В СЖК «Налибоки» переселяются люди даже из других областей - молва о благополучии делает свое дело

Выкаваныя з балотнай руды

Падчас карнай аперацыі пад кодавай назвай «Герман» у ліпені-жніўні 1943-га на ўскрайку Налібоцкай пушчы літаральна за лічаныя дні спалена 16 вёсак і 13 хутароў, у жыхароў адабрана маёмасць, а самі яны (хто не ўцёк) адпраўлены на работу ў Германію...


Такім зверскім спосабам фашысты вырашылі адрэзаць партызанаў, якіх хавалі пушчанскія лясы, ад запасаў харчавання і дапамогі — вяскоўцы пастаўлялі ім прадукты, шылі боты і кажухі, рамантавалі абутак і адзенне, мылі перавязачны матэрыял.

Пасля вайны 13 вёсак і 6 хутароў Стаўбцоўскага раёна разам паўсталі з попелу і знаходзіліся пад крылом адной гаспадаркі.

Сёмага жніўня спалілі ху­тар Ферма, дзе жы­лі бацькі Іосіфа Жаў­нер­чы­ка (і дзе ён нарадзіўся), былога галоўнага агранома і намесніка дырэктара саўгаса «Налібоцкі», а затым СЖК «Налібакі»:

— Перад вайной у нашым краі фактычна панавала безуладдзе. Толькі-толькі сфарміраваліся Саветы, а пры Польшчы сялян разагналі па хутарах, калектыўных гаспадарак стварыць не паспелі. Пасля вызвалення, нягледзячы на тое, што кругом стаялі толькі чорныя коміны, кожны імкнуўся на сваю зямлю — доўгая мара пра ўласны надзел, якая нарэшце спраўдзілася, моцна трымала сялян. Ды і пракарміць у пасляваенную разруху магла толькі зямля і пушча.

Першы дырэктар саўгаса «Івянецкі» Павел Нужны.
Той хутар, дзе жылі Жаўнерчыкі, можна сказаць, і не зусім хутар — за метраў 500 адна ад другой размяшчаліся побач 32 сялянскія гаспадаркі. Некалі, як абвя­шчае гісторыя, адзін фермер выйграў гэтыя землі ў карты. І сапраўды, пакладзі карабок запалак на карце — мяжа і супа­дзе з яго абрысамі. Лінія роўненька ідзе ад Князеўскага лесу. Адсюль пайшла назва. Жаўнерчыкаў, іх траіх старэйшых дзяцей вывезлі ў Германію, дзе яны працавалі ў баўэра. Малодшага сына, 1943 года нараджэння, прывязвалі да ложка, а самі ішлі на работу. Зрэшты нямецкі пан нядрэнна адносіўся да беларусаў, аднак усё роўна Уладзімір Іосіфавіч Жаўнерчык пасля вызвалення цвёрда вырашыў: «Толькі дадому!»

Не паспелі перасекчы мяжу, як яго адразу забралі ў армію. Вайна хоць і скончана, аднак Заходняй Украіне спакою не давалі банды бандэраўцаў. Жонка Марыя Баляславаўна гадавала дзяцей адна.

Муж вярнуўся толькі ў 1946-м. У гаспадарцы з прылад працы — сякера ды піла. Паставіў зруб на сваім хутары. Цяпер гэта вялікі пакой дома яго ўжо пасляваеннага сына Іосіфа. Іосіф Уладзіміравіч сорак год назад перанёс будыніну з Фермы ў Налібакі, зрабіў прыбудову. А тады туліліся ў хатцы дзесяць душ. Пасярэдзіне стаяла печ, успамінае цяперашні гаспадар:

— Унізе камін. Каб эканоміць дровы, там на трынозе ў чыгунку гатавалі ежу на невялікім вогнішчы. Не мяса, а пусты булён. Да 1971 года жылі на хутары. У хрушчоўскія часы адасобленае жытло ссялялі. Не хочаш — прымушалі. Хутаранам у апошнюю чаргу выпісвалі дровы, сена ці што іншае. Неўзабаве прый­шла папера, каб будавалася сястра Галя, якая працавала свінаркай. Абяцалі, што за крэдытныя сродкі саўгас здасць пад ключ цагляны дом. Выдалі 400 рублёў, а ў 1961-м памяняліся грошы, і крэдыта хапіла толькі на каробку ды дах. Я прыйшоў з арміі ў 1970 годзе (ужо пасля тэхнікума), уладкаваўся на працу ў саўгас. Дырэктар Бучынскі заверыў, што дапамогуць вывезці дом у вёску, аднак гэты кіраўнік загінуў, і яшчэ сем год наш дзядзінец размяшчаўся на хутары.

Перадавыя даяркі калгаса «Победа» Яніна Дзярбун і Станіслава Дошчачка (1954 год).

З 1947 па 1956—57 гады асобна існавалі калгасы «За уладу Саветаў», куды ўвайшлі вёскі Целяхі і Несцяровічы, і «Победа», уключаючы вёскі Пруды, Церабейнае, Пільніца і Рудня Пільнянская. Усе яны, акрамя Пільніцы, знішчаны ў агні і адбудоўваліся наноў. У 1950-х калгас «За ўладу Саветаў» атрымаў ГАЗ-51, разлічваўся за машыну сметанковым маслам. Абавязалі кожны двор прынесці па пяць кілаграмаў.

З успамінаў першай калгасніцы «Победы» Соф’і Босай: «Калі мне прапанавалі ўступіць у калгас, згадзілася не раздумваючы. Хоць людзі пужалі: «У калгасе заб’юць». Але ж вельмі цяжка ўдаве адной пракарміць пяцёра дзяцей. Дзякуй савецкай уладзе, якая звяртала ўвагу на сем’і без кармільцаў. Дапамагалі, чым маглі: і сенам, і прадуктамі, пазбаўлялі ад падаткаў». Расповед Соф’і Іванаўны запісвалі школьнікі даўно, але ў шчырасць яе слоў верыцца.

А вось старшыня калгаса з 1951 года Генрых Русевіч ледзь не загінуў ад бандыцкай кулі — яшчэ ў 50-я па лясах Заходняй Беларусі швэндалі антысавецкія банды, і можна ўявіць, як небяспечна было кіраваць калектыўнай гаспадаркай ці сельсаветам. Процістаянне сапраўды было не на жыццё, а на смерць, таму ініцыятар стварэння калгаса ў Прудах Міхаіл Дошчачка сур’ёзна рызыкаваў.

 
    Іосіф Жаўнерчык.
     Міхаіл Дошчачка.
     Васіль Цвердахлеб.
     Станіслаў Суднік.

Потым гэтыя калгасы далучылі да саўгаса «Івянецкі», які пачынаўся з дапаможнай гаспадаркі Мінскага радыёзавода. Чаму менавіта «Івянецкі» — землі ж каля Налібакаў? Назву далі ў гонар райцэнтра, як першай дзяржаўнай савецкай гаспадарцы ў Івянецкім раёне. Першы бясстрашны кіраўнік саўгаса — Павел Нужны, дэмабілізаваны вайсковец і вясёлы гарманіст, прыбыў з Мінска. Хто ён і дзе губ­ляюцца яго сляды, на жаль, невядома.

Пра Паўла Уладзіміравіча паведаміў у лісце піянерам былы старшыня калгаса «Победа» Васіль Цвердахлеб. Ён даслаў і здымкі. Спецыяльна прыводжу вытрымку з захаваннем арфаграфіі: «Я принял в 1953 году 11 коров и били 6 свиней. Лошади были еще по домам. К осини закончили Конюшню и свели лошади. 1954 г. построили коровник. В 1954 году мы уже на хорошем месте в районе и в области. Лутшие к-зники в к-зе Победа: Мишук Антон, бригадир бригадир Сухто Петор Константинович кузнец, Мишук Имполит Кладовщик, Фарботко Франц, бригадир строительной бригады. Дирбун Викентий член правления. Всем успехам к-за Победа Я очень благодару Вашим людям которые очень активно работали». У канцы допісу не надта пісьменны Васіль Фёдаравіч даў вельмі карысную і мудрую параду: «Если кто из вас попадет на руководящую работу и забудет о людях, успеха не будет». Верагодна, дзякуючы такім кіраўнікам і развіваліся калектыўныя гаспадаркі.

Старшыня Налібоцкага сельсавета Аляксандр Пілінкевіч.
Да Марыі Іосіфаўны Макась у вёску Рудня Пільнянская, што схавалася пад шатамі разгалістых пушчанскіх дрэў, мы заехалі са старшынёй Налібоцкага сельсавета Аляксандрам Пілінкевічам. Аляксандр Іванавіч не тутэйшы, аднак сэрцам прыкіпеў да ўнікальнага краю і шчырых яго людзей. Па дарозе паказвае роўнядзь азімых. Кінь шапку — утрымаецца на пругкіх калоссях. Сцяной стаіць рапс, які спее на вачах. СЖК «Налібакі» — адна з лепшых гас­падарак у раёне, перажыла шмат розных пераўтварэнняў. Сёння ў Рудні Пільнянскай свята вёскі, напярэдадні нешматлікія, але дружныя яе жыхары рыхтавалі стол з пачастункамі. Святкаваць будуць разам з Пільніцай, бо прылепленыя адна да другой не толькі ў назве — за паўгадзіны, як кажуць, павольнай хадой можна прыйсці да суседзяў у госці.

Назва вёскі звязана з радовішчам балотнай руды. Старажытныя вырабы з жалеза можна і зараз знайсці на якім закінутым гарышчы. Рудню немцы спалілі, а Пільніцу не кранулі, і дагэтуль невядома, чым кіраваліся карнікі. Аляксандр Іванавіч, калі б знаў, напэўна, запытаўся пра тое ў латышскага наёмніка. Сустрэча з Янісам Закісам у яго адбылася падчас вучобы ў саўгасе-тэхнікуме ў Латвіі. Той чамусьці перапытаў студэнта: «Дык ты з Налібак?» А год дзесяць назад у Івянецкім музеі Пілінкевіч убачыў знаёмае прозвішча. Аказалася, Закіс Яніс ваяваў на баку гітлераўцаў, і менавіта латышскі атрад, што ехаў у Налібакі расстрэльваць людзей, разграмілі партызаны. Дваіх узялі ў палон, двое далі драпака, астатніх паклалі. Адзін са збеглых і быў Яніс Закіс. Пасля 25 гадоў турэмнага зняволення жыў у Латвіі. Аляксандр Іванавіч, як толькі даведаўся, патэлефанаваў знаёмым: «Запытайцеся ў яго, як ім пад Налібакамі падкінулі?»

— І так я тады пашкадаваў, што не паглядзеў яму ў вочы: «Чаго ты лез на нашу зямлю?»
Марыя Макась.

Гэту зямлю пасля вайны мясцовыя жыхары літаральна лашчылі сваімі рукамі. Побач з сядзібай Марыі Іосіфаўны і сёння, нягледзячы на яе немалады ўзрост, прыгажосць — не перадаць словамі, ды і прыродны ландшафтны «дызайнер» пастараўся. Яна пайшла ў калгас у льнаводчае звяно з чатырнаццаці гадоў: «За лён хоць крыху грошай давалі». Пры аб’яднанні ў саўгас «Івянецкі» ў кожнай з брыгад пад гэту культуру выдзялялі па 10 гектараў. У першыя гады з тэхнікі — толькі сеялка і мялка. Усё астатняе выконвалі жаночыя рукі. Для поўнага выдалення кастры трапалі трасту доўгімі, як мячы, трапушкамі. Пыл стаяў такі, што забіваў рот, вочы і вушы, а жанчыны нагадвалі шахцёраў у забоі. Ад такой работы далоні і пальцы дзервянелі і не слухаліся. Напачатку 60-х здавалі лён толькі трастой.

Марыя добра памятае сенцы ў бацькоўскай хаце, пакрытыя яловымі галінкамі, ложкі, усцеленыя наўпрост саломай. Як дапамагалі адзін аднаму будавацца. І як збіралі натуральны падатак з людзей — масла, яйкі, воўну. Паспрабуй не выканай план! Марыя Іосіфаўна на развітанне падышла і папрасіла прабачэння за сваю шчырасць: «От, пра гэта не пішыце. Трэба ж было памагаць калгасу». Залатыя нашы людзі!

Але ж і перадавым ра­бот­ні­кам бясплатна вы­дзя­ля­лі лес для будоўлі. Да 50-годдзя Кастрычніка 7 сем’яў ат­ры­ма­лі драўніну, у тым ліку і сям’я фельчара з вёскі Пруды, якая знаходзіцца з другога боку Рудні Пільнянскай, Міхаіла Каштальяна:

Механізатар Іван Гарохавік.
— Калі я прыехаў у 1965 го­дзе, Пруды і іншыя спаленыя вёскі скрозь былі ў новабудоўлях, знаку ад пажарышчаў не засталося, а дарог ніякіх. Машына як кульне ў яміну, то і накрые кабіну вадой і граззю ў распуціцу. Па бездарожжы грузавікі рухаліся павольна. Аднойчы 8 Сакавіка не давезлі парадзіху да бальніцы ў Івянцы. Так і прымаў роды ў машыне, скінуў паліто, закутаў дзіцё, аддаў маці, а сам — у кузаў.

Сапраўдны ўздым гаспадаркі, а з ёю і спаленых вёсак, пайшоў у бытнасць дырэктара саўгаса, які ў 1978 го­дзе атрымаў назву «Налібоцкі», Станіслава Антонавіча Судніка. 16 гадоў працаваў яго намеснікам Іосіф Уладзіміравіч Жаўнерчык:



— Мы пабудавалі 4 малочна-таварныя фермы, развал Саюза не дазволіў завяршыць узвядзенне свінаводчага комплексу. Можа, і добра, бо тое пагалоўе — каля 7 тысяч, якое змаглі размяшчаць, пайшло пад нож падчас АЧС. Потым памяшканні рэканструяваў цяперашні дырэктар Віталій Кушнер. Новая мехмайстэрня, навесы для тэхнікі, піларама і сталярны цэх, склады. Пабудавалі 32 дамы для рабочых і спецыялістаў і выкупілі 7 пустуючых. У пошуках будматэрыялаў аб’ездзіў ледзь не ўвесь Саюз. І дамоў запрашаў патрэбных людзей, жонка іх частавала, як магла, і начамі не спаў. Будоўля — заўсёды няпростая справа. Асушылі забалочаныя землі — асвоена каля тысячы гектараў.

На новай ферме аператары машыннага даення Святлана Бандаровіч і Алена Ліпніцкая.
Набылі сучасныя камбайны, іншую высокапрадукцыйную тэхніку. Напрыканцы 1990-х калгас «Налібоцкі», што ператварыўся з саўгаса, далучылі да ПМК-74. Лічу, гэта было памылковае рашэнне. У сельскую гаспадарку меліяратары асабліва не ўкладваліся. Тыя будынкі, якія з’явіліся пры Судніку, служаць і зараз. Праўда, некаторыя памяшканні рэканструяваны Кушнерам пад сучасныя тэхналогіі.

Вёсачкі сярод пушчы аблюбавалі дачнікі. Аляксандр Пілінкевіч прадаў у наваколлі больш за 70 участкаў. У Рудні Пільнянскай гараджане заснавалі аграсядзібы.


Мінчане на пенсіі з задавальненнем жывуць у гэтых мясцінах. І нават некаторыя дапамагаюць СЖК «Налібакі» будаваць жыллё. Два выкупленыя старыя дамы ў Налібаках (усё ж тут працуе школа, пракладзены газ) будуць як з малюнка — падвесная столь, ламінат, гарачая вада ў хаце. Ёсць праекты на новае жыллё.

— У вяскоўцаў абавязкова павінны быць усе выгоды, — разумее дырэктар сённяшняй гаспадаркі Віталій Кушнер. — Да нас перасяляюцца людзі з іншых абласцей — пагалоска пра дабрабыт распаўсюджваецца. За ўласныя грошы пабудавалі новую МТФ з даільнай залай. Праз год я адаб’ю затраты, у той час як крэдытныя сродкі — цяжкая ноша на дзесяцігоддзе.

Гаспадарка будуе — значыць, жыве. Значыць, у адноўленых на папялішчы вёсках будзе цепліцца жыццё.

klimovich@sb.by

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter