Чем там примечательна Дисненская икона Божией Матери "Одигитрия" и почему местные называют ее заступницей города

Выратавальная моц

Чым так адметна Дзісненская ікона Божай Маці «Адзігітрыя» і чаму тутэйшы народ называе яе заступніцай горада


Дзісненская ікона Божай Маці «Адзігітрыя»
КОЖНЫ год 10 жніўня насельніцтва горада Дзісны Міёрскага раёна павялічваецца ў некалькі разоў. Прычына таму — свята цудадзейнай старажытнай Дзісненскай іконы Божай Маці “Адзігітрыя” XVI веку, якая знаходзіцца ў мясцовым храме Уваскрэсення Хрыстова. Пакланіцца ёй едуць не толькі з Беларусі, але і з блізкага і далёкага замежжа.

ЗВЕРНЕМСЯ ў гісторыю. Дзісна — надта старажытнае паселішча, праз якое па Заходняй Дзвіне праходзіў гандлёвы шлях з варагаў у грэкі. Сапраўднай бядой дзіснянчан былі пажары: двойчы драўляны горад выгараў амаль датла. І вось  жыхары заўважылі на хвалях ракі ў вельмі яркім незямным ззянні ікону Прасвятой Багародзіцы. Яны дасталі святыню з вады і абнеслі вакол горада. І здарыўся цуд: агонь нібыта знік сам сабой.

З той пары такія страшныя пажары перапыніліся. Заўважана пазней, што ікона Божай Маці “Адзігітрыя” “адклікаецца” на розныя просьбы людзей, лечыць хваробы. Пенсіянерка з Дзісны Ала Мішута, у мінулым педагог, якая на грамадскіх пачатках з’яўляецца гідам у храме Уваскрэсення Хрыстова, прыгадала некаторыя з выпадкаў выздараўлення прыхаджан пасля звароту да святыні:

— Я праводзіла экскурсію каля іконы Божай Маці “Адзігітрыя”. Не прамінула заўважыць, што яна — цудадзейная, але сказала, што імёны людзей, якія дзякуючы ёй вылечыліся, назваць не магу, бо не запісвала. І тут выйшла з групы адна жанчына і гаворыць: “Вось я, Ларыса Андруковіч, адна з многіх — перад вамі. У дзяцінстве, яшчэ з трох гадоў, у мяне пачаліся праблемы з нагой. Урачы не змаглі дапамагчы. Матывавалі: хвароба невылечная, і я застануся на ўсё жыццё кульгавая. З гэтым не прымірылася мая маці. Яна пайшла ў храм і горача малілася перад іконай Божай Маці “Адзігітрыя” за маё выздараўленне. І нага мая паправілася. З таго часу мінулі дзясяткі гадоў, і, як бачыце, я не кульгаю”.

А вось адзін з апошніх фактаў. Да мяне звярнулася жыхарка, якая ніколі не хадзіла ў храм. Яна плакала, што бяда з дваццацігадовым сынам, які ў беспрытомным стане ляжыць у бальніцы, і ўрачы нічога не абяцаюць. Я параіла ёй памаліцца перад іконай Прасвятой Багародзіцы, а таксама паспавядацца ў бацюшкі, прыняць прычасць. І што вы думаеце: праз пару тыдняў жанчына наведалася ў храм ужо разам з сынам...

Ала Фёдараўна паведала пра незвычайнае здарэнне, якое адбылося з ёй асабіста і магло закончыцца трагічна. Вярталася яна са сваёй сяброўкай з ягад на веласіпедах. З вельмі крутой гары, на якой рамантавалі дарогу, двухкалёсны транспарт Алы “панёс” на кучу бязладных камянёў, не слухаючыся тармазоў. Ад жаху яна заплюшчыла вочы і запрасіла паратунку ў кароткай малітве да дзісненскай святыні. Апомнілася жывой і здаровай унізе гары. Сяброўка, якая назірала за гэтым неверагодным спускам, клялася, што веласіпед яе зямлячкі ляцеў у... паветры.

ІКОНА Дзісненскай Божай Маці непасрэдна звязана і з лёсам Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Ціхана. У 1915 годзе ў сувязі з не вельмі паспяховымі падзеямі на франтах Першай сусветнай вайны Дзісна стаў губернскім цэнтрам, куды перабралася з Вільні начальства. А 23 красавіка 1916-га ў Дзісну прыехаў і Ціхан, на той час архіепіскап Віленскі і Літоўскі, і пасяліўся ў доме з пяці пакояў, кухняй і верандай. У кастрычніку таго ж года яго выклікалі ў Пецярбург на пасяджэнне Свяшчэннага Сінода. Перад тым як адправіцца ў дарогу, Уладыка доўга маліўся перад іконай Божай Маці “Адзігітрыя”. Неўзабаве стала вядома, што Ціхана выбралі архіепіскапам Маскоўскім і Каломенскім, потым мітрапалітам гэтай жа парафіі, а ў 1918 годзе — Патрыярхам Маскоўскім і усяе Русі. Дзісненцы павіншавалі яго з прызначэннем на высокую пасаду. Ён у адказ прыслаў падзячную грамату, датаваную ад 2 сакавіка 1918 года, якая вось ужо амаль 100 гадоў зберагаецца ў храме.

У самой іконы Божай Маці “Адзігітрыя” — свой нялёгкі лёс. У 80-я гады мінулага стагоддзя быў зачынены храм Уваскрэсення Хрыстова, дзе яна знаходзілася, і перанесена ў царкву, якую двойчы рабавалі. Варвары не змаглі ўнесці па нейкай прычыне святыню, але пакінулі на ёй адбітак ад красоўкі. Ікона патрабавала рэстаўрацыі. За гэту нялёгкую далікатную справу па благаславенні архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія і непасрэднай падтрымцы настаяцеля храма Уваскрэсення Хрыстова бацюшкі Генадзя Каранеўскага ўзяўся мінскі мастак Ігар Сальмачэўскі. Пра першае “спатканне” наяве з іконай у яго застаўся такі ўспамін: “Рыпнулі каваныя металічныя засаўкі, расчыніліся цяжкія дзверы храма. Так, у снежні 2010 года ікона Дзісненскай “Адзігітрыі” ўвачавідкі паўстала перада мною ў абрамленні белых, вышытых мясцовымі майстрыхамі, карункаў, нібыта з тонкіх узораў інею. Ад строгага погляду Багародзіцы зыходзіла такая моц, што пабеглі мурашкі па целе. Я проста стаяў у маўчанні і глядзеў на гэты вобраз, забыўшыся пра час...”

Ікона напісана на чатырох драўляных дошчачках. Ігар Сальмачэўскі адкрыў, што яна ўжо раней была ў рэстаўрацыі. Пад знешнімі фарбамі ён знайшоў больш даўнія, XVI стагоддзя, часоў Івана Грознага.

Сваю работу мастак выканаў бездакорна, але нячысцік не мог дараваць яму гэтага. У пятніцу перадвелікоднага тыдня яго дачка трапіла пад машыну, праляцеўшы ад удару некалькі метраў і абышлася толькі... некалькімі драпінамі і страхам. Ігар лічыць, што на заступніцтва яго дачкі стала менавіта Дзісненская Божая Маці.

ЗГОДНА з паданнем, ікона  “Адзігітрыя” прыплыла ў Дзісну 10 жніўня. Менавіта таму і святкуюць у гэты дзень. Абавязкова — літургія ў яе гонар і хрэсны ход ад храма Уваскрэсення Хрыстова да храма на могілках, дзе яна была раней. Сімвалічна, што святыню нясуць супрацоўнікі Міністэрства надзвычайных спраў, бо яна перасцерагае ад пажараў. Працэсія расцягваецца на цэлы кіламетр. Дзісненцы і іх госці імкнуцца тройчы прайсці пад іконай. Кажуць, што тады збываюцца задуманыя пажаданні...

saulich@bk.ru

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter