
Без прагарын і расколін
Сельскія клубы, акушэрскія пункты, амбулаторыі, прадпрыемствы, дзіцячыя садкі і школы — шматлікія ўстановы ў раённых цэнтрах, пасёлках і вёсках ацяпляюцца ўласнымі кацельнымі рознага памеру і магутнасці. Як жа яны павінны выглядаць, каб задаволіць строгіх правяраючых?— Па-першае, у аператараў кацельных, апальшчыкаў, качагараў павінны быць пасведчанні аб адпаведным навучанні, а мы можам праверыць яго якасць: задаць некалькі пытанняў па пажарна-тэхнічным мінімуме, — пачынае пералік Ігар Бародзька, першы намеснік начальніка Пухавіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. — Каля топкі нельга сушыць ні дровы, ні вопратку. Запас паліва не павінен перавышаць сутачную патрэбнасць, а размяшчацца ён можа не бліжэй за 125 сантыметраў ад паліўніка. Дзверцы абавязкова павінны быць шчыльна закрытымі, недапушчальна, каб з іх тырчалі паленцы.
Забаронена таксама распальваць агонь лёгкаўзгаральнымі рэчывамі па тыпе газы або бензіну. Ну і, зразумела, у кацельнай павінен быць вогнетушыцель, а пажарныя шчыты неабходна ўкамплектаваць.
Пашпартызацыю катлоў праводзяць спецыяльныя арганізацыі, а супрацоўнікі МНС сочаць, каб на іх не было яўных пашкоджанняў: прагарын, расколін, асабліва вакол топкі.
Цёпла на прадпрыемстве і ў кватэрах
Адна з даволі буйных кацельных, якая ацяпляе і вытворчасць, і пасёлак Праўдзінскі Пухавіцкага раёна, у якім пражывае каля 3 тысяч чалавек, знаходзіцца на мясцовым торфапрадпрыемстве. Пасля рэканструкцыі там працуюць тры катлы, кожны з дзвюма топкамі. Адметнасць кацельнай у тым, што яна працуе на ўласным рэсурсе — фрэзерным торфе, а газ можа выкарыстоўвацца як рэзервовы від паліва.
— Ёсць насосная станцыя, пажарныя рэзервуары, сухатрубы, да якіх можна далучыць пажарныя шлангі ў выпадку ўзгарання даху, — экскурсію праводзіць Аляксей Малочка, галоўны інжынер філіяла «Торфабрыкетны завод «Сяргеевіцкае» УП «Мінгаз».
Ігар Уладзіміравіч правярае запоры на дзвярах — яны павінны лёгка, без ключа адкрывацца знутры.
У кацельнай такога маштабу на змене працуюць два аператары, а таксама майстар. У топцы аднаго катла ўжо бушуе агонь, а другі якраз распальваюць. Рабочы прывозіць тачку торфабрыкетаў і высыпае на падлогу побач, чым выклікае зацікаўленасць Ігара Бародзькі: ён удакладняе, ці не захоўваецца тут паліва, і напамінае, што гэта катэгарычна забаронена. Але груда брыкетаў імкліва знікае ў вогненнай пашчы топкі, а галоўны інжынер тлумачыць, што торф выкарыстоўваецца толькі для распалкі. Як толькі тэмпература дасягне вызначанай нормы, у катлы аўтаматычна стане падавацца тарфяная крошка.
Вогнетушыцелі, супрацьпажарныя шчыты — Ігар Уладзіміравіч задаволены наяўнасцю неабходных сродкаў тушэння агню. Але напамінае, што лепш не вешаць побач з імі спяцоўкі, каб не абмяжоўваць доступ да сродкаў выратавання ў сітуацыі, калі адлік часу ідзе на секунды. З асаблівай увагай заглядае ў банку з кавай, якая стаіць на палічцы, — такія нярэдка прыстасоўваюць пад попельніцы, а курыць у памяшканні катэгарычна забаронена. Але дарэмна: знаходзім там каву.
«Маланка» на дапамогу
Наступныя кацельныя, якія патрабуюць нашай увагі, знаходзяцца ў аграгарадку Голацк. Адна з іх ацяпляе школу, другая — дзіцячы сад. Апошняя зусім невялікая, нават хутчэй топачная, ды і кацёл у ёй малы, падобны да тых, якія ўстанаўліваюць у прыватных дамах. Памяшканне выбелена, вогнетушыцель займае сваё законнае месца, на столі бачым цеплавыя датчыкі, якія паведамяць аб надзвычайна высокай тэмпературы. Ёсць і трывожная кнопка ў пластыкавай скрыначцы.
— Пры яе дзейнічанні сігнал паступіць на пункт дыс-петчарызацыі пажарнай аўта-матыкі «Маланка». Калі адразу ж не паведаміць туды, што гэта не надзвычайная сітуацыя, а, скажам, нейкі тэхнічны збой, то праз некалькі хвілін сюды прыедзе не менш за 8 пажарных машын — на пульце відаць, што кнопка ўстаноўлена ў дзіцячым садзе, — тлумачыць Ігар Бародзька.
Каля кацельнай, што ацяпляе школу, якраз разгружаецца лесавоз, яго магутная металічная «рука» складае на спецыяльную пляцоўку велізарныя бярвенні — усё гэта яшчэ давядзецца распілаваць і пасекчы на дровы.
Катлы тут, відавочна, старыя, але адрамантаваныя, пачышчаныя, атынкаваныя і пабеленыя. Гэта не капрыз — на светлым фоне адразу добра бачная сажа, якая сведчыць аб нейкай няспраўнасці ацяпляльнага абсталявання.
У пакойчыку аператара знаходзім тапчан. Такая мэбля выклікае падазрэнні. Праўда, у агульных патрабаваннях не адзначана, што ложкі або тапчаны ў памяшканні кацельнай стаяць не павінны, але затое напісана, што там нельга адпачываць.
— Стол, стул, кніга або камп'ютар, лямпачка — вось што дапушчальна. Адпачываць трэба дома! — катэгарычна выказваецца Ігар Уладзіміравіч і настойліва прапануе пазбавіцца ад спальнага месца.
ЛІЧБЫ
На 24 верасня Дзяржпрамнаглядам выдадзена 5482 заключэнні (што складае 98,6 працэнта) аб гатоўнасці кацельнага абсталявання крыніц цеплазабеспячэння да асенне-зімняга перыяду. З 5560 паднаглядных кацельных даследавана 5527. Адмоўлена ў выдачы заключэнняў 45 кацельным. Прычынамі адмовы з'яўляюцца нездавальняючыя арганізацыя і ажыццяўленне вытворчага кантролю, неналежнае вядзенне тэхнічнай дакументацыі, невыкананне неабходных мерапрыемстваў перад пачаткам эксплуатацыі тэхнічных прылад.
КАМПЕТЭНТНА
Сяргей ЛАПАНОВІЧ, начальнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС:

Найбольш частымі парушэннямі пажарнай бяспекі ў кацельных з'яўляюцца складзіраванне дроў ушчыльную да сцяны будынка, няспраўнасць сістэм аўтаматыкі. Нярэдка рукавы ў пажарных кранах непрыдатныя для тушэння пажару, а проста ляжаць у шафе для галачкі, вогнетушыцелі неперазараджаныя, пажарныя шчыты неўкамплектаваныя. Вынаходлівасць да таго дайшла, што ў адной з кацельных замест дабротнай сякеры на шчыце размясцілі драўляную, пафарбаваную пад арыгінал. Пасля такога пераконваешся, што рыхтаваць да ацяпляльнага сезона трэба не толькі абсталяванне, але і свядомасць грамадзян.