Вышэйшы рэалізм

Аляксандр Шылаў марыць стварыць партрэт беларускага салдата

Знакаміты расійскі мастак Аляксандр Шылаў марыць стварыць партрэт беларускага салдата, які прайшоў шляхамі Вялікай Айчыннай вайны

У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрылася выстаўка народнага мастака СССР, акадэміка Расійскай акадэміі мастацтваў Аляксандра Шылава. У Мінску знакаміты жывапісец прадстаўляе 43 работы, пераважная большасць з якіх — партрэты, менавіта гэты жанр займае цэнтральнае месца ў творчасці мастака.

У рамках на сценах — выявы Героя Савецкага Саюза Г.А. Вартаняна; разведчыцы, медсястры, перакладчыцы Н.В. Малышавай; кулямётчыка П.П. Шорына. Побач галерэя партрэтаў пазнавальных персон — кінарэжысёра Сяргея Бандарчука, драматурга Віктара Розава, акцёраў Ула-дзіміра Этуша і Яўгена Мацьвеева...

— На выстаўку я прывёз серыю партрэтаў былых франтавікоў, тых людзей, якія змагаліся за Радзіму, незалежна ад іх мірных прафесій.

Я з задавальненнем пішу людзей, якія перажылі вайну, і нізка схіляю перад імі галаву, — адзначыў у размове з журналістамі перад адкрыццём экспазіцыі Аляксандр Шылаў.

Дарэчы, працуе мастак выключна ўжывую, усе свае кар-ціны піша толькі з натуры. Напрыклад, дзеля адной з нядаўніх па часе работ сам ад-правіўся аж у Саратаўскую вобласць, каб зрабіць партрэты двух вяскоўцаў — ветэранаў Вялікай Айчыннай.

Як расказаў Аляксандр Шылаў, галоўнае для яго — знайсці цікавы тыпаж, а хто гэты чалавек па прафесіі, вядомы ён ці не, няхай нават бомж, — не важна. Знайшоўшы, мастак гатовы працаваць, выкладваючыся, як сам гаворыць, да апошняй кроплі крыві.

Між іншым, цікавыя тыпажы Аляксандр Шылаў шукае і ў Беларусі. Марыць напісаць партрэт былога салдата.

— Мне не важныя высокія зоркі і званні. Галоўнае, каб на твары гэтага чалавека чыталася ўсё ім перажытае, усе цяжкасці, усё гора і боль, каб у яго вачах была ўся вайна. Вось такога салдата я мару напісаць і падарыць гэтую карціну Беларусі. Вельмі хочацца такога чалавека тут знайсці, — прызнаўся мастак журналістам.

Дарэчы, ёсць у выставачнай экспазіцыі адна карціна, героя якой Аляксандр Шылаў знайшоў якраз на беларускай зямлі. Асобнае месца ў галерэі яго работ займае партрэт мітрапаліта Філарэта, створаны ў 1987 годзе. Каб пазіраваць, уладыка сам прыязджаў у майстэрню да мастака ў Маскву і, паводле слоў Аляксандра Шылава, нават прывёз неабходны для інтэр’ера епіскапскі трон. Дзеля выстаўкі ў Мінску кар-ціну спецыяльна знялі з асноўнай экспазіцыі Маскоўскай дзяржаўнай карціннай галерэі народнага мастака СССР А. Шылава. З’яўленне партрэта мітрапаліта Філарэта ў беларускай сталіцы сімвалічна. Сёлета спаўняецца 35 гадоў з часу яго архіпастырскага служэння ў Беларусі.

На пытанне пра свае бліжэйшыя творчыя планы Аляксандр Шылаў адказвае коратка: працягваю працаваць. А наконт творчай мэты гаворыць так:

— Перш за ўсё — расці як мастаку. У сэнсе павышэння майстэрства выяўлення глыбіні чалавечага стану. А ў гэтым няма межаў у рэалістычным напрамку мастацтва. І, напэўна, чым больш ты ўмееш, тым меншым здаецца тое, што ты ўжо ўмееш. Кожны мастак павінен быць самаедам па натуры. Трэба пастаянна крытычна ставіцца да сябе, заўважаць недахопы і старацца іх выпраўляць. Гэта — адзіны спосаб, каб ад працы да працы хаця б крыху ўзнімацца ўверх, а не ператварацца ў аўтамат. Іншага шляху няма.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter