Высокая зорка “Сяброў”

Памятны знак у гонар славутага беларускага ансамбля “Сябры” з’явiцца 19 студзеня на “Плошчы зорак”, каля будынка Дзяржаўнай цэнтральнай канцэртнай залы “Расiя” ў Маскве. Сiмвалiчная зорка “Сяброў” стане чацвёртай у шэрагу памятных знакаў у гонар беларускiх майстроў эстрады. Раней гэтай высокай узнагароды былi ўдастоены Уладзiмiр Мулявiн разам з ансамблем “Песняры”, Iгар Лучанок i Мiхаiл Фiнберг. “Народнай газеце” пашанцавала сустрэцца з музыкантамi групы “Сябры” i яе бяззменным кiраўнiком Анатолем Ярмоленкам якраз напярэдаднi iх паездкi ў расiйскую сталiцу.

“Сябры”, многiя песнi якiх сталi шлягерамi i па праву лiчацца народнымi, вядомыя таксама як самы сямейны ансамбль Беларусi. “Бацька” Анатоль Ярмоленка — ужо больш за 30 гадоў кiраўнiк знакамiтай музычнай групы, жонка Раiса доўгi час была касцюмерам музыкантаў (зараз, па словах “Сяброў”, яна знаходзiцца “ў дэкрэтным адпачынку па выхаваннi ўнука”). Сын Святаслаў — гiтарыст, клавiшнiк, вакалiст i гукарэжысёр. Дачка Алеся — салiстка, адна з найбольш яркiх зорак сучаснай беларускай эстрады. Таму размова наша з Анатолем Ярмоленкам i яго зорнай дачкой атрымалася не толькi пра творчасць...

Пра тое, чым “Сябры” ганарацца
— Я адмовiўся ставiць на зорцы сваё iмя, — так, з месца у кар’ер, пачаў размову Анатоль Ярмоленка. — Мне дастаткова ўзнагарод i без таго, у прыватнасцi, у мяне ёсць ганаровае званне народнага артыста рэспублiкi. А зорка — дасягненне ўсяго калектыву “Сяброў”, вынiк творчых намаганняў кожнага з яго ўдзельнiкаў, i напiсана на ёй павiнна быць менавiта iмя ансамбля. Я не любiцель узнагарод. Калi мастак пачынае iмкнуцца атрымаць iх як мага больш, ён перастае быць творцам. У яго вачах з’яўляецца зусiм iншы бляск... Справа творцы — тварыць, а найлепшая ўзнагарода для яго — запатрабаванасць яго творчасцi людзьмi. Але зразумейце мяне правiльна: для мяне адкрыццё гэтага знака азначае вельмi многае. Гэта здорава, калi творчасць беларускага музычнага калектыву атрымала такое высокае прызнанне за межамi нашай краiны, у сталiцы братняй дзяржавы. Гэта дастойны вынiк 30-гадовай працы, прызнанне высокага ўзроўню сучаснай песеннай культуры Беларусi.
— Не магу сказаць, што наш калектыў iмкнуўся да гэтай ўзнагароды, у гэтым плане мы не амбiцыёзныя, — згадзiлася з бацькам Алеся. — Проста мы старалiся ўкладаць душу ў тое, што робiм. Безумоўна, нам вельмi прыемна, што наша праца ацэнена такiм чынам. I перш за ўсё я адчуваю гонар за свайго бацьку, за сваю сям’ю. “Сябры” для нас — справа сямейная, i я ганаруся сваёй прыналежнасцю да той справы, якой прысвяцiлi жыццё бацькi.

Аб творчай дынастыi i праблеме бацькоў i дзяцей
— А як вам удаецца ствараць рабочую атмасферу ў калектыве, дзе вашы калегi — сваякi? Псiхолагi не раяць працаваць у адным калектыве нават мужу з жонкай, не тое што бацькам з дзецьмi. Кажуць, гэта можа дрэнна адбiцца або на сям’i, або на рабоце...
— Сямейны калектыў — гэта вельмi складана! Не раiў бы нiкому! — пацвердзiў Анатоль Ярмоленка. — Рабочую атмасферу ствараць у мяне атрымлiваецца, але гэта вельмi няпроста псiхалагiчна — i мне, i маiм родным, якiя адначасова з’яўляюцца маiмi калегамi. Па характары я чалавек строгi, бываю жорсткiм. Нават у сям’i я заўсёды быў у першую чаргу кiраўнiком, а ўжо потым бацькам, мужам. Кiраўнiк на рабоце, кiраўнiк дома. Калi ж быць бацькам? Вось гэта — праблема... Напрыклад, да творчых поспехаў Алесi заўсёды ставiўся i стаўлюся вельмi строга, хоць i iмкнуся яе не ламаць, не рабiць з яе сваю копiю. Хацелася б, каб i далей у яе творчасцi захавалася шчырасць. У многiх выканаўцаў сёння шмат манернасцi, а ў песнях Алесi ёсць шчырасць, душа, i гэта вельмi добра, слухачы гэта заўсёды адчуваюць.
— Прадоўжыць справу бацькi — гэта i гонар, i вялiкая адказнасць, — лiчыць Алеся. — Тым больш што у маiм выпадку яшчэ i планка вельмi высокая, надзвычай цяжка дацягнуцца да ўзроўню бацькi. Да таго ж, далёка не ўсе добра ставяцца да сямейных артыстычных дынастый. Усё роўна на нас з братам глядзяць як на дзяцей вядомага чалавека. Пра нашы поспехi гавораць: “Ну зразумела, дапамог бацька!”, а пра няўдачы кажуць: “Ну, а чаго ж вы яшчэ чакалi! Напэўна, бацька не падказаў!” Калi б я была проста Алеся, калi б не было за мной такой глыбы, як Анатоль Ярмоленка, напэўна, у пэўным плане мне было б прасцей. На шчасце, зараз людзi пачалi забываць, што я дачка Ярмоленкi — я ўжо доўгi час на сцэне, i калi б гэта было бессэнсоўна, я даўно б сышла з дыстанцыi, як гэта здарылася з многiмi дзецьмi знакамiтых бацькоў...
— А якi бацька Анатоль Ярмоленка?
— Вельмi добры. I сёння ён застаецца для мяне лепшым сябрам i паплечнiкам. Да яго я заўсёды магу звярнуцца за парадай, прыйсцi нават з вельмi прыватнай праблемай. Не заўсёды ён адабрае мае ўчынкi, але праблемы бацькоў i дзяцей у нашай сям’i не iснуе. Нават самыя яркiя ўспамiны дзяцiнства ў мяне звязаны з бацькам...
— Як ён брата “забыў” у магазiне? Анатоль Ярмоленка расказаў неяк журналiстам, што, калi сыну Славiку было тры гады, ён пайшоў з малым за пакупкамi i, задумаўшыся аб творчых планах “Сяброў”, дамоў вярнуўся з пакупкамi, але без Славiка. “Забыў” сына ў магазiне. Разам з жонкай зноў пабеглi ў краму — а малы спакойна, без слёз i крыку, iдзе сабе дамоў...
— Так, быў такi эпiзод. Але гэта, напэўна, самы яркi дзiцячы ўспамiн брата, — усмiхаецца Алеся. — У мяне ў памяцi застаўся пераднавагоднi вечар пачатку 80-х. Бацька пасадзiў мяне на плечы, i мы разам упрыгожвалi ёлку. За вокнамi была зiма, снег скрыпеў пад нагамi. А у кватэры пахла хвояй i мандарынамi. А потым мы разам пiлi пепсi-колу, слухалi музыку i адчувалi сябе такiмi шчаслiвымi!
— Анатоль Ярмоленка неяк прызнаўся, што пасля таго выпадку ў краме дзяцей яму доўга не давяралi. Цi давяраюць унука?
— Так. I нават вельмi часта. Калi мы з мацi куды-небудзь выбiраемся разам i ў нас пытаюць, з кiм пакiнулi малога, мы кажам — “з народнай нянькай”. Майго сына — яму шесць гадоў — таксама завуць Анатоль Ярмоленка, i яны з дзедам цудоўна ладзяць памiж сабою. Бацька кажа, што па прычыне аднолькавых iмёнаў адчувае за ўнука асаблiвую адказнасць...

Пра найлепшага слухача i некаторыя “фiшкi” артыстаў эстрады
Прэстыжнымi канцэртнымi пляцоўкамi i шматтысячнымi заламi “Сяброў” не здзiвiць. Калектыў выступаў на самых знакамiтых канцэртных пляцоўках былога СССР, неаднаразова даваў канцэрты ў ЗША, Iндыi, Польшы, Германii, Фiнляндыi, гастралiраваў у краiнах Азii, Афрыкi, Лацiнскай Амерыкi.
— На якой сцэне “Сябры” адчувалi сябе лепш за ўсё? Для якога слухача вам асаблiва падабаецца спяваць? Цi любiце спяваць для беларусаў?
— Я люблю спяваць, — коратка адказаў Анатоль Ярмоленка. — Справа ў тым, што, калi артыст спявае, аўдыторыя пачынае адчуваць настрой выканаўцы. Можна не ведаць мовы, на якой пяецца песня, але пра што яна, слухач заўсёды зразумее. Наш калектыў цёпла прымалi i ў Амерыцы, i ў Iзраiлi, i ў Афрыцы...
— Прыемна, канешне, выйсцi на сцэну шматтысячнай залы, — прызнаецца Алеся. — Мне даводзiлася пець i ў Крамлi, i ў канцэртнай зале “Расiя”, i ў Карнэгi-холе. Але я магу атрымаць такую ж асалоду ад выступлення ў маленькай зале дзе-небудзь у Буда-Кашалёве цi Гомелi. Артысту патрэбна ў першую чаргу добрая энергетыка залы i ўзаемаразуменне з гледачамi. Ты выходзiш на сцэну i адразу разумееш, прымае цябе аўдыторыя цi не. Не кожнаму артысту ўдаецца заслужыць давер гледачоў. У гэтым уменнi i ёсць талент творчай асобы...
— Прыадкрыйце тайну — што адчувае артыст за кулiсамi за некалькi хвiлiн да выхаду на сцэну? Страшна?
— Зразумела, страшна. Ён хвалюецца, уяўляе рознае... Напрыклад, выходзiш, робiш два-тры крокi па сцэне i раптам... спатыкаешся. Зал, канешне, рэагуе ўсмешкамi... Са мной, на шчасце, такога нiколi не было.
А ўвогуле ў эстрадных артыстаў iснуе шмат розных “фiшак”— псiхалагiчных прыёмаў для таго, каб заслужыць давер гледачоў. Напрыклад, я выходжу на сцэну i прызнаюся залу, што вельмi хвалююся. I гледачы пачынаюць успрымаць мяне як сваю — не “ажыўшай” постаццю з тэлевiзара, а звычайнай дзяўчынай, што магла б сядзець побач з кожным у крэсле i глядзець гэты канцэрт. I калi ў канцы праграмы я гавару гледачам, што зараз мы сталi сапраўднымi сябрамi i я iх больш не баюся, зал проста ўзрываецца апладысментамi. А ў цэлым мне прасцей, чым iншым: у мяне ёсць цудоўны прыклад — мой бацька. Я карыстаюся ўсiмi яго сакрэтамi — ён мне дазволiў, i ўжо маю свой уласны вопыт.

Пра любiмую песню i iмя па пашпарту
I Анатоля Ярмоленку, i Алесю журналiсты i аматары творчасцi ансамбля часта распытваюць пра тое, якая песня “Сяброў” самiм выканаўцам падабаецца больш за ўсе iншыя. Абое ў першую чаргу гавораць пра знакавую для калектыву песню “Алеся”.
— Мне вельмi дарагая гэтая песня, бо яна дала мне iмя i пуцёўку ў жыццё. З гэтым iмем я iду па творчым шляху, яно вызначыла мой сцэнiчны вобраз, — кажа Алеся. — Дарэчы, Алеся — гэта мой сцэнiчны псеўданiм, а па пашпарту я Вольга. Справа ў тым, што раней загсы адмаўлялiся рэгiстраваць iмя Алеся, казалi, што такога iменi не iснуе. А наконт самай любiмай песнi... Не магу адказаць на гэтае пытанне адназначна, мне блiзкiя i знаходзяць водгук у душы вельмi многiя шлягеры “Сяброў”.
Вызначыць нейкую адну любiмую песню не змог i Анатоль Ярмоленка.
— Мне падабаюцца многiя нашы старыя работы. А яшчэ я вельмi люблю новыя песнi. Калi пачынаеш працаваць над новай песняй, заўсёды хочацца як мага хутчэй паказаць яе слухачам. А далей яна пачынае жыць сваiм уласным жыццём...
Рыхтуючыся да канцэрта ў Маскве, “Сябры” сабралi разам музыкантаў, якiя пачыналi творчы шлях ансамбля. Стаўшыя па-сапраўднаму народнымi не толькi ў Беларусi, але i на прасторах былога СССР песнi “Алеся”, “Лягу-прылягу”, “Печки-лавочки”, “Глухариная заря”, “Завалинка”, “Переживем”, “Гулять так гулять” прагучаць пад акампанемент тых iнструментаў, на якiх iгралi “Сябры” 30 гадоў назад. Iх гучанне дапоўняць сучасныя камп’ютэрныя тэхналогii, i ў вынiку, па словах артыстаў, любiмая некалькiмi пакаленнямi музыка загучыць па-новаму. Разам са шматлiкiмi аматарамi творчасцi “Сяброў” ансамбль i яго кiраўнiка павiншуюць iх беларускiя i расiйскiя калегi па сцэне. Шлягеры “Сяброў” спяюць i зоркi расiйскай эстрады. Прагучаць са сцэны канцэртнай залы “Расiя” хiты Алесi, упершыню пачуюць аматары творчасцi калектыву i новыя песнi “Сяброў”. Песнi, што прагучаць у Маскве, увойдуць у новы дыск, якi неўзабаве з’явiцца ў музычных магазiнах, а таксама ў праграму гастрольнага тура “Сяброў” па Беларусi, што намечаны на блiжэйшы час.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter