Як жывецца ў доме-інтэрнаце для ветэранаў вайны і працы “Свiтанак”

Вымярэнне павагі

— Што ў вас змянілася? — з ходу задаў Прэзідэнт галоўнае пытанне, толькі выйшаўшы з машыны ля дома-інтэрната для ветэранаў вайны і працы “Свiтанак”.

Адказ дырэктара Алены Варывончык быў кароткі, але вычарпальны:

— Жыццё стала лепшым і даўжэйшым у нашых старых...

Пра тое, як жывецца, з натхненнем расказвалі і пастаяльцы ўстановы за кубкам чаю. Сітуацыя практычна адзін у адзін паўтарыла снежаньскую 2010 года, калі Прэзідэнт наведваў “Свiтанак” упершыню пасля адкрыцця. І тады і цяпер асноўнае параўнанне, якое характарызуе жыццё, гучала аднолькава: як у раі.



Гэта ўжо стала трывалай традыцыяй. У навагоднія і калядныя дні ў цэнтры асаблівай увагі дзеці і старыя. Зразумела, і ў штодзённасці яна не слабее. Але менавіта такія мерапрыемствы, як тое, што прайшло ў пасёлку Траскоўшчына пад Мінскам, адлюстроўваюць усю сутнасць прыярытэтаў дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі. Дзеці — наша будучыня, пажылыя людзі — бясцэнны багаж досведу і заслуг. Клопат пра малодшых і старэйшых грамадзян — прыкмета здаровага грамадства і дзяржавы, якая паважае сябе.

Дарэчы, пра досвед. У “Свiтанку” жывуць людзі розных лёсаў. Гэтым разам за сталом сабраліся ў мінулым эксперт-крыміналіст, заслужаны настаўнік, урач, прадстаўнікі іншых прафесій. Па просьбе Прэзідэнта яны ахвотна выказвалі свае меркаванні пра працэсы і з’явы, якія адбываюцца навокал. Разважалі аб рэформе праваахоўнай сістэмы, змесце навучальных праграм, сітуацыі ў іншых дзяржавах — блізкіх і далёкіх.

Наогул, пажылыя людзі прадэманстравалі дзіўную дасведчанасць аб падзеях у краіне і свеце. Яны сапраўды жывуць поўным жыццём, не адрываючыся ад рэальнасці. Такую мэту, уласна, і мае сацыяльная палітыка нашай дзяржавы. Людзі пажылога ўзросту павінны як мага даўжэй заставацца актыўнымі членамі грамадства.

Гэтую задачу вырашаць удаецца. Са слоў міністра працы і сацыяльнай абароны Мар’яны Шчоткінай, пра­цягласць жыцця ў краіне ў апошнія гады расце. Але ёсць і іншы бок: павялічваецца і колькасць пажылых людзей. Для эканомікі гэта, зразумела, нагрузка. У Міністэрстве працы і сацабароны адпрацоўваюць розныя механізмы падтрымкі старых. Камусьці дапамагаюць дома, кагосьці запрашаюць у дамы-інтэрнаты. Пра адных у выніку абставін клапоцяцца за кошт бюджэту, пра другіх — на платнай аснове. Нядрэнна сябе зарэкамендаваў інстытут рэнты, калі пажылы чалавек перадае ўласнасць, часцей жыллё, дзяржаве, а ўзамен атрымлівае якасны догляд. Міністр далажыла, што на працягу пяці гадоў будзе канчаткова сфарміравана стройная сістэма падтрымкі старых. Але Прэзідэнт запатрабаваў не расцягваць і ўкласціся ў тры гады. Асноўныя элементы ўжо, як гаворыцца, намацаны. Засталося толькі іх арганічна злучыць.

Асобныя прынцыповыя пажаданні да тэмы рэнты. Што граху таіць, ёсць нячыстыя на руку дзялкі, якія, карыстаючыся даверлівасцю старых, выманьваюць у іх уласнасць і пакідаюць на волю лёсу. Тут патрабаванне Прэзідэнта дакладнае: правесці сур’ёзную рэвізію падобных здзелак і, калі ў іх знойдуцца прыкметы дзейнасці так званых чорных рыэлтараў, даць гэтаму прынцыповую прававую ацэнку.

На развітанне Аляксандр Лукашэнка падарыў пастаяльцам “Свiтанка” зімовыя падарункі. Жанчынам — пуховыя хусткі, мужчынам — шалікі. А ад слоў падзякі за клопат адмовіўся: гэта проста работа і абавязак Прэзідэнта.

Дзмітрый Крат
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter