Высокі рэйтынг

«Дэкадзіроўка. Архетып адэкватнага часу» ўвайшоў у дзясятку лепшых спецпраектаў Маскоўскай біенале...

«Дэкадзіроўка. Архетып адэкватнага часу» ўвайшоў у дзясятку лепшых спецпраектаў Маскоўскай біенале

Беларускі праект скульптара Канстанціна Селіханава і фатографа Андрэя Шчукіна «Дэкадзіроўка. Архетып адэкватнага часу» ўвайшоў у дзясятку лепшых спецпраектаў, прадстаўленых на 5-й Маскоўскай біенале сучаснага мастацтва. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла мастацтвазнаўца, дырэктар Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, куратар праекта Наталля Шаранговіч.

«Праект уразіў спецыялістаў. Дырэкцыяй біенале ён быў прызнаны адным з лепшых дзесяці спецпраектаў, прадстаўленых на выставе. Усяго было пад 40 праектаў. Але калі мы ўваходзім у першую дзясятку, гэта высокая ацэнка. У Маскве не даюць узнагароды, але гэта рэйтынг», — сказала Наталля Шаранговіч.

Паводле слоў мастацтвазнаўцы, апошнія некалькі гадоў беларускія мастакі часта прымаюць удзел у спецыяльных праектах паралельных праграм міжнародных форумаў, аднак яшчэ ні разу не станавіліся ўдзельнікамі куратарскага (асноўнага) праекта. Паводле папярэдняй дамоўленасці, айчынныя майстры паспрабуюць праявіць сябе ў асноўным праекце наступнай Маскоўскай біенале. Такім чынам, у Беларусі з’явіцца шанц выйсці на іншы ўзровень прадстаўлення актуальнага мастацтва.

«Дэкадзіроўка. Архетып адэкватнага часу» складаецца з некалькіх канцэптуальна звязаных міні-праектаў двух мастакоў. Работы ўяўляюць сабой выхапленыя з кантэксту рэальнасці стоп-кадры, якія з’яўляюцца спробай зафіксаваць час, трансфармуючы плоскасць у аб’ём, пераводзячы яго са стану руху ў іншае вымярэнне.

Праект агульнай плошчай 200 кв. м выстаўлены ў дзвюх залах Дзяржаўнага цэнтральнага музея сучаснай гісторыі Расіі па 19 кастрычніка. Мяркуецца, у лістападзе яго можна будзе ўбачыць у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter