Выратаваць i захаваць...

У беларусаў ёсць традыцыя: пасля афiцыйнай рэгiстрацыi шлюбу маладыя наведваюць помнiкi, ускладаюць кветкi. Так моладзь далучаецца да памяцi продкаў i адначасова захоўвае культурныя традыцыi. А пра тое, каб помнiкi гiсторыi, архiтэктуры, мастацтва i iншыя не страчвалi сваю прыгажосць i адметнасць, клапоцiцца ўпраўленне аховы гiсторыка-культурнай спадчыны i рэстаўрацыi Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь. Паводле слоў кiраўнiка ўпраўлення Васiля Абламскага, у апошнiя гады адбыўся вялiкi крок наперад у адраджэннi гiстарычных каштоўнасцей Беларусi. Планы на блiжэйшыя пяць гадоў таксама прыемна здзiўляюць.
Па-першае, зараз Мiнiстэрства культуры актыўна працуе над заканадаўчай базай, каб мець магчымасць на законных падставах абараняць нацыянальныя каштоўнасцi нашай краiны. Падрыхтавана 18 нарматыўна-прававых актаў у сувязi з увядзеннем новага Закона “Аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны”, якi пачне дзейнiчаць у другiм паўгоддзi гэтага года. Па-другое, летась пачалася рэстаўрацыя на 320 аб’ектах! Цалкам за дзяржаўныя сродкi iдзе праца на асноўных рэспублiканскiх рэстаўрацыйных пляцоўках — у Мiры, Нясвiжы, у Мiнску — на рэстаўрацыi Тэатр оперы i балета. Сёлета плануецца асвоiць 93 мiльярды рублёў.
У блiжэйшыя пяць гадоў будзе адрэстаўравана каля 50 аб’ектаў, стан якiх выклiкае вялiкую заклапочанасць грамадства. Васiль Абламскi пералiчыў некаторыя з iх: сядзiба Нямцэвiчаў у Скоках (Брэсцкая вобласць), саляныя склады ў Вiцебску, сядзiбны комплекс “Чырвоны бераг”, былы калегiум у Юравiчах (Калiнкавiцкi раён). Пад культурныя патрэбы будзе прыстасаваны адноўлены замак у Лiдзе. Працягнуцца работы ў Спаса-Праабражэнскай царкве ў Полацку (акрамя аднаўлення фрэсак пачнецца рэстаўрацыя ўсяго будынка), а таксама рэстаўрацыя карпусоў Б i В полацкага езуiцкага калегiума (у адноўленым першым корпусе зараз займаюцца студэнты Полацкага дзяржаўнага унiверсiтэта). Будзе адрэстаўраваны палацавы ансамбль Агiнскiх у Залессi, праведзена кансервацыя унiкальнай царквы абарончага тыпу ў Сынкавiчах (Зэльвенскi раён). Не застануцца без увагi таксама барысаўскi Успенскi сабор, касцёл св. Марыi ў Заслаўi i многiя iншыя помнiкi. Дарэчы, наогул у дзяржаўны спiс аховы гiстарычнай спадчыны ўключана 4811 аб’ектаў.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter