Вышэйшая адзнака

Беларускі батутыст Уладзіслаў Ганчароў пераскакаў у Рыа-дэ-Жанейра непераможнага кітайца Дун Дуна
Хітрая тактыка

Першы тыдзень Гульняў ні аднаго медаля. А потым як прарвала. Узнагароды пасыпаліся ў засекі адна за другой. Залатым забойшчыкам стаў 20-гадовы скакун на батуце Уладзіслаў Ганчароў. Тое, што ён здзейсніў у Рыа-дэ-Жанейра, можна назваць цудам — у барацьбе за алімпійскае золата пераскакаў знакамітых непераможных кітайцаў, перад якімі пасуюць нават расіяне.

Кітайцы звычайна бяруць складанасцю праграмы. У галавакружнасці піруэтаў перасягнуць іх практычна немагчыма. Скакун з Віцебска разам з трэнерам Вольгай Уласавай вырашылі пайсці ад адваротнага: два гады назад спрасцілі праграму, каб супрацьпаставіць складанасці стрыманасць і чысціню выканання. Пэўная рызыка была. Але менавіта гэтая стратэгія спрацавала!

У кваліфікацыі ў абодвух практыкаваннях быў другім і ўпэўнена выйшаў у васьмёрку фіналістаў. Выступаючы перадапошнім, беларус ужо ведаў вынікі амаль усіх галоўных канкурэнтаў і паказаў свае лепшыя якасці, атрымаўшы ад суддзяў найвышэйшую адзнаку — 61,745 бала.

Вышыннік-акрабат адсунуў на сярэбраны радок не каго-небудзь, а лідара кітайскай каманды, алімпійскага чэмпіёна Лондана-2012 Дун Дуна. Перапоўненая зала стоячы вітала беларускага чэмпіёна. Вялікі Дун сядзеў на лаўцы з каменным тварам...

— Сапернікі проста завагаліся ў фінале. Я заставаўся спакойным і ўсё зрабіў добра ў сваім вырашальным выступленні. Сваю перамогу прысвячаю ўсёй Беларусі. Усім тым, хто верыў у нас і хваляваўся, — сказаў Уладзіслаў Ганчароў пасля ўзнагароджання. На грудзях яго, як бразільскае сонца, зіхацеў залаты алімпійскі медаль, першы ў гісторыі беларускага батута.


Пераможныя кульбіты Уладзіслаў круціў на вышыні васьмі (!)
метраў. І здолеў пераскакаць “хроснага бацьку” кітайскай каманды Дун Дуна


Лічылі безнадзейным

У шасцігадовым узросце маці прывяла Уладзіка ў секцыю гімнастыкі, адкуль яго выгналі праз тры месяцы за поўную, на погляд трэнераў, прафнепрыгоднасць — былі праблемы з расцяжкай.

Тады ён падаўся ў батут.

Віцебская школа з савецкіх часоў — адна з наймацнейшых у свеце. Хлапчуку пашанцавала ўдвая. У спартыўнай зале яго сустрэла Вольга Уласава. Праніклівы настаўнік адразу ўгледзела ў ім божую іскру. І праз 14 гадоў прывезла свайго пасталелага падапечнага ў Бразілію.

А яшчэ Уладзіслаў — паліглот. Здольнасці да моў у яго ад прыроды. Ловіць на ляту. Ведае англійскую, французкую, італьянскую, цяпер авалодвае іспанскай мовай. Вучыцца ў Беларускім дзяржуніверсітэце фізкультуры.

Не забывае і сваю родную спартшколу № 1. Вырашыў выставіць на аўкцыён свой смартфон, а выручаныя грошы перадасць туды, каб таленавітыя хлопцы і дзяўчаты змаглі выехаць за мяжу на спаборніцтвы.

У тым, што яго смартфон пойдзе на ўра, Уладзіслаў не сумняваецца. Апарат сам па сабе ўнікальны — лімітаванай алімпійскай серыі. Ды яшчэ з эксклюзіўнай начынкай — у ім паўнюсенька асабістых фотак Уладзіслава з алімпійскага Рыа, прычым падміргвае чэмпіён не толькі з выступленняў.

Службовы раман

У чэмпіёна і на асабістым фронце ўсё а’кей. Некалькі гадоў сустракаецца з калегай па зборнай, чэмпіёнкай Еўропы, прызёрам чэмпіянатаў свету, таксама віцяблянкай Ганнай Гарчанок. Шчаслівы службовы раман без адрыву ад трэніровак. Праўда, у Рыа Ганне не пашанцавала — у адной са спроб яна вылецела за межы батута і заняла ў фінале толькі восьмае месца. Але пасля золата Уладзіслава яна забыла пра ўласную няўдачу і першай падбегла павіншаваць яго з алімпійскай перамогай.

Юрый Бакеранка,

Барыс Арэхаў


Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter