Беларускія дзеячы культуры ўпершыню атрымалі ўзнагароды ЮНЕСКА

Выключныя. Таленавитыя. Незвычайныя

На гэтым тыдні беларуская культура атрымала яшчэ адно афіцыйнае міжнароднае прызнанне. Садзейнічалі таму медалі ЮНЕСКА «Віктор Гюго», якіх упершыню ўдастоіліся тры нашы дзеячы тэатральнага мастацтва — народныя артысты СССР и Беларусі Тамара НІЖНІКАВА, Генадзь АЎСЯННІКАЎ і Расціслаў ЯНКОЎСКІ.

Тамара НІЖНІКАВА, Генадь АЎСЯННІКАЎ, Ніна ЧЭІШВІЛІ (ЯНКОЎСКАЯ).

— Мы ушаноўваем людзей, якія фактычна стварылі і дагэтуль ствараюць беларускую нацыянальную тэатральную школу. Гэта таксама прызнанне. Прызнанне на міжнародным узроўні беларускай культуры, што, безумоўна, вельмі важна для іміджу нашай краіны, — сказаў падчас узнагароджання Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Францыі, пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ЮНЕСКА Павел Латушка.

Дыпламат упэўнены: Беларусь — краіна з багатай гісторыяй і культурай, таму ёй ёсць што сказаць, у тым ліку на міжнароднай тэатральнай сцэне.

— У кожнай краіны свая гісторыя фактаў і падзей, але гэтыя факты і падзеі робяць канкрэтныя людзі — выключныя, таленавітыя, крэатыўныя, незвычайныя. Для мяне сёння і як для беларуса, і як для прадстаўніка Беларусі пры ЮНЕСКА вялікі гонар вітаць менавіта такіх людзей. Мы перакананы, што вы нас яшчэ неаднойчы парадуеце, бо вы — сапраўдныя зоркі беларускай культуры, — сказаў лаўрэатам Павел Латушка.

— Рашэнне ЮНЕСКА ўзнагародзіць беларускіх дзеячаў культуры гаворыць аб прызнанні іх значнай ролі ў захаванні і развіцці нацыянальнай культуры. Гэта таксама і сведчанне высокага месца беларускай культуры ў супольнасці сусветнай культуры, — сказаў першы намеснік міністра замежных спраў Беларусі Аляксандр Міхневіч.

І сапраўды. Ужо некалькі пакаленняў захапляюцца талентам і майстэрствам сённяшніх лаўрэатаў, прычым не толькі ў нашай краіне. Цудоўны голас опернай спявачкі Тамары Ніжнікавай ведаюць ва ўсім свеце. Яе Разіна з «Севільскага цырульніка» ніколі і нікога не пакідала абыякавым. Геннадзь Аўсяннікаў сыграў больш за 80 роляў у кіно і тэатры. Вельмі цяжка пералічыць усе фільмы і пастаноўкі, у якіх ствараў свае непаўторныя вобразы Расціслаў Янкоўскі: Віктар — у «Чырвоных лісцях», Войцех Бельскі — «У чэрвені 1941-га», Пані Каханку — у аднаіменным спектаклі. На жаль, з-за хваробы мэтр не здолеў прыйсці на ўзнагароджанне і асабіста атрымаць медаль. (Замест яго на імпрэзу прыйшла жонка Ніна Чэішвілі.)

— Я хацела б падзякаваць сённяшняй публіцы, беларускаму народу, Ураду, усім, хто мяне любіць, хто мяне слухае, — сказала Тамара Ніжнікава пасля атрымання медаля. — Хачу, каб наша моладзь была шчаслівая, прыгожая, каб яна прыгожа пела і тым самым рабіла больш прывабным наша жыццё, тады мы здолеем прайсці ўсе цяжкасці.

Упершыню атрымалі ўзнагароды ЮНЕСКА беларускія дзеячы культуры, але не само нацыянальнае мастацтва. Год назад іншую медаль гэтай міжнароднай арганізацыі — «5 кантынентаў» — прызначылі Нацыянальнаму акадэмічнаму Вялікаму тэатру оперы і балета Беларусі. 

Ёсць падстава спадзявацца, што міжнароднае прызнанне заслуг майстроў беларускай культуры прадоўжыцца. Намёк на гэта прагучаў і ў паказанай пасля афіцыйнага ўзнагароджання прадпрэм’ернай пастаноўцы ART Уладзіміра Пінігіна. У ёй таксама разважаюць пра сучаснасць і мастацтва, і таксама ўтрох. 

mizkevich@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter