Вытокi ведаў нашых

90-гадовы юбiлей адзначыла школа ў мястэчку Лоша

90-гадовы юбiлей адзначыла школа ў мястэчку Лоша. Шмат чаго пабачыла яна на сваiм вяку. У час вайны будынак школы быў спалены. Заняткi, праўда, аднавiлiся ў 1944 годзе, але новую пабудову вяскоўцы паставiлi на ранейшым фундаменце толькi пяццю гадамi пазней намаганнямi вучняў, настаўнiкаў i бацькоў. Цiкава, што з 12 выпускнiкоў першага пасляваеннага выпуску ўсе хлопцы сталi ваеннымi, а дзяўчаты настаўнiцамi — такая вось была прыхiльнасць да гэтых прафесiй.

Сапраўднае свята перажыла Лашанская дзесяцiгодка ў 1979 годзе, калi пераехала ў новы прыгожы двухпавярховы будынак. Гэта карэнным чынам змянiла ўмовы навучання. Характэрны i такi факт: з 1984 года i па сённяшнi дзень педагагiчны калектыў нязменна ўзначальвае дырэктар Анатоль Анатольевiч Гаўрышчук.

Усяго ж за гады iснавання школа ажыццявiла 58 выпускаў сярэдняй школы, яе закончылi звыш 1900 вучняў.

Сёння для арганiзацыi навучальна-выхаваўчага працэсу ў школе ёсць усё: вучэбныя кабiнеты, прышкольны ўчастак, актавая i спартыўная залы, камп’ютэрны клас, бiблiятэка. А яшчэ створаны гiсторыка-краязнаўчы музей, у якiм дзейнiчаюць залы баявой славы i народнага побыту. Паболей бы толькi вучняў у гэтыя ўтульныя апартаменты!

Дарэчы, пазнаёмiцца з на­быткамi школы найперш было цiкава ганаровым гасцям, якiя прыехалi сюды на юбiлей альма-матэр. У iх лiку былыя настаўнiк гiсторыi Уладзiмiр Сямёнавiч Палойка, дырэктар Iгар Ана­толь­евiч Ткачэнка, выпускнiк 1959 года Вiктар Сямёнавiч Салавей, выпускнiкi, капiтаны пер­шага i другога рангу Валерый Уладзiмiравiч i Сяргей Iванавiч Дубовiкi, выдатнiк народнай адукацыi БССР Зоя Канстанцiнаўна Кашкан i iншыя. Зрэшты, i адказны сакратар газеты «Рэспублiка» Мiкалай Iванавiч Дубовiк пакiнуў у Лашанскай дзесяцiгодцы добры след.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter