Сёння запускаецца незвычайны сайт, які дасць магчымасць прадпрыемствам пазбавіцца ад сваіх запазычанасцяў. Як гэта працуе?

Выйсце з матрыцы доўгу

Калі фінансы спяваюць рамансы, падтанцоўваць не хочацца зусім. Асабліва, калі гаворка ідзе пра вялікія сумы даўгоў, якія адно прадпрыемства завінаваціла другому, а тое, у сваю чаргу, трэцяму... Званкі, просьбы, суды, пратэрмінаваныя крэдыторскія і дэбіторскія запазычанасці... Як развіваць вытворчасць і зарабляць у такім ста-новішчы? Карэспандэнт «Р» першай пазнаёмілася з новым бясплатным інтэрнэт-рэсурсам dolgovnet.by, які дзякуючы інфармацыйным тэхналогіям дапаможа вырашыць падобныя праблемы.


Зусім нядаўна, у верасні 2017 года, у адным з офісаў па вуліцы Энгельса ў Мінску запрацавала IT-кампанія. Задачу паставіла сабе важную: дапамагчы прадпрыемствам — дзяржаўным і прыватным — пазбавіцца ад даўгоў. З’явілася эксклюзіўная пляцоўка, якая працуе ў любы час дня і ночы. Ужо сёння можна ёю скарыстацца — дастаткова зайсці на dolgovnet.by.

Стол, гаджэты і мінімум папер — вось так у эпоху тэхналогій хутка ва ўсіх будуць выглядаць працоўныя месцы. Ігар Мацкевіч, дырэктар ТАА «СмартФінСофт», паварочвае да нас экран ноўтбука, на якім адкрыты гэты сайт:

— Гэтая інтэрнэт-платформа заклікана дапамагчы нашым камерцыйным арганізацыям і эканоміцы краіны ў цэлым паспрабаваць аздаравіць фінансы. Праект абсалютна новы, і аналагаў яму няма.

Па словах дырэктара кампаніі, па стане на пачатак гэтага года ў краіне ўтварыліся пратэрмінаваныя крэдыторская і дэбіторская запазычанасці па 6 мільярдаў рублёў кожная. Так, праблема ёсць. Таму рэсурс прапануе прадпрыемствам зарэгістравацца і ўнесці інфармацыю пра свае абавязкі з адной мэтай — пазбавіцца ад іх. Як? Пры дапамозе даволі спецыфічнага матэматычнага алгарытму, а гэта ноу-хау кампаніі, унесеныя звесткі апрацоўваюцца і на экране з’яўляецца замкнёны ланцужок даўгоў з некалькіх крэдытораў-даўжнікоў.

— Бачыць гэта можна толькі ў асабістым кабінеце. Усё канфідэнцыяльна. Дзякуючы атрыманай інфармацыі, як спісаць доўг за кошт удзельнікаў паслядоўнага ланцужка, можна пачынаць дзейнічаць над аздараўленнем прадпрыемства, — тлумачыць Ігар Мацкевіч. — Па сутнасці, звёны гэтага ланцуга могуць дамовіцца паміж сабой і прыняць рашэнне запазычанасць спісаць без грошай.

Ігар Мацкевіч паказвае дэманстрацыйную версію сайта (рэальныя звесткі адкрыты толькі іх уладальнікам). Для прыкладу на ёй ланцуг выдуманых арганізацый: вось прадпрыемства № 1 (мы) мае доўг у 200 583 рублі. У ланцугу тры ўдзельнікі. № 1 завінаваціў № 2, № 2 — № 3, а № 3 — № 1. Мы бачым агульную суму доўгу прадпрыемства № 1, але не ведаем (і нам ніколі гэтага не пакажуць), якія пазыкі мае кожны з іншых удзельнікаў ланцуга. Каб утварыўся такі ланцужок, трэба пачакаць максімум суткі пасля таго, як уведзяце інфармацыю ў асабісты кабінет. Безумоўна, чым больш зарэгістраваных удзельнікаў, тым больш эфектыўная праца рэсурсу. Па вялікім рахунку, любы бухгалтар можа нават дзякуючы сваёй праграме 1С трыма клікамі мышы ўнесці ў рэсурс ўсю базу аб запазычанасці на рэсурс і атрымаць вынік.

Убачылі, што праблему можна вырашыць. Што далей? Праца перацякае ў юрыдычную плоскасць. Альбо вашы спецыялісты састаўляюць неабходныя дакументы для ўдзельнікаў ланцуга, каб прыйсці да пагаднення без судовых затрымак, альбо звярнуцца да наступнага рэсурсу кампаніі — lawyers-dn.by. На сайце юрыстаў, якія маюць адпаведную ліцэнзію Міністэрства юстыцыі, можна атрымаць кансультацыю і дапамогу.

Распрацоўшчыкi займаюцца ўкараненнем сістэмы аплаты даўгоў

— Чаму гэта важна? Як правіла, арганізацыі — удзельнікі ланцуга знаходзяцца ў розных рэгіёнах краіны, не ведаюць адзін аднаго. Каб яны паміж сабой прыйшлі да кансенсусу, і патрэбна кваліфікаваная дапамога: юрысты, якія праводзяць перамовы, афармляюць дакументы і закрываюць гэтую здзелку, — працягвае ўводзіць у курс справы Ігар Мацкевіч.

Калі здаецца, што на гэтым заканчваецца ўся праца рэсурсу, то гэта памылка. Ёсць на dolgovnet.by магчымасць прадаць дэбіторскі доўг за рэальныя грошы. Нагадаем, што ў мінулым годзе Прэзідэнт падпісаў Указ «Аб фінансаванні камерцыйных арганізацый пад уступку правоў (патрабаванняў)». Ужо з 1 ліпеня гэтага года пачне працаваць механізм сек’юрытызацыі — гэта інструмент прыцягнення рэфінансавання, які дазволіць нібыта пераўтварыць грашовыя абавязацельствы (крэдыт, пазыку і іншае) у каштоўныя паперы.

— Мы даём пляцоўку для размяшчэння аб’яў аб продажы такой запазычанасці. Свайго роду гэта «дошка аб’яў», — паказвае, як усё працуе на сайце, Ігар Мацкевіч. — Да прыкладу, крэдытора абцяжарвае доўг і яму тэрмінова патрэбныя «жывыя» грошы. Гэты доўг на сайце можна саступіць спецыялізаванай фінансавай арганізацыі, якая выплаціць яго крэдытору, а пасля будзе планава вяртаць яго ад даўжнiка.

На такой «біржы» можна ўбачыць рэальную інфармацыю аб даўжнiку і зразумець, наколькі ліквідныя яго пасівы. Зараз працуюць яны над стварэннем рэйтынгу даўгоў і даўжнікоў. Гэта значыць, калі фірма-«аднадзёнка» спрабуе прадаць свае даўгі, якія яна назапасіла толькі таму, што не ажыццяўляе ніякую дзейнасць і знаходзіцца проста ў стадыі ліквідацыі, то карыстальнік сайта гэта адразу ўбачыць.

Пакуль няясна, як айцішнікі на гэтым заробяць. Кампаніі, якія займаюцца рэфінансаваннем запазычанасці, павінны ж аднекуль браць інфармацыю пра тое, хто мае патрэбу ў такой паслузе. Вось тут і ёсць момант манетызацыі. Каб атрымаць звесткі аб тым, хто прадае доўг, яго неабходна ў рэсурсу купіць за 10 рублёў.

Якія планы ў кампаніі далей? Стаць рэзідэнтамі ПВТ, выйсці на рынкі Расіі, Украіны, Казахстана і іншых краін. Далей у ідэале — давесці ўсе працэсы рэсурсу да аўтаматызацыі.

— Наш рэсурс цалкам падыходзіць для ўкаранення блакчэйна: у будучыні працу юрыстаў змогуць замяніць смарт-кантракты, токены — індывідуалізацыю даўгоў унутры сістэмы, — упэўнены Ігар Мацкевіч. — Такі рэсурс неабходны. Так, усе саромеюцца даўгоў. Але кіраўнік, які зацікаўлены ў фінансавым аздараўленні, развіцці, мадэрнізацыі прадпрыемства, а не ў тым, каб бясконца разграбаць завалы пратэрмінаваных старых запазычанасцей, будзе гэтым займацца. Адказныя людзі разумеюць: трэба разлічвацца з даўгамі. І рабіць гэта неабходна своечасова.

Яшчэ адно новаўвядзенне фінансавых IT-распрацоўшчыкаў — стварэнне бясплатнага мабільнага дадатку — QR-belinfo. Ён дазваляе згенерыраваць свой персанальны QR-код, які можна выкарыстоўваць замест чарнільнай пячаткі для дакументаў. Ён будзе ўтрымліваць інфармацыю па 17 параметрах: рэгістрацыйную, адрас знаходжання, уключэнне ў пералік камерцыйных арганізацый з павышанай рызыкай здзяйснення правапарушэнняў у эканамічнай сферы і іншыя. Гэта значыць, можна прасканіраваць код контрагента з дапамогай дадатку і даведацца, ці, прасцей кажучы, звязацца з ім.

alinakasel@gmail.com
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter