Кампанія Stadler плануе інвеставаць у 2016 годзе 4-5 млн еўра ў завод у Фаніпалі
Але відавочна, што на адных толькі дамоўленасцях, без глыбокіх змен у самой беларускай эканоміцы, пазітыўных вынікаў не дасягнуць. Актыўная дыскусія пра беларускія эканамічныя рэформы змяшчае розныя пункты погляду і прапановы: ад ультраліберальных да пераважна адміністрацыйных. Нядаўна абазначылася і дзяржаўная пазіцыя: спалучэнне мабілізацыйных мер з новымі падыходамі па падтрымцы экспарту і развіцця малога і сярэдняга бізнесу.
Стаўка на дзелавых людзей
Структурная перабудова эканомікі без паскоранага развіцця малога і сярэдняга бізнесу паспяховай не будзе. Але і адны “малышы” без дзяржаўнай увагі сітуацыю не выцягнуць. Адсюль канкрэтныя меры па развіцці прыватнага прадпрымальніцтва, закладзеныя ў адпаведную профільную праграму, зацверджаную Саветам Міністраў, і ў праграму “Экспарт Беларусі”, падрыхтаваную Міністэрствам замежных спраў.
Нягледзячы на акцыі некаторых прадпрымальнікаў, беларускае кіраўніцтва не пайшло ў іх на павадку. Пытанне аб сертыфікацыі прадукцыі, вырабленай за межамі Еўразійскага эканамічнага саюза, — прынцыповае. Тут улада цвёрда стаіць на сваім. Нацыянальны бізнес (зрэшты, як і дзяржаўны сектар) павінен быць канкурэнтаздольным ва ўмовах гульні па міжнародных прызнаных правілах. Хаос шэрага рынку застаўся ў мінулым.
На прадпрымальнікаў кладзецца цяжар забеспячэння адпаведнасці патрабаванням міжнародных і нацыянальных нарматыўных актаў. Вось тут дзяржава павінна падтрымаць малы і сярэдні бізнес у частцы экспарту, на стадыі раскруткі і г. д.
Доля беларускага малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў валавой дабаўленай вартасці да 2020 года павінна ўзрасці да 32 працэнтаў, а колькасць занятых у гэтым сектары — да 35 працэнтаў ад колькасці занятых. Акрамя таго, пашыранае далучэнне малога і сярэдняга бізнесу да экспартнай дзейнасці, на думку міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея, можа даць значны эканамічны эфект. Прадпрымальнікі будуць запрошаныя ў міжведамасны савет па знешнегандлёвай палітыцы. Беларускія ўлады маюць намер палепшыць пазіцыі краіны ў рэйтынгу “Вядзенне бізнесу”.
Ад сацабязацельстваў не адмовяцца
Нягледзячы на складанасць сітуацыі, беларускае кіраўніцтва адмовілася ад “шокавай тэрапіі”, калі рэформы прадугледжваюць “свабоднае плаванне” дзяржаўных прадпрыемстваў або пераход у рукі прыватных інвестараў. Узамен узяты курс на зніжэнне сабекошту прадукцыі дзяржпрадпрыемстваў на 25 працэнтаў, уразанне капітальных расходаў, скарачэнне затрат на дзяржапарат. Дзяржава імкнецца аптымізаваць затраты з тым, каб не пазбавіць вялікую масу насельніцтва працоўных месцаў.
Прэзідэнцкім указам прадугледжаны меры сацыяльнай абароны адносна не толькі ўразлівых слаёў насельніцтва (моладзь, шматдзетныя сем’і, пажылыя людзі, інваліды і г. д.), але і тых, хто можа страціць працу або трапіць у цяжкую жыццёвую сітуацыю. На падтрымку, уключаючы безнаяўныя жыллёвыя субсідыі, сёлета будзе вылучана 10,8 трыльёна рублёў. Акрамя таго, будуць прымацца меры па стрымліванні росту цэн.
Праграма беларускага кіраўніцтва асцярожная і рэалістычная — ва ўмовах крызісу яна не з’яўляецца той ліберальнай “дарожнай картай”, якую чакаюць некаторыя эканамісты. Час пакажа, ці акажацца яна паспяховай і ці не “сапсуюць” яе выканаўцы. Як гаварыў адзін вядомы палкаводзец, лепш прыняць няправільнае рашэнне, чым не прымаць ніякага.
Экспартны цэнтр эканамічнага саюза
Важнае месца ў стратэгіі “антыкрызіснага рэфармавання” займае выкарыстанне міжнароднага патэнцыялу супрацоўніцтва. Гэта і хутчэйшае ўступленне ў СГА — з улікам інтарэсаў нацыянальнай эканомікі, і максімальнае выкарыстанне еўразійскай інтэграцыі.
Беларусь будзе пашыраць ідэю зняцця бар’ераў і абмежаванняў у гандлі. У першую чаргу ў дачыненні энерганосьбітаў, прадукцыі зборачных вытворчасцяў, лібералізацыі аўтаперавозак ды іншых значных пазіцый у рамках ЕАЭС. Будзе трымаць курс на забеспячэнне роўных умоў для тавараў і паслуг краін ЕАЭС пры распрацоўцы і рэалізацыі праграм імпартазамяшчэння і стымулявання экспарту. У перагаворным парадку дня Мінска з партнёрамі па ЕАЭС — хутчэйшы пераход да ўзгодненай прамысловай палітыкі. Беларусь мае намер і далей пазіцыянаваць сябе як экспартны цэнтр эканамічнага саюза.
Важнае месца ў стратэгіі займае інтэграцыйны праект Эканамічнага пояса Шаўковага шляху. Адпаведныя палажэнні ёсць як у прэзідэнцкім Указе № 78, так і ў праграме падтрымкі экспарту. На думку распрацоўшчыкаў, кітайскую ініцыятыву неабходна выкарыстоўваць для мадэрнізацыі і пашырэння транспартна-лагістычнай сістэмы і забеспячэння не менш як 1,5 мільярда долараў экспарту ў Кітай, стварэння спрыяльных умоў для арганізацыі транзітных кантэйнерных перавозак у зносінах Кітай — ЕС — Кітай.
Віктар Андрэеў