У інтэрнэце ўжо пачынаецца плач школьнікаў на тэму набліжэння верасня

Я каляндар перагарну

Жарты пра 32 жніўня блізка. У стужцы ўжо паволі пачынаецца плач школьнікаў на тэму набліжэння верасня. Кожнае другое паведамленне — жарт з тыповых фразачак настаўнікаў тыпу «не бачу лес рук», «раз ніхто адказваць не хоча, пройдземся па спісе», «закрываем падручнікі, дастаём падвойныя лісточкі»...


У школу я пайшла ў сем гадоў. Хоць прасіла бацькоў аддаць раней — у садзе мне не падабалася. Там прымушалі есці манную кашу з камячкамі і сябраваць з Аняй. Аню палічылі дрэннай актрысай і аддалі яе ролю ў дзіцячым спектаклі мне. Памятаю, мне нават даверылі граць на бубне. Ці гэта ўсё ж такі быў маракас? Я так і не высветліла. З тых часоў Аня мяне люта зненавідзела. Ды так, што падчас ціхай гадзіны залезла ў маю шафу і адгрызла нос маёй ляльцы. Таму школу я чакала як каляднага цуду.

...У той дзень мама разбудзіла мяне рана. Апранула ў белыя калготкі і плісіраваную чорную спаднічку з белай блузкай. Мама была прадстаўніком «олд скул» і лічыла, што ў гэты дзень на дзяўчынцы абавязкова павінен быць банцік, дакладней банцішча. З боем і слязьмі мне прычапілі два дурацкія белыя банты, кожны памерам з галаву, і зацягнулі іх ад душы (каб не зняла). Так пачыналася маё першае 1 верасня.

Пра кветкі забылася! Куды ж без іх? Іх мы загадзя вырасцілі ў агародзе. У дзень «Х» тата ў пяць гадзін раніцы павалокся на дачу і зрэзаў там свежыя гладыёлусы. Ён доўга сварыўся з мамай, маўляў, чаму нельга купіць букет у краме «як усе нармальныя людзі». На лінейцы высветлілася, што нармальных у бацькавым разуменні людзей амаль няма: большасць таксама прыйшлі з «уласнымi» гладыёлусамі і астрамі.

Я дрэнна разумела, што адбываецца. Усю лінейку чула, як нейкія дзядзі і цёці казалі пафасныя прамовы аб уступленні ў дарослае жыццё. Потым праз спіны дзяцей стала віднецца галава дзяўчынкі, якая сядзела на плячы хлопца і сутаргава трызвоніла ў званочак. Усё. Больш нічога не бачыла. Маленькая была, як тады казалі, ростам з два партфелі. А дзеці трымалі велізарныя букеты. Усё імі засланялі і пастаянна шамацелі цэлафанавымі абгорткамі.

Потым мне ўручылі велізарны букет і даверылі ганаровую місію: ад імя ўсіх першаклашак павіншаваць дырэктара школы з пачаткам навучальнага года. Незнаёмая жанчына (як пазней высветлілася — мая першая настаўніца) узяла мяне за руку і доўга вяла па вузкіх калідорах у дырэктарскую. Там ужо пачаўся сход бацькоў і настаўнікаў. Падыходжу да дырэктара — усе замаўкаюць і пільна глядзяць на мяне. Я разгубілася і нясмела так кажу: «Віншую вас. З 8 Сакавіка». І ўсё б нічога, але дырэктарам аказаўся мужчына. Смеху ж было!

Потым мама дастала з чахла «мыльніцу» Canon, набытую спецыяльна для гэтага важнага дня:

— Зараз я цябе сфоткаю!

— Мам, я не гато... (гук успышкі)

На здымку на векі вечныя застаўся мой перакрыўлены твар. Далей магу пісаць шмат. І пра тое, як бацькі паставілі гэты здымак у рамку і «ўгараюць» з яго дагэтуль. І пра тое, як пры кожным зручным выпадку дэманструюць яго гасцям. І пра плоскія жарты тыпу «ёй толькі што паведамілі, што на пенсію праз 60 гадоў», «прысуд канчатковы і абскарджанню не падлягае, тэрмін 11 гадоў»...

...Гады ідуць, але нічога не мяняецца. 1 верасня па-ранейшаму нагадвае апакаліпсіс, да якога бацькі рыхтуюць дзяцей месяцамі. Змятаюць з прылаўкаў пінжакі і спадніцы, забіваюць скрыні сталоў пісьмовымі прыладамі і спусташаюць кветкавыя крамы. А паспрабуйце ў канцы жніўня запісацца на манікюр? Місія невыканальная. Увесь час зарэзерваваны школьніцамі.

Школьнікі плачуцца: «Блін, хутка 1 верасня. Трэба кучу ўсяго купіць. А потым яшчэ хатнія заданні там усялякія... Хачу вырасці, а не вось гэта вось усё». Што б я пажадала сказаць гэтым школьнікам? Сябры, вырастайце, і ўсё будзе супер! Можна гуляць і весяліцца! Нават па дарозе на свае тры работы.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter