Выспачка кропу, шнурок часнаку...

Многім мяне здзіўляў стары рыбалоў Сямён Анціпенка з Касцюковічаў. І звычкамі, і майстэрствам вылавіць з Беседзі самую наравістую рыбу, хітрыкамі-мудрыкамі адносна тэхналогіі той жа лоўлі.

Многім мяне здзіўляў стары рыбалоў Сямён Анціпенка з Касцюковічаў. І звычкамі, і майстэрствам вылавіць з Беседзі самую наравістую рыбу, хітрыкамі-мудрыкамі адносна тэхналогіі той жа лоўлі. Многае я наматаў на вус, назіраючы за ім, але яшчэ больш — не.

Справа ў тым, што Сямён (па бацьку не памятаю) пастаянна імправізаваў, выдумваў шмат чаго на хаду, вынаходзіў, прымяняў. Хоць і ў яго здараліся няўдачы, асечкі. Але ён тут жа знаходзіў апраўданне кожнай. Таму і слыў рыбаловам з нестандартным мысленнем. Адны за гэта цанілі, іншыя — кпілі з яго. Але ж, відаць, мудрасць навукі і заключаецца ў тым, што нехта першым павінен збочыць з сухой сцежкі і пайсці росным нерушам, апякаючы босыя ногі аб крапіву. Так-так, не любіў ён боты, асабліва смяяўся з тых, хто карыстаўся балотнымі. “Я, — казаў, — ваду, пясок, рыбу павінен адчуваць голымі пяткамі...”

І яшчэ заўважаў — прыязджаў ён на Беседзь на адно і тое ж месца. І калі даводзілася з ім пры гэтым сустрэцца, абавязкова частаваў — увечары ці ранкам — юшкай. Ды якой! Зрэшты, ніколі не заўважаў, каб у яго мяшочку было што да тае юшкі, — ні солі, ні прыпраў, нават цыбулі і кропу, не гаворачы ўжо пра іншае зеляніну. З’явілася падазрэнне, што ў Баханах — вёсцы на супрацьлеглым беразе ракі — ці ў суседняй з імі Юзяфоўцы былі ў яго знаёмыя ці сваякі. Адтуль, відаць, і браў патрэбнае. І ў каторы раз я памыліўся, у каторы раз уразіўся яго вынаходлівасці.

Аказваецца, ледзь толькі пачыналася вяснова-летняя рыбалка, як Сямён ладзіў у прылеску свой міні-агародзік. Градачка цыбулі, выспачка з кропам і радысам, шнурок часнаку. Нават некалькі карчоў бульбы.

— Толькі дурні пруць усё з горада, крэкчуць пад рукзакамі, — цадзіў Сямён юшку праз шчэрбы яшчэ моцных зубоў і хітра-хітра ўсміхаўся няведама каму.

Адам КАПУСЦІН

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter