Каб у кватэры прафесіяналы зрабілі генеральную ўборку і прыгатавалі смачныя стравы, спатрэбіцца як мінімум 220 рублёў

Выхадны — проста бляск

Суботу складана лічыць паўнацэнным выхадным: яго азмрочваюць хатнія справы, якіх назапасілася шмат. Акрамя навядзення чысціні гаспадыні мыюць і прасуюць, гатуюць і далей па спісе… Як тут расслабіцца! Але дзясяткі кампаній абяцаюць палегчыць нам жыццё — за грошы яны гатовыя самі вырашыць усе пытанні. Карэспандэнт «Р» скарысталася навамоднымі паслугамі і падлічыла, у якую суму абыдзецца дзень, калі не ўдарыць пальцам аб палец.

Часам варта націснуць на паўзу і проста нічога не рабіць... За грошы прафесіяналы гатовыя самі вырашыць усе пытанні
Калаж Юліі КОСЦІКАВАЙ

Генеральную ўборку кватэры часцей пакідаюць на канец тыдня — да суботы мая «аднушка» добра запылілася. Сур’ёзна папацець давялося б, каб аддраіць кухню і санвузел. «Часам варта націснуць на паўзу і проста нічога не рабіць. Выхадны павінен быць выхадным» — бяру на ўзбраенне дэвіз лянівых. Вывучаю аб’явы клінінгавых службаў — гэта ледзь не самая прыкметная рэклама ў інтэрнэце. Варыянтаў шмат — вочы разбягаюцца. Цэны амаль аднолькавыя, выбіраю па водгуках.

Запаўняю форму заяўкі папулярнага сэрвісу — пару клікаў мышкай, і за 40 рублёў мне абяцаюць «вылізаць» практычна ўсю кватэру. Але поўны пакет паслуг — за асобную плату. Заказваю мыццё трох вокнаў, ха­ладзільніка, духоўкі, кухонных шафаў і ўборку балкона. За ўсё — яшчэ 50 рублёў. Улічваючы маштабы працы, цана зусім нядрэнная.

Жанчына гадоў 35 з’явілася своечасова. Не прыбіральшчыца, прадставілася, а клінар — гэта модная назва яе прафесіі. Паабяцала справіцца за пару гадзін. І сапраўды: пакуль я глядзела мыльныя оперы, пакой і калідор заззялі, а сантэхніка пазбавілася ад плям, якія я даўно лічыла іржой. Праўда, за больш глыбокую чыстку работніца брацца не стала — прыйшлося звяртацца ў сумежныя фірмы.

«Вопыт працы: больш за 10 тысяч чыстых канап і дываноў», — хваляцца на адным з сайтаў. Што ж, бяру! Дакладней, «бра­ні­рую» хлопца з велізарнымі пра­фе­сій­нымі пыласосамі. У поў­ным абмундзіраванні, з дзесяці­кіла­гра­мовай торбай бытавой хіміі ён пры­ехаў ужо праз 30 хвілін. Ачыстка шасці «квадратаў» дывановага пакрыцця абышлася мне ў 25 рублёў. Брудная канапа, крыху больш за два метры ў даўжыню, зажыла другім жыццём за 45 рублёў. Клінар управіўся за паўтары гадзіны. 

Ці шмат такіх гультаек, як я, ці­каўлюся ў дырэктара мінскай папулярнай клінінгавай службы. Вадзім Бегер, які прайшоў увесь шлях ад прафесійнага «прыбіральшчыка» да начальніка, адказвае: «80% кліентаў — гэта працавітыя, але вельмі занятыя жанчыны. Яны цалкам выкладваюцца на сваёй працы, а ўвечары і ў выхадныя хочуць прысвячаць максімум часу мужу і дзецям. На другім месцы — пажылыя людзі». 

На жаль, у пагоні за чысцінёй можна лёгка нарвацца на ашуканцаў або проста неакуратных выканаўцаў. Бывае, грошы возьмуць, а адпрацуюць нядобрасумленна. «Рэкамендую звяртацца ў службы, якія ў абавязковым парадку падпісваюць дагавор з кліентам. Такія кампаніі нясуць адказнасць за праведзеную ўборку», — падкрэслівае Вадзім Бегер.

У маім выпадку ўсе дакументы ў парадку і кватэра ззяе — за такое задавальненне ў суме выклала 160 рублёў. А ці дагодзяць сучасныя сэрвісы майму страўніку? Інтэрнэт багаты на прапановы кухараў — пастаяць каля маёй пліты гатовыя і мужчыны, і жанчыны. Цэны, здавалася б, моцна не кусаюцца: смачны абед на дзве персоны абяцаюць ад 15 рублёў. Прыгатуюць столькі, што «і на вячэру застанецца». Праўда, прадукты — асобны артыкул расходаў. А гэта яшчэ, як мінімум, 30 рублёў. Дарагавата.

Звяртаюся да больш бюд­жэтнай паслугі — да­стаўкі гатовай ежы з кафэ і рэстаранаў. У меню ёсць усё што душа пажадае: ад традыцыйнай хатняй ежы і дэсертаў да страў замежных кухняў — заказаць можна італьянскія пасту, піцу, японскія сушы і кітайскую локшыну. Сытная трапеза абышлася ў 25 рублёў. Страўнік радуецца, і кухня чыстая.

На парадку дня яшчэ больш дробныя хатнія клопаты — мыццё і прасаванне бялізны. Звыкнуўшыся з часовым статусам беларучкі, зноў бяруся заказваць «дапамогу». За 10 кілаграмаў розных тканін, з транспарціроўкай з дому і дастаўкай назад кліенту, некаторыя мінскія пральні бяруць усяго 5 рублёў. Аднак я, як і большасць хатніх гаспадынь, не гатовая даверыць сваю бялізну ў чужыя рукі. Выйсце — зноў заказваць паслугу дадому, каб працэс праходзіў пад маім пільным наглядам.

«Сучаснай жанчыне, якая працуе, магчыма, самой патрэбна жонка», — смяюцца ў народзе. А што? Цяпер і такое рэальна. Яшчэ нядаўна мы са здзіўленнем вывучалі рэкламкі «муж на гадзіну», сёння памагчы па гаспадарцы гатовы і прыгожы пол. Цана пытання агаворваецца пасля абмеркавання заявак. Як адзначыла прафесійная «жонка» Тамара Міхайлаўна (імя зменена па просьбе суразмоўніцы), мае жаданні досыць сціплыя: усяго толькі папрасаваць адзенне і пасцельную бялізну, вынесці смецце, схадзіць у магазін, памыць посуд і вычысціць халадзільнік унутры і звонку.

«Часта нас клічуць на цэлы рабочы дзень. За 8 гадзін плацяць ад 50 рублёў — у залежнасці ад складанасці заданняў, — на тым канцы провада агучваюць прэйскурант. — У людзей вельмі розныя жаданні. Адным патрэбен наварысты суп, іншыя просяць для гасцей стол накрыць — а гэта, як мінімум, 10 розных страў трэба прыгатаваць». Дарэчы, мой мінімальны набор пацягнуў на 35 рублёў і заняў у наёмнай хатняй гаспадыні тры з паловай гадзіны.

Што ж, за адзін сапраўдны выхадны дзень я збяднела ў суме на 220 рублёў, затое добра адпачыла. Я не багачка, таму, на жаль, наўрад ці неўзабаве зноў дазволю сабе такую раскошу. А вось асобныя паслугі — вельмі проста. Бо, як кажуць, каб добра адпачыць, над гэтым трэба добра папрацаваць. І, вядома, грошы аддаць. 

ypopko@bk.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter