Sounduk 9 июля выступит в Купаловском театре

Я хачу ўбачыць мора

Sounduk дасць канцэрт 9 ліпеня ў Купалаўскім тэатры
Пачатак ліпеня – час, калі большасць акцёраў пакуюць свае чамаданы, збіраючыся ў адпачынак. Тэатральны сезон скончаны, можна змыць грым і на час забыць пра сцэну. У Ганны Хітрык інакш, яна пакуль не можа спыніцца. Раз за разам корпаецца ў сваім куфары, дастаючы адтуль новыя песні, рэквізіт, – усё проста: рыхтуецца да канцэрта, які яе Sounduk дасць 9 ліпеня ў родным Купалаўскім тэатры.



— Аня, няўжо не стаміліся за год?

— Гэта, мабыць, быў мой самы складаны сезон у тэатры за пятнаццаць гадоў. З-за «Чайкі», нешта яна мяне выматала.

— Магчыма, роля Ніны Зарэчнай – не ваша?

— Мне заўсёды здаецца, што выконваю не свае ролі. Адчуваю сябе камфортна, калі магу прыкрыцца: крыўляцца, хуліганіць. Хвала і пашана Мікалаю Пінігіну, што ён паспрабаваў з мяне выцягнуць у «Чайцы». Тут трэба быць і жаноцкай, і маленькай, і дарослай. Я не люблю быць дарослай цёткай, але гэта вельмі цікавая роля. Добра, што ў мяне быў такі вопыт.

— Быў у вас і вопыт выступлення са сваім музычным гуртом на Купалаўскай сцэне. Вырашылі зрабіць гэта традыцыяй?

— Звычайна мы заканчвалі сезон у якім-небудзь клубе – спявалі вясёлыя песні, хуліганілі. Зараз захацелася іншага. Доўга думала, што б гэта магло быць, і тут у тэатры адкрываецца камерная сцэна. Я спецыяльна паглядзела там некалькі спектакляў і зразумела, што мне ўсё падабаецца, месца нагадвае маленькую арэну. 

— У мінулым годзе перад канцэртам у тэатры вы разгарнулі сапраўдную піяр-акцыю, далі вельмі шмат інтэрв’ю, цяпер жа — цішыня. Гэта значыць, што ў гурта ўжо такая папулярнасць, што яму не патрэбна рэклама?

— Не зусім так. Папярэдні кан-цэрт у Купалаўскім адбыўся на вялікай сцэне. Ён быў падобны на спектакль, я не сказала ніводнага лішняга слова, хаця заўсёды шмат размаўляю з публікай. І ўсе тыя інтэрв’ю я раздавала для таго, каб падрыхтаваць слухачоў да гэтага.

Зараз жа мы выступаем на камернай сцэне. Гэта, можна сказаць, звычайны кватэрнік. На жаль, я не магу запрасіць да сябе дадому шмат людзей, таму хачу сабраць сваіх сяброў і прыхільнікаў у невялікай тэатральнай зале, дзе ўсяго сто месцаў. Таму асаблівы піяр не патрэбны, тым больш што на гэты раз загадзя не хачу прыадкрываць засланку.



— Дзіўна, бо выканаўцы заўсёды намагаюцца сабраць як мага большую залу. Для вас няма розніцы: пяцьсот або сто?

— Ёсць, і часам сто — гэта значна лепш, чым пяцьсот. Усё залежыць ад фармату канцэрта. Ёсць рэчы, якія ты кажаш у інтымнай абстаноўцы, знаходзячыся на адлегласці выцягнутай рукі ад суразмоўцы, а бывае, калі табе хочацца крычаць, каб чула як мага больш людзей. Зараз мы проста запрашаем сяброў перад трохмесячным расставаннем. Таму мне не хочацца дурнога піяру тыпу: «Толькі адзін раз на Купалаўскай сцэне...». Гэты канцэрт — своеасаблівы эксперымент, на камернай сцэне яшчэ нічога падобнага не было. Калі ўсё атрымаецца добра, тады будзем часцей запрашаць туды сваіх слухачоў.

— Вам  днямi споўнілася 35 гадоў. Гэта ўзрост, калі дзяцінства сапраўды скончылася. Вы змяніліся? Многія з цікавасцю назіраюць, калі ж Аня Хітрык здыме кеды?

— Сёння я сапраўды ў кедах, а ўчора — у туфлях. Але справа не ў гэтым. Напэўна, унутрана я сапраўды змянілася, дзякуючы сыну, працы, у тым ліку «Чайцы». Але гэта адбылося не ў адзін момант. Напрыклад, сёння па дарозе ў дзіцячы садок я раптам стала ўважліва разглядаць кветачкі. Сама здзівілася такому стану. Магчыма, проста вельмі стамілася і мне хочацца на прыроду. Ведаеце, гэта якраз і тлумачыць, чаму мы робім канцэрт у ціхай хатняй абстаноўцы, а не крычым: «Гэй, хлопцы, хадзем усе купацца, веся-ліцца!»

— Якая з роляў – актрысы, музыканта ці маці і жонкі – вам бліжэй?

— Не ведаю, якую з іх я выконваю лепш, але галоўнае для мяне — гэта сям’я. Муж і сын — два самыя галоўныя для мяне чалавекі. Я ніколі не зраблю выбар на карысць канцэрта ў «Алімпійскім», калі маёй сям’і будзе ад гэтага дрэнна. Сын — мая дакладная копія, толькі яшчэ больш актыўны. Што можа быць даражэй? Тэатр — гэта мая праца, працую там пятнаццаць гадоў, мяне задавальняе. У тэатры ёсць рэжысёр, які ўсё за цябе прыдумляе, табе трэба проста выйсці на сцэну і сыграць. З музычным гуртам больш складана, там практычна ўсё на маіх плячах, нават крэслы і люстэркі, якімі трэба ўпрыгожыць сцэну.

— Вы запатрабаваная тэатральная актрыса, але мала здымаецеся ў кіно. Чаму?

— Апошні год не здымаюся наогул. У гэтай справе трэба пастаянна нагадваць пра сябе, насіць фатаграфіі ў патрэбныя месцы. У мяне на гэта няма часу. Хаця калі вельмі захацець, то яго можна было б знайсці. Але ўнутрана адчуваю, што цяпер мне гэта не трэба. Я б хацела, каб здымаўся мой муж (Сяргей Рудэня – акцёр Купалаўскага тэатра. – Аўт.), ён таленавіты кіношны акцёр, у яго цікавы твар, які можна па-рознаму выкарыстоўваць. Заўсёды з’ядаю сябе знутры, калі мала часу праводжу з сынам. І калі б мне прыйшлося некалькі дзён знаходзіцца ўдалечыні ад яго, то звар’яцела б. 

— У вас такая шалёная занятасць, не баіцеся згарэць?

— Баюся. Таму і імкнуся часам схавацца ад старонніх людзей. Выязджаем у вёску да сястры, там у нас добрая сямейная атмасфера.

— Дарэчы, пра сям’ю. Вы ніколі не расказваеце пра сваіх бацькоў...

— Яны загінулі, калі я была маленькай, мяне выхоўвалі іншыя людзі. 

— Калі б у вас з’явілася магчымасць нешта змяніць у жыцці, што б перайначылі?

— Напэўна, нічога. Аднойчы, калі яшчэ існаваў гурт «Дзеці дзяцей», я адмовілася ад адной вельмі выгаднай прапановы, якая магла прасунуць нашу музыку ў Маскве, і мяне ў прыватнасці. Шкадавала пра гэта? Я потым чыста па-жаночаму сабе сказала: «Тады б у мяне не было Сцёпы і Сярожы». У «Чайцы» ёсць песня, у якой некалькі разоў паўтараецца радок: «Не трэба глядзець назад», і гэта абсалютная праўда. Так, не адмоўся я ад некаторых праектаў, магла б мець больш грошай. Для кагосьці мець дарагія шмоткі, залатыя цацкі — гэта вельмі важна. Я іншая. Атрымліваю асалоду ад жыцця проста седзячы ў вёсцы, нават калі там няма ракі ці возера. Часам, праўда, вельмі хочацца бачыць ваду. Вось да мора мы і паедзем усёй сям’ёй.

Наталля СЦЯПУРА 

stepuro@rambler.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter