Як адраджэнне і захаванне народных традыцый становіцца справай агульнай

Вёска, якая не павінна знікнуць

Ларысу Быцко, прыгожую статную жанчыну, на Брэстчыне ведаюць многія. Яна не проста загадчыца аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра. Яна стала ініцыятарам міжнароднага пленэру ганчароў, які і сёлета пройдзе ў Столінскім раёне. Адзін з арганізатараў і рэжысёр абласных святаў — конкурсаў фальклорнага мастацтва, у тым ліку “Галасы Палесся” ў Іванава, “Таночак” у вёсцы Бездзеж Драгічынскага раёна. Пад яе кіраўніцтвам у Брэсцкай вобласці рэалізуецца этнаграфічны праект “Рух зямлі”. А яшчэ Ларыса Мікалаеўна разам з роднымі шмат чаго робіць для малой радзімы — па загаду душы.

Ларыса Быцко родам с вёскі Агдэмер Драгічынскага раёна. Муж Аляксандр дзяцінства сваё правёў у бабулі з дзядулем у вёсцы Залессе, што на Кобрыншчыне. Агдэмер і Залессе ўвайшлі ў праект “Вёска, якая не павінна знікнуць”, распрацаваны грамадскім аб’яднаннем “Тур”.

— Як усё пачыналася? У 2010 годзе мы падалі заяўку на конкурс, абвешчаны нямецкім фондам “Памяць, адказнасць, будучыня” і міжнародным грамадскім аб’яднаннем “Узаемаразуменне”, і выйгралі яго. У чатырох раёнах Брэстчыны абралі па вёсцы, кожную грунтоўна вывучылі, выкарыстоўваючы архіўныя дакументы, матэрыялы краязнаўцаў і самае галоўнае — успаміны саміх вяскоўцаў. Некалькі гадоў мы рэалізоўвалі праект “Вёска, якая не павінна знікнуць”. Ездзілі з этнаканцэртамі і майстар-класамі, трацілі свае выхадныя, але мелі вялікую асалоду ад зносін з мясцовымі жыхарамі, запісвалі іх песні і ўспаміны. Па выніках гэтых сустрэч выпусцілі альбом “Твары вёсак, якія знікаюць”. З фотаздымкамі, цытатамі на мясцовых дыялектах з гутарак з вясковымі старажыламі, — расказвае Ларыса Быцко.

— Прает скончыўся, але этнафэст “Вераснёвым днём ў рэўню” ў Залессі працягваецца.

— Так. Залессе — радзіма Сашынага бацькі. Мой муж у свой вольны ад асноўнай працы час з задавальненнем перакваліфікоўваецца ў работніка культуры. На мясцовай гаворцы “рэвень” — гэта “роў”. У Залессі гэта лагчынка ў атачэнні ўзгоркаў. Месца зацішнае, прыгожае. Здаецца, самой прыродай створанае для атрымання эстэтычных уражанняў. Там мы і ладзім у апошнюю нядзелю верасня этнафэст. Ужо сем разоў правялі — у гонар продкаў і для людзей, што цэлы год чакаюць гэтага мерапрыемства. Неяк Аляксандру падалося, што аднаго такога свята на год для падтрымання творчага жыцця на дзядулінай сядзібе малавата, і прыдумаў яшчэ адно — катанне ў рэўні яек. Быў у яго дзяцінстве такі звычай пасля Вялікадня: у рэўні каталі фарбаваныя яйкі. Гэта захапляльная гульня для кампаніі. З пагорка ўдзельнікі па чарзе спускаюць па яйку, стараючыся падбіць чужое. Потым падбітае яйка пераходзіць да новага гаспадара як трафей. Можна сказаць, гэта наш старадаўні боўлінг.

У гэтым годзе правялі яго ўжо чацвёрты раз запар.

...На нядаўняе свята ў Агдэмеры пашчасціла трапіць і мне. “Дзеркачы” — гэта провады зімы. Не здзіўляйцеся, што адбывалася ўсё ў красавіку. Такі быў звычай — выганяць зіму са двароў дзеркачамі ў Праводную нядзелю, праз тыдзень пасля Вялікадня.

Ларыса Мікалаеўна зараз успамінае, што напачатку вельмі хваляваліся:

— Пра такі звычай нам некалі расказвала мама. Пагутарылі з аднавяскоўцамі, даведаліся падрабязнасці, як гэта адбывалася, і запісалі тыя крычалкі, з якімі дзеці беглі ад парогаў хат па вуліцы. Так яны гучалі: “Іды, зыма, до Кракова, вырнысь до нас однакова! Іды, зыма, до Кіева, ты нам всэ сіно выела! Іды, зыма, до кучора, ты нам надокучыла!”.

Атрымалася надзвычай рэалістычна. Мясцовая дзятва разам з юнымі артыстамі з Драгічыншчыны і Жабінкаўшчыны беглі вялікай ватагай у канец вёскі, а там пад кіраўніцтвам Аляксандра Быцко палілі тыя дзеркачы. Потым Аляксандр частаваў гасцей яечняй, падсмажанай на вогнішчы, што таксама традыцыя. Як жа было смачна!

Ларыса Мікалаеўна задаволена:

— Мне так не падабаліся навязаныя нам чужыя традыцыі праводзін зімы! А тут — сваё свята. Мы правялі рэканструкцыю, каб бабулі і дзядулі, што яшчэ помняць пра тыя “Дзеркачы”, хоць на які час апынуліся ў дзяцінстве. Калi бачыш, што людзi атрымалi задавальненне, што яшчэ адзiн дзень iх жыцця ўдалося зрабiць шчаслiвым i радасным, то пра перашкоды, якія былі падчас падрыхтоўкі, ужо i не ўспамінаеш.

Дарэчы, гэта не ўсё. Сёлета вёску Агдэмер чакаюць яшчэ два мерапрыемствы. Гэта майстар-класы па народных рамёствах і танцах у чэрвені, а потым прэзентацыя альбома народнай памяці “Галасы вёсак, якія знікаюць”. Так што, як кажуць агдэмерцы, “ждэмо вас у госты”.

Чаму б і не? Гадоў дваццаць таму, можа, і дзіўна было б бачыць, што не толькі культурныя ўстановы — клубы ці бібліятэкі — займаюцца захоўваннем культурнай спадчыны, але і прыватныя асобы і сем’і. Малая радзіма — як месца сілы, адкуль можна з’ехаць, але душа просіцца туды, каб набрацца натхнення з крыніцы дзяцінства. А атрымліваць, з гадамі гэта разумееш больш і больш, можна толькі тады, калі сам аддаеш...

Valentinak3@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter