“Я там быў!..”

Малады беларус воляю лёсу апынуўся 11 верасня 2001 года ў самым эпіцэнтры падзеяў навейшай сусветнай гісторыіДзесьці напрыканцы верасня 2001-га я патэлефанаваў аднаму са сваіх даўніх прыяцеляў, з якім была папярэдняя дамова на сустрэчу, каб удакладніць час і месца. Але нечакана для мяне ён сказаў: “Прабач, але нашу сустрэчу давядзецца адкласці... Толькі што вярнуўся з Амерыкі сын, які там ледзь не загінуў, і мы яшчэ не адышлі ад перажытага шоку...”

Віталь, тады студэнт трэцяга курса Беларускага дзяржаўнага медыцынскага уні-версітэта, які нечакана стаў удзельнікам адной з праграм студэнцкага абмену, прыехаў у Нью-Йорк  усяго на адзін тыдзень.
Дзень 11 верасня выдаўся надзіва пагодлівы і цёплы. На знакамітую выспу Манхэттан, дзе і месціўся Сусветны гандлёвы цэнтр (далей СГЦ. — Аўт.), ехаць трэба было на метро, але перад гэтым Віталь з Арцёмам павінны былі сустрэцца з яшчэ адным сябрам. Ды той  нешта спазняўся. Прачакалі яго больш за паўгадзіны і, не дачакаўшыся, пайшлі на метро, па дарозе ганячы свайго сябра за безадказнасць і ненадзейнасць. Хіба маглі яны тады ведаць, якую ролю ў іхнім жыцці можа адыграць тое  бяскрыўднае спазненне...
Ехалі на метро да Манхэттана  больш за гадзіну. Калі выйшлі  на паверхню, то адразу звярнулі ўвагу на дзіўныя паводзіны прахожых. Большасць з іх стаялі на вуліцах, бы прыкутыя на месцы, і задраўшы галовы дружна глядзелі ў адзін бок. З верхніх паверхаў аднаго з хмарачосаў СГЦ густымі клубамі валіў  чорны дым. У гэты ж момант паказаўся самалёт, які ляцеў на нізкай вышыні. Як прызнаецца Віталь, і гэта яго тады зусім не здзівіла. Падумаеш, самалёт на нізкай вышыні! Чаго не зробіш дзеля эфектных кадраў у кіно. Але раптам той самалёт уразаецца ў другую  башню СГЦ.  І тараніць ён гэтую пабудову неяк ужо вельмі рэальна. Як згадвае Віталь, у той момант у яго нешта ёкнула ў сэрцы. “Здымкі” былі нейкімі надта ўжо, да абсурду, праўдападобнымі. Праўда, хлопцы тут жа згадалі эпізод з вядомага фільма “Турбулентнасць-2”, дзе вялізны самалёт падае на горад, і прыйшлі да высновы, што гэта ўсё ж такі кіназдымкі. Праўда, згадзіліся, што  нейкія вельмі ўжо дзіўныя, бо навошта ж так відавочна (вялізныя прабоіны ў сценах!) псаваць для гэтага прыгажэйшыя будынкі горада — ці не надта атрымліваецца дарагое задавальненне!..
Цікаўнасць гнала хлопцаў бліжэй да месца здарэння, але ўсе вуліцы туды аказаліся перакрытымі. Нехта выказваў услых упэўненасць, што гэта ніякія не кіназдымкі, а няшчасны выпадак, што  ў самалётаў, відаць, сапсавалася апаратура, і яны, згубіўшы свой “зрок”, урэзаліся ў хмарачосы. Але яму тут жа запярэчылі, што так магло быць толькі з адным самалётам. А тут два і дакладна ў абодва будынкі  ўрэзаліся, і хутчэй за ўсё гэта  мэтанакіравана зрабілі тэрарысты. Нехта даводзіў, што  гэта пачалася  сапраўдная вайна, нехта папярэджваў, што будынкі вось-вось рухнуць. Нехта з гледачоў плакаў, нехта маліўся Богу.
З вокнаў параненых вя-лізных гмахаў валіў густы дым і   быццам бы сыпаліся нейкія шчэпкі. (Як потым аказалася, гэтымі  “шчэпкамі” былі людзі, якія  спрабавалі ўратавацца і скакалі на верную смерць са  шматметровай вышыні.) Раптам першая башня СГЦ з вялікім грохатам стала прасядаць. Хлопцы бачылі, як верхнія паверхі няўхільна зміналі ніжэйшыя.
Праз нейкае імгненне са страшэнным трэскам пачала асядаць і другая башня СГЦ.  Узняліся магутныя клубы дыму і пылу, з-за якіх стала немагчыма нешта бачыць. Раптам і хлопцаў ахапіў нейкі першабытны жах і яны кінуліся ўцякаць. Хто ведае, колькі часу яны беглі па вуліцах вялізнага горада. Зрэшты, як ім здавалася, з імі некуды беглі і ўсе жыхары гэтага шматмільённага мегаполіса. Узнікла жаданне як мага хутчэй увайсці ў метро і ўцякаць з гэтага Богам праклятага месца. Пачалі шукаць уваход у метро, але яно на той час паўсюль было перакрыта. Самай страшнай у гэтай сітуацыі, як згадвае Віталь, была невядомасць. Потым адкрылі метро ў кірунку на Брайтан Біч. Хлопцы з вялізнай цяжкасцю ўбіліся ў адзін з вагонаў. У сярэдзіне заўважылі паліцэйскіх, якія, відавочна, сачылі за парадкам. Цягнік ішоў  неяк вельмі павольна, быццам бы  з вялікай асцярожнасцю. Замест гадзіны, якую затрацілі на шлях сюды, зваротная дарога заняла ці  не цэлыя дзве.
Вечарам дым і пыл  занесла ветрам і на Брайтан Біч. Сонца неяк злавесна, як у тых жа фантастычных фільмах жахаў,  раз-пораз прабівалася праз гэтыя хмары пылу і дыму. Такім вось выдаўся для беларускага студэнта Віталя Русінкевіча той жудасны дзень 11 верасня. Але каб вылецець назаўтра, ды і ўвогуле ў бліжэйшыя дні,  не магло быць і размовы. Такіх жадаючых было вельмі шмат. Вылет затрымліваўся на няпэўны тэрмін, бо ў першыя дні пасля катастрофы ўсе рэйсы былі адменены.  Наступныя некалькі дзён прайшлі ў стане невядомасці, якая нараджала ў душы страх і безвыходнасць. Заставалася толькі чакаць. Запісалі Віталя аж на 24 верасня. Але яму пашчасціла вярнуцца дамоў крыху раней.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter