Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у Саміце па ўстойлівым развіцці і 70-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН

Выклікі для супольнасці

Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у Саміце па ўстойлівым развіцці і 70-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН


Прэзідэнт Беларусі 26-29 верасня здзейсніў рабочы візіт у Злучаныя Штаты Амерыкі. У Нью-Ёрку Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у мерапрыемствах Cаміту ААН па ўстойлівым развіцці, па выніках якога быў прыняты міжнародны парадак дня ў галіне развіцця на перыяд пасля 2015 года. Прэзідэнт выступіў на пленарным пасяджэнні саміту з выкладаннем нацыянальнай пазіцыі Беларусі ў гэтай сферы. Аляксандр Лукашэнка таксама выступіў у агульнапалітычнай дыскусіі на юбілейнай, 70-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, дзе прадставіў падыходы Беларусі да вырашэння найбольш актуальных і вострых міжнародных праблем сучаснасці.

Графікам знаходжання Прэзідэнта ў ЗША быў прадугледжаны цэлы шэраг двухбаковых сустрэч з лідарамі іншых дзяржаў свету, а таксама з Генеральным сакратаром ААН Пан Гі Мунам і Вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека Зейдам Раад аль Хусэйнам.


Успомнім пра змест папярэдняй юбілейнай — 60-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Тады Прэзідэнт Беларусі папярэджваў аб небяспечных наступствах перабудовы свету са шматпалярнай мадэлі на аднапалярную. Стыль паводзінаў моцнага быў вызначаны са стапрацэнтнай дакладнасцю. Працытую тое выступленне:

— Калі няма канфліктаў — стварыць іх. Калі няма падстаў для ўмяшання — стварыць віртуальныя падставы...

Прайшло 10 гадоў. Што змянілася? У глабальным сэнсе многае. І, на вялікі жаль, далёка не ў лепшы бок. Ірак, Туніс, Лівія, Сірыя, іншыя краіны арабскай дугі, на што звярнуў увагу Прэзідэнт, у хаосе або на грані. Гэтая дуга стала не проста гарачай. Яна распалілася. Ва Украіне пажар, які пагражае распаўзціся па ўсёй Еўропе. Дзякуючы мінскаму пра­цэсу яго ўдалося збольшага лакалізаваць. Але да поўнай ліквідацыі агню яшчэ далёка. І гэта разумее кожны чалавек цвярозага розуму. Гэты пажар не ўзнік сам па сабе. Ён рукатворны. І пакуль ёсць краіны, якія паліваюць вуглі бензінам, уся рыторыка зацікаўленасці ў свеце бессэнсоўная і цынічная.

У сваім выступленні з трыбуны 70-й сесіі Генасамблеі ААН Аляксандр Лукашэнка заклікаў даць сумленную і адэкватную ацэнку ўсім гэтым падзеям. Хоць, зразумела, на такую прамалінейнасць асмеліцца сёння далёка не кожная дзяржава. Але без гэтага зрабіць свет лепшым ніяк не атрымаецца. Смеласці і сумленнасці не хапае сёння свету для таго, каб стаць больш справядлівым. І ў гэтым, напэўна, вавілонскае раз’яднанне цяперашняга дня.

Аднак вернемся да тэмы агульнай дыскусіі Саміту па ўстойлівым развіцці. У асноўным сваім ключы ён быў прысвечаны дасягненням мэт, абазначаных самітам тысячагоддзя ААН у 2000 годзе. Агульная выснова Аб’яднаных Нацый заключаецца ў тым, што відавочны прагрэс тут дасягнуты. Гэта сапраўды так. У глабальным кантэксце. Я ж прапаноўваю чытачу супаставіць задачы, якія стаяць перад светам, з беларускімі рэаліямі. Пройдземся па пунктах.

Мэта першая: ліквідацыя крайняй беднасці і голаду. За арыенцір прымаліся такія лічбы: у 1990 годзе амаль палова насельніцтва краін у стадыі развіцця жыла менш як на 1,25 долара ў дзень. Але ж і ў нас у той час зарплата ў 30 долараў лічылася вельмі прыстойнай. Цяпер такі прыбытак мае 14 працэнтаў насельніцтва краін у стадыі развіцця. Гэта амаль мільярд чалавек!

Мэта другая:
забеспячэнне ўсеагульнай пачатковай адукацыі. 9 працэнтаў насельніцтва Зямлі яе не мае. У пачатку стагоддзя было 17. Мы і зусім такой праблемы ніколі не ведалі.

Мэта трэцяя: роўнасць у правах мужчын і жанчын. Дастаткова зірнуць на склад беларускага Парламента, каб зразумець: тут і каменціраваць няма чаго.

Мэта чацвёртая: скарачэнне дзіцячай смяротнасці. У Беларусі гэты паказчык імкнецца да нуля.

Мэта пятая: гэта глабальная барацьба з мацярынскай смяротнасцю. Бо сёння ў свеце толькі 71 працэнт жанчын мае магчымасць нараджаць дзяцей пад назіраннем кваліфікаваных медыкаў. Для нас гучыць дзіка.

Мэта шостая: барацьба са СНІДам, малярыяй ды іншымі небяспечнымі хваробамі. Не абышла праблема бокам і нашу краіну. Аднак катастрофы няма.

Мэта сёмая: забеспячэнне экалагічнай устойлівасці. Тут у аснове асноў — забеспячэнне насельніцтва бяспечнай пітной вадой. У кагосьці з нас няма вады?

Мэта восьмая: датычыцца дапамогі краін адна адной у кантэксце глабальнага партнёрства. Тут мы як не самая вялікая эканоміка шмат не аддаём, але і не жывём за чужы кошт. Усё збалансавана.

А цяпер давайце падвядзем агульны вынік. Чаго граху таіць, наракаем мы іншы раз на тое, што жыць хацелася б і лепш, і багацей. Нармальнае чалавечае жаданне. Лагічнае. Да гэтага і ідзём год ад году ўжо добрых чвэрць стагоддзя. Сваімі сіламі і сваім розумам. Многага дабіліся. Але тут раптам надарылася нагода зірнуць на сябе ў параўнанні. Як бы збоку. Аказваецца, што вялікая колькасць людзей на планеце не маюць і малой долі таго, што ёсць у нас. Вось тут і разумееш, чым ганарыцца і што трэба берагчы.

Змястоўны парадак дня

Рабочы графік Прэзідэнта ў Нью-Ёрку быў вельмі шчыльным. Адразу па прыбыцці Аляксандр Лукашэнка наведаў Нацыянальны мемарыял ЗША “11 верасня”.

Тут ён усклаў вянок у памяць аб ахвярах трагедыі і кветкі на мармуровую пліту з іменем адной з ахвяр тэракту — грамадзянкі Беларусі Ірыны Бусло.


Пляцоўка саміту ААН прадугледжвае магчымасць канструктыўных двухбаковых сустрэч. Узаемадзеянне і яго перспектывы, уключаючы магчымую новую праграму супрацоўніцтва, Прэзідэнт абмеркаваў з дырэктарам-распарадчыкам МВФ Крысцін Лагард. Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што ў новай праграме будзе прыменены збалансаваны падыход адносна ўліку інтарэсаў краіны і палітыкі, што праводзіцца дзяржавай па забеспячэнні высокага ўзроўню сацыяльнай абароненасці грамадзян. Падчас размовы Прэзідэнт падзякаваў кіраўніцтву за паспяховую рэалізацыю праграмы стэнд-бай у 2009-2010 гадах, якая дала магчымасць змякчыць негатыўныя наступствы знешняга эканамічнага крызісу.

У дыялогу са старшынёй Дзяржаўнага савета і Савета міністраў Кубы Раулем Кастра абмеркаваныя стан і перспектывы беларуска-кубінскіх адносінаў па найбольш важных напрамках, асноўная ўвага нададзена гандлёва-эканамічнаму ўзаемадзеянню. Кіраўнікі дзяржаў канстатавалі наяўнасць высокага патэнцыялу для далейшага паглыблення супрацоўніцтва. Аляксандр Лукашэнка і Рауль Кастра абмяняліся меркаваннямі па найбольш актуальных праблемах міжнароднага парадку дня і пацвердзілі курс на ўзаемную падтрымку на сусветнай арэне.

Аб прыхільнасці Беларусі да сапраўдных правоў чалавека Прэзідэнт гаварыў на сустрэчы з Вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека Зейдам Раадам аль-Хусэйнам. Пры гэтым ён зрабіў прынцыповае ўдакладненне:

— У нас практычна няма ніякіх праблем у супрацоўніцтве з ва­шым офісам. Як мяне інфармавалі, у апошні час мы паспяхова прайшлі ўніверсальны перыядычны агляд у Савеце ААН па правах чалавека... Але хачу адкрыта сказаць: мы ніколі не дазволім, каб нам навязвалі так званыя правы чалавека і палітызавалі іх. Гэта абсалютна непрымальна, і я ведаю ваш пункт гледжання: вы ніколі не віталі палітызацыю правоў чалавека.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў за падтрымку беларускай ініцыятывы па барацьбе з гандлем людзьмі:

— Хачу запэўніць, што мы будзем адданыя гэтай палітыцы. Наколькі можна мы будзем пашыраць яе ва ўсім свеце, але самае галоўнае — мы будзем добрым прыкладам для іншых дзяржаў у барацьбе з гандлем людзьмі.

Зейд Раад аль-Хусэйн падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за ўзаема­дзеянне Беларусі з узначаленым ім офісам па шэрагу важнейшых тэм. У прыватнасці, па тэматыцы барацьбы з гандлем людзьмі і процідзеянні дыскрымінацыі.

Словы падзякі ў адрас Беларусі прагучалі і на сустрэчы Прэзідэнта з Генеральным сакратаром ААН. Аляксандр Лукашэнка і Пан Гі Мун абмеркавалі сітуацыю на паўднёвым усходзе Украіны і сышліся ў меркаванні, што ў такіх канфліктах ахвяры сярод мірнага насельніцтва недапушчальныя. Прэзідэнт Беларусі сказаў аб неабходнасці прыняцця тэрміновых рашучых мер, накіраваных на спыненне ваенных дзеянняў. Гэта асабліва важна з улікам магчымага разрастання канфлікту на ўсю тэрыторыю Еўропы.

Генеральны сакратар ААН па­дзякаваў Аляксандру Лукашэнку за канструктыўную ролю ў пошуку вырашэння канфлікту ва Украіне. Ён прызнаў, што Мінск у гэтым плане стаў сімвалам міру.

Аляксандр Лукашэнка пакінуў запіс у Кнізе подпісаў ганаровых суразмоўцаў Генеральнага сакрата­ра ААН.

У другі дзень візіту Прэзідэнт правёў шэраг двухбаковых сустрэч і выступіў у агульнай дыскусіі 70-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.

Прыярытэты вызначаюць будучыню

Юбілейная 70-я сесія Генеральнай Асамблеі ААН пакідае нямала падстаў для сур’ёзных разважанняў. З аднаго боку, дасягнуты сусветны кансэнсус у бачанні прыярытэтаў развіцця чалавецтва на бліжэйшыя 15 гадоў. Лідары дзяржаў сышліся ў меркаванні аб неабходнасці развіваць супрацоўніцтва па пяці асноўных напрамках. Па пунктах гэта выглядае так.

Людзі. Тут за аснову бяруцца барацьба з голадам і галечай, забеспячэнне роўнасці, клопат пра здаровае навакольнае асяроддзе.

Планета. Абарона навакольнага асяроддзя ад дэградацыі, устойлівае спажыванне прыродных рэсурсаў, барацьба з негатыўнымі наступствамі змены клімату.

Працвітанне. Чалавецтва дэкларуе намер укараняць напрацоўкі эканамічнага, сацыяльнага і тэхналагічнага прагрэсу без шкоды для прыроды.

Мір. Гэты вектар грунтуецца на тэзісе: “Устойлівае развіццё немагчымае без міру, а мір — без устойлівага развіцця”.

Партнёрства. Краіны заяўляюць аб імкненні да яго аднаўлення і паглыблення.

У гэтым кантэксце абазначаны 17 глабальных арыенціраў устойлівага развіцця і 169 задач для іх дасягнення. Усё правільна і лагічна. Калі б не адно істотнае “але”. Змест агульнай дыскусіі юбілейнай сесіі Генасамблеі ўсё ж паказаў, што пры ўсеагульным разуменні глабальных пагроз, якія навіслі над планетай, нацыянальныя інтарэсы дзяр­жаў усё ж застаюцца пераважнымі.

Збольшага, мусіць, гэта апраўдана. Але адна справа, калі з трыбуны ААН пра гэта гавораць краіны адносна невялікія. Другая, калі відавочныя супярэчнасці артыкулююць буйныя гульцы. Бо менавіта яны шмат у чым вызначаюць паспяховасць дасягнення заяўленых мэтаў.

Растлумачу. З цікавасцю слухаў выступленне Прэзідэнта ЗША Барака Абамы. Ён гаварыў правільныя словы пра роўнасць і каштоўнасці дэмакратыі. Але моцна кальнуў цалкам празрысты намёк на тое, што Расію і Кітай Вашынгтон бачыць, мякка кажучы, канкурэнтамі. Або нават сапернікамі. Закрануў і тэзіс аб тым, што Штаты маюць наймагутнейшыя ўзброеныя сілы. І хоць тут прагучала ўдакладненне, што іх прымяненне — крайні выпадак, зноў жа рушыла ўслед рэмарка, што пры неабходнасці яны будуць ужытыя.

Пікіроўка ЗША і Расіі па сірыйскай праблематыцы таксама навідавоку. Уладзімір Пуцін прапаноўвае стварыць кааліцыю для барацьбы з “Ісламскай дзяржавай”, дапамагаючы ў гэтым арміі Сірыі, а Барак Абама называе Прэзідэнта гэтай краіны не інакш як тыранам, які бамбіць дзяцей. Як бачым, не ўсё так проста ў сусветнай палітыцы. І глабальны арыенцір міру на гэтым фоне выглядае вельмі крохкім. Не выпадкова Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні гаварыў пра навіслы над планетай прывід новай вайны. А каб ён не матэрыялізаваўся, трэба весці зацікаўлены і ўзаемапаважлівы дыялог.

Пляцоўка ААН тым і добрая, што, акрамя шматбаковых кантактаў, дае глебу для двухбаковых. За два дні работы ў Нью-Ёрку Прэзідэнт правёў чараду сустрэч з калегамі.

У апошні дзень візіту ў ЗША Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з федэральным Прэзідэнтам Аўстрыі Хайнцам Фішарам. Кіраўнікі дзвюх краін абмяняліся меркаваннямі пра найбольш  важныя аспекты супрацоўніцтва. Хайнц Фішар сказаў аб сваёй удзячнасці за ўвекавечанне Беларуссю памяці ахвяр Другой сусветнай вайны, маючы на ўвазе ў тым ліку і адкрыццё мемарыяла “Трасцянец”. Аляксандр Лукашэнка запрасіў федэральнага Прэзідэнта Аўстрыі наведаць нашу краіну з візітам у любы зручны для яго час.

На сустрэчы з Прэзідэнтам Эквадора Рафаэлем Карэа Дэльгада гаворка ішла пра падрыхтоўку візіту Аляксандра Лукашэнкі ў гэтую краіну. Мяркуецца, ён можа адбыцца ў будучым годзе. Прычым у кантэксце праграмы наведвання Прэзідэнтам Беларусі некалькіх лацінаамерыканскіх краін.

Пра абмен візітамі на вышэйшым узроўні дасягнута дамоўленасць і падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Егіпта Абдэлем Фатахам аль-Сісі. А міжурадавая камісія тым часам распрацуе дарожную карту супрацоўніцтва. Яе пасяджэнне плануецца правесці ў Каіры да канца года.

Трэба разумець, што пералічаныя сустрэчы каштоўныя не толькі двухбаковымі выгодамі. У іх наш уклад ва ўмацаванне ўстойлівай архітэктуры свету. Бо менавіта з такіх кантактаў і вырастаюць больш моцныя і шырокія сувязі. Пра неабходнасць іх развіцця і гаварыў Прэзідэнт у сваім выступленні, у чарговы раз звярнуўшы ўвагу на актуальнасць маштабнай ідэі інтэграцыі інтэграцый.


Дарожная карта дзеянняў

Выступленне Прэзідэнта ў агульнай дыскусіі 70-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН не засталося не заўважаным палітолагамі

Сяргей Кізіма, загадчык кафедры міжнародных адносінаў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, лічыць, што прапанова Кіраўніка дзяржавы па прадастаўленні кожнай краіне свету не дэкларуемай, а рэальнай магчымасці выбару свайго шляху развіцця вельмі актуальная:

— Тое, што ў апошнія два дзеся­цігоддзі буйныя і ўплывовыя дзяржавы ўсё больш адмаўляюцца ад гэтага важнага прынцыпу міжнародных адносінаў, выклікала мноства смярцей і ўсё больш узрастаючую нестабільнасць. Размова, па сутнасці, ідзе пра насаджэнне сілай правоў чалавека і дэмакратыі, а пад іх прыкрыццём — спробу прыводу да ўлады тых, хто будзе саюзнікам уплывовых дзяржаў, якія ўмешваюцца ва ўнутранае жыццё суверэннай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка прывёў пераканаўчыя прыклады Ірака, Лівіі і Сірыі, дзе менавіта па гэтым сцэ­нарыі былі прынесеныя нестабільнасць і хаос, у выніку чаго мільёны жыхароў сталі бежанцамі, сотні тысяч забітыя і параненыя, а тэрарыстычныя групоўкі здабылі вялікі ўплыў. Па падобным сцэнарыі ідзе сёння і Украіна. Надышоў час спыніцца і вярнуцца да паважання суверэнітэту кожнай дзяржавы, паверыць у здольнасць народаў самастойна вызначаць, які палітычны рэжым ім больш выгадны, — лічыць палітолаг. А вось роля ААН у апошнія дзесяцігоддзі, на яго думку, значна аслабла. Арганізацыя была больш моцнай, калі ЗША і СССР стрымлівалі адзін аднаго на сусветнай арэне, і на пляцоўцы ААН сапраўды можна было вырашыць шэраг важных пытанняў. Пасля распаду СССР у ЗША не стала процівагі, у сувязі з чым для амерыканцаў ААН стала не пляцоўкай для перагавораў, а жаданым інструментам для навязвання сваёй волі ўсяму свету.

— Спробы асобных функцыянераў з ААН аднавіць сапраўднае значэнне ААН як сусветнага арбітра і найважнейшага цэнтра гарманізацыі сусветных адносінаў тут жа натыкаюцца на жорсткае процідзеянне з боку ЗША. І размешчаная ў ЗША арганізацыя з даволі сціплым бюджэтам не можа ў выніку цалкам рэалізоўваць свае вельмі важныя для свету функцыі. Нядзіўна, што ў выніку гармоніі ў свеце ўсё менш, а супярэчнасцяў усё больш. А рэзалюцыі ў ААН, як правільна адзначыў Прэзідэнт, часта становяцца не сродкам вырашэння праблем, а спосабам прадэманстраваць сваю геапалітычную магутнасць, прымусіўшы большасць прагаласаваць за тое, што ў найбольшай ступені выгадна толькі аднаму ўдзельніку міжнародных адносінаў.

Сітуацыю з ААН пракаменціраваў і іншы вядомы беларускі палітолаг — Аляксей Дзермант. Ён лічыць, што арганізацыю неабходна рэфармаваць.

— Патрэбныя нейкія больш дакладныя механізмы выканання рашэнняў ААН. Мы ўсе бачым, што апошнія 20 гадоў некаторыя дзяржавы могуць сабе дазволіць у абход ААН самастойна прымаць пэўныя рашэнні, якія сур’ёзна ўплываюць на глабальны парадак дня. Без змены механізма прыняцця рашэнняў у Савеце бяспекі ААН гэтая міжнародная арганізацыя можа ператварыцца ў цалкам недзеяздольную структуру.

Аляксей Дзермант пракаменціраваў і крызіс на Арабскім Усходзе, пра які ішла размова ў выступленні Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі:

— Па ўсім відаць, што Расія вырашыла так ці інакш умяшацца ў тое, што адбываецца ў Сірыі. І тут Прэзідэнт правільна гаворыць, што ўсё залежыць ад агульнай пазіцыі. Калі Захад і Расія так і не прыйдуць да таго, што там трэба вырашаць сітуацыю нейкім канструктыўным чынам — хоць, вядома, гэта падразумявае баявыя дзеянні супраць ІД у той ці іншай ступені, — то без гэтага агульнага рашэння блізкаўсходні крызіс не вырашыць. Відаць па ўсім, што некаторыя гульцы, такія як Расія і ў меншай ступені Еўрасаюз, усё-такі настроены вырашаць гэты крызіс.

Дзмітрый Крымаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter