Рушник был обязательным атрибутом в каждом белорусском доме

Вышываны абярэг

Ільняныя вышываныя ручнікі спадарожнічалі чалавеку з нараджэння да смерці, выкарыстоўваліся ў абрадах, надзяляліся магічнай сілай. Цікава, што ў кожнага з іх было сваё прызначэнне. Адзін з самых простых варыянтаў — ручнік-«уціральнік», якім у паўсядзённым жыцці выціралі твар і рукі. Але і ён надзяляўся вялікай сілай ачышчэння. Самы высокі статус меў ручнік-«набожнік». Ім упрыгожвалі чырвоны кут хаты, накрываючы абразы.

Фото  БЕЛТА

Вялікую ролю іграў гэты льняны атрыбут і падчас вяселля. На заручынах нявеста адорвала ручніком свайго будучага мужа, а на вяселлі — усю яго радню. На ручнік-«падножнік» станавіліся маладыя падчас вянчання ў царкве. Праз плячо перавязвалі палатнянай стужкай сватоў і сяброў жаніха на вяселлі. Не абыходзіліся без ручніка нашы продкі і падчас нараджэння дзіцяці. Яго дарылі бабцы-павітусе, кумам, а таксама выкарыстоўвалі ў абрадах ачышчэння нованароджанага. Ручніком у беларускіх хатах накрывалі свежаспечаны хлеб. Ім жа перавязвалі апошні снапок каласкоў падчас жніва. З гэтым вышываным палатном адпраўлялі вандроўнікаў у дарогу.

Ручнікі ў закладной тэхніцы з вёскі Семежава.
livingheritage.by

Сёння многія старажытныя вышываныя ручнікі захоўваюцца ў музеях і лічацца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Цэнным экспанатам нядаўна папоўніўся Мірскі замак. Як паведамляе polymia.by, у дар замкаваму комплексу быў перададзены льняны ручнік, узрост якога больш за сто гадоў. Вядома, што калісьці гэта рэч належала Вользе Дука-Каласоўскай, жыхарцы вёскі Паланэчка Баранавіцкага раёна, якая ў 1920 годзе перадала яго свайму сыну Сцяпану, на той час сямігадоваму хлопчыку. Пасля ручнік пабываў у Польшчы, Германіі, ЗША, а некалькі гадоў таму зноў вярнуўся ў Беларусь.

Важна, што і сёння ў многіх рэгіёнах краіны захоўваюцца традыцыі вырабу ручнікоў. Да прыкладу, у вёсцы Семежава Капыльскага раёна іх ткуць па старажытнай закладной тэхніцы. У 2012 годзе гэта тэхніка была ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

mila@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter