Художник Иван Козел может долго рассуждать о патриотизме и жизни в красивой и суверенной стране

«Я пішу свой генетычны код»

Наталіцца жывымі пейзажамі, якія ператварыліся ў палотны таленавітага Івана Козела, можна ў Палацы мастацтва да 3 ліпеня. Экспазіцыя «Вабяць родныя прасторы» прысвечана малой радзіме аўтара — Дзятлаўшчыне. Ды і ў цэлым Гродзеншчыне, Айчыне. «Без малой радзімы не бывае вялікай» — гэтак выказваліся многія класікі беларускай літаратуры. Так лічыць і Іван Козел:


— Адлюстраваў у працах дарагія сэрцу прасторы. На палотнах Дзятлаўшчына, дзе прайшлі мае юнацкія гады, скончыў школу… Адна з карцін так і называецца «Дзятлаўская старонка», дзе кніжка на стале, букет язміну на фоне магутнага касцёла віленскага барока. Шчыра кажучы, ніколі не лічыў колькасць сваіх прац, але адназначна іх некалькі соцень. На выставе каля 30 твораў, прычым грунтоўных, зробленых па напрацоўках падчас пленэраў.

Іван Козел скалясіў бадай усю Беларусь, у першую чаргу самыя выдатныя мясціны, якія і адлюстраваў на палотнах. Вось Жыровіцкая святыня — манастыр над возерам, дзе лагодным днём ловіць рыбу манах. А гэта царква ў Сынкавічах — адзін з самых ранніх гатычных праваслаўных храмаў Беларусі. Знакавая гістарычная праца — «Край Адама Міцкевіча» з рэшткамі палаца ды бяздонным небам, якое свеціцца, нібыта паэтычная зорка Адама Міцкевіча. На панарамных «Залатых палях» віднеецца захад над Навагрудскім узвышшам, азярына, вёска, зжатае поле, высланае рулонамі саломы. Ружовыя аблачынкі цёплага вечара — што толькі не здольныя перадаць нашы майстры пэндзля! «Пейзаж з млыном», «Ваколіца», восеньскія далі — у цэнтры ўвагі сельскае жыццё.

Малая радзіма для мастака першая тэма, часта ён ладзіць выставы на Дзятлаўшчыне. Там іх з братам Юрыем, які таксама піша карціны, чакаюць як самых жаданых гасцей, але і ў Мінску яны ўжо даўно сталі сваімі. Іван спачатку адвучыўся ў Бабруйскім мастацкім вучылішчы, служыў у войску, займаўся малюнкам у студыі Дома культуры Трактарнага завода. Паспяхова скончыў аддзяленне жывапісу акадэміі мастацтваў, стажыраваўся ў знакамітага Міхаіла Савіцкага. Іван Козел даўно ў складзе Саюза мастакоў і ўжо каля 20 гадоў выкладае ў гімназіі-каледжы імя Ахрэмчыка. Сваім выхаванцам перш за ўсё стараецца прывіваць патрыятызм.


— Раблю гэта праз гісторыю мастацтва, архітэктуру, прадметы побыту. Дапусцім, хто з сучаснай моладзі ведае, што такое калаўрот? А нашы вучні не толькі ведаюць, але і ўмеюць яго прыгожа маляваць. Падчас летняй практыкі выпраўляемся ў шлях па гістарычных мясцінах — у Нясвіж, Мір, Навагрудак. Знаёмімся з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, слухаем іх расповеды і адлюстроўваем гэтых прыгожых людзей у партрэтах.

Мастак можа доўга разважаць пра патрыятызм, пра жыццё ў прыгожай і суверэннай краіне. Радуецца цудоўнай прыродзе, кожнай пары года, каб перадаваць гэта ў пейзажах на сваіх палотнах. Любуецца архітэктурай, якая таксама не сыходзіць з карцін.

— Толькі працай і стараннем кожны чалавек можа даказаць, што ён варты сваёй краіны. Задача і роля сучасных мастакоў — заклікаць суайчыннікаў да мацавання нашай дзяржаўнасці і суверэнітэту, захавання гісторыі і культуры. Мы павінны паказваць прыклад у выхаванні моладзі, зберажэнні традыцый закладзенай акадэмічнай школы.


Турбулентнасць зараз прыйшла і ў выяўленчае мастацтва, на якое негатыўна ўплывае авангардызм, разважае субяседнік. Гэта абагуленая назва эксперыментальных ідэй, канцэпцый, плыняў асобных людзей, якія заклікаюць да стварэння новага стылю. Ставяць мэту парваць сувязі з усім класічным, адмаўляюць гістарычную традыцыю і пераемнасць у творчасці.

— З чым немагчыма пагадзіцца. Завядзёнкі ідуць ад класікаў. Недапушчальна іх перайначваць, грэбаваць імі. Тут таксама асноўным фактарам выступае патрыятызм, які выхоўвае першым чынам малая радзіма. На роднай Дзятлаўшчыне з калегамі праводзім пленэры, выставы, натхняемся раздоллем і свежым паветрам. Там жыве мая маці, стаіць бацькоўскі дом — і няма нічога даражэй у свеце.

Разам з Дзятлаўшчынай няма нічога даражэй за сталіцу і ўтульную Беларусь. Мінск з тэатрамі і музеямі, куды Іван прыехаў вучыцца, з маленства яго зачараваў. А знайсці агульную мову з прыродай і горадам дапамаглі вядомыя мастакі Май Данцыг, Міхась Меранкоў, Барыс Аракчэеў.


Краявіды, якія адлюстроўвае Іван Козел, у многім маюць і філасофскі падтэкст, архітэктура нясе інфармацыю сівых стагоддзяў. Стрыманая прыемная палітра закалыхвае — мастак стварае ідэальны свет, без шуму і натоўпу, з лёгкімі водгукамі імпрэсіянізму.

— Выставы ў мяне праходзяць часта. Зараз акрамя персанальнай экспазіцыі ўдзельнічаю і ў агульнай. Таксама ў Палацы мастацтва — да юбілею з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа намаляваў краявіды іх родных мясцін. Гэтыя славутыя творцы праславілі Беларусь на ўвесь свет, зрабілі нашу нацыянальную літаратуру і культуру знакамітай. Я таксама пастараюся прыкласці і прыкладаю намаганні, каб хоць крышачку далучыцца да вялікай справы, каб пакінуць наступным пакаленням прыгожую, годную, філасофскую мастацкую спадчыну, якая прымусіць іх задумацца над сэнсам жыцця, нашым культурным багаццем, генетычным кодам беларусаў. Прыходзьце на выставу!

basikirskaya@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter