Вырасціць – паўбяды, прадаць цяжэй!

Паселак Чырвоная Беларусь Быхаўскага раёна лес агінае шырокаю зялёнаю падковаю. Тут заўсёды лёгка дыхаецца— і зімой, і летам. Сюды ў канцы 80-х і пераехала сям’я Алеся Піліпенкі, дэмабілізаванага кадравага вайскоўца, які многія гады служыў у авіяцыі ажно ў далёкім і студзёным Анадыры.

Чаму, вярнуўшыся на радзіму, Піліпенкі вырашылі займацца свінагадоўляй і з якімі цяжкасцямі пры гэтым сутыкаюцца?

Паселак Чырвоная Беларусь Быхаўскага раёна лес агінае шырокаю зялёнаю падковаю. Тут заўсёды лёгка дыхаецца— і зімой, і летам. Сюды ў канцы 80-х і пераехала сям’я Алеся Піліпенкі, дэмабілізаванага кадравага вайскоўца, які многія гады служыў у авіяцыі ажно ў далёкім і студзёным Анадыры.

Алесь Фёдаравіч мог атрымаць кватэру ў любым вялікім горадзе, акрамя хіба што Масквы, але не захацеў. Карэннага беларуса з быхаўскай вёскі Залеская Слабада быццам магнітам цягнула на малую радзіму. Выказаў аднойчы гэта жонцы Юліі Салманаўне. Тая не стала пярэчыць, сказала толькі, што “куды іголка — туды і нітка”. Сабралі неабходныя дакументы і купілі дом у Чырвонай Беларусі.

Праз некаторы час сюды з Вялікага Ноўгарада пераехала дачка Людміла з сям’ёю, стала працаваць эканамістам у тагачасным саўгасе “Ямнае”, прыдбаўшы сабе хату побач з бацькоўскаю. Сталі жыць-пажываць, дабра нажываць, але нечакана для многіх распалася супердзяржава — Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Беларусь і Расія сталі незалежнымі краінамі. Паўсюдна ішлі рэформы. У аграпрамысловым комплексе таксама. У выніку праводзімага ўзбуйнення не стала саўгаса “Ямнае”. Людміле давялося шукаць працу ў іншым месцы. Крыху парабіла ў Быхаве ў адным з банкаў, але малыя дзеці ды ненарміраваны працоўны дзень вымусілі звольніцца. Што рабіць далей? Пэўны час хадзіла без справы, а карміць сям’ю трэба. Вырашыла заняцца прадпрымальніцтвам, развіццё якога ўжо набірала абароты. Права займацца такой дзейнасцю першым набыў бацька. Яму і сталі ўсе дапамагаць.

Пачалі гандляваць мясам на кірмашы райспажыўтаварыства ў райцэнтры. Ездзілі па Быхаўшчыне, скуплялі ў насельніцтва жывёлу, рабілі ўсё неабходнае, а ў горад везлі ўжо гатовае мяса. Так працягвалася больш за год. Бізнэс не ішоў, ледзьве зводзілі канцы з канцамі, бо сферы ўплыву тут ужо былі падзелены.

Сабраліся на сямейны савет. Кожны выказваў сваё меркаванне. Сышліся на адным: неабходна заняцца свінагадоўляй самастойна. Спачатку спецыялізаваліся выключна на адкорме, але з цягам часу пераканаліся, што чысты адкорм выгады не дае. Вырашылі спалучыць яго з развядзеннем свінаматак і маладняку. Займелі пародзістых свінак, а потым і пародзістага кныра-вытворцу, якога набылі ў свінагадоўчым комплексе “Зарэчча” суседняга Рагачоўскага раёна.

— Пакуль прыбытку асаблівага няма, бо камбікармы, лекі, вакцыны розныя купляем за вялікія грошы, — прызнаецца Людміла Валер’еўна, — а ў перспектыве, калі ўдасца давесці пагалоўе да 240 асобін, тады нешта істотнае будзе. Толькі гэта даволі складана, хоць мы ўсё ўмеем рабіць самі, нават лячыць парсюкоў.

— Адкуль жа ў эканаміста такія веды? — цікаўлюся ў Людмілы Знаменскай, дачкі Алеся Піліпенкі.

— Жыццё вымусіла пазнаваць сакрэты вядзення свінагадоўлі. Куплялі і чыталі сучасную літаратуру, кансультаваліся і кансультуемся ў спецыялістаў. У Зоі Фёдараўны Губар, напрыклад, якая мае да таго ж багаты практычны вопыт, за што ёй вялікі дзякуй. Як і старшыні Ямніцкага сельвыканкама Віктару Міхайлавічу Бандарчуку, які падтрымлівае нас маральна, своечасова афармляе розныя неабходныя дакументы.

На абодвух падворках, прымыкаючых адзін да аднаго, месцяцца шэсць хлеўчукоў, у якіх рохкаюць свінні ці папіскваюць парсючкі.

— Калі ёсць жаданне, можаце паглядзець нашых свінаматак, адкормкаў, — гасцінна запрашае прайсціся па сядзібе гаспадар Алесь Піліпенка, — не бойцеся, не запэцкаецеся. У нас усюды суха, чыста.

У хуткім часе пераконваюся ў сказаным. Чысціня нават уражвае.

Вось і восень. Выраслі, набралі вагу адкормкі, маладняк. Некаторыя свінні стануць свінаматкамі, іншыя пойдуць на мяса, калі не дадуць прыплоду. Кабаноў, акрамя кныра, гаспадары заб’юць і прададуць на кірмашы, хутчэй за ўсё ў Гомелі, бо схема дастаўкі і продажу там мяса ўжо адпрацавана. У 2 гадзіны ночы пад’ём, недзе ў 5.30 раніцы прыязджаюць на кірмаш абласнога цэнтра, займаюць чаргу на санітарны кантроль прывезенай прадукцыі, затым выгружаюць тушы і рыхтуюць іх да продажу, а гадзін гэтак з 11 і прыкладна да 17 гандлююць...

Дадому ўлетку вяртацца добра, а вось восенню і зімой, калі дзень становіцца кароткім, горш. Асабліва ў кепскае надвор’е, ведаючы, што дома чакаюць дзеці-школьнікі. Адны. Свіней яны ў дзень паездкі бацькоў даглядаюць самі, ведаючы тэхналогію сухога кармлення. Старэйшы сын сёлета скончыў школу, паступіў у медыцынскі каледж і ўжо паехаў на заняткі, таму на аднаго памочніка цяпер у сям’і менш. Малодшы працягвае вучобу, пакуль жыве з бацькамі.

— А чаму не гандлюеце мясам у Быхаве?

— На кірмашы не хочам, на тое ёсць свае прычыны, а вось калі б выдзелілі нам невялікую гандлёвую плошчу пад магазін “Свежае мяса” і за прымальную арэндную плату, то згадзіліся б, — прызнаецца Людміла Валер’еўна, — паколькі ў нас і абсталяванне ёсць, прывезлі яго з Вялікага Ноўгарада, дзе мелі сваю гандлёвую кропку. Выгада была б у першую чаргу пакупнікам. Калі цяпер на кірмашы прыватнікі прадаюць тую ж паляндвіцу па цане 20—22 тысячы рублёў за кілаграм, мы прадавалі б па 16—18 тысяч рублёў. Дарэчы, спачатку хацелі арандаваць тут, у Чырвонай Беларусі, пустуючы магазін, які належыць райаграпрамтэхснабу. Пайшлі з просьбаю, але там назвалі такую арэндную плату за гандлёвую плошчу, што мы адразу адмовіліся. Да таго ж трэба было выканаць шмат падрыхтоўчых работ: падвесці ваду і іншае. Дадазім да гэтага, што вёска — не горад, тым болей аддаленая, тут няма гарантыі на стабільных пакупнікоў. Вось і вырашылі не рызыкаваць.

— А вы паспрабавалі б заключыць двухбаковае пагадненне з райспажыўтаварыствам на вырошчванне і продаж яму свініны оптам, — раю суразмоўцы.

— Пра гэта мы ўжо думалі і звярталіся ў гэтую ж арганізацыю, але яе ўмовы непрымальныя. Мяркуйце самі. Яны хочуць купляць у нас мяса не ў жывой вазе, а натуральнае, па 7800 рублёў за кілаграм. Фактычна за бясцэнак. А калі б прапанавалі хоць бы 10000 тысяч рублёў і забіралі ў нас яго дома оптам, мы б згадзіліся.

Як тут не ўспомніць адзін з рэспубліканскіх семінараў, які праходзіў у ААТ “Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод”, дзе намеснік прэм’ер-міністра Іван Бамбіза крытыкаваў чыноўнікаў-перапрацоўшчыкаў за тое, што яны шмат губляюць грошай менавіта з-за сваёй сквапнасці, прапануючы чалавеку за кілаграм чарніцаў усяго 2, а ў лепшым выпадку 4 тысячы беларускіх рублёў. За такія грошы іх ніхто не прадасць, а калі б 8—9 тысяч, тады б усе ягады былі на дзяржаўных заводах, а не ў заезджых скупшчыкаў. Тое ж і з іншай садавінай, агароднінай, і атрымліваецца, што і з мясам таксама.

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падтрымлівае развіццё асабістых  дапаможных гаспадарак, таму і падпісаў адпаведны Указ, які прадугледжвае іх крэдытаванне на станаўленне і далейшае развіццё. Але прадпрымальнікі з Чырвонай Беларусі браць крэдыты не спяшаюцца, бо іх трэба будзе аддаваць, што зараз няпроста.

Прыватная свінагадоўчая ферма трымаецца на плыву. Усе яе фінансава-гаспадарчыя справы вядзе прафесійны эканаміст з вышэйшай спецыяльнай адукацыяй Людміла Знаменская, прайшоўшая добрую школу ў камітэце эканомікі Адміністрацыі горада Вялікага Ноўгарада Расіі і ў нас, у Беларусі. Таму, перш чым нешта зрабіць, яна спачатку ўсё лічыць, а потым ужо робіць з дапамогаю бацькоў, мужа Юрыя Міхайлавіча, сваіх працалюбівых дзяцей.

Мікола ЛЕЎЧАНКА

НА ЗДЫМКУ: гаспадар Алесь Піліпенка з жонкаю і дачкою на сваім падворку.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter