Выхаваны чалавек не цешыць сябе пахвальбой іншых

Калі родныя здаровыя, горы гатовая варочаць дырэктар сельскага Дома культуры Ванда Чабатарэнка
Сорак гадоў загадвае Домам культуры ў ганцавіцкай вёсцы Вялікія Круговічы выпускніца Гродзенскага культасветвучылішча і Беларускага дзяржаўнага інстытута культуры Ванда ЧАБАТАРЭНКА. Таленавітаму вясковаму культработніку неаднаразова прапаноўвалі прэстыжную працу ў Брэсце і беларускай сталіцы. І на раённы цэнтр не прамяняла глыбінную палескую вёску Ванда Іванаўна, якая нарадзілася і вырасла ў гэтых мясцінах. Тут сустрэла свайго будучага мужа Анатоля Леанідавіча, разам выхавалі сыноў Леаніда і Івана, дапамаглі ім атрымаць вышэйшую адукацыю, вяселлі зладзілі, дачакаліся ўнукаў.



Дваццаць гадоў носіць ганаровае званне народны самадзейны Круговіцкі сельскі тэатр “Паланіца”, які стварыла і з’яўляецца нязменным кіраўніком Ванда Іванаўна. Акцёрамі яго сталі хлебаробы і вясковая інтэлігенцыя. У дзесяці гуртках па інтарэсах Дома культуры бавяць вольны час дарослыя і дзеці Вялікіх Круговічаў і навакольных вёсак. У веснавую пасяўную кампанію і ў час жніва выязная брыгада самадзейных артыстаў выступае на палявых станах і жывёлагадоўчых фермах. У святы на канцэртах у Круговіцкім Доме культуры яблыку няма дзе ўпасці. У мінулую нядзелю на раённым аглядзе мастацкай самадзейнасці лепшымі прызнаны круговіцкія вядучыя Анастасія Савеня і Руслан Шумскі і тэатр мініяцюр пад кіраўніцтвам Ванды Чабатарэнкі. Яны будуць прадстаўляць Ганцавіцкі раён на абласным аглядзе мастацкай самадзейнасці ў Брэсце.

Неабсяжныя Раздзялавіцкія балоты, якія людзі называюць журавінавым кутком Палесся, цягнуцца на дзясяткі кіламетраў ад Ганцавіч  на захад да вядомага ў савецкія часы па вырабе лыж гарадскога пасёлка Целяханы. Сярод векавой твані на выспах-паплавах сяліліся палешукі, адваёўваючы ў дрыгвы кавалачкі зямлі. Вырошчвалі хлеб, гадавалі свойскую жывёлу, збіралі багатую даніну прыроды. На ўскрайку палескай нізіны, непадалёк ад ціхіх Ганцавіч, збоку ад старадаўняй грэблі, пракладзенай сярод дрымучай багны, уціснуліся паўсотні падворкаў невялікай вёсачкі Ельна. З вясны да позняй восені шырокі поплаў, што пачынаецца за агародамі, быццам бялюткім снегам усыпалі шматлікія гурты гусей і качак, якім прасторна было тут жыраваць. Побач пасвіўся статак кароў і авечак, скакалі па лузе спутаныя коні. Назіраць за птушыным царствам гаспадары давяралі падросткам. У сям’і Паўлоўскіх сыноў не было, і вялікі гурт пярнатых пасвілі сёстры Валянціна і Ванда. Раненька выпускалі гагачы натоўп з падворка, і да вечара дзяўчынкі з грудка пазіралі, каб не зблыталіся яны з іншымі. Важна хадзілі па мурагу і крыклівыя індыкі. 


Самадзейныя артысты Круговіцкага сельскага Дома культуры. Ванда ПАЎЛОЎСКАЯ першая справа, 1977 г.

Маці дзяўчынак, Лідзія Маргун з недалёкай вёскі Перадзелы, шаснаццацігадовай выйшла замуж за ўдвая старэйшага за сябе Івана Паўлоўскага. Яны разам працавалі на Ганцавіцкім гароднінасушыльным заводзе. Пасля вяселля маладыя ўладкаваліся ў хаце бацькоў жаніха і папоўнілі паляводчую брыгаду вёскі Ельна мясцовага калгаса “Радзіма”. Працавалі і ў жывёлагадоўлі. Доўгі час Лідзія Аляксандраўна пасвіла калгасных кароў. У вольныя хвіліны маладая пара любіла спяваць. Іван Фабіянавіч падабраў смаловыя дошкі, высушыў іх і вырабіў цымбалы, на якіх навучыўся іграць. У яго руках цудоўна заліваўся мелодыямі і гармонік. У святы і летнімі вечарамі вяскоўцы збіраліся на падворку Паўлоўскіх і пад акампанемент самародка-музыкі спявалі. Галасістымі падрасталі і дочкі Паўлоўскіх. Вучыліся ў беларускамоўнай Ельнянскай пачатковай школцы, дзе настаўнічала Аляксандра Язвінская. Вучні чатырох класаў займаліся ў адным пакоі. Аляксандра Міхайлаўна мудра ўводзіла выхаванцаў у краіну ведаў. Перад заканчэннем пачатковай школы выдатніца Ванда Паўлоўская пачытала настаўніцы свае першыя рыфмаваныя радкі і пачула словы падтрымкі. Адправіла пісьмом вершы ў газету “Піянер Беларусі” і з вялікай радасцю ўбачыла іх на старонцы дзіцячага выдання. 

У пяты клас Ванда, як і некалькі гадамі раней старэйшая сястра Валянціна, пайшла вучыцца ў Ганцавічы. Выкладанне вялося па-руску, і ўзнікалі складанасці. Дапамагала вясковым дзецям класны кіраўнік Марыя Міхайлаўна Муха. Пасля маленькай пачатковай школы ўсё здзіўляла пяцікласніцу Ванду ў прасторным трохпавярховым школьным будынку. Запамінала кожнага новага настаўніка і дома дзялілася ўражаннямі, як яны апранаюцца, што незвычайнага бачыла ў вучэбных кабінетах. 

На першым уроку спеваў настаўнік праслухаў кожнага пяцікласніка і зацікавіўся голасам Ванды. Дзяўчынка стала займацца ў школьнай самадзейнасці і займала прызавыя месцы на раённых і абласных аглядах. Спявала і дуэтам з сястрою, пакуль Валянціна не паехала вучыцца на швачку ў сталіцу. Галасістую дзяўчынку прыкмецілі і запрасілі ў Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Генадзя Цітовіча, дзе яна ўзнялася да салісткі. Да сястры прыязджала Ванда і з цікавасцю назірала за рэпетыцыямі ў вядучым музычным калектыве краіны. 

Сёстры Паўлоўскія выступалі на святах у родным Ганцавіцкім раёне. Галасы іх зліваліся, і гледачы шчодра адорвалі апладысментамі. Музычную сялянскую сям’ю не абмінула ўвагай здымачная група Беларускага тэлебачання. 

Свой далейшы шлях пасля заканчэння сярэдняй школы Ванда цвёрда вызначыла ў культуры. Паступіла ў Гродзенскае культасветвучылішча. Заняткі ў аўдыторыях чаргаваліся з выязнымі канцэртамі па Гродзеншчыне, дзе ўдзячныя гледачы дарылі букеты кветак, выказвалі падзякі. Пасля кожнага канцэрта сэрца палала ад пачуццяў. Зачараваў дзяўчыну аднакурснік Анатоль Місюкавец, які віртуозна валодаў рознымі музычнымі інструментамі. Сяброўства перарасло ў больш трывалыя пачуцці. Але шляхі-дарогі маладых разышліся. Анатоль атрымаў размеркаванне на працу ў родны Пінскі раён, а Ванда стала мастацкім кіраўніком Круговіцкага сельскага дома культуры, што ў дваццаці кіламетрах ад Ганцавіч. Праз паўгода ўзначаліла ўстанову і паступіла на завочнае аддзяленне Мінскага інстытута культуры. Вучылася з захапленнем. Стварала і ставіла інсцэніроўкі пра вясковае жыццё, рыхтавала сцэнарыі тэматычных вечароў. Дапамагала багатая тэарэтычная база, атрыманая ў культасветвучылішчы. 

На апошнім курсе інстытута студэнты-завочнікі паставілі вядомую п’есу “Радавыя” Аляксея Дударава. Роля маці, якая пахавала сваіх дзяцей, выдатна атрымалася ў Ванды Паўлоўскай. Вярталася са сталіцы з жаданнем арганізаваць драматычны гурток у сваім Доме культуры. Адчувала, што да класічнага “Гамлета” вясковы глядач не падрыхтаваны, а пачынаць лепш з пастановак, складзеных на мясцовым матэрыяле. Сабрала аднадумцаў і стварыла драматычны гурток, які назвалі “Паланіца”. Так некалі мясцовыя жыхары называлі гулянне, што арганізоўваў пан  Абуховіч. На пясчанай выспе, якую акружалі балоты, шугала вогнішча, і з усіх навакольных хутароў і вёсак сяляне клікалі адзін аднаго “паглядзець на паланіцу”. 

Самадзейная “Паланіца” пачала з гумарыстычных мініяцюр, якія Ванда Іванаўна складала паводле мясцовых падзей. Гледачы пазнавалі герояў сцэнічных гумарэсак, жыва рэагавалі на выступленні. 

Падрыхтавалі да паказу аднаактовую п’есу Віктара Ардова “Ветэрынар па няволі”, якую Паўлоўская пераклала на беларускую мову. У галоўнай ролі дэбютаваў калгасны ветэрынар Аляксандр Шастак. У службовым белым халаце ён і выйшаў на сцэну. Усе касцюмы і дэкарацыі стваралі сваімі рукамі. Ролю рэжысёра-пастаноўшчыка на сябе ўзяла дырэктар Дома культуры. Пасля спектакля зала апладысментамі аддзячыла самадзейных акцёраў. Спектакль ставілі і на іншых вясковых сцэнах і мелі поспех. А вядомыя купалаўскія “Прымакі” ўзнялі калектыў да ганаровага звання “народны”. Дваццаць гадоў вадэвіль не сыходзіць з рэпертуару. Ставіў народны тэатр і класічныя “Паўлінку”, “Збянтэжанага Саўку”, “Трыбунал”, “Лявоніху на арбіце”. Спектаклі паказвалі ў Івацэвічах, Пінску, Брэсце. 

Настаўнікі, спецыялісты калгаса і рыбгаса, клубныя работнікі вечарамі і зараз збіраюцца на рэпетыцыі ў Доме культуры, дзе сустрэла свайго суджанага Ванда Іванаўна. 

Па суботах прыязджаў у сваю вёску на танцы студэнт сталічнага інстытута механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі Анатоль Чабатарэнка, якога зачаравала маладая дырэктар Дома культуры. Два гады сустракаліся. Пасля заканчэння Анатолем інстытута рыхтаваліся згуляць вяселле, але раптоўна памёр бацька жаніха, і абмежаваліся рэгістрацыяй шлюбу ў Агарэвіцкім сельсавеце і сціплай вячэрай для блізкіх сваякоў. Атрымала дырэктар Дома культуры новы пашпарт з прозвішчам Чабатарэнка.

-- Такога статнага юнака нельга было не прыкмеціць, -- прызнаецца Ванда Чабатарэнка. -- Інтэлігентны выгляд, стрыманыя паводзіны. Як магнітам цягнула да яго. У нашым мужчынскім ансамблі “Маладосць” спявалі прыгожыя хлопцы. Шмат ездзіла з імі па раёне, але ніхто маё сэрца не крануў. Мінскі студэнт адразу зачараваў. Ён стаяў у клубе каля акна і паглядаў у бок, дзе дзяўчаты групаваліся. Ад сябровак даведалася, што ён мясцовы. 

Праз некалькі дзён у клубе дэманстраваўся індыйскі фільм. Глядзельная зала была перапоўнена. Перахапіла дыханне, калі ўбачыла яго з дзяўчынай. Мільганула думка, што надзеі не спраўдзіліся. Асцярожна пацікавілася ў знаёмых, з кім ён, і пачула, што з сястрою. На душы адлягло. На танцах ён запрасіў мяне на танга. Сэрца з грудзей выскоквала. Дамоў правёў і на развітанне адзначыў, што стала цікавей у вёску наведвацца. 

-- Са свекрывёю знайшлі агульную мову?

-- Ганна Арсенцьеўна родам з Разані і па размеркаванні прыехала на працу галоўным бухгалтарам у сельпо. Сціплая руская жанчына. Да яе чатырох дачок і мяне як дачку прыняла. З сёстрамі мужа адразу пасябравала. У іх яшчэ не згас боль ад страты бацькі. Імкнулася дапамагаць па хатняй гаспадарцы, каб не скалалася ўражанне, што гультайка. Усе пяцёра дзяцей Чабатарэнкаў атрымалі вышэйшую адукацыю.

Свёкрава сястра Маня адна маркоцілася ў вялікай хаце і прапанавала перабрацца да яе. Там нарадзіўся першынец Лёня. Другі сынок папоўніў сям’ю, калі перабраліся ў атрыманы ад калгаса катэдж. У гонар майго бацькі яго назвалі Іванам. 

Муж працаваў інжынерам-энергетыкам калгаса, а потым у раённым вузле сувязі. Сыны закончылі Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, маюць свае сем’і, жывуць недалёка. З дзецьмі і нявесткамі прыязджаюць. Часцей сталі наведвацца пасля таго, як аўдавела. Хатнюю гаспадарку звяла. З  раніцы да вечара ў Доме культуры. Пенсію атрымліваю, але з любімым заняткам не магу развітацца.

Пры Доме культуры дзейнічае дзесяць аматарскіх фарміраванняў. Дзеці займаюцца ў аб’яднанні “Сонцазварот”, гуртках кветкаводаў, драматычным, “Умелыя рукі”. Для дарослых адчынены дзверы ў народны тэатр, вакальную групу “Вечарніцы”. Часта выязджаем з канцэртамі ў суседнія вёскі. Аматары мініяцюр рыхтуюць сцэнкі з жыцця аднавяскоўцаў і выступаюць у брыгадах, перад хлебаробамі на полі. На пачатку мінулагодняга жніва трапіла ў бальніцу, і як выпісалася, сустрэла камбайнера, які спытаў, чаму няма ў полі канцэртаў. Сабрала самадзейны актыў, і ўсё жніво віталі перадавікоў у час абедзенных перапынкаў.

-- Ванда Іванаўна, ваш ідэальны выхадны. Дзе праводзіце яго?

-- Ці яны на вёсцы бываюць? Мару выкраіць час і наведаць родны падворак у Ельні, дзе стаіць дом, які мы з мужам пачыналі будаваць, а потым сама завяршала яго. Падвяла вадаправод і газ. Можна ўсяляцца, але не магу адарвацца ад Дома культуры і аднавяскоўцаў у Вялікіх Круговічах, дзе ўсё стала родным і блізкім. А так хочацца па бацькавым падворку пахадзіць, падыхаць паветрам родных мясцін. Калі вечарамі выдаецца вольны час, перачытваю творы беларускіх класікаў. “Новую зямлю” Якуба Коласа ведаю амаль усю напамяць. Мы яе інсцэніравалі. Мару паставіць на сцэне мележаўскіх “Людзей на балоце”. Гэта мой самы любімы літаратурны твор.

-- Аб чым шкадуеце ў жыцці?

-- Што, можа, не ўсё цяпло аддала бацькам, не выказала словы падзякі ім. Дзецям, унукам імкнуся больш прыемнага зрабіць. Абедзве нявесткі Алёны для мяне як дочкі. Унукі Яўген і Ванечка, унучка Карына, якая падобна на мяне. Вучыцца ў чацвёртым класе, а ўжо вершы складае, на сцэне выступае. Самы маленькі ўнук Усевалад, якому два гады, са мною на роднай мове шчабеча, навучыўся лічыць да пяці. 

-- Не ўсё гладка было ў вашым жыцці. Калі здараліся няўдачы, як іх пераадольвалі?

-- Імкнуся ў такі момант да людзей, каб выгаварыцца. Менш плачу і замыкаюся ў сабе. Мы ў Доме культуры як адна вялікая сям’я. Кожны па слову -- і на сэрцы цяплей становіцца.

-- Што для вас значыць шчасце?

-- Калі родныя здаровыя, і ў мяне на душы асалода. Горы магу варочаць. 

-- Каго з беларускіх артыстаў хацелі б запрасіць выступіць у вашым Доме культуры?

-- Запрасіць можна, але для каго? Вёска пусцее. Моладзь рвецца ў горад, марнуецца там. Столькі бацькоўскіх дамоў пакінута, а дзеці з сем’ямі ў інтэрнатах туляцца. На вёсцы можна добра зарабляць і жыць шчасліва. У былыя гады ў нашым Доме культуры выступалі артысты ансамбля народнай музыкі “Бяседа”. Спявалі на нашай сцэне заслужаная артыстка рэспублікі Валянціна Пархоменка і яе муж Аляксандр Казак, з якім я вучылася ў інстытуце культуры на адным курсе. Не мінаюць нас беларускія артысты, і мы вандруем з канцэртамі па вёсках. Павіншуем жанчын гаспадаркі са святам 8 Сакавіка, і нас запрасілі выступіць у Баранавічах і Ганцавічах. 

-- Чым ганарыцеся ў жыцці?

-- Сваёй вёскай і яе жыхарамі. Летась да нас на раённы семінар па жывёлагадоўлі прыязджалі спецыялісты і кіраўнікі гаспадарак. Каля векавога дуба-волата віталі іх канцэртам. У Дні беларускага пісьменства ў Ганцавічах запрасілі на круговіцкі падворак міністра культуры і сталічных гасцей, каб пратапталі ходнікі, якія мы саткалі і ўслалі імі дол. Частавалі гасцей клындай. 

-- Што за незвычайная страва?

-- Гатуецца з высушанага і патоўчанага насення лёну. Падаецца з падлівай для аладак. Госці смакавалі і хвалілі клынду.  

--  Пачалася вясна абвешчанага ў Беларусі Года культуры. Якім вы яго ўяўляеце?

--  Хочацца, каб стаў шчодрым на культурныя падзеі нават у самых аддаленых вёсках і сэрцы людзей поўніліся дабром і радасцю, памнажалася культура. Выхаваны чалавек не цешыць сябе пахвальбой іншых, не імкнецца паказаць сваё змірэнне, якога ў ім няма, а памятае, што яго хваляць таму, каб ён стаў такім. 

Ганцавіцкі раён

Фота аўтара і з сямейнага архіва Ванды Чабатарэнкі
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter