Председатель СПК "Королевский" Алексей Емельянович возглавил проблемное хозяйство и добился успеха

Выстаяць можна. З моцнай камандай

Думаючы працаголік, эфектыўны менеджар, кароль «у шаўковых даўгах»
Думаючы працаголік, эфектыўны менеджар, кароль «у шаўковых даўгах» — старшыня кобрынскага СВК «Каралеўскі» шукае і не знаходзіць адказы на некаторыя свае «чаму?»

Увосень звычайна ў вытворчых калектывах падводзяцца і аналізуюцца вынікі года, плануюцца справы на перспектыву. Скрупулёзна падсумоўвае кожную лічбу старшыня кобрынскага СВК «Каралеўскі» Аляксей ЕМЕЛЬЯНОВІЧ. Мінулай восенню кіраўніцтва раёна яго, як вопытнага аграрыя, запрасіла ўзначаліць праблемную гаспадарку, вытокі назвы якой вядуць да Дняпроўска-Бугскага канала, пракладзенага больш за два вякі таму, і які першапачаткова так і называлі — Каралеўскі. Аляксею Пятровічу можна было і адмовіцца ад такой прапановы і спакойна некалькі гадоў у намесніках кіраўніка суседняй драгічынскай гаспадаркі дачакацца пенсіі, але сумленне не дазволіла так паступіць. Узначаліў кааператыў з мільярднымі даўгамі і адразу пачаў шукаць шляхі вываду яго з такога стану.

Ад брыгадзіра паляводчай брыгады да кіраўніка —  Аляксей Емельяновіч прайшоў усе ступенькі кар`ернага росту: быў галоўным спецыялістам па кормавытворчасці ў маларыцкім калгасе «1 Мая»,  вызваленым сакратаром парткама гаспадаркі і мае амаль дзесяць гадоў старшынёўскага стажу. Закончыў Ляхавіцкі саўгас-тэхнікум і Гродзенскі дзяржаўны сельскагаспадарчы інстытут. Неаднаразова абіраўся дэпутатам мясцовых органаў улады і Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў.

Жыццёвыя жорны жорстка прайшліся па сялянскаму роду маці Аляксея Пятровіча. Дзед Іван Ляшчына вырас сіратою і з маладых гадоў парабкаваў у бяздзетнага пана Дзямчука, які высока цаніў працавітага халопа і нават намерваўся перадаць яму ў спадчыну частку свайго маёнтка. У верасні 1939 года, пасля аб’яднання Усходняй і Заходняй Беларусі, панскую гаспадарку Дзямчукоў нацыяналізавалі.

Жонкай Івана Ляшчыны стала заможная хутаранка Ева са шляхецкага роду Каратышэўскіх. У пасаг багатая нявеста атрымала частку бацькоўскага надзелу, на якім збудавалі хату-пяцісценку. Выхавалі сямёра дзяцей. Самую старэйшую дачку Марылю аддалі замуж за Пятрука Емельяновіча і хату ім дапамаглі збудаваць на хутары Еварова, што за вёскай Азярніца. Вялі агульную гаспадарку, трымалі  шмат рознай жывёлы.

На вачах мянялася навакольнае аблічча. Магутныя меліярацыйныя машыны паступова асушалі векавыя грычынскія балоты. На абноўленых землях па дзяржаўнай праграме асваення Палесся з’явіўся новы саўгас «Міжлескі». Тысячы гектараў балотнай цаліны пераўтварыліся ва ўрадлівыя палі і сенажаці. У сталым узросце ўладкаваўся руславым манцёрам былы панскі парабак Іван Ляшчына. Абкошваў і чысціў каналы, унукаў вучыў гэтай справе. Асабліва сябраваў з Алёшкам, які, як толькі выдаваўся вольны час, ляцеў да дзеда паслухаць яго забаўныя расповяды. Яны разам на канале траву касілі, рыбу лавілі. З цікавасцю назіраў падлетак, як дзед спрытна кля- пае і менціць касу.

— Падрасцеш, і цябе навучу не толькі гэтаму занятку. У жыцці ўсяляк бывае, таму ўмець не пашкодзіць, — наказваў дзядуля Іван, быццам ведаў будучае хлопчыка, якому давялося асірацець у трынаццаць гадоў. У Алёшкі быў дзень нараджэння на пачатку вясны, і ў той самы дзень трагічна загінуў бацька.

Васьмёра дзяцей аўдавелая Марыя Іванаўна сама падымала. Яе ўгаворвалі аддаць іх у школу-інтэрнат, а яна замест гэтага папрасіла ў калгаснага старшыні Алега Турчыновіча выдзеліць зямлі. Тры гектары атрымала і каня з павозкай, якія былі замацаваны за пакойным мужам — даглядчыкам калгаснай  жывёлы. Як толькі сышоў снег, усёй сям’ёй  — ад самых малых да дзеда Івана і бабулі Евы — выйшлі ў поле. Старэйшыя сыны Фёдар і Алёша падмянялі стомленага дзеда за плугам. Змоклы ад напругі конік часам не вытрымліваў і спыняўся. Але ўсе тры гектары ў тую першую цяжкую вясну апрацавалі і засеялі збажыной і бульбай. Калгас насеннем дапамог. І не толькі свой надзел старанна даглядалі Емельяновічавы хлопцы, а яшчэ і зараблялі ў людзей. Агароды аралі, дровы вазілі, сена касілі, каб які рубель атрымаць. Толькі абутку і цёплага адзення трэба колькі купіць, да школы ўсіх забяспечыць. Больш усяго клопату ў сям’і прыпадала на старэйшых дзяцей.

— Спраўляліся па гаспадарцы і школу не запускалі. Маці не дазваляла прапускаць заняткі, — узгадвае Аляксей Емельяновіч. — А як пачыналіся канікулы, працы павялічвалася. Пасевы даглядалі, сена нарыхтоўвалі на дзве каровы, каня і атару авечак. Сваю жывёлу пасвілі і амаль дваццаць маладых «займанак».

— Гэта хто такія?

— У нашых мясцінах хутаранам вяскоўцы аддавалі з вясны і да глыбокай восені даглядаць гадавалых цялушак, якіх мы займалі ў свой статак. Па чарзе з братамі і сёстрамі пасвілі іх на балоце, а ўвечары прыганялі ў загонку каля нашых хлявоў. За догляд маладняку нам плацілі. Як толькі ўзыходзіла сонца — на роснай траве басанож за статкам, ногі стынуць ад холаду, у цёплых каровіных ляпёшках грэлі іх. І прастуды не ведалі. На пасьбе жывёлы адпачывалі ў параўнанні з касавіцай. Старэйшаму на два гады брату Фёдару ішоў пятнаццаты год. Разам з ім і меншым на год за мяне Іванам па дзесяць тон сена накошвалі. Збажыну на нашым полі перад жнівом па краях абкошвалі, каб камбайну было зручней убіраць. Збожжа і бульба добра радзілі. Поле ўгнойвалі арганікай, апрацоўвалі старанна, таму і ўраджай быў. Зерне дасушвалі на сонцы, частку малолі.

Фёдар пасля васьмігодкі вывучыўся на механізатара і сеў за трактар. Зайздросціў яму. Якой радасцю было, калі  брат дазваляў пакіраваць сваёй тэхнікай. Загарэўся я таксама стаць трактарыстам. Вучыўся няблага. Пасля заняткаў цягнула пагуляць у футбол з сябрамі на школьным стадыёне, але перасільваў сябе і спяшаўся дамоў, дзе столькі спраў чакала. Вельмі карцела навучыцца іграць на гармоніку, як нашы вясковыя музыкі. Але так і не здзейснілася гэтая юнацкая мара, як і вучоба на трактарыста. Школьныя сябры пасля васьмігодкі вырашылі паступаць у Ляхавіцкі саўгас-тэхнікум на агранома, і я за імі падаўся.

— Паспяхова вытрымалі ўступныя экзамены і сталі навучэнцамі адной групы. Але вучобу мне давялося перарваць службай у арміі. Дзед Іван і бабуля Ева дапамаглі маці зладзіць провады на хутары. Адслужыў у войсках супрацьпаветранай абароны ў Калінінградскай вобласці і вярнуўся завяршаць вучобу. Атрымаў дыплом агранома і накіраванне брыгадзірам у маларыцкі калгас «1 Мая». Мне выдзелілі матацыкл.

— І вы на ім – першы кавалер на вёсцы?

— Пэўна, што не апошні. Дзяўчаты пазіралі, як з ветрыкам лётаў па Хмялёўцы.

— Выбіралі вы?

— Запаліла маё сэрца чарнявая выпускніца школы Любачка. Амаль год сустракаліся. Маці мая, строгага шляхецкага выхавання, не шчодрая на ласкавыя словы, выбар адобрыла. Усю радню запрасілі ў Хмялёўку на вяселле і пад гармонік, скрыпку і бубен гулялі. Бласлаўлялі нас дзед Іван і бабуля Ева. Маці наказ дала, каб людзей цанілі і паважалі, не крыўдзілі нікога. Запалі ў душу яе словы.

Так і застаўся Алесь Емельяновіч на многія гады працаваць у Маларыцкім раёне. Завочна атрымаў дыплом вучонага-агранома ў Гродзенскім дзяржаўным сельскагаспадарчым інстытуце. У час вучобы яго захапляла не толькі аграномія, але і эканоміка. З усяго патоку толькі ён атрымаў «выдатна» па гэтай дысцыпліне ў прынцыповага былога рэктара Емельяна Раманавіча Вітуна.

Умела спалучае Аляксей Пятровіч тэарэтычныя веды з практыкай. Вышэйшую эканамічную адукацыю атрымала і жонка Любоў Ігнатаўна.

Пад кіраўніцтвам Аляксея Емельяновіча ўмацавалася вытворчая база маларыцкага калгаса «1 Мая». Узначальваў ён і драгічынскую гаспадарку «Антопаль-Агра». Заўзята ўзяўся за пад’ём кобрынскага СВК «Каралеўскі» і імкнецца аднавіць былую славу некалі перадавога ў раёне калгаса, якім кіраваў мудры Іван Дземянчук.

— Пасля сыходу на пенсію Івана Георгіевіча нам не шчасціла з кіраўнікамі, — адзначае загадчык жывёлагадоўчага комплексу «Кустовічы», дэпутат мясцовага Савета Васіль Ліштван. – Пяць іх змянілася, і зусім заняпала гаспадарка. За год кіраўніцтва Аляксея Пятровіча частку даўгоў удалося вярнуць. Вызначылася тэндэнцыя станоўчых зрухаў, людзі паверылі  новаму старшыні.

 Чулы і ўважлівы, патрабавальны да сябе і іншых, Аляксей Емельяновіч умее акцэнтаваць увагу на галоўным. Цэняць яго як вопытнага аграрыя раённыя ўлады. І бачаць лепшы варыянт для выратавання закрэдытаванай гаспадаркі ў далучэнні яе да эканамічна моцнага суседняга ААТ «Гарадзец-Агра», кіраўнік якога Іван Цецярук спадзяецца на дзяржаўную падтрымку ў рэструктурызацыі 18 мільярдаў рублёў даўгоў СВК «Каралеўскі». Працэдура далучэння – справа няпростая і адказная. Начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі Кобрынскага райвыканкама Сяргей Дзенісевіч далейшым кіраўніком далучанага калектыву бачыць Аляксея Емельяновіча.

— Яшчэ ўся вёска спіць, як мы едзем на ранішнюю дойку, а ў кабінеце старшыні свет гарыць, — заўважае даярка Таццяна Місюра. — Штодня да нас на ферму прыязджае, раіцца, як палепшыць вытворчыя паказчыкі.

У параўнанні з мінулым годам большымі сталі надоі, павялічылася вытворчасць малака, палепшылася яго якасць. І пагалоўе буйной рагатай жывёлы расце. Але найбольш важна, каб сабекошт прадукцыі зніжаўся.

– Набывалі цялушак у насельніцтва. І сваіх усіх сто працэнтаў гадуем для дойнага статку, – распавядае старшыня Аляксей Емельяновіч. – Ні адной галавы падзяжу за год не дапусцілі. Адказна падрыхтаваліся да зімовага стойлавага перыяду. Больш як па 20 цэнтнераў кармавых адзінак фуражу на кожную галаву нарыхтавалі. Адна з трох жывёлагадоўчых ферм пуставала. Навялі парадак, і будуць там зімаваць дзвесце цялушак, якія ў будучым годзе папоўняць дойны статак.

— А ці ёсць каму працаваць на фермах, бо побач Кобрын і да Брэста можна хутка дабірацца?

— Праблема была з галоўнымі спецыялістамі, а працаўнікоў як на фермах, так і ў механізацыі стае. Дзесяць гадоў доіць кароў дояр Раман Зарэцкі. Сваю справу добра ведае. У пастухоў стаж амаль дваццаць гадоў. Людзі шчырыя, адданыя справе.

— А ў раслінаводстве як абстаяць справы?

— Як толькі ўзначаліў гаспадарку — агледзеў палі і пракантраляваў асеннюю сяўбу. Мы ледзьве паспелі летась пасеяць азімыя да халадоў. За год палі ачысцілі ад пустазелля, заправілі арганікай і спадзяёмся на высокі ўраджай.

Пачалі займацца і насеннем шматгадовых траў. Гэта эканамічна выгадна. За вёскай Акцябр заклалі акультураную пашу для будучага павялічанага статку.

— Аляксей Пятровіч, вы самі прымаеце гаспадарчыя рашэнні ці падключаеце спецыялістаў?

— Толькі з моцнай камандай можна выстаяць. Сам я вельмі люблю працаваць. Так увязаўся, што без вытворчых клопатаў жыцця не ўяўляю. Жонка кажа, каб збавіў тэмпы, але не магу спыніцца. У 2 гадзіны ночы падхаплюся і ўжо да раніцы няма сну, пра справы думаю. І падначаленых стаўлю па струнцы.

— Ці не адчуваеце сябе каралём у «Каралеўскім»?

— Пакуль кароль, які ў даўгах, як у шаўках. Нашу гаспадарку вырашана далучыць да суседняй «Гара- дзец-Агра». Ужо і раённае кіраўніцтва людзей збірала, але яны гэту ідэю не падтрымалі, бо адчулі станоўчыя зрухі і загарэліся жаданнем аднавіць былую славу гаспадаркі. Месяцы тры пасля майго прыходу сюды ішла моцная ломка ў калектыве.

Еду па полі і разважаю, што тут такія ж працаўнікі, як і ў перадавых гаспадарках, але чаму вынікі розныя? Вось гэта «чаму» мяне і прымушае пастаянна шукаць шляхі да поспеху.

— Што ў людзях найперш цэніце?

— Справядлівасць. Наш адзін працаўнік ніяк не мог вырвацца з абцугоў алкагалізму. Сям’я яго звярнулася да мяне за дапамогай. Не адмовіў, і праз нейкі час прыйшоў гэты гаротнік падзякаваць за дапамогу і пакляўся не ўжываць гарэлку. Яго быццам падмянілі.

Увогуле за год змяніць псіхіку людзей, рэзка палепшыць вытворчыя паказчыкі немагчыма. Кідаюся ўсюды за падтрымкай. Дырэктар ААТ «Кобрынскі масласыраробчы камбінат» Мікалай Місюк, гледзячы на рост вытворчасці малака ў нашай гаспадарцы, выдзяляе сродкі на набыццё ў лізінг сельскагаспадарчай тэхнікі. Дапамог фінансава пашавую сумесь набыць, і мы абнавілі выпасы. У параўнанні з мінулым годам статак павялічыўся на сто галоў. Па нашых разліках плануем праз два гады па вытворчых паказчыках дасягнуць сярэднераённага ўзроўню. Ёсць задумкі распачаць гадоўлю мясной мармуровай ялавічыны. На суседнім племзаводзе «Дружба» плануем закупіць для развядзення маладняк.

— А як у гаспадарцы з забеспячэннем жыллём?

— Праблем няма. Было тры рэзервовыя катэджы, і мінулым летам аддалі іх бежанцам з Украіны. Яны атрымалі дазвол на жыхарства і ўсе працуюць на нашых жывёлагадоўчых фермах.

— Аляксей Пятровіч, які куточак Беларусі вам самы дарагі?

— Дзедаў хутар Еварова каля лунінецкай вёскі Азярніца. Пад’язджаю да яго, і сэрца клакоча. Калі яшчэ маці жыла ў нашай хутарской хаце, то за кіламетр да падворка ўжо чуў духмяны пах хлеба, што дасталі з печы. Бацькоўская хата перайшла ў спадчыну сям’і малодшага брата Мікалая, з якім нядаўна назаўсёды развіталіся. Трое дзетак ў яго засталося. На іх спадзяванне, што не згасне ў доме агеньчык.

 — Што для вас значыць адпачынак?

— Каб адаспацца. Усё жыццё, у колькі б я ні лёг спаць, падымаюся раней сонца. З малых гадоў так складалася. А зараз па тры гадзіны сплю, не бярэ сон. Усё пра гаспадарку думаю, як вывесці з прарыву. Мне ўжо зусім мала да пенсіі засталося, і час няўмольны, таму прыспешваюся. Вось зараз на палях спала напружанне. Усё ўбралі, толькі пасяўныя агрэгаты працуюць і глебаапрацоўчая тэхніка. Але хвалюе, што даводзіцца машынам прастойваць з-за адсутнасці паліва. Таму і не спіцца. Днямі прыехаў у кантору ў палове трэцяй ночы і стаў пераглядаць дакументы, разбірацца, з якіх крыніц можна вышукаць сродкі на паліва.

— Што галоўнае ў любой прафесіі?

— Адносіны да чалавека. Кім бы ні працаваў, а павінен заставацца годным. Так мяне выхоўвалі дзядуля з бабуляй, так маці настройвала і гэта для мяне святое. І дачкам сваім, Іне і Наталлі, гэта перадаю. Падрастуць унучкі Таццяна і Даша — і ім будзе такі наш сялянскі наказ.

Уладзімір СУБАТ

Фота аўтара

Кобрынскі раён

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter