Как вертолеты Ми-8 авиации МЧС Беларуси сейчас борются с лесными пожарами в Турции

Вылецелі ў гарачы тур

Лiпень i жнiвень у Турцыi гарачая пара не толькi для турыстаў, але i для мясцовых экстранных службаў. Па ўсёй краiне бушуюць лясныя пажары. Iх тушыць дапамагае ў тым лiку i авiяцыя МНС Беларусi. Першы верталёт Мi-8 вылецеў на дапамогу 28 красавiка, другi — у сярэдзiне мая. Нашы ратавальнiкi прабудуць у Турцыi да канца кастрычнiка. Лётчыкi авiяцыi МНС расказалi карэспандэнту «Р» аб сваiх працоўных буднях у замежнай камандзiроўцы.

Туркi паважаюць i цэняць прафесiяналiзм нашых лётчыкаў.
Фота аўтара

Працуюць не складаючы вiнта

— Адзiн наш борт працуе ў раёне Мармарыса, другi — за 15 кiламетраў на поўнач ад Стамбула, — расказвае камандзiр звяна на верталётах Мi-8 аэрамабiльнага атрада падпалкоўнiк Антон Данчанка. — Разам з намi працуе авiяцыя з Расii, Казахстана i Украiны. Усяго на дзяжурстве ў розных гарадах Турцыi знаходзiцца 3 самалёты i 25 верталётаў. Дзяжурым толькi ў светлы час сутак: ноччу палёты забаронены. У дождж i туман таксама не лятаем.

Цяпер у Турцыi 14 нашых ратавальнiкаў — лётчыкi i iнжынеры. Яны самi рыхтуюць да вылету свае верталёты. Расходнiкi замяняюць або, скажам, палiўныя фiльтры прамываюць. Бо працуюць верталёты не складаючы вiнта, налёты — да 80 гадзiн у месяц.

З вышынi 50 метраў над узгараннем нашы ратавальнікі спускаюць 2,5 тоны вады.
Фото  БЕЛТА
— Падлятаем з падветранага боку, — тлумачыць тактыку тушэння лясных пажараў Антон Данчанка. — I з вышынi 50 метраў над узгараннем спускаем 2,5 тоны вады. Папаўняем знешнi падвес вадой у спецыяльных штучных вадаёмах цi проста ў Эгейскiм моры.

Тэмпература паветра ў Турцыi летам стабiльна вышэй за 30 градусаў цяпла. Самаўзгараннi лясоў адбываюцца часцей за ўсё ад удараў маланак або ад рукi чалавека: шашлыкi, выпальванне смецця. Моцныя вятры разносяць агонь. Часам дробныя ачагi разрастаюцца да iмклiвых, самых небяспечных верхавых пажараў. Калi склад ляснога масiву ў тых месцах прыкладна падобны да нашага — растуць хвоi, кедр, — то рэльеф мясцовасцi радыкальна адрознiваецца: яна ўзгорыстая i горная. Вышынi — да 2000 метраў. Паветра разрэджанае, рухавiку не хапае кiслароду, а лопасцям — шчыльнасцi паветра. Да ўсяго — спякота i гайданка ад моцных вятроў. У такiх умовах лётчыкам даводзiцца нялёгка. Ды i само па сабе тушэнне на знешняй падвесцы лiчыцца адным з самых складаных вiдаў палётаў.

На пачатку лiпеня авiяцыя МНС у iнтэрнацыянальнай зладжанай камандзе лiквiдавала буйны пажар, што небяспечна блiзка падбiраўся да горада Чанаккале. 15 верталётаў i 3 самалёты на працягу некалькiх дзён тушылi верхавы пажар на тэрыторыi ў 2500 гектараў. У Турцыi лётчыкi атрымлiваюць немалы вопыт. I яго ёсць дзе прымянiць — напрыклад, калi гараць Альманскiя балоты на Палессi.

Без цяжкасцей перакладу

Беларускiя ратавальнiкi добра адгукаюцца аб тым, як у Турцыi арганiзаваны супрацьпажарныя меры: пракапаны равы, пракладзены лясныя дарогi. А туркi паважаюць i цэняць прафесiяналiзм нашых лётчыкаў. Практычна на кожным зручным узвышшы стаяць назiральныя пункты леснiкоў. Заўважаюць самы малы дымок — тут жа перадаюць паведамленне ў каардынацыйны цэнтр (аналаг нашага Рэспублiканскага цэнтра кiравання i рэагавання на НС), у паветра падымаецца блiжэйшы да гэтага месца борт. Авiяцыя найбольш эфектыўная ў лакалiзацыi ўзгаранняў у самым зародку. Стрымлiвае агонь, а службы на зямлi ўжо канчаткова лiквiдуюць пажар.

— На борце з намi ляцiць яшчэ i каардынатар, турак, — працягвае Антон Данчанка. — Ён выдатна ведае мясцовасць, таму на iм лагiстыка: падказвае, дзе зручней заправiцца вадой i палiвам, узгадняе маршрут палёту, трымае сувязь з леснiкамi. Размаўляем па-англiйску, без якiх-небудзь цяжкасцей перакладу.

Часам дробныя ачагi разрастаюцца да iмклiвых, самых небяспечных верхавых пажараў.
aa.com.tr

Авiяцыйны манiторынг — выдатны спосаб выявiць узгараннi ў экасiстэмах на ранняй стадыi i хутка iх лiквiдаваць. Над тэрыторыяй нашай краiны з пачатку года на розных авiяцыйных суднах ажыццёўлена 224 палёты, падчас якiх было выяўлена 143 пажары. Агульны налёт — 626 гадзiн.

ikras@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter