З прарыву выводзіць ляхавіцкае ААТ «Шлях новы» малады дырэктар Яўген Бондар

Яўген Бондар, дырэктар ААТ «Шлях новы» Ляхавіцкага раёна: «Важна не толькі пачуць чалавека, але і дапамагчы яму»

Ляхавіцкае ААТ «Шлях новы» на пачатку года ўзначаліў выпускнік Беларускага дзяржагратэхуніверсітэта Яўген БОНДАР. Гаспадарка па асноўных вытворчых паказчыках замыкала раённую зводку. На фермах востра стаяла праблема кармоў. Не было парадку на мехдвары. Большасць тэхнікі стаяла няспраўнай. Вясною Яўген Уладзіміравіч звярнуўся за дапамогай да суседзяў, і яны адгукнуліся. 


Новы кіраўнік жорстка паставіў заслон парушальнікам працоўнай дысцыпліны. Не ўсе вытрымалі такую патрабавальнасць. Некаторыя галоўныя спецыялісты падалі заявы на звальненне. Іх пасады доўга не засталіся вакантнымі. Вакол маладога дырэктара падбіралася каманда аднадумцаў. У сціслыя тэрміны гаспадарка завяршыла жніво. Багата запоўніліся збожжам засекі. Корманарыхтоўчыя агрэгаты ўбіраюць кукурузу на сілас. Звыш 300 цэнтнераў зялёнай масы дае кожны гектар. У вызначаныя агратэхнічныя тэрміны завершана сяўба азімага рапсу. Паступова нарошчваецца валавая вытворчасць малака. Справы ў гаспадарцы спорацца, і гэта вяртае працоўнаму калектыву ўпэўненасць у сваіх сілах.

СЕЛЬГАСУГОДДЗІ ААТ «Шлях новы» выцягнуліся ўздоўж 15-кіламетровай аўтатрасы з Баранавіч на Ляхавічы. Паабапал уражваюць прыгажосцю залітыя восеньскім сонцам перакацістыя масівы палёў, пойменныя нізіны рэчкі Ведзьмы, густанаселеныя вёскі са шпілямі векавога мураванага касцёла і новай царквы, велічныя карпусы сучасных жывёлагадоўчых комплексаў і іншых вытворчых пабудоў. 

Ляхавіцкая зямля тугім коласам адгукаецца на старанне хлебаробаў. Звыш 9 тысяч збожжа засыпана ў засекі ААТ «Шлях новы», што на паўтысячы тон больш леташняга. Удосталь для сваіх патрэб, і на продаж хапае. З сумесі шматгадовых траў назапашана ў рулонах больш за 300 тон сенажу. Зялёнай масай кукурузы поўняцца сіласныя траншэі. На прасторнай кукурузнай плантацыі, куды завіталі з Яўгенам Бондарам, два корманарыхтоўчыя агрэгаты бесперапынна на хаду загружалі скошаным фуражом кузавы самазвалаў і трактарныя прычэпы. Побач з малочна-таварнай фермай «Навасёлкі» на сіласнай траншэі «Амкадор» трамбаваў зялёную масу. За тэхналогіяй закладкі сачыла аграном Настасся Юхо.

— Імкнемся закласці паўтарагадовы запас кармоў, — разважае Яўген Уладзіміравіч. — За тры дні запаўняем траншэю на 2000 тон. Такія тэмпы прыдаюць настрою механізатарам. Людзі ў нас розныя па ўзросту, характару, адукаванасці. Імкнуся вышукваць варыянты матывацыі да працы. На жніве, акрамя грашовых выплат, эксперыментавалі дадаткова выдаваць натураплату. Раней яе атрымлівалі толькі камбайнеры, а сёлета ахапілі ўсіх, хто працаваў на ўборцы збожжавых. Двайную норму збажыны атрымала сям’я камбайнера Юрыя Бубена. Разам з бацькам працаваў на жніве сын Ягор. Сямейны экіпаж стараннем даказаў адданасць справе. Памятаю, як мне на гэтага механізатара скардзіліся былыя спецыялісты, што не спраўляецца. А дзе іншага ўзяць? Выслухаў яго і, наадварот, падтрымаў. Юрый Бубен на трактары МТЗ-1221 — адзін з лепшых на сяўбе азімых.

Пэўна, кіраўніку важна не толькі пачуць, падтрымаць чалавека, а таксама пры неабходнасці дапамагчы яму. Жывёлаводка Вольга Пранчак з навасёлкаўскай малочна-таварнай фермы неаднойчы прасіла былых кіраўнікоў гаспадаркі дапамагчы з жыллём. Абяцалі, але нічога не вырашалі. Звярнулася жанчына да Яўгена Уладзіміравіча, і праблема вырашылася. Для шматдзетнай сям’і рамантуецца жыллё з усімі выгодамі ў 4-кватэрным доме вёскі Флер’янава.

Вадзіцелем у былога дырэктара сельгаспрадпрыемства працаваў Вадзім Якубовіч. Па характару — лідар, умее пастаяць за сябе і сяброў, за словам у кішэню не лезе, энергіі хоць адбаўляй. Яўген Уладзіміравіч заўважыў гэта і прапанаваў яму перасесці на трактар. Працаваць там цяжэй, але заробак значна большы. З энтузіазмам механізатар узяўся за падрыхтоўку «Джон Дзіра» да выхаду ў поле. Сваімі рукамі адрамантаваў і збожжасеялку. На сяўбе збожжавых лідзіраваў. Адрамантаваў і корманарыхтоўчы камбайн «Ягуар», зараз на ім косіць зялёную масу кукурузы на сілас. Чалавек знайшоў сябе ў працы. 

Яўген Уладзіміравіч шчыра прызнаецца: цяжка было пазбаўляцца выпівох, прагульшчыкаў. Але давялося развітацца з такімі асобамі. 

— Як вы лічыце: якасці кіраўніка закладваюцца ў характары ці іх фарміруюць абставіны і час?

— У каго як атрымліваецца. Але, як бы ні было, ты павінен ведаць азы псіхалогіі, умець разбірацца ў лю­дзях. Для паспяховай дзейнасці важна мець і надзейны тыл. З сям’ёю мне пашчасціла. З жонкай Ірынай выхоўваем сына Максіма і дачку Маргарыту. У нас выпрацаваўся сямейны статут: кожны ведае свае абавязкі і правы. Дзяцей прызвычайваем да працы. Жывём у баранавіцкім аграгарадку Жамчужны, што побач з ААТ «Шлях новы». У вядомы агракамбінат «Мір» атрымаў накіраванне пасля заканчэння Жыровіцкага сельгастэхнікума. Пачынаў вядучым інжынерам па эксплуатацыі машынна-трактарнага парка. Завочна закончыў сталічны агратэхнічны ўніверсітэт і стаў першым намеснікам дырэктара. Адказваў за вытворчасць. Часта бываў на Баранавіцкім камбінаце хлебапрадуктаў, якім кіравала энергічная Настасся Рабцэвіч. Калі яна ўзначаліла Ляхавіцкае раённае ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання, прапанавала мне паспрабаваць сябе ў ролі кіраўніка гаспадаркі «Шлях новы». Знаёмства з сельгаспрадпрыемствам не ўразіла мяне. Але вырашыў, што лепш прыняць горшую гаспадарку і вывесці яе з прарыву, чым не справіцца з эканамічна моцнай. Хацелася паспрабаваць свае сілы, таму і прыняў прапанову. 

Пасля высокаэфектыўнага агракамбіната, дзе ўсё максімальна наладжана ў вытворчым працэсе, быццам, вярнуўся на гадоў дзесяць назад. Моцным выпрабаваннем стала веснавая сяўба. Але ўсе палі засеялі, па тэхналогіі даглядалі пасевы і вынік добры атрымалі. Дзевяць збожжаўборачных камбайнаў убралі 650 гектараў азімага рапсу і збожжавыя на 2500 гектарах. Нагрузка на камбайн перавысіла 300 гектараў. Кожны гектар збожжавых даў 45 цэнтнераў зерня. Намалацілі 1850 тон насення рапсу. Кругласутачна працавалі тры сушыльныя комплексы. Нават суседнім гаспадаркам дапамагалі дапрацоўваць зерне. Дзяржзаказ па рэалізацыі збожжа выканалі: рэалізавалі на Баранавіцкі камбінат хлебапрадуктаў 1000 тон збожжа і 400 тон насення рапсу. Вынік нашага агульнага старання відавочны. 

Звычайна кожную раніцу аб’язджаю палі, жывёлагадоўчыя фермы, зазіраю ў рамонтную майстэрню, гутару з людзьмі. Усіх ведаю. Пасля гэтага на ранішнім нарадзе лягчэй з галоўнымі спецыялістамі абмяркоўваць на­дзённыя справы. 

— А як прымаеце рашэнні?

— Для мяне важна паслухаць прапановы спецыялістаў. Кожны з іх больш дэталёва ведае тэхналогію. Але апошняе слова за мною. На пачатку не заўжды атрымлівалася паразуменне. Да майго прыходу тут павялося: ні старэйшага, ні малодшага. Кожны рабіў, як лічыў патрэбным. Панавала расхлябанасць і элементарная адсутнасць працоўнай дысцыпліны. На вытворчых участках дзейнічалі свае правілы. Прапанаваў канцэнтраваць сілы для вырашэння адной задачы і толькі потым пачынаць новую справу. Адна з такіх надзвычай важных спраў — забеспячэнне жывёлагадоўлі кармамі. Вырашылі пашырыць пасевы кукурузы да 2200 гектараў. Закупілі раяніраваныя беларускія сарты. Не было спецыялізаваных сеялак, таму пераабсталявалі зернепасяўныя агрэгаты. Тэрміны сяўбы вясною зацягнулі, але тэхналогію догляду пасеваў вытрымалі. Радуе ўраджай зялёнай масы. 

Заняліся перазалужваннем шматгадовых траў. Восем гадоў там ніякіх агратэхнічных мерапрыемстваў не праводзілася. У раслінаводстве па кожнай культуры распрацавана праграма дзейнасці. Прынятым рашэнням папярэднічае глыбокі аналіз сітуацыі. Часта бывае ў гаспадарцы начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Настасся Рабцэвіч. Яна цікавіцца нашымі справамі, дапамагае па меры неабходнасці.

— Вы толькі пачынаеце кіраваць гаспадаркай. Наша зямля багата на слынных хлебаробаў. «Лятаючым мужыком» назваў савецкі паэт Андрэй Вазнясенскі легендарнага старшыню Уладзіміра Бядулю, заслугі якога ацэнены дзвюма Зоркамі Героя Сацыялістычнай Працы. Неаднойчы даводзілася гутарыць з ім. Клапаціўся Уладзімір Лявонцьевіч не толькі пра высокія ўраджаі, надоі малака, але і пра побыт калгаснікаў. Любіў дзяцей. З саюзнага семінара ў Ленінградзе самалётам прывёз скрынку дэфіцытнага ў савецкія часы марожанага і раздаў яго дзетвары. Вось такі быў старшыня калгаса.

— Бываў Уладзімір Бядуля і ў Жамчужным, калі гаспадаркай кіраваў Герой Сацыялістычнай Працы Аляксандр Дудук. Яны сябравалі. Канешне, у такіх слынных асоб ёсць чаму павучыцца. Роля кіраўніка надзвычай адказная. Ты ўвесь час на віду і ў адказе як за вытворчасць, так і за дабрабыт людзей. 

Маці пастаянна цікавіцца маімі справамі, дапамагае нам выхоўваць дзяцей. Клопатаў у мяне зараз хоць адбаўляй. У канцы месяца трэба забяспечыць выплату заробкаў калектыву. З галоўнымі спецыялістамі аналізую расходы і прыбытак гаспадаркі. Вырашаем, якія затраты паменшыць, што ў першую чаргу набыць для забеспячэння вытворчага працэсу: нафтапрадукты, запчасткі, мінеральныя ўдабрэнні.

— Жніво і сяўба азімых завершаны. Сціхае накал палявых работ. Што зараз найбольш вас хвалюе ў гаспадарчай дзейнасці?

— Вытворчасць малака. Аналізую і вышукваю рэзервы павышэння рэнтабельнасці яго. Пераглядаем са спецыялістамі рацыёны кармлення дойнага статка, балансуем кампаненты фуражу. Заўважаю, што гэта дае станоўчыя вынікі. Павышаецца прадукцыйнасць дойнага статка. Штодзённа рэалізуем на Ляхавіцкі малочны камбінат да 30 тон малака. За паўгода прыбаўленне — звыш 5 тон штосутачна. І гэта толькі дзякуючы павышэнню прадукцыйнасці кароў. Буйной рагатай жывёлы на нашых фермах 7 тысяч галоў, з іх дойны статак — 3 тысячы. Спа­дзяюся, сёлета выйдзем на 3700 кілаграмаў малака ад кожнай каровы. 

— Яўген Уладзіміравіч, якой бачыце перспектыву гаспадаркі?

— Павялічваць дойны статак і нарошчваць вытворчасць малака. Дзеля гэтага плануем пабольшваць вытворчасць кармоў для грамадскага статка. У раслінаводстве, акрамя рапсу, збожжавых, на 300 гектарах вырошчваем цукровыя буракі. 300 гектараў палеткаў аддалі льнозаводу пад лён. Рэалізацыя прадукцыі жывёлагадоўлі і раслінаводства забяспечыць паступленне фінансавых сродкаў, што дасць магчымасць больш эфектыўна развівацца. Ёсць шмат задум на перспектыву.

У раёне сем гаспадарак. Яшчэ на пачатку года наша гаспадарка па большасці паказчыкаў завяршала зводкі. Цяпер сітуацыя мяняецца ў лепшы бок. Ёсць магчымасці стаць упоравень з лепшымі калектывамі раёна і вобласці. Будзем разам імкнуцца да гэтага.

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter