По сто тонн молока ежемесячно с начала года прибавляет ошмянское КСУП «Краковка», которое в прошлом году возглавила Светлана Авсюкевич. Молодой руководитель ставит на дальнейшее развитие животноводства

Выконваючая абавязкі дырэктара ашмянскага КСУП «Кракоўка» Святлана Аўсюкевіч: «У цябе камянямі, а ты аддзячвай хлебам»

Вясновым часам, калі кожны дзень год корміць, клопатаў у выконваючай абавязкі дырэктара ашмянскага КСУП «Кракоўка» Святланы АЎСЮКЕВІЧ як пчол у ажыўленым вуллі. Але і без спраў сваё жыццё яна не ўяўляе. Прыйшла працаваць у гаспадарку пасля заканчэння з адзнакай бухгалтарскага аддзялення Ашмянскага дзяржагракаледжа. У дзяцінстве марыла стаць дызайнерам адзення. З даваенных часоў у сялянскай хаце бабулі не прастойвала швейная машына «Зінгер». Гаспадыня спраўна шыла абноўкі для сям’і і прыяцеляў. Кемлівая ўнучка пераймала бабуліна майстэрства. І вучоба дзяўчынцы давалася лёгка. Сярэднюю школу закончыла са срэбным медалём. Пры паступленні ў Гродзенскі дзяржуніверсітэт імя Янкі Купалы не хапіла двух балаў, каб стаць студэнткай. Родныя параілі не губляць год і пайсці вучыцца на бухгалтара. На размеркаванні выдатніца вучобы выбрала для працы гродзенскую гаспадарку «Абухава». Але чамусьці ў бухгалтэрыі сельгаспрадпрыемства не было вакантнай пасады. Пераразмеркавалася ў зэльвенскі СВК «Новае жыццё». Лёсам не выпала там застацца. Вярнулася ў родныя Ашмяны, чым парадавала бабулю і рана аўдавелую маці. Працоўную дзейнасць пачала з дыспетчара ў прыгараднай гаспадарцы «Кракоўка». Калектыў ініцыятыўную Святлану Мечыславаўну абраў старшынёю прафкама. Завочна атрымала вышэйшую адукацыю на бухфаку Белдзяржсельгасакадэміі і стала намеснікам дырэктара сельгаспрадпрыемства. Да прывабнай дзяўчыны пасватаўся малады сусед Павел.



— Завітаў у дом у Міжнародны жаночы дзень, — узгадвае Святлана Аўсюкевіч. — Нечакана для мяне павіншаваў са святам. Назаўтра мне трэба было ехаць у сталіцу павышаць кваліфікацыю ў Беларускім дзяржагратэхуніверсітэце. Вярнулася з вучобы, сталі сустракацца. А потым Павел зрабіў прапанову і мы сталі адной сям’ёй. Першынца назвалі Кірылам. Падрастаюць малодшы сын Аляксей і дачушка Яна. 

Мне раней прапаноўвалі ўзначаліць адну з гаспадарак раёна. Але адмаўлялася. З мінулай восені выконваю абавязкі дырэктара КСУП «Кракоўка». Перад тым як прыняць рашэнне, раілася з мужам.

— А кім ён працуе?

— Па адукацыі Павел інжынер. Заняўся прадпрымальніцтвам: збірае малако ў насельніцтва і дастаўляе для перапрацоўкі на Ашмянскі малаказавод.

— Можа, варта было мужу падставіць вам, як кіраўніку, плячо ў гаспадарцы?

— Па шчырасці, ён не вытрымае маіх патрабаванняў. І ўвогуле, як у народзе кажуць: са сваякамі добра разам кашу есці. 

— Святлана Мечыславаўна, якой вам дасталася гаспадарка?

— З калектывам знаёміцца не трэба было. Калі ўзначальвала прафкам, дырэктар мяне адправіў на курсы вадзіцеляў. Паспяхова здала экзамены ў ДАІ. Мне выдзелілі «Жыгулі» сёмай мадэлі, і на іх ездзіла па гаспадарцы, сустракалася з людзьмі. Кожнага працаўніка добра ведаю. Як і праблемы калектыву. Мінулай восенню рамонтнай майстэрняй часова кіраваў інжынер па адукацыі Валянцін Шаблыка. А час адказны — азімая сяўба. Угаварыла былога загадчыка Івана Іосіфавіча Савёнка, які пайшоў на заслужаны адпачынак, вярнуцца на працу. Тэхніка ў нас у асноўным старая, часта ламаецца. Маем тры энерганасычаныя мінскія трактары і два «Джон-Дзіры». Для рытмічнай работы на палях неабходна яшчэ некалькі трактароў.

Нам трэба было пасеяць азімыя на тысячах гектарах. Механізатары позна выязджалі ў поле. Тэмпы работ замаруджваліся. Прыняла рашэнне працоўны дзень пачынаць на гадзіну раней. Некаторыя механізатары ігнаравалі гэта, але хутка дысцыпліна наладзілася. Азімыя пасеялі амаль на 800 гектарах і на 300-гектарным полі — рапс. А як пачаліся першыя замаразкі, сталі тэхніку ставіць на зімовае захоўванне. У нас два мехдвары: у Кракоўцы і Жупранах. Машыны і агрэгаты паставілі пад павеці і ў ангары.

Зімою ў рамонтнай майстэрні рыхтавалі тэхніку да веснавога сезона. Галоўны аграном Сяргей Канюк старанна распрацаваў пасяўныя маршруты. Ён высокапрафесійны спецыяліст, дасканала ведае тэхналогію вырошчвання сельгаскультур. Вясною з-за халадоў пазней звычайнага выйшлі ў поле. Але своечасова пасеялі 600 гектараў яравой пшаніцы. А масівы, што засталіся пустуючымі з восені, занялі ячменем, аўсом. Пад кукурузу адвялі 800 гектараў. Да сваіх насенных запасаў закупілі эліту ў спецыялізаваных гаспадарках. Апрацавалі паўсотні гектараў пустуючай зямлі і пасеялі там цукровыя буракі. Пачынаем догляд пасеваў.

— А як абстаяць справы ў жывёлагадоўлі?

— Сітуацыя была крытычная. На жывёлагадоўчых фермах звыш 3000 галоў буйной рагатай жывёлы, з іх амаль палова — дойныя каровы. Кармоў катастрафічна не хапала. З першых зімовых дзён кінуліся па суседніх гаспадарках закупляць фураж. Дамовіліся з дырэктарам ААТ «Гальшаны» Мікалаем Праўко за пастаўляемыя сенаж і сілас разлічыцца зернем новага ўраджаю. Значную падтрымку ў час зімоўкі жывёлы аказвала кіраўніцтва раёна. Начальнік райсельгасхарчу Андрэй Гардзей і зараз штодня бывае ў гаспадарцы, цікавіцца справамі, дапамагае. Дзякуючы такой падтрымцы грамадскі статак без страт перазімаваў. З пачатку года стаў заўважна прырастаць аб’ём вытворчасці малака. У параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года штомесячна валавы надой больш на сто тон.

— За перыяд кіравання гаспадаркай вам удалося згуртаваць вакол сябе калектыў аднадумцаў?

— На жаль, пакуль пахваліцца гэтым не магу. Касцяк яшчэ фарміруецца. З шасці дырэктараў сельгаспрадпрыемстваў раёна толькі я адна жанчына. Адчуваю, што без практычнага вопыту нерэальна стаць паспяховым кіраўніком. Мінулыя восень і вясна навучылі, як рыхтавацца да выхаду ў поле. Свае памылкі — найлепшы настаўнік.

— Акрамя таго, што кіруеце гаспадаркай, вы яшчэ і шматдзетная маці. Як удаецца сумяшчаць гэта?

— Калі ёсць жаданне, то ўсё магчыма. Падымаюся на досвітку. Першым чынам прасую вопратку дзецям і сваю, заварваю каву. Хуценька спраўляюся.

— А муж дапамагае?

— Ён у чатыры гадзіны выязджае на збор малака. Так што на яго дапамогу не разлічваю. Па суседству з намі падворак яго бацькоў. Свёкар Міхаіл Адольфавіч Аляксея і Яну адводзіць у садзік. Кірыл самастойна ў школу ідзе. Калі ў свекрыві выпадае вольны час, то і яна дапамагае глядзець унукаў. Працуе Людміла Іосіфаўна вахцёрам у агракаледжы. І мая маці заўжды на падхопе. Падтрымка адчувальная. Раніцай дзяцей бачу толькі ў ложках.

За некалькі хвілін дабіраюся да дыспетчарскай гаспадаркі. Там звычайна ў канцы працоўнага дня з галоўнымі спецыялістамі падводзім вынікі, вызначаем фронт работ назаўтра і раніцай даём разнарадку. Штодня аб’язджаю фермы, цікаўлюся надоямі. Але адной цяжка ўсё цягнуць. Пэўна, давядзецца развітацца з галоўным заатэхнікам. Ён нядаўна закончыў аграўніверсітэт і не загарэўся працай, у адрозненне ад руплівых загадчыц малочна-таварных ферм Святланы Сантоцкай і Леакадзіі Корзан.

— Вы і ў сям’і вядучая?

— Першынства не ўступаю. Болей таго, імкнуся выхоўваць мужа. Не люблю, калі нешта яму даказваю, а ён маўчыць і не адстойвае сваю пазіцыю. Вучу яго, каб умеў абараняцца.

— Рызыкуеце…

— Наадварот, не ў маёй звычцы рызыкаваць. Жыву па прынцыпу: дзесяць разоў адмер і раз адрэж. Не падумаўшы нічога не раблю. Перш чым прыняць рашэнне, аналізую сітуацыю.

— Што запала ў сэрца з вашага дзяцінства?

— Успамін пра бацьку. Аднойчы мне ў вясковым магазіне сярод розных тавараў кінулася ў вочы дзіцячая сумачка. Папрасіла купіць яе. Маці катэгарычна запярэчыла. Нашу размову чуў бацька. Калі выйшлі з магазіна і сталі садзіцца ў наш старэнькі «Масквіч», бацька кінуўся назад у магазін, быццам нешта там забыў. Вярнуўся і прынёс мне сумачку. 

— Кіраўнік павінен быць дужым і ў настроі. У вас так атрымліваецца?

— Настрой, які б ён у мяне ні быў, імкнуся не паказваць. Свае асабістыя пачуцці стрымліваю. Ад знаёмай памятаю параду: мужчыне-кіраўніку прасцей. Пра яго могуць рознае гаварыць. А калі жанчына павысіць голас, то хутка і назаўсёды атрымае адпаведную мянушку. 

— У вас манікюр, ладная прычоска, стыльная вопратка. Для гэтага неабходны пэўны настрой.

— Прыдаюць настрою вытворчыя паказчыкі. Крочыш дамоў і думаеш: недарма дзень пражыты. А перад гэтым столькі думак палоняць цябе: чым жывёлу накарміць, дзе ўзяць сродкі на запчасткі. Бываюць бяссонныя ночы, калі перабіраеш варыянты, як паступіць. Сёння настрой прыўзняты: на фермах, палях, машынна-трактарным двары ўсё ладна. Паліва для работы тэхнікі хапае. Калі ўсё ладзіцца, то і настрой адпаведны. Хочацца і прывабней выглядаць. 

Каб дасягнуць поспеху, варта, каб на душы балела і балела. Калі не будзеш перажываць за даручаную справу, не чакай вынікаў. Напачатку мінулай восені нават не магла сабе дазволіць на абед дамоў з’ездзіць. Настолькі ўсё складана было. Па дзесяць разоў на поле прыязджала. Галоўны інжынер не цікавіўся справамі механізатараў. Давялося з ім развітацца. Зараз у гаспадарцы вытворчы працэс пайшоў. Але ўсё роўна хвалююся за калектыў. Калі выдаецца ў выхадны быць дома, то, пачуўшы званок, кідаюся да тэлефона.

— Што хацелі б змяніць у сваім характары?

— У гаспадарцы мне многія кажуць, што надта добрая для пасады кіраўніка. Часам думаю, ну зараз жа і пакараю вінаватага. А як даходзіць да справы, то сэрца не дазваляе. Важней выхаваць чалавека. З дзяцінства мяне вучылі не трымаць у сэрцы зло. Бабуля Юзэфа наказвала: людзі ў цябе камянямі, а ты ў іх хлебам. Так і імкнуся рабіць.

— Як вы лічыце: кіраўніком нара­джаюцца ці іх выхоўвае асяроддзе?

— Некаторыя такімі нараджаюцца, а іншыя з вопытам становяцца. Мой дзень нараджэння супаў з прафесійным святам хлебаробаў. Не думала, што сама ўзначалю сельгаспрадпрыемства. Так склаўся лёс, і яму за гэта ўдзячна.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter