Яўген Казюкін заўсёды ўмеў адстаяць справядлівасць

Цярністым быў яго шлях да абранай прафесіі.

У АПОШНІЯ жнівеньскія дні, калі ў след за цяплом птушынае царства кіруецца ў вырай, летась у свой вечны вырай адляцеў Яўген Фёдаравіч КАЗЮКІН, які ўсё жыццё прысвяціў любімай справе — журналістыцы

Цярністым быў яго шлях да абранай прафесіі.

Сялянскі сын з Веткаўскага раёна ў сіроцкія пасляваенныя гады як мог зацвярджаў сябе ў жыцці. Добрушскае прафтэхвучылішча механізацыі, дзе атрымаў прафесію трактарыста-машыніста, служба ў Савецкай арміі, вучоба на запаветным аддзяленні журналістыкі Белдзяржуніверсітэта і потым да самага выхаду на пенсію — любімая работа на Беларускім радыё, якая ўзняла яго да вяршынь творчасці.

Амаль сорак гадоў матэрыялы розных жанраў радыёжурналістыкі Яўгена Фёдаравіча ўпрыгожвалі роднай мовай радыёэфір. Яму давяралі асвятляць самыя актуальныя і адказныя тэмы. Яго рэпартажы з новабудоўляў, радыёнарысы пра вядомых людзей рэспублікі, аналітычныя карэспандэнцыі грамадска-палітычнага жыцця, абгрунтаваныя журналісцкія расследаванні мелі вялікі рэзананс у грамадстве. Журналісту Казюкіну пісалі ўдзячныя радыёслухачы і чытачы, да яго звярталіся за парадай і дапамогай. І ён знаходзіў час выслухаць, разабрацца, калі неабходна — дапамагчы. Шчодра дзяліўся з маладымі калегамі багатым творчым вопытам, жыццёвай мудрасцю, вучыў іх журналісцкай этыцы і этыкету. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак Яўген Фёдаравіч бліскуча заявіў сябе ў газетнай журналістыцы. Пастаянна друкаваўся і на старонках нашай газеты. Умеў знаходзіць цікавых герояў, захапляльна распавядаў пра іх. Яго грунтоўныя артыкулы на самыя розныя тэмы яшчэ год назад узбагачалі самыя папулярныя беларускія газеты. Як сапраўдны майстар слова ён сваім цудоўным стылем кранаў сэрцы чытачоў, умеў здзіўляць цікавымі фактамі, дабірацца да самых глыбінь у раскрыцці тэмы, даступна і лаканічна выказваць сваю думку, чым і пакінуў яскравы след у беларускай журналістыцы.

ВОСЬ як узгадваюць пра Яўгена Фёдаравіча Казюкіна прадстаўнікі розных прафесій.

Алена АЎРЫНСКАЯ, заслужаны работнік культуры БССР:

— З Яўгенам Казюкіным мы вучыліся на аддзяленні журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Малады, прыгожы, статны ўчарашні салдат адразу заявіў пра сябе на нашым факультэце. Яго песні пад гітару краналі ўсіх. У студэнцкія гады і потым усё жыццё ён не расставаўся з сяміструннай сяброўкай. Сам пісаў словы і музыку песень і пад гітару іх выконваў. Хіба можна забыць яго выступленне пад гітару на выпускным універсітэцкім вечары, калі ён з сябрамі спяваў складзены ім развітальны гімн. Уся актавая зала ледзьве не рыдала ад пачуццяў. Пранікнёныя словы таго гімна — развітання з родным БДУ назаўсёды засталіся ў маёй памяці. Увесь універсітэт ведаў апантанага гітарыста Жэню Казюкіна.

Праз усё сваё жыццё ён прайшоў прыгожа і годна. Падчас працы на Беларускім радыё ні адна ўрачыстасць не праходзіла без яго песень пад гітару, якія ўпрыгожвалі і радыёэфір. Як тая рамантычная песня Яўгена пра дзяўчыну-паляшучку, што над рэчкай Ясельдай пра шчасце пяе.

У эфіры журналіст Казюкін вызначаўся ўменнем заінтрыгаваць слухача, арыгінальнасцю лаканічнай падачы матэрыялу, свежасцю думкі і тактоўнасцю. Яго матэрыялы, як на радыё, так потым і ў газетах, грунтаваліся на дакладных фактах, дэталях. І не выпадкова яму давяраліся самыя адказныя выпускі на Беларускім радыё.

Няўрымслівы, заўзяты журналіст Яўген Казюкін і на пенсіі не развітваўся з любімай справай. У вядучых рэспубліканскіх газетах пастаянна з’яўляліся яго інтрыгуючыя публікацыі, якія яднаў высокі аўтарскі прафесіяналізм. На маю думку, лепш, чым Яўген Казюкін, ніхто ў беларускай прэсе не пісаў тах хораша пра ветэранаў вайны і працы. Пасля публікацыі яго нарыса пра легендарнага франтавіка Канабанава, што мужна змагаўся з фашыстамі на Ленінградскім фронце падчас Вялікай Айчыннай вайны, у рэдакцыю газеты Першамайскага раёна Мінска, дзе я працавала, звярнуліся тыя самыя нямецкія ветэраны, з якімі ваяваў адважны савецкі франтавік, каб пакланіцца яго магіле. Пасля той публікацыі былі званкі падзякі з горада-героя Ленінграда журналісту Яўгену Казюкіну за змястоўны расказ пра іх баявога сябра Канабанава.

Лічу, што лепшай памяццю пра таленавітага беларускага журналіста Яўгена Фёдаравіча Казюкіна было б выданне асобнага зборніка яго найбольш яскравых газетных публікацый, якія, я думаю, узрушаць сэрцы будучых чытачоў.

Анатоль БУЛЫНЯ, дырэктар Дзяржаўнага аб’яднання па меліярацыі зямель, воднай і рыбнай гаспадарцы Рэспублікі Беларусь:

— Мне пашчасціла быць знаёмым з гэтым таленавітым беларускім майстрам слова. Яго матэрыялы ў перыядычных выданнях заўжды вызначаліся своеасаблівым стылем, манерай падачы, грунтоўнасцю раскрыцця тэмы. Здавалася б, што можна новага сказаць пра рыбу, якую мы вырошчваем у нашых штучных вадаёмах. А Яўген Фёдаравіч так пераканаўча пісаў пра рыбу і яе карысць для нашага здароўя, што нельга было адарвацца ад гэтых матэрыялаў. Пасля іх публікацыі да нас звычайна сыпаўся шквал званкоў. Ды і самае галоўнае — рэалізацыя гэтай своеасаблівай прадукцыі рэзка ўзрастала. Вось што значыць — талент журналіста!

У сваіх газетных публікацыях Яўген Казюкін заўжды даваў справядлівыя ацэнкі дзеянням людзей. Яго журналісцкая пазіцыя вызначалася аб’ектыўнасцю і прынцыповасцю. Ён глыбока разбіраўся ва ўсіх складаных сітуацыях і не па чыіхсьці словах ці меркаваннях, а дасканала ўнікаў у справу і разбіраўся па сутнасці, каб нікога не пакрыўдзіць. Яго ацэнкі вызначаліся высокай ступенню аб’ектыўнасці. Умеў адстаяць прынцыповасць і справядлівасць.

Вось адзін прыклад. Некалькі гадоў таму дырэктар рыбнай гаспадаркі «Грыцава» Маладзечанскага раёна Дзмітрый Бягун быў асуджаны на чатыры гады строгага рэжыму. Родныя яго звярнуліся да журналіста Казюкіна разабрацца з несправядлівым прыгаворам. Яўген Фёдаравіч меў права адмовіцца ад разгляду скаргі, але ўзяўся за далёка няпростае расследаванне. Выязджаў у рыбную гаспадарку, сустракаўся з рабочымі, неаднойчы меў размову са следчым, які вёў гэтую справу. Карпатліва вывучыў усе дакументы следства, і ў выніку ў газеце з’явілася яго журналісцкае даследаванне. Рэзананс на яго атрымаўся выключна моцны. Суд вымушаны быў перагледзець раней вынесенае рашэнне і адмяніць яго. Гэта і ёсць узор сапраўднай журналістыкі.

Браніслаў ТРАЯНОЎСКІ, намеснік старшыні СВК «Агарэвічы» Ганцавіцкага раёна:

— З журналістам Яўгенам Казюкіным я знаёмы па публікацыях на старонках «Белорусской нивы», якую я выпісваю на працягу многіх гадоў. З вялікім нецярпеннем я чакаў сустрэчы з гэтым арыгінальным аўтарам. Кожны яго артыкул падкупляў навізной, адкрыццём невядомага. Не магу забыць артыкул Яўгена Казюкіна, у якім ён разам з беларускімі вучонымі пераканаўча даказаў, што голад зямлянам не пагражае. Ці яшчэ адзін яго цікавы артыкул пра беларускі спадарожнік, які дапаможа вырошчваць багатыя ўраджаі, нават зазірне глыбока ў нетры зямлі ў пошуках алмазаў і нафтавых залежаў. Кожны газетны матэрыял журналіста Казюкіна прасякнуты аналізам і напоўнены глыбокім сэнсам. А яшчэ мяне заўжды краналі ўдалыя загалоўкі яго публікацый, напрыклад, вось такая: «Белорусские рогули в Самару и Брянск махнули». Адразу ж хочацца даведацца пра гэтых рагуль. Вось такіх бы паболей журналістаў, як Яўген Казюкін. Мы заўжды ў гаспадарцы ў перапынку паміж працай абмяркоўваем, што піша прэса, і зараз нам так не стае неардынарных матэрыялаў гэтага абсалютна таленавітага журналіста. Няхай яму на нябёсах будзе добра!  

Яўгенія АРЦЮШКЕВІЧ, журналіст Беларускага радыё:

— Для мяне Яўген Фёдаравіч Казюкін — узор інтэлігентнасці, высокага інтэлекту і апантанай працаздольнасці. Так склаўся лёс, што амаль трыццаць гадоў мы працавалі з ім у адным кабінеце Дома радыё ў Мінску. І ўвесь гэты час ён быў непасрэдным маім кіраўніком, але ніколі гэта не падкрэсліваў. Умеў карэктна патрабаваць, неназойліва дапамагчы, калі трэба — падказаць, як выйсці са складанай сітуацыі, на што звярнуць увагу ў матэрыяле, які рыхтуецца для эфіру. Дасканала ведаў усе тонкасці работы ў радыёжурналістыцы і шчодра дзяліўся з намі, маладымі яго калегамі. Сам жа прайшоў усе ступенькі радыёжурналістыкі — ад рэпарцёра да намесніка галоўнага рэдактара Галоўнай рэдакцыі народнай гаспадаркі Беларускага радыё. Пунктуальнасць і ветлівасць з усімі заўжды адчуваліся ў ім. У складаныя працоўныя моманты ўмеў зняць напружанне трапным жартам, сваёй абаяльнай усмешкай. Ніколі яго не стамлялі шматлікія творчыя вандроўкі, мантажы эфірных праграм, каласальная загружанасць. Пры ўсім гэтым вельмі даражыў сям’ёй, з вялікай ахвотай дзяліўся з намі прыемнымі сямейнымі навінамі. Разам з жонкай Нінай Іванаўнай пяшчотна выхоўвалі двух дачок, а потым і ўнукаў. Бязмернай была яго сыноўская любоў да маці. Амаль штодня званіў ёй, даволі часта наведваў яе ў роднай вёсцы Старое Сяло Веткаўскага раёна. Шчодра дзяліўся з людзьмі цеплынёй сваёй душы, элегантна апранаўся, цярпець не мог хамства і грубасці.

А як заўзята частаваў нас сваімі хатнімі прысмакамі, якіх у яго ў любы час года было шмат. Цаніў дружбу і ўмеў падтрымліваць яе. Для нас, яго калег, высокім узорам былі шчырыя сяброўскія адносіны журналіста Яўгена Казюкіна і вядомага кампазітара Ігара Лучанка. Пэўна, іх ядналі высокі прафесіяналізм і чалавечая годнасць.

У нашым радыйным калектыве Яўген Фёдаравіч быў душой кампаніі. Яго спадарожніца-гітара аб’ядноўвала, надавала настрою, бадзёрасці. А колькі светлыні ў сваіх радыёпраграмах ён нёс людзям!

ДА ГЭТЫХ успамінаў можна дадаць яшчэ шмат самых цёплых слоў пра таленавітага журналіста Яўгена Фёдаравіча Казюкіна, пад кіраўніцтвам якога я амаль дваццаць гадоў працаваў у рэдакцыйным калектыве Беларускага радыё. Мяне больш за ўсё краналі ў ім далікатнасць ў размове з людзьмі любога рангу і незвычайная акуратнасць ва ўсім: ад манеры быць заўжды апранутым, як кажуць, «пры парадзе», да службовых адносін. Колькі б ён ні правіў аўтарскі матэрыял, але ніколі не папракаў аўтара. Умеў яднаць усіх у калектыве.

Яўген Фёдаравіч Казюкін па праву высокапрафесійнай творчасцю ўпісаў сваё імя ў гісторыю беларускай журналістыкі.

Амаль праз паўгода пасля развітання з ім у малодшай дачкі Любы нарадзілася дзяўчынка, вельмі падобная на дзядулю, таму і імя яго атрымала. Расці шчаслівай, Жэнька!

Уладзімір СУБАТ, «БН»

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter