«Я марыла стаць асабістым вадзіцелем дзядзькі»

«БН» працягвае літаратурную вандроўку, звязаную з імем Янкі Купалы і яго сям’ёй. На гэты раз журналіст накіраваўся ў Нясвіж, дзе жыве 92-гадовая пляменніца паэта Ядзвіга Іванаўна Дудзянкова з вялікага роду Аблачынскіх.

Сям’я — дзесяць «я»

«І засумуецца патомак, калі дазнаецца аб нас». Гэтыя радкі з Купалавага верша можна аднесці і да многіх яго нашчадкаў. Нягледзячы на тое, што быў ён уганараваны ўладай званнем народнага, што меў «Шэўрале» і дачу ў Ляўках, шматлікая радня жыла сціпла, калі не сказаць бедна. У лістах да цёці Уладзі, жонкі Івана Дамінікавіча, пляменнікі прасілі яе нават купіць што-небудзь з вопраткі, дзякавалі за якую-небудзь драбязу — высылаемыя ім сшыткі ды алоўкі. Луцэвічы чым маглі дапамагалі сёстрам Марыі Аблачынскай і Леакадзіі Раманоўскай, якія выхоўвалі адна дзевяць, другая пяць дзяцей.

І зноў на маім шляху пошукаў сустрэлася Ядзвіга. Напэўна, напачатку мінулага стагоддзя было гэта імя папулярным сярод беларусаў каталіцкага веравызнання. Хоць сама Ядзвіга Іванаўна ўжо і не ведае, дзе і як яе хрысцілі: падчас вайны маліліся агульнаму Богу і прасілі толькі аднаго — выжыць пад бамбёжкай, уцячы, каб не патрапіць у канцлагер. Пасля вызвалення думалі, як кожнаму збудаваць сваё гняздо, як пракарміць ужо сваю сям’ю.

— Ці зналіся вы з раднёй свайго бацькі Івана Канстанцінавіча Аблачынскага? Яго родавая лінія зусім згубілася ў часе, хоць і быў ён сябрам Купалы — яны разам вучыліся ў двухкласным народным вучылішчы ў Бяларучах, разам служылі ў войску падчас Першай сусветнай вайны. І менавіта яго стрыечная пляменніца, а значыць, і ваша траюрадная сястра паслужыла прататыпам галоў- най гераіні «Паўлінкі», — імя гэта стала для мяне нібы пуцяводнай зоркай.

— Калі бацька памёр, мне споўнілася дванаццаць. Памятаю, ішоў дождж і па вуліцы неслі труну з яго целам. Напэўна, на пахаванне ў Пчэльнік, што на Барысаўшчыне, дзе мы тады жылі, прыязджаў дзядзька, а хто з бацькавага боку і не ведаю. І потым з яго братамі ці сёстрамі мама наша Марыя Дамінікаўна не мела сувязі. Магчыма, як і іншых, іх саслалі куды-небудзь. Я і сваіх родных Лёню і Вераніку не памятаю, брата застрэлілі, а сястра звар’яцела ад перажытага падчас вайны. Цёця Уладзя забрала яе ў Мінск, дзе Верку лячылі, аднак яна неўзабаве памерла. Ды і Казіка, які загінуў на фронце, бадай, не ведала.

Дзявочыя сакрэты давярала брату

Гадаваў нас, Мар’яна, Вацю, Косціка і мяне, старэйшы брат Эдзік. Жылі да вайны мы ў санаторскім доме ў Пчэльніку. Хадзіць па грыбы ды ягады — святы абавязак дзяцей. Варэння з брусніц і груш ставілі цэлую бочку, а потым разводзілі густое варыва вадой і сёрбалі з бульбай. З сушаных грыбоў варылі поліўку. А калі мама купляла цукеркі, гэта было свята. Аднойчы прывезла з горада мне фарфоравую ляльку.

— Якім вам запомніўся дзядзька?

— Мы разумелі, што гэта быў важны чалавек, імкнуліся быць падобнымі да яго. Пасля заканчэння сёмага класа я з мамай ездзіла ў Мінск да дзядзькі. Мяне ўразіў яго аўтамабіль, і я марыла стаць асабістым вадзіцелем у Купалы. Брат Косцік, нават калі стаў дарослым, ганарыўся знешнім з ім падабенствам. Нават вусы насіў такія, як у дзядзькі. Ён з’ехаў на вучобу ў Маскву, а потым перабраўся ў Ніжні Ноўгарад, там і застаўся, таму бачыліся мы рэдка, а калі прыязджаў у госці, абавязкова напамінаў: «Я падобны на дзядзьку і пражыву да ста год». Я спрабавала пісаць вершы.

Усе свае дзявочыя сакрэты давярала Эдзіку. У дзевятнаццаць год сустрэла сваё першае каханне, выйшла замуж. У саракавым нарадзілася Анька, а ў сорак першым мужа забралі на фронт, ён быў ваенным. Тады і бачыла яго ў апошні раз. І з мамай вайна разлучыла на некалькі год. Перад вайной паехала яна на Гомельшчыну на пахаванне Лёнькі, якога застрэлілі на Далёкім Усходзе японцы, ды так і засталася жыць у дачкі Ваці, якой дапамагала гадаваць двух сынкоў.

Мы засталіся з Эдзікам. З санаторскага дома немцы нас выселілі, жылі ўсе разам у адным інтэрнацкім пакоі. Новыя гаспадары ганялі на розную работу. А па начах, бывала, гулі машыны. Гэта везлі на расстрэл яўрэяў. Мы ўзбіраліся на гарышча, каб лепш бачыць, што адбываецца. Тая жудасная начная карціна дагэтуль перад вачыма. Лепш не ўспамінаць такога…

Мы баяліся, што схопяць і нас. Маглі данесці, хто наш дзядзька. У сорак трэцім сагналі ў Стара-Барысаў, пасадзілі на цягнік і павезлі на Захад. Потым здагадаліся, што ў Нямеччыну. На адным з паўстанкаў уцяклі. Так апынуліся ў польскім горадзе Ломжа. Уладкаваліся на працу да пана, які аказаўся надзвычай спагадлівым, шкадаваў мяне з дзіцём. Праз год прыйшлі савецкія войскі, і мы адразу накіраваліся ў камендатуру. Хутка нас адправілі назад на радзіму.

Лодачнік

— А як вы апынуліся ў Нясвіжы?

— Там адкрываўся санаторый спецыяльнага прызначэння, і ўсіх супрацоўнікаў з Пчэльніка — ад санітарак да галоўнага ўрача — перавезлі ў замак. На першым паверсе яго і жылі, толькі потым паступова пачалі атрымліваць кватэры.

Першыя адпачываючыя тут былі франтавікі. Я працавала і афіцыянткай, і санітаркай, і малодшай медсястрой. Уважліва сачылі за знешнім выглядам персаналу: усё ж адпачывалі высокапастаўленыя асобы. Каб не выдзяляліся ў кожнай з афіцыянтак туфлі не першай носкі, усім выдалі аднолькавыя лёгкія парусінавыя тапачкі. Адразу ўсталявалася завядзёнка разам з адпачываючымі сустракаць Новы год. Было вельмі весела, — Ядзвіга Іванаўна паказвае фотаздымкі, дзе занатавана навагодняя ёлка з самаробнымі цацкамі.

Летам чэргі выстройваліся на лодачнай станцыі: любілі пастаяльцы павеславаць у дружнай кампаніі. Раз-пораз чуўся гучны вокліч, што падганяў забыўлівых весляроў: «Эй, лодку гані!» Высокі і прыгожы Цімафей Дудзянкоў прывабліваў жанчын, а сам запрыкмеціў Ядзю.

— Вы адразу і пажаніліся?

— Не, яшчэ пацягаліся, — з гумарам у маёй субяседніцы ўсё ў парадку нават у яе дзевяноста два. Аказалася, што Цімох таксама збег з цягніка, якім везлі жыхароў Браншчыны ў Нямеччыну. — Адзін чучмек застаўся, дурань. Дык яго немцы расстралялі. Потым уцекачы знайшлі партызанаў на Стаўбцоўшчыне.

Маладыя людзі, патрапіўшыя ў Радзівілаўскі замак, дзе атабарыўся санаторый, у свабодны ад работы час даследавалі яго старажытныя муры. Неяк знайшлі падземны ход і спусціліся да канца прыступак, упёршыся ў замураваныя дзверы.

— Я кажу: «Давай разбурым сцяну ды зробім лаз», — зноў вяртаецца ў маладосць Ядзвіга Іванаўна. — Аднак пабаяліся: раптам хлыне вада, дык усе тут і патопімся.

Святло на тэрыторыі замка і ў памяшканнях апоўначы тухла. Бо яшчэ Радзівілаўская электрастанцыя, так званы дзвіжок, спыняла работу. Замак пагружаўся ў цемру.

— Напэўна, тады і мроілася некаторым Чорная панна?

— Не ведаю, не бачыла, — усміхаецца бабуля Ядзя, — а вось пакоі замураваныя, пра якія ніхто не здагадваўся, знаходзіліся. Аднойчы ў такім патаемным памяшканні правалілася столь, і такім чынам з’явілася новая «жылплошча». У падвале стаялі пліты, што падагравалі падлогу зверху. Мы там грэлі торф.

— Які такі торф? — не разумею я.

— Ды гразі, што вазілі з Пяцігорска. У санаторыі нарадзіліся мае дачка і сын. Можна сказаць, у музеі.

Памяць ад мастака

— Трымалі нашы супрацоўнікі гаспадарку: хляўчукі стаялі паводдаль. Калі ў брата Мар’яна нарадзіліся двайняты, мы купілі карову. Каб на канікулах маленькія жыхары не сваволілі на вачах у адпачываючых, а гэта былі і пісьменнікі, і мастакі, і дзяржаўныя дзеячы, і артысты, дзяцей адпраўлялі ў піянерскі лагер, што знаходзіўся непадалёку.

Раптам Ядзвіга Іванаўна сціхае, намацвае свой кіёк, уздымаецца з канапы і паціху крочыць да крэсла. Падумалася, што захацела бабуля перасесці. Аднак тая асцярожна дастала схаваны за сценкай малюнак. Гляджу, а там аўтограф мастака Уладзіміра Стэльмашонка. Работа 1996 года.

— Намаляваў мяне хутка. Праўда, узнагароды загадалі начапіць. Бачыце, у цэнтры медаль «Ветэран працы». Больш за пяцьдзясят год у санаторыі адпрацавала. Партрэт вісеў у музеі, ды я забрала яго сабе на памяць, — дае тлумачэнні Ядзвіга Іванаўна.

— Раскажы, з кім яшчэ са знакамітасцяў сустракалася, — раз-пораз уступае ў размову яе дачка Валя.

— І Машэраў адпачываў, і Змітрок Бядуля, і Канстанцыя Буйло, сяброўка цеці Уладзі. Дзе цяпер усіх прыпомніш. У іншых нават персанальны пакой быў. Прыязджала і сама Уладзя, заўсёды з падарункамі для дзяцей, якіх вельмі любіла. Перш чым аддаць цукерку, прасіла вершык расказаць.

Бабуліна хустка

Валянціна Цімафееўна таксама паказала дарагі яе сэрцу напамінак пра бабулю. Усе Купалавы пляменнікі, а пасля і ўнучатыя, хто вучыўся ў Мінску, жылі ў яго доме ў Омскім завулку. Цяпер гэта вуліца Румянцава. Калі не стала ў 1960 годзе Уладзіславы Францаўны, іх даглядала Марыя Дамінікаўна, якая тады жыла ў Мінску, Валіна бабуля, ад якой яна навучылася і смачна гатаваць, і весці хатнюю гаспадарку. Уладка загадала, што будзе гэты дом для ўсёй радні.

— Пакуль мы спім раніцой, а я тады вучылася ў медвучылішчы, бабуля ўжо вернецца з Камароўкі, прынясе прадукты. Хуценька згатуе сняданак і абед, — успамінае Валянціна Цімафееўна. — Яшчэ пры жыцці Уладзі на «абяды», як казалі ў доме на польскі манер, запрашаліся розныя госці. Частавалі тут і тушаным зайцам, і рознымі беларускімі стравамі. «Вось глядзі», — гаварыла яна мне, перадаючы ўсе прамудрасці гаспадыні. Бабуля ніколі не сядзела без справы. Кажуць, і памерла, шыючы кашулю. Нас, навучэнцаў, тады якраз адправілі на бульбу. Я прыехала ўжо развітацца з ёю назаўсёды. Тады на памяць узяла вось гэту шаўковую хустачку. Бабуля любіла накідваць яе на плечы. Якая яшчэ засталася памяць? Вось кніжкі Янкі Купалы 1957 года выдання. Яшчэ нам даслалі радавое дрэва Купалы, састаўленае супрацоўнікамі музея. Наш род Аблачынскіх на ім самы разгалінаваны. І кожны з нас будзе несці памяць пра Купалу.

Алена КЛІМОВІЧ, «БН»

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter