Як пелася Хелене Мерааi на конкурсе ў Тбiлiсi

Выступiла на пяцёрку

Перамогу на дзіцячым конкурсе песні «Еўрабачанне-2017» атрымала Паліна Багусевіч з Расіі. Гэтая дзяўчынка — калега нашай Хелены Мерааі па акадэміі папулярнай музыкі Ігара Крутога. Хелена ж на пя-тым месцы. Але ў любым выпадку з Грузіі наша выканаўца з'язджае гаспадыняй наступнага дзіцячага «Еўрабачання».


Гэты конкурс усё больш складана называць дзіцячым. І нават «джуніёр» ён атрымліваецца з нацяжкай. Сёння на сцэне цяжка ўявіць канкурсантку ў вобразе Ксеніі Сітнік, якая перамагла ў 2005 годзе. Ды і дзесяцігадовых дзяцей там днём з агнём не знойдзеш. Узрост большасці ўдзельнікаў набліжаецца да максімальна дапушчальных пятнаццаці гадоў. Але гэта яшчэ не самае дзіўнае. Галасы, песні, афармленне сцэны — вось тут наогул няма месца дзяцінству.

14-гадовая Паліна Багусевіч у Тбілісі была цудоўнай. Меламаны добра памятаюць яе па тэлепраекце «Голас. Дзеці». Там дзяўчынка бліскуча вызначылася пад апекай Дзімы Білана. Тры гады таму яна была сапраўды дзіцем. Ды і ў 2015-м на міжнародным вакальным конкурсе «Сан-Рэма» для дзяцей і падлеткаў, дзе яна атрымала дыплом першай ступені, на дарослую Паліна яшчэ ніяк не цягнула. Але з тых часоў адбыліся неверагодныя метамарфозы. Сёння Паліна — дзяўчына з надзвычай моцным і прыгожым голасам. Чым яна і вылучалася сярод іншых канкурсантаў.

Перамогу атрымала 14-гадовая Палiна БАГУСЕВIЧ з Расii.

Хоць з самага пачатку аб’яўлення балаў нацыянальных журы ў яе быў сур’ёзны сапернік — 12-гадовы грузін Грыгал Кіпшыдзэ. І, дарэчы, ён і вёў па балах пасля першага тура галасавання. А вось пасля таго як прыплюсавалі сімпатыі гледачоў, пераможцай аб’явілі расіянку. Яна апярэдзіла Грыгала на тры балы. Прыемна, што ў лік лідараў увайшла і наша Хелена Мерааі. Радасна, што меркаванні прафесійнага журы і гледачоў адносна беларускі практычна супалі. Гэта толькі пацвярджае тое, што выступіла яна сапраўды на высокім узроўні. Цікавая сітуацыя атрымалася з галандскім бойзбэндам: прафесіяналы паставілі ім досыць нізкія балы, а вось гледачам (або глядачкам) спевы хлапчукоў вельмі спадабаліся. У выніку — чацвёртае месца. У любым выпадку, дэвізам гэтага конкурсу было «Ззяй ярка» — усё менавіта так. Вядома, калі не браць у разлік, што сайт, праз які і ішло галасаванне гледачоў, у нейкі момант проста перастаў працаваць. Але гэта тэхнічны бок конкурсу, мы ж гаворым пра творчасць.

Нягледзячы на пятае месца Хелены, у гэтыя дні назва нашай краіны гучыць не радзей, чым імя пераможцы. Бо ў 2018-м менавіта Беларусь прыме дзіцячае «Еўрабачанне». Гэта толькі далёкім ад тэлебачання людзям здаецца, што арганізаваць падобны конкурс можна за пару тыдняў. Прафесіяналы ж пачынаюць рыхтавацца загадзя. Белтэлерадыёкампанія, якая з’яўляецца членам Еўрапейскага вяшчальнага саюза, першыя крокі насустрач «Еўрабачанню» зрабіла яшчэ да адпраўкі ў Тбілісі: абвешчаны конкурс лагатыпаў, і ўжо прыйшло больш за трыста варыянтаў. У Грузію ж каманда на чале з намеснікам старшыні Белтэлерадыёкампаніі Іванам Эйсмантам адправілася ў тым ліку і па вопыт. Сем гадоў таму наша краіна ўжо праводзіла дзіцячае «Еўрабачанне» і тады атрымала гучныя апладысменты ад ЕВС. Але за гэты час шмат што змянілася, а беларусы, як і ў мінулы раз, жадаюць усё зрабіць на самым высокім узроўні. Верыцца, што ў нас гэта атрымаецца.

Фота БЕЛТА.

stepuro@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter