«Я не самотны, я кнігу маю…»

У Беларусi выдана энцыклапедыя «Максім Багдановіч»

Энцыклапедыя «Максім Багдановіч» выйшла да 120-годдзя з дня нараджэння беларускага класіка.

Прыгожую і змястоўную (каля 2 тысяч артыкулаў) кнігу ў гонар юбілею Максіма Багдановіча выпусціла выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя П.Броўкі». Акрамя асвятлення зместу твораў паэта, іх тэматычнай і сюжэтнай накіраванасці, аналізу выяўленчых сродкаў, падаецца інфармацыя пра першыя публікацыі, пераклады на замежныя мовы, згадваюцца мастацкія і публі-цыстычныя творы класіка, раскрываецца яго чалавечы і духоўны воблік, сацыяльна-гістарычныя ўмовы, у якіх адбывалася станаўленне і развіццё творчага генія.

Пэўную частку матэрыялаў складаюць праблемныя артыкулы пра творчасць Багдановіча — яго лірыку, публіцыстыку, асобныя жанры і вобразы, найбольш пашыраныя ў яго паэзіі.

У кнізе таксама сабрана інфармацыя пра сваякоў і знаёмых М. Багдановіча, грамадскіх і дзяржаўных дзеячаў, вучоных пісьменнікаў і крытыкаў, з якімі паэт працаваў або якія пісалі пра яго.

Упершыню апублікавана шмат новых ці малавядомых чытачу дакументаў і матэрыялаў пра жыццёвы і творчы шлях паэта. Чытач не знойдзе ў кнізе тых звестак агульнага храктару, якія можна адшукаць у іншых энцыклапедыях, даведніках, спецыяльных выданнях.

Аўтарамі артыкулаў новай энцыклапедыі выступаюць вучоныя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, выкладчыкі ВНУ рэспублікі, пісьменнікі, крытыкі ў галінах мастацтва, літаратуры, музыкі, бібліёграфы, краязнаўцы, журналісты. Вялікая роля ў стварэнні энцыклапедыі адводзіцца супрацоўнікам Літаратурнага музея М. Багдановіча.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter