Без клопатаў жыццё, як без паветра, лічыць знакамітый кіраўнік нясвіжскага СВК “Агракамбінат Сноў”

Высокая планка Мікалая Радамана

Без клопатаў жыццё, як без паветра, лічыць знакамітый кіраўнік нясвіжскага СВК “Агракамбінат Сноў”

Мікалай Радаман
Мікалай Радаман

ВІНШАВАННІ з юбілеем прымае старшыня праўлення нясвіжскага СВК “Агракамбінат Сноў”, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутат Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Мікалай Вячаслававіч РАДАМАН, якому сёння споўнілася 60 гадоў. Тут, на сноўскай зямлі, ён нарадзіўся і пасля заканчэння Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі (цяпер БДАТУ) вярнуўся ў родную гаспадарку. Працоўную дзейнасць пачынаў інжынерам-механікам па працаёмкіх працэсах, узначальваў энергетычную службу і адзінаццаты год кіруе вядомым вытворчым кааператывам. Узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”, Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, ордэнам ІІ ступені і медалём Беларускай Праваслаўнай Царквы свяціцеля Кірылы Тураўскага. Мікалай Вячаслававіч — заслужаны працаўнік сельскай гаспадаркі Беларусі.

 Па ўсіх вытворчых паказчыках і арганізацыі працы СВК “Агракамбінат Сноў” стабільна трымаецца самага высокага ўзроўню сусветных пазіцый. За апошнія дзесяць гадоў больш як у два з паловай разы павялічыў вытворчасць мяса і малака. Грамадскі статак з 5400 вырас да 13500 галоў буйной рагатай жывёлы. Падвоілася колькасць дойных кароў, якіх цяпер тры тысячы. Надой малака летась — 9500 кілаграмаў ад каровы і рэнтабельнасць вытворчасці яго ўзнялася да 38 працэнтаў. Прыбытковыя ў гаспадарцы свінагадоўля і птушкагадоўля.

Свежыя і высакаякасныя сноўскія малочныя і мясныя вырабы пакарылі не толькі беларускіх, але і замежных спажыўцоў. 

Усе фермы гаспадаркі ў асноўным забяспечваюцца ўласнымі кармамі, а жывёлагадоўчая прадукцыя перарабляецца на месцы і праз фірменны гандаль рэалізуецца. 

Станоўчая дынаміка развіцця кармавой базы, пераход на безвыгульнае ўтрыманне жывёлы, павышэнне ўзроўню механізацыі і аўтаматызацыі вытворчасці са- дзейнічаюць пастаяннаму павелічэнню прадукцыйнасці агракамбіната. Асаблівая гордасць дырэктара і ўсяго калектыву СВК “Агракамбінат Сноў” — мясакамбінат, які сёння вырабляе амаль трыста відаў высакаякаснай прадукцыі.

— Менавіта адмысловая якасць дае магчымасць вытрымліваць моцную канкурэнцыю на ўнутраным і знешнім рынках, — адзначае старшыня гаспадаркі Мікалай Радаман. — Поспех залежыць у першую чаргу ад сыравіны. Каб мець канкурэнтаздольны канчатковы прадукт, мы пастаянна мадэрнізуем вытворчасць, прымяняем самыя сучасныя метады вырошчвання экалагічна чыстай прадукцыі жывёлагадоўлі на ўласных кармах. І на перапрацоўцы сыравіны строга вытрымліваюцца тэхналагічныя нормы. Стабільна працуе сістэма менеджменту якасці. «Агракамбінат Сноў» — гэта ўжо брэнд сярод прадуктаў харчавання.

— Арганізацыя сучаснай вытворчасці і перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі патрабуюць кваліфікаваных кадраў. Як вырашаеце гэта?

— Пастаянна калектыў папаўняюць у асноўным дзеці нашых працаўнікоў, якія вяртаюцца пасля заканчэння вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў. Склаліся ўжо нават дынастыі. Кадравая праблема ніколі востра не паўставала. З малых гадоў нашы хлопчыкі і дзяўчынкі бачаць, якая павага да іх бацькоў на працы, і таму пасля вучобы з ахвотай вяртаюцца ў калектыў, які налічвае амаль дзве тысячы чалавек.

— Мікалай Вячаслававіч, вам дасталася спадчынная гаспадарка ад вопытных кіраўнікоў — Героя Сацыялістычнай Працы Якава Аляксанкіна і Героя Беларусі Міхаіла Карчміта. 

— Міхаіл Аляксандравіч Карчміт прыняў ад таленавітага старшыні Аляксанкіна эканамічна моцны калгас імя Калініна, на рахунку якога было 17 мільёнаў савецкіх рублёў. Даволі ўнушальная сума, і ён разумна выкарыстаў гэтыя сродкі на развіццё вытворчасці. Абнавілі машынна-трактарны парк, рэканструявалі вытворчыя памяшканні. Быў узяты курс на ўкараненне новых прагрэсіўных тэхналогій ва ўсіх галінах, што патрабавала вялікіх сродкаў. 

Так атрымалася, што мне давялося прымаць ужо надта закрэдытаваную гаспадарку. Першай справай аператыўна вырашалі варыянты вяртання банкам грошай.

— Хто быў задзейнічаны ў гэтым пошуку шляхоў развіцця?

— Паўгода да выбрання мяне старшынёю на калгасным сходзе выконваў абавязкі кіраўніка адзін з намеснікаў. Эканамічныя паказчыкі рэзка ўпалі, скарачалася вытворчасць. Трэба было тэрмінова ратаваць гаспадарку. Галоўныя спецыялісты выказвалі свае прапановы і кожную з іх дэталёва абмяркоўвалі, праводзілі разлікі. А на мяне ўскладвалася прыняцце рашэнняў. Гэта вялікая адказнасць. За табою стаіць лёс усяго калектыву. 

— І з чаго вы пачыналі?

— З дысцыпліны і аднаўлення парадку. Вышуквалі сродкі на пашырэнне вытворчага і жыллёвага будаўніцтва, рэканструкцыю і пераўзбраенне ўсіх галін гаспадарчай дзейнасці. Актыўна заняліся абнаўленнем сацыяльнай сферы і добраўпарадкаваннем нашых вёсак. У 2006 годзе цэнтральная сядзіба Сноў набыла статус аграгарадка з усёй неабходнай інфраструктурай у сферы бытавога і гандлёвага абслугоўвання, медыцыны, культуры і спорту.

Павялічваліся вытворчыя магутнасці гаспадаркі. Да дванаццаці дзеючых птушнікаў за некалькі гадоў дадалі яшчэ чатырнаццаць. Усё будавалі гаспадарчым спосабам. Кожнаму галоўнаму спецыялісту дакладна акрэслілі абавязкі. Як у нас кажуць, за шырокай спіной кожны верабей адчувае сябе паўлінам. З некаторымі такімі “паўлінамі” нават расталіся. 

— Уменне кіраваць — справа няпростая. Ці трэба сучаснаму кіраўніку валодаць ведамі тэхнолага, арганізатара, менеджара ці іншага аграрнага спецыяліста?

— Калі кіраўнік хоча мець поспех, павінен разбірацца ва ўсіх тонкасцях вытворчасці. І галоўнае — сябраваць з эканомікай. Мне давялося самому многае асвойваць, таму што адукацыю атрымаў тэхнічную. А гаспадарка шматгаліновая. Каб  быць заўжды на крок уперад ад іншых, пастаянна цікаўлюся навінкамі. Дэталёва вывучаю сам і спецыялістам раю не адставаць ад часу, абапіраюся на іх. Разам лягчэй спасцігаць усе тонкасці вытворчасці. Імкнёмся як мага болей пераймаць і ўкараняць у сябе сучаснага. 

У час замежных камандзіровак знаёмімся з лепшымі ўзорамі арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці. У Канадзе і ЗША вывучалі метады вядзення інтэнсіўнай малочнай жывёлагадоўлі, у Ізраілі цікавіліся арганізацыяй працы ў кібуцах. Часта ездзім у Галандыю і Германію для пераймання вопыту жывёлагадоўлі. Калі ў Беларусі пачалося масавае будаўніцтва даільных залаў, узвядзенне жывёлагадоўчых ферм па новых праектах, ужо мы працавалі па сучасных тэхналогіях. Самае цяжкае было людзей настроіць, каб належна адносіліся да новага. Справа ў тым, што на замежных фермах усё ўласнае, і яно лічыцца асабістым, а ў нас усё агульнае. Вышукваем варыянты прымянення арганізацыі працы. У нашай гаспадарцы форма ўласнасці долевая, і ў залежнасці ад прыбытку выплачваюцца заробкі. Пакуль што галоўны інструмент заахвочвання — прэміяльныя. На кожную тысячу заробленых рублёў налічваем дадаткова тысячу дзвесце рублёў. І сярэдні заробак зараз па гаспадарцы перавышае сем мільёнаў рублёў. Пры парушэнні працоўнай дысцыпліны губляецца даплата. Метадам гаспадарання вучымся не толькі за мяжою, але і ў нашых беларускіх калег, дзе ўзровень вытворчасці адпавядае сусветным узорам. 

Варта адзначыць і тое, што ў навучальных установах апошнім часам больш цесна звязваюць тэарэтычны курс з практычнай дзейнасцю. Маладыя спецыялісты прыносяць з сабой у калектывы шмат новага, больш сучаснага. 

— Мікалай Вячаслававіч, пэўна, поспех кіраўніка залежыць ад умення кіраваць у першую чаргу галоўнымі спецыялістамі?

— У любой справе павінна быць каманда аднадумцаў. У нас склалася згуртаванае ядро прафесіяналаў, якія маюць пэўны вопыт і працоўны стаж. Дбаем і пра замену маладымі кадрамі. Нядаўна дырэктарам птушкафабрыкі прызначылі выпускніка Віцебскай дзяржаўнай ветэрынарнай акадэміі Уладзіміра Міхайлавіча Мітроня. Галоўным аграномам стаў выпускнік Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Аляксандр Аляксандравіч Шаманаў. Клапоцімся пра замену спецыялістаў і кіраўнікоў структурных падраздзяленняў. Абкатваем маладую змену ў працы. На час водпускаў яны замяняюць галоўных спецыялістаў. 

— Калі вам даводзіцца адлучацца, каму давяраеце кіраванне гаспадаркай?

— Першаму намесніку па вытворчасці, але усё роўна дзе ні быў бы, тэлефаную і цікаўлюся справамі.

— Важна не толькі выпусціць прадукцыю, але і разумна рэалізаваць яе.

— Менеджмент і лагістыка адыгрываюць вялікую ролю ў эфектыўным гаспадаранні. Трэба пастаянна быць у курсе цэн на прадукцыю. Вельмі важна аператыўна прыняць рашэнне, куды лепей укласці сродкі, каб атрымаць найбольшы эффект. За дзесяцігодзе старшынёўства чыста інтуітыўна адчуваю як паступаць.

 Зараз упалі цэны на мясную прадукцыю і даводзіцца вар’іраваць аб’ёмамі выпуску яе да лепшай сітуацыі на спажывецкім рынку.

— А калі не ад вас залежыць вырашэнне пэўнага гаспадарчага пытання?

— І такое бывае. Наша гаспадарка адзіная ў Беларусі мае ў будаўніцтве ліцэнзіі, атэставаныя спецыялістамі, на вытворчасць усіх відаў будаўнічых работ, акрамя газіфікацыі. Нядаўна на пасяджэнні сумесных палат Нацыянальнага сходу задаў пытанне намесніку Прем`ер-іністра Анатолю Мікалаевічу Калініну, чаму мы, маючы такія ліцэнзіі і сваіх спецыялістаў, не можам весці тэхнагляд за ўласным будаўніцтвам. Даручана міністру архітэктуры і будаўніцтва вывучыць гэта пытанне.

Сёння шмат утварылася рычагоў адміністрацыйнага кіравання, якія замінаюць гаспадарчай дзейнасці. Для будаўніцтва кароўніка столькі трэба прайсці бюракратычных прэпонаў. Змагаемся з бюракратыяй, а яна чапляецца, як рак за бераг. Каб атрымаць ліцэнзію на пачатак будаўніцтва, трэба мець не менш 25 самых розных спецыялістаў у штаце гаспадаркі, таму што кожны з іх павінен асобна адказваць за пэўны участак новабудоўлі. Вымушаны трымаць дадатковы штат, і затраты кладуцца на сабекошт прадукцыі. Мы можам дазволіць сабе такую раскошу, а што рабіць іншым?

— Мікалай Вячаслававіч, а як вы выкарыстоўваеце інвестыцыі для развіцця гаспадаркі?

— Карыстаемся толькі крэдытамі беларускіх банкаў. Дбайны гаспадар у сваёй дзейнасці арыентуецца на карысць. Калі задзейнічаны замежныя пазыкі і атрымліваецца, што працуеш на крэдытора. Гэтае ўсведамленне мне прыйшло пасля таго, як  трапілі ў пастку аднаго партнёра. Збудавалі біягазавую ўстаноўку са стапрацэнтным капіталам замежнай фірмы, і яна пастаянна атрымлівае сваю долю прыбытку. Гэта нас навучыла інакш глядзець на прапануемыя заходнімі банкамі інвестыцыі, якія становяцца петлямі сельскагаспадарчаму вытворцу. 

Мне з маленства давялося зведаць цану рублю. З трынаццаці гадоў рос сіратою. Маці дзеля заробкаў пайшла працаваць на жывёлагадоўчую ферму, хаця мела дыплом бухгалтара. Мы з братам дапамагалі ёй на працы і хатнюю гаспадарку вялі. Выхаванне сялянскімі клопатамі засталося назаўсёды. Перад тым як прыняць рашэнне, абавязкова паразважаю, калі неабходна параюся з людзьмі. Так я выхаваны. Нават калі пераважнай большасцю галасоў на агульным калгасным сходзе мяне выбралі старшынёю, канчатковае рашэнне прыняў пасля размовы з маці. Яна хвалявалася, што пасля такіх таленавітых кіраўнікоў, як Аляксанкін і Карчміт, нялёгка мне бу- дзе трымаць планку. Прыемна адзначыць, што наша гаспадарка кіраўніцтвам рэспублікі вызначана ў якасці эталоннай, школай перадавога вопыту.

Быццам і час пра адпачынак думаць, а столькі яшчэ ідэй неўвасобленых. Плануем пабудаваць цэх утылізацыі адходаў мясакамбіната, новую кацельню, рэканструяваць халадзільную гаспадарку, павялічыць выпуск мяса-малочнай прадукцыі.

— А сябе вы шчаслівым лічыце?

— Большага шчасця і не ўяўляю, як у свой юбілей сабраць за адным сталом дарагіх мне маці, жонку, з якой прайшлі разам праз дзесяцігоддзі, дзяцей і ўнукаў, сваякоў. Каб дзецям і ўнукам перадалося ў спадчыну маё шчасце.

— Якія вам бачацца перспектывы “Снова”?

— З кожным годам усё больш пераконваюся ў калектыўнай форме арганізацыі працы. На такім сучасным аграрным прадпрыемстве цяжка ўявіць прыватную форму ўласнасці. У нас амаль 7000 гектараў зямлі, і як яе падзяліць на дзве тысячы працаўнікоў і яшчэ паўтысячы пенсіянераў. Аддай усе нашы ўгоддзі прыватнікам, і не зможам вырабляць штогадова 25000 тон мяса і 26000 тон малака. У той жа Германіі ўзровень вытворчасці ўсходніх рэгіёнаў намнога вышэйшы, чым на заходняй частцы краіны. Сёння ў заходніх краінах тэндэнцыя аб’яднання ў кааператывы. Мая думка — заставацца калектыўным староннікам вытворчасці.

— Апошнім часам да моцных гаспадарак далучаюць больш слабыя. Як вы да гэтага ставіцеся?

— Мне больш імпануюць аграхолдынгі. Але іх ствараць трэба без асаблівага націску зверху. Усе этапы праходзіць паступова. Некалькі гадоў таму мы далучылі былы калгас “Друцкаўшчызна” з 1200 гектарамі зямлі. Адразу нашы паказчыкі па вытворчасці малака і мяса знізіліся, але не надоўга. За чатыры гады “Друцкаўшчызна” пераўтварылася ў райскі куточак Нясвіжчыны. Заробкі там узняліся ў два разы. У перспектыве бачу на базе нашай гаспадаркі буйны аграхолдынг і спадзяюся адчуць сябе ў ім.

— Няўжо вас не стамляюць штодзённыя клопаты? 

— Без іх жыццё, як без паветра. Ноч не спаў і хваляваўся за тое, што сіноптыкі прадказвалі дажджлівае надвор’е. Падхапіўся на золку і стаў думаць, як лепей адрэгуляваць якасную закладку сенажу. Пры сухім надвор’і скошаная зялёная маса ўмомант сохне, а па тэхналогіі так не павінна быць. Таму і не спалася, прыкідваў, што можна зрабіць. Спецыялісты прапануюць варыянты, а кіраўніку прымаць канчатковае рашэнне. А для правільнасці патрабуецца высокая кампетэнтнасць.

— Як вы асвойваеце замежныя рынкі рэалізацыі прадукцыі?

— Гэтаму мы надаём вялікае значэнне. Сусветны рынак харчовых прадуктаў падзелены, і вельмі важна туды прабіцца. Апошнім часам больш зарыентаваны на экспарт прадуктаў харчавання ў Кітай. Па прагнозах маркетолагаў, гэта дасць магчымасць асвоіць іншыя азіяцкія краіны. Над гэтым працуе наш Урад.

— Мікалай Вячаслававіч, каго вы лічыце сваім настаўнікам?

— Не толькі настаўнік, але і дарадчык мой — маці! Памятаю, як мы перабраліся з хутара ў перанесены дом у вёсцы. Рана стаў за плуг, асвоіў касу. Калі мне стала 14 гадоў, на калгасным лузе нам выдзелілі дзялку канюшыны. Дзядуля вырабіў спецыяльна пад мой невысокі рост невялічкую касу, і я выйшаў з ёю на пакос. Носам косся збіваў пакручаны густы травастой і хутка стаміўся, плакаў ад знямогласці. А побач мужыкі ўвішна касілі. Ледзьве справіўся я з той дзялкай канюшыны. Скошаную масу раскідаў у валкі, варочаў граблямі і сушыў, а потым складаваў у копы. Пакінутыя закручаныя ўчасткі падкошваў, каб чыстым заставаўся луг. У перапынках паміж даеннем кароў прыбягала маці і як магла дапамагала мне. Кожная яе кароўка ззяла чысцінёй. У час вучобы ў інстытуце мае аднакурснікі ў выхадныя звычайна наганялі ўпушчаны за тыдзень матэрыял, а ляцеў да маці, каб дапамагчы ёй. Калі выдавалася больш вольнага часу, разам з сябрамі выгружалі вагоны. Падтрымлівала мяне і тое, што ўмею іграць на трубе, саксафоне. Разам з сябрамі-музыкамі ігралі ў сталічных рэстаранах і сталоўках на вяселлях і іншых урачыстасцях і зараблялі грошы. У студэнцтве толькі на сябе разлічваў, і так выхоўвалі з жонкай Галінай Васільеўнай, педагогам па адукацыі, дзяцей, а цяпер і ўнукаў не бэсцім.

Сын Віталь закончыў Мінскае сувораўскае вучылішча і Акадэмію МУС, абараніў дысертацыю кандыдата юрыдычных навук, падпалкоўнік міліцыі і працуе дацэнтам у Акадэміі МУС Беларусі.

Дачка Таццяна таксама абараніла кандыдацкую дысертацыю і выкладае ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. Падрастаюць два ўнукі. Старэйшы Арцёмка любіць прыязджаць у Сноў. Бяру яго з сабой у аўтамашыну, ездзім па фермах і палях гаспадаркі. Яго цікавяць каровы, коні, жарабяткі, куры. Меншага ўнука назвалі Міколкам у гонар свата Мікалая і мяне. Няхай Гасподзь падарыць унукам шчаслівы лёс! 

Уладзімір СУБАТ

Нясвіжскі раён

Ад «СГ». Калектыў рэдакцыі далучаецца да віншаванняў юбіляру!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter