Пра сувязь літаратур, краін і народаў — працяг нататкаў журналістаў, якія пабывалі ў Ашхабадзе

Высокая зорка сяброўства

Пра сувязь літаратур, краін і народаў — працяг нататкаў журналістаў, якія пабывалі ў Ашхабадзе


У Ашхабадзе шмат неба. І сонца, вядома, таксама, аднак мы бачылі, адчувалі ўсяго толькі яго снежаньскую цёплую пяшчоту — не летнюю спёку. Дарэчы, на некаторых клумбах у горадзе сустракаліся нават квітнеючыя ружы!


Цэнтр тэлерадыёвяшчання “Туркменістан” быў адкрыты ў 2011 годзе, будынак тэлевежы (211 метраў) — самы высокі ў краіне. Сілуэт яго з зоркай Огуз-хана (занесенай у кнігу рэкордаў Гінеса: як самы вялікі ў свеце малюнак зоркі ў архітэктурным аб’екце) далёка бачны над горадам у любы час сутак

Дык вось, пра неба... У нас там не было кампоў, ля якіх сядзім днямі: праца такая. І горы Капетдага з’яўляліся да нас штодзённым цудам. Любаваліся імі ўранку з вокнаў гатэля і выходзячы на вуліцу, а потым яшчэ і днём, і ў вя­чэрні час. А для каменных гор, напэўна, галоўнае — гэта жывое неба, у якое іх вяршыні велічна скіраваныя.

І не толькі горы прыцягваюць у новых кварталах позіркі да неба, але і беламармуровыя гмахі ды палацы. Многія з будынкаў — з купаламі: у небе купаюцца... Бачылі яшчэ мячэці — з мінарэтамі. Архітэктура, усім вядома, сугучная з душой, думкамі: убогая — прыгнятае, а гарманічная, вытанчаная — узвышае. І калі нешта набліжае да нас неба — значыць, і ў нас крыху больш святла, чым звычайна.

Да “нябесных” разважанняў нас падштурхнуў будынак на схілах Капетдага. У змроку, уначы ён свяціўся вялікаю зоркай. Што гэта? Так, і выса­чэзны гатэль “Йылдыз” (“Зорка”) быў побач з нашым.  Наогул, нам здалося, у архітэктуры Ашхабада шмат розных элементаў нябесна-касмічнага сэнсавага гучання. І гэта, дарэчы, не толькі наша назіранне. Тут да месца сказаць: у 2015-м Туркменістан уступіў у клуб касмічных дзяржаў. 28 красавіка з касмадрома на мысе Канаверал (ЗША) быў запушчаны першы спадарожнік сувязі Туркменістана “Trkmenlem 52°E”. Апарат, пабудаваны па заказе Туркменістана французкай кампаніяй “Thales Alenia Space”, вывела на арбіту ракета-носьбіт “Falcon 9”.


Рэканструяваны ўчастак праспекта Атамурата Ніязава ў Ашхабадзе. Справа на здымку 12-павярховы будынак у сучасным, стыльным дызайне — гэта Дзяржаўны банк развіцця Туркменістана.
Той будынак, як і іншыя новабудоўлі на праспекце, уведзены ў эксплуатацыю 1 кастрычніка 2014 года


Ужо ў Мінску знайшлі артыкул у часопісе “Туркменистан” з назвай “Космас як прадчуванне”. Аўтар Руслан Мурадаў лічыць: “Уступленне Туркменістана ў клуб касмічных дзяржаў толькі замацавала той факт, што на самай справе краіна ўжо даўно жыве ў “касмічным” летазлічэнні. Нагляднай ілюстрацыяй таму можа паслу­жыць архітэктурнае аблічча сучаснай сталіцы краіны — горада, працятага прадчуваннем пакарэння прастор Сусвету. ... Эпоха магутнасці і шчасця ў Туркменістане (так, менавіта ў такі час жывуць туркменскія сябры! — І.В.Ж) таксама адзначана з’яўленнем шэрага ўнікальных у многіх адносінах аб’ектаў, якія пры ўсёй іх своеасаблівасці цалкам упісваюцца ў агульнае рэчышча глабальных тэндэнцый сусветнай архітэктуры трэцяга тысячагоддзя”. Ашхабад, можна сказаць, проста павянчаны з небам...

Ну а паглядзець зблізку тую загадкавую зорку ў гарах (і нават пабываць унутры яе!) нам дапамог выпадак і... Алесь Карлюкевіч, калега і дырэктар Выдавецкага дома “Звязда”. Ён прыдумаў: трэба абавязкова правесці круглы стол, гутарку пісьменнікаў Беларусі з пісьменнікамі Туркменістана! Калі сябраваць краінамі, то — і літаратурамі. Дамовіўся! Разлічваў, вядома, на пісьменніка Алеся Бадака, але ў таго нешта не склалася. За адсутнасцю пісьменнікаў масцітых запрасіў у каманду і нас. Бо пішам! Летась, дарэчы, прэмію “Залатое пяро” атрымалі ад Беларускага саюза журналістаў якраз за нарысы, а яны — лічы, літаратурны жанр. Да таго ж у аднаго — сотні вершаў, некаторыя друкаваліся ў СМІ, дзясяткі песень, апавяданні. У другога ў творчым багажы — апублікаваная аповесць “У акно стукала сініца”, з дзясятак эсэ, апавяданні, кандыдацкая па творчасці класіка беларускай літаратуры Змітрака Бядулі…

Сабраліся ў мікрааўтобусе паблізу Палаца выстаў: ехаць на здымкі. Спачатку як жарт успрынялі, што тэлестудыя — за горадам, у гарах. І ехаць туды не менш як гадзіну! А ў Мінску, дарэчы, СТБ —  за пяць хвілін хадзьбы ад Плошчы Перамогі… Хто едзе? З мясцовых — галоўны рэдактар часопіса “Dunya edebiyaty” (“Сусветная літаратура”) Мерэтмамет Ханмамедаў, супрацоўнікі рэдакцыі Максат Башы­маў і Аннамухамед Кершэ. Вядучым выступіў журналіст і пісьменнік Батыр. Ад Беларусі, акрамя Карлюкевіча і нас, яшчэ Вікторыя Калістратава — дырэктар выдавецтва “Народная асвета”, і Уладзімір Андрыевіч — дырэктар выдавецтва “Беларуская энцыклапе­дыя імя Петруся Броўкі”.


Манумент Нейтралітэту Туркменістана, яго вышыня — 95 метраў. Быў усталяваны ў Ашхабадзе ў 1996 годзе, потым у 2011-м пабудаваны на новым месцы: на праспекце Бітарап Туркменістан (Нейтралітэт Туркменістана)

Каб не “парассыхаліся” ў дарозе, туркменскія сябры забяспечылі нас бутэлькамі з пітною вадой. Паехалі! Прыгожая, шырокая, гладкая дарога вядзе праз горад у горы. Дарэчы, расказалі калегі па дарозе, сучасныя тэхналогіі будаўніцтва, гарачы клімат дазваляюць рабіць у Туркменістане дарожнае пакрыццё роўным, як шкло. Асфальт, здалося нам, шэры: каб менш плавіўся ў спёку? А можа, гэта бетонкі? Уражвае перадгорная забудова: высокія дамы, абліцаваныя белым мармурам, і палацы. У новым Ашхабадзе, бачылі, нават магазіны, аптэкі ды дзіцячыя сады будуюць з калонамі, сферычнымі дахамі, купаламі… Па дарозе нам з гонарам паказалі з акна і Манумент канстытуцыі (пазней даведаліся: аднак, 185 метраў!), і Манумент нейтралітэту (узведзены ў 2011-м, 95 метраў). У краіне прынята цяпер важныя падзеі ў жыцці народа адзначаць асаблівымі знакамі. Адным з першых, даведаліся мы, узвялі Манумент незалежнасці (91 метр), потым традыцыю прадоўжылі. А былі мы ў Туркменістане ў дні святочныя, калі шырока, з удзелам высокіх гасцей з розных краін адзначалася 20-годдзе Нейтралітэту. У асобым указе, узнагароджваючы юбілейным медалём заслужаных людзей у гонар свята, Прэзідэнт Гурбангулы Бердымухамедаў падкрэсліў: “Незалежнасць і Нейтралітэт — гэта два крылы роднай Айчыны, найвялікшае багацце нашага мужнага народа. Гэта спраўджаная шматвяковая мара нашых продкаў. Гэта надзейны гарант упэўненага руху наперад суверэннай Айчыны, зла­джанай працы, мірнага, паспяховага і шчаслівага жыцця роднага народа”. Шмат у Ашахабадзе і іншых цікавых манументаў, помнікаў. Ёсць, напрыклад, Манумент “Дабрабыт”, увекавечаныя ў цудоўнай кампазіцыі знакамітыя ахалтэкінскія скакуны...

І пакуль едзем, дададзім “па палацах”… Праз некалькі дзён мы яшчэ раз выязджалі з новымі знаёмымі-ашхабадцамі за горад, аглядалі руіны Нісы — старажытнага горада, заснаванага ля падножжа Капетдага яшчэ ў III стагоддзі да н. э. Цяпер гэта адзін з трох аб’ектаў у спісе Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў Туркменістане. І Аланур паказаў нам па дарозе два прыгожыя “палацавыя асабнякі” з кароткім сваім каментарыем: “А гэта цяпер дзіцячы сад…” Як, чаму раптам, здзівіліся мы. Ды дзяржава, растлумачылі нам, канфіскавала нерухомую маёмасць на радасць дзеткам ва ўплывовага чалавека, “калі было даказана, што нажыта гэта ўсё несумленнай працай”. Ну вядома, пагадзіліся мы з такім мудрым рашэннем: меру заўсёды ведаць нялішне, нават калі ты і багаты, і ўплывовы…


У розных гарадах Туркменістана ўстаноўлены помнікі знакамітым ахалтэкінскім коням. Ахалтэкінец упрыгожвае нават дзяржаўны герб Туркменістана. Найбольшая колькасць скульптур знаходзіцца ў Ашхабадзе. На здымку: Манумент ахалтэкінскім коням

Здзівіла яшчэ нас: па схілах гор шмат соснаў, туй, ядлоўцу, іншых зялёных насаджэнняў. Як выжываюць яны без вады? Ну чаму ж без вады, усміхаюцца туркмены… Аказваецца, вялікія энергарэсурсы краіны (Туркменістан, як вядома, займае чацвёртае месца ў “спісе краін па даказаных запасах прыроднага газу”, экспарт энергарэсурсаў і дае вялікую частку дзярждаходаў) дапамагаюць вырашаць гэтую праблему. З гор бягуць ручаі, ды з перадгорных ваданосных пластоў электрапомпы пампуюць ваду. І да кожнага дрэўца яна падаецца па тонкіх пластыкавых трубках, прысыпаных камяністай зямлёй. Гэта, растлумачылі туркменскія сябры, эканомная і вельмі надзейная сістэма паліву. Ну а водныя запасы, чуў нехта з іх, у свой час дапамагалі разведваць у Туркменіі, здаецца, і беларускія геолагі. Гэта значыць з іх удзелам адкрываліся, даследаваліся прыродныя багацці краіны — яшчэ да такога буйнога сумеснага праекта Туркменістана і Беларусі, як будаўніцтва Гарлыкскага горна-абагачальнага калійнага камбіната.

Дарэчы, удакладнілі мы пазней: кошт будаўніцтва ў пасёлку Гарлык — каля 1 мільярда долараў. І, такім чынам, падпісаны з туркменскім бокам кантракт — гэта буйнейшая беларуская экспартная здзелка ў сферы прамысловага будаўніцтва. І вось аказваецца, што ў такога беларуска-туркменістанскага супрацоўніцтва можна знайсці глыбокія, яшчэ з савецкай пары, карані…

Што гэта за геолагі з Беларусі “засвяціліся” ў былыя гады ў Туркменістане? Пра каго можа ісці размова? Па кансультацыю звярнуліся да беларускага гідрагеолага Уладзіміра Шымановіча. Ведалі: ён і сам у 70-я гады бываў у Туркменіі па навуковых справах. “Вядома, працавалі там мае знаёмыя, прычым вельмі прадуктыўна, — пацвердзіў Уладзімір Міхайлавіч. — Адзін з іх, ведаю дакладна, гэта цяпер член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар навук, прафесар Анатоль Кудзельскі. Доўгі час мы з ім разам працавалі, у адной лабараторыі”.


Пяцізоркавы гатэль “Йылдыз” (“Звязда”) — гэта 24-павярховы будынак, падобны на вялікую ракету. Самы высокі гатэль у Туркменістане: 107 метраў

Анатоль Віктаравіч як горны інжынер-гідрагеолаг 10 гадоў працаваў у Туркменіі, у Паўднёва-Каракумскай гідрагеалагічнай экспедыцыі. Займаўся вывучэннем падземных водаў горна-пустынных тэрыторый Капет-Дага і прылеглых раёнаў Кара-Кумаў. Там тады вяліся якраз вялікія гідрагеа­лагічныя здымкі.

Дарэчы, менавіта па выніках тых здымачных і геолага-разведачных работ Анатоль Кудзельскі адкрыў і ўвёў у эксплуатацыю буйныя радовішчы прэсных падземных водаў. Былі адкрытыя ім таксама ўнікальныя, маламінералізаваныя падземныя воды з найвышэйшымі, да 460 мг/л канцэнтрацыямі ёду: у Заходнім Капет-Дагу. А прамысловая эксплуатацыя тых водаў пачалася ў 1999 годзе: амаль праз 30 гадоў пасля іх адкрыцця. Цяпер больш за палову ўсёй здабычы крышталічнага ёду ў Туркменістане — з іх.

З 1968 года Кудзельскі пачаў працаваць у Акадэміі навук Беларусі. Ну а падрабязней пра тое, як працавалася геолагу ў Туркменіі, ужо няхай распытваюць у яго туркменскія нашы калегі. Дарэчы, ёсць у яго і апавяданне “Дзень без вады” (яно надрукавана і ў кнізе, якая выйшла да 80-годдзя аўтара), напісанае на туркменскім матэрыяле, і верш “Усходняе”…


Фантанны комплекс “Агуз-хан і яго сыны” — прыгожае велічнае збудаванне.
У ім адлюстраваны даўнія легенды пра паходжанне туркменскага народа


Усё вышэй і вышэй, натужліва гудучы, уздымаецца мікрааўтобус па схілах. І ўсё расце, набліжаючыся, будынак тэлевежы, які падаваўся нам з вокнаў гатэля зоркай. Пазней удакладнілі: вышыня тэлевежы — 211 метраў. Праўда, там дарога віляе, і не ўдаецца разгледзець “зорку Агуз-хана” — 8-канцовую зорку. Яе выяву як сімвал туркменскай дзяржавы цяпер сустракаеш у Ашхабадзе на кожным кроку. Нам тлумачаць: Агуз-хан — легендарны родапачынальнік усіх туркменаў, які шануецца ў народзе.  

Нашы сябры з гонарам расказваюць: Цэнтр тэлерадыёвяшчання “Туркменістан” быў адкрыты 17 кастрычніка 2011 года: краіна святкавала 20-годдзе Незалежнасці. Гэты будынак цяпер — самы высокі ў краіне. Сілуэт яго з зоркай Агуз-хана (занесенай, дарэчы, у кнігу рэкордаў Гінэса: як самая вялікая ў свеце выява зоркі ў архітэктурным аб’екце) далёка відаць. Нават у цёмны час сутак ярка падсвечаная “зорка” нібы лунае над сталіцай.

…Ад вышыні крыху закладвае вушы. Пад коламі — снег невялікімі перамётамі, і схілы таксама ім прыцярушаны. А даўно, пытаем, зрабілі дарогу? Высякалі ў скалах, калі ўзводзілі тэлецэнтр. Зрэшты, падрабязнасці ёсць у інтэрнэце, а вось на тэрыторыю тэлецэнтра — не ўсякі можа ўвайсці… Прама ў мікрааўтобусе падвезлі нас па беламармуровым калідоры да дзвярэй. Ідзём па калідорах. А вось і студыя. Рассаджваемся на канапе, рыхтуемся да работы. Тэлевізійнікі выбудоўваюць карцінку… А на Валянціну чамусьці доўга і ўважліва глядзяць туркменкі з хусткамі на галовах. Што не так? Аказваецца: думалі, як лепш прымацаваць мікрафон…


Алесь Карлюкевіч дае інтэрв’ю тэлеканалу “Мiras” (“Спадчына”). Журналіст і пісьменнік, дырэктар Выдавецкага дома “Звязда” ў 80-я гады служыў у Ашхадабзе. Гэта ён прыдумаў: трэба абавязкова правесці круглы стол, сабраць за ім пісьменнікаў Беларусі і Туркменістана

Размова ў студыі — пра сувязі літаратур, народаў. Алесь Карлюкевіч, які ў 80-я служыў у Ашхабадзе ваенным журналістам, расказаў пра кнігі, публікацыі туркменскіх аўтараў у Беларусі і наадварот. Мы гаварылі пра любоў да роднай зямлі. Прачыталі вершы: “Дзе б я ні быў і куды б мяне лёс ні занёс,/  Сэрца баліць, як не бачу азёр і бяроз…/ Тужыць, ірвецца і птушкаю б’ецца ў руках…/ І паляцеў бы дадому — як з выраю птах”. Расказалі,  як у 1996-м абышлі пешшу Беларусь уздоўж Дзяржаўнай мяжы, і многія вершы нашы — пра любоў да роднай зямлі. Гаварылі: з гэтага пачынаецца Радзіма і Народ. Вядучы з намі згодны: ён расказаў, як любяць сваю зямлю туркмены, шмат вершаў і песень гэтай тэме прысвячаюць. І мы выказваем ідэю: было б цікава выдаць беларуска-туркменска-рускі зборнік вершаў пра любоў да радзімы паэтаў Беларусі і Туркменістана. Параўнаць, якія вобразы ажыўляюць творчасць, патрыятычныя пачуцці і думкі прадстаўнікоў двух народаў.

Частуюць гарбатай і кавай. І зноў здымкі. Вікторыя Калістратава расказала аб праектах выдавецтва “Народная асвета”, якія могуць быць цікавыя і ў Туркменістане, а Уладзімір Андрыевіч — пра работу выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, планы на будучыню. Туркменскія сябры гаварылі: у іх выдаюцца творы беларускіх пісьменнікаў — і класікаў, і сучаснікаў. Яны зацікаўлены ў тым, каб літаратура брацкага народа была прадстаўлена ў Туркменістане яшчэ шырэй.

Ці выйшаў у эфір наш круглы стол? Пакуль не ведаем. Тэлеэфір у тыя дні быў перагружаны: Туркменістан сустракаў гасцей з усяго свету. Але, спадзяёмся, не дарэмнай была паездка да зоркі Агуз-хана. Назад вярталіся познім вечарам. Цудоўна было гля­дзець на зіхатлівы горад унізе, увесь у каляровай падсветцы.  

А нядаўна Максат Башымаў напісаў нам з Ашхабада: просіць даслаць для азнаямлення аповесць “У акно стукала сініца”. Што ж, можа, і да туркменскага чытача з часам пастукаецца сініца, якая жыве ў Мінску.  

Іван і Валянціна Ждановічы, Ашхабад — Мінск

Фота: tomkad.livejournal.com, Іван Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter