Выпадковы спадарожнік

Пад грукат колаў можна многае даведацца пра таго, хто побач

Пад грукат колаў можна многае даведацца пра таго, хто побач

“Вялікі дзякуй радыёжурналістам і вядучым праекта “Помні імя сваё” ў “НГ” за такую патрэбную справу — пошук родных, блізкіх, каханых, — піша Валянціна Пятроўна Чарняўская (дзявочае прозвішча Суворава) з Быхаўскага раёна. — Хачу і я распавесці сваю гісторыю. Было гэта 45 гадоў таму. Я, тады 18-гадовая вясковая дзяўчына, вярталася дадому з горада Арэнбурга. Сваякі правялі мяне да цягніка. Зайшла ў вагон і разгубілася: у ім было шмат курсантаў, прыгожых юнакоў у ваеннай форме. Побач са мной сеў малады чалавек, таксама апрануты па-вайсковаму. Я была не надта гаваркая, сціплая дзяўчына, але ж паціху з ім разгаварыліся. Пазнаёміліся. “Мікалай Валянцінавіч Радыён”, — прадставіўся хлопец. Курсант Арэнбургскага ваеннага вучылішча, ён ехаў на адпачынак да бацькоў у Стоўбцы. Даехалі да Масквы. Мікалай з сябрамі дапамог мне перанесці рэчы, бо трэба было дабірацца на другі вакзал. Мы абмянялся адрасамі, затым перапісваліся. Вясной 1967 года Мікалай скончыў вучылішча, атрымаў накіраванне на службу ў Хабараўскі край, клікаў мяне з сабой, прапаноўваў выйсці за яго замуж. Але я адмовіла. Адказ свой патлумачыла тым, што хачу вучыцца ў вышэйшай навучальнай установе. Потым ажыццявіла сваю мару, скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Сувязь з Мікалаем была страчана. А цяпер з вышыні пражытых гадоў разумею, што я ў адносінах з Мікалаем памылілася. І работу над памылкамі ўжо не зробіш. Яна такая вялікая, даўжынёю ў 45 гадоў. Але ж з памяці нічога не выкінеш. Вельмі хачу даведацца, як склалася жыццё Мікалая. Папрасіць прабачэння, што пакрыўдзіла яго”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter