасць займацца фізкультурай і спортам.

Як адзначыў старшыня Мінскага абласнога аддзялення Беларускага саюза журналістаў Мікалай Літвінаў, практыка семінараў па актуальных праблемах з удзелам журналістаў і профільных ведамстваў будзе працягнута і надалей. Наступны плануецца правесці ўжо ў студзені.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter