Пісьменнік Уладзімір Навумовіч пра пошукі паэтычнага слова пачынаючымі літаратарамі

Выхаванне паэзiяй

Дзве кніжкі вершаў Алены Басікірскай «Споведзь» і «Песня мая душэўная», якія выдадзены адна за другой у мінулым годзе і сёлета, засведчылі пра няўтольную прагу пачынаючага аўтара да пошукаў дакладнага і натхнёнага паэтычнага слова. Невыпадкова на вокладку першага зборніка аўтарка вынесла радкі:

Цябе ніколі нельга падмануць, 

Табой ніколі нельга наталіцца.

Дазволь цябе да сэрца прыхінуць, 

Дазволь табе, паэзія, скарыцца…

Пошукі паэтычнага слова — пакутлівая і наcтойлівая праца. Вялікі «пакутнік слова» Гюстаў Флабэр не мог дапусціць, каб прыназоўнік паўтараўся на старонцы, не тое што фраза, у шаленстве кідаў на падлогу пяро, калі яму не ўдавалася справіцца са словам, гэтай «праклятай вадкасцю, якая ніяк не хоча прыняць небходную форму». 

У Алены Басікірскай замілаванасць паэзіяй і асабліва гульня са словамі, пошукі слова, рыфмоўка вершаў, невымоўнае жаданне служыць яе вялікасці паэзіі падкупляюць. Але толькі тады, калі жыццёвыя ўражанні альбо «ўзлёты натхнення» па-сапраўднаму здольныя ў душы «адстаяцца словам», менавіта ў такія моманты і прыходзіць непасрэдная рэалізацыя задуманага. 

Працэс стварэння мастацкай рэчы надзвычай складаны і да канца не разгаданы. Цяжка пранікнуць у душу мастака, зразумець, чаму ён выбраў тое ці іншае слова. Прыклад тут — «Як рабіць вершы» Маякоўскага, сапраўдная і дасканалая лабараторыя паэзіі. Нашым паэтам вельмі не хапае глыбокага пранікнення ў эстэтыку твораў, у разуменне адказнасці за кожнае сказанае імі слова. Майстэрня слова — адзіны неабходны шлях, які можа прывесці маладых піітаў да больш глыбокага і тонкага разумення мастацкай тканіны і паэзіі, і прозы, і драмы. У зборніках Басікірскай ёсць неблагія абразкі прозы, асабліва тыя, у якіх сутыкаецца светаўспрыманне старэйшага і малодшага «камп’ютарнага» пакаленняў. 

У вершаванай творчасці аўтарка шмат эксперыментуе, спрабуючы выступаць у нязвыклых жанрах — верлібр, танка, дзе-нідзе чуюцца фальклорныя ноткі, дарэчы, даволі ўдалыя. Часам праглядваюцца «пакуты» над словам, але яны застаюцца незаўважнымі (можа, гэта і добра), больш у радках свабоднага палёту, лёгкасці, нязмушанасці, вастрыні, шчодрага россыпу слоў, якія аўтарка нібыта рассявае на сваіх старонках. Бывае, што не надта задумваючыся над іх «зярністасцю», «ядранасцю», «спеласцю», «усходжасцю», маштабнасцю альбо проста не зважаючы, як «слова наша адзавецца». Паэтка піша, што жыве ў ладзе з самой сабой і Сусветам. Гэта не значыць, як пісаў Пётр Плятнёў пра Івана Мятлева, што ў яго з-за аднаго добрага верша трэба абавязкова праглынуць дзясятак «дрэнных». Пасрэдных, прахадных альбо абсалютна бездапаможных вершаў у зборы Басікірскай не знойдзеш. Наадварот, паэтка мае свой голас, сваю манеру пісьма, захоплена паэзіяй, любіць слоўца абноўленае, дасціпнае, незаскарузлае, іскрыста-вогненнае, пранікнёнае, як у назвах зборнікаў — спавядальнае і душэўнае. 

Нашы маладыя паэты любяць эксперыментаваць! Мажліва, таму, што маладая беларуская літаратура доўгі час знаходзілася на абочыне ад магістральных пошукаў выразнасці слова, якія адбываліся ў еўрапейскай, амерыканскай, японскай літаратурах, існавала бы ў засені мацнейшых суседзяў, таму з такой апантанасцю і настойлівасцю сёння «накідваецца» на новыя, нязвыклыя паэтычныя формы. Рэдка ў якога сучаснага паэта не сустрэнеш такіх вершаваных форм, як верлібр, танка, хока. Ёсць яны і ў Басікірскай. / «Глядзець у вочы/ Яго вялікасці Слову —/ Мой паратунак…»/ Прызнанне шчырае, сімптаматычнае. Але ж дзе тая метафара, «раскладзеная» на складнікі, якая так характэрна хока? Ды і навошта адзін і той жа верш «укладаць» у розныя зборнікі? Увогуле ў Басікірскай лепшыя, прачулыя, ласкавыя, самыя лагодныя пачуцці — да слова. Натхненне існуе. Але і праца над словам неабходна. Маладыя няздольныя справіцца тут з сабой. Патрэбен жыццёвы вопыт, веданне тэхнікі пісьма. Светапогляд. Актыўная жыццёвая пазіцыя. Эстэтычны густ. Глыбокія назіранні. Высновы. Аналітычны падыход.

Бясспрэчна, веды і яшчэ раз веды. Верш напісаць лёгка, але каб ён застаўся на вякі — патрэбна праца над словам. Першы зборнік Алены Басікірскай намнога мацнейшы. Адбор твораў стражэйшы. Мы далёкія ад патрабавання, каб кожная новая кніга абавязкова была лепшай і станавілася новай прыступкай да вяршыні паэтычнай славы. Паэзія — гэта не гонкі па спіралі, дзе з кожным новым вітком матацыкліст узлятае ўсё вышэй і вышэй і вось-вось гатовы выскачыць з «бочкі». Трэба мець літаратурнае захапленне. Яно ў Басікірскай ёсць, ім прасякнуты кожны радок у згаданых кніжках. І вершы, як дыханне, малітоўныя і пачуццёвыя: каханне, ростань, далячыні, краса прыроды, цішыня, спакой, «царыца-ноч», асалода ад існавання ў хутказменлівым свеце, сустрэчы, развітанні, кардыяграма людскіх адчуванняў, калі «сэрца на боль адгукаецца», калі «не златам багатая», а тым, «што на свет прыйшла!».

Паэтычным дарам валодаюць адзінкі. У Басікірскай ён ёсць. Можна зарыфмаваць сотні радкоў, але сапраўднага адкрыцця не атрымаецца. Патрэбен позірк сапраўднага мастака, які ўмее «жывапісаць словам», неабходна яркая ідэя, вобразнасць. «Вершы нясуць думку», але незаўважна, як чалавек нясе сваё сэрца, сваё пачуцце, адчувае крывяносную сістэму — ён не заўважае сваёй ношы. Павінна быць свая запамінальная інтанацыя. Псіхалогія рытму. Шырыня дыхання і абагульненне ў творы. Зрэшты, патрэбны нацыянальны характар у вершы. А самае галоўнае, нашым паэтам патрэбна свая біяграфія. Жыццёвая практыка дазволіць «пераплавіць» у вершы энергію пачуцця і біццё растрывожанага сэрца за лёс чалавека і краіны.

Уладзімір НАВУМОВІЧ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter